З пачатку студзеня з будынку на Гараднічанскай, 23 знялі старадаўнія балконы. Іх рэстаўравалі некалькі месяцаў. З ліпеня чыгунныя канструкцыі сталі мантаваць назад. Як аказалася, працэс рэстаўрацыі не з лёгкіх.
Старадаўнія балконы маюць вялікую каштоўнасць для гісторыі Гродна. За апошнія 10 гадоў чыгунныя канструкцыі знікалі з закінутых дамоў на вуліцах Свярдлова, Кірава і Гараднічанскай: выкраданні так і не былі раскрыты.

У пачатку года ўласнік дома на Городничанскай, 23 Дзмітрый Скок распавядаў Hrodna.life, што гараджанам і аматарам гісторыі турбавацца не варта – балконы вернуць назад пасля рэстаўрацыі. Так і адбылося.
«Я зацікаўлены аднавіць пабудову з усімі элементамі і балконы важныя для мяне, – распавядае Дзмітрый Скок. – Ніхто з мясцовых кавалёў за гэтую працу не хацеў брацца, бо працэс не з лёгкіх. Але знайшлі аднаго майстра Валодзю – фаната сваёй справы. Праца з гаўбцамі вельмі карпатлівая. Думаў, пасля рэстаўрацыі будзем іх фарбаваць у чорны, але аказалася, што арыгінальны колер – чырвоны. Вярнулі гаўбцам арыгінальныя колеры».


Вядома, што на будынку па Гараднічанскай, 23 віселі тры балконы. Адзін з іх, які выходзіў на двор на вуліцу Урыцкага, знік бясследна некалькі гадоў таму. Уласнік звяртаўся ў міліцыю – нікога не знайшлі.
«Два балконы мы аднавілі, яны яшчэ былі ў годным стане і гэта нягледзячы на тое, што ім па 100 гадоў, – кажа майстар Уладзімір Куклінскі. – Праца са старадаўнімі гаўбцамі няпростая, іх трэба разбіраць, чысціць, драбеструіць і фарбаваць. І толькі потым усё назад збіраць. Так званая мазаіка. Трэці балкон, які скралі, будзем аднаўляць паводле фатаграфій, пастараемся зрабіць дакладную копію».


Рэканструкцыю дома на Гараднічанскай, 23 плануюць скончыць да канца года. У будучыні там будзе адміністрацыйны будынак з кафэ на першым паверсе.
Даведка
Дом №23 быў пабудаваны ў стылі эклектыкі ў 1890 годзе. У 1930-х дом належаў сям’і Аўгусевіч, якая здавала там кватэры. У 1944 у будынку размяшчаўся хоспіс пры Фарным касцёле, у 50-я гады – дом інвалідаў, а пасля паліклініка Гродзенскага раёна.



