6 сакавіка 1953 году газета «Гродзенская праўда» паведаміла: «5 сакавіка ў 9 гадзін 50 хвілін вечара пасля цяжкай хваробы памёр Старшыня Савета Міністраў Саюза ССР і Сакратар ЦК Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Іосіф Вісарыёнавіч СТАЛІН».

Гродзенцы выйшлі развітвацца з правадыром 9 сакавіка. Яны неслі кветкі да помніка Сталіну і Леніну ў гарадскім парку. Раней памятныя мітынгі прайшлі на прадпрыемствах і ў навучальных установах горада.

Калі верыць сакавіцкім газетам 1953 года, смерць Сталіна выклікала ў БССР усеагульнае аняменне і непадробны смутак. Аднак з успамінаў гродзенцаў вядома, што былі і тыя, хто адчуваў зусім іншыя пачуцці.

«Думалі, будзе канец свету». Як развітваліся са Сталіным у Гродне
Ленину. Фатаграфія з газеты «Гродзенская праўда». Подпіс: Гродна, 9 сакавіка 1953 года. Працоўныя накіроўваюцца з вянкамі да партрэта таварыша І.В. Сталіна ля помніка У.І. Леніну.

Успамінае Зоф’я Закшэўская, 84 гады:

— Мне было 16 гадоў. Я ўжо тады працавала на швейнай фабрыцы і партрэт Сталіна ў нас вісеў у цэху. Калі даведаліся пра смерць, то правялі мітынг. Камсамольцы стаялі па стойцы смірна каля партрэта і пры гэтым плакалі. А мы глядзелі на іх і таксама плакалі. Мы маладыя былі, нам сказалі, што правадыр памёр. Думалі, будзе канец свету. Бацькі, наадварот, казалі - добра, што яго больш няма. Столькі бед ён прынёс нашаму народу. Такога меркавання былі старэйшыя гродзенцы пра яго.

Успамінае Лідзія Івашчанка, 89 гадоў:

— Калі Сталін памёр, мне было 22 гады. Якраз я была ў дэкрэтным адпачынку, у мяне сын нарадзіўся ў 1953 годзе. Зайшла да калег на працу, там мне навязалі чорную стужачку на рукаў. І, уяўляеце, людзі так плакалі, думалі будзе канец свету. Але плакалі ў асноўным прыезджыя з усходу, нашы мясцовыя людзі трымаліся. І мяне не браў плач чамусьці. Можа хто з людзей не хацеў плакаць, то прымушалі. Быў такі жудасны час, за любое слова маглі пасадзіць. Трэба было ўсё хваліць. Але праз некалькі гадоў Сталін ужо стаў дрэнным — ворагам. Партрэты паздымалі і помнікі знеслі. Так мы жылі.

Лідзія Ціўнчык, 86 гадоў:

— Тады я вучылася ў 10 класе, мне было 19 гадоў. Калі даведаліся пра смерць Сталіна, у актавай зале школы правялі мітынг, расказвалі пра яго заслугі. Хтосьці плакаў, а хтосьці смяяўся з тых, хто роў. Я не плакала, неяк не хацелася. Усіх вучняў абавязалі насіць чорныя павязкі на плячы ў знак жалобы. Дома бацькі нічога не казалі, мы заўсёды жылі добра. Памятаю яшчэ, што адразу пасля смерці Сталіна мой класны кіраўнік прымусіў мяне ўступіць у камсамол. Узяў за шкірку і павёў.

Ежы Кежкоўскі, 91 год:

— У 1953 годзе мне было 25 гадоў. Я працаваў тады на чыгунцы і мы былі якраз у дарозе, калі нам абвясцілі, што памёр Сталін. Я з брыгадай вёў таварны цягнік. Нам загадалі спыніцца і сігналіць 20 хвілін. Пасля мы працягнулі рух. Ніхто з рабацяг не плакаў, а вось начальства было ў разгубленасці, дзесьці нават былі ў іх слёзы на вачах. Думалі, што з-за гэтага пачнецца вайна. А для нас — рабацяг — памёр Сталін, так памёр. Трэба разумець, што ён памёр раней, а нам абвясцілі пра гэта значна пазней. Усё было ўтоена. А яшчэ за некалькі дзён да смерці Сталіна вывозілі з Гродна людзей. Страшна было.

Чытайце таксама: Як у Гродне знішчалі помнікі Сталіну


Помнікі Сталіну былі не толькі на плошчах (Прывакзальнай, да вайны на Савецкай), але і ў парках (сучасны парк Жылібера), скверах (на Савецкай вуліцы ды на скрыжаванні Леніна і Будзёнага) і на прадпрыемствах (перад тэкстыльным камбінатам). Трымалі Сталіна ў музеі, бібліятэцы, некаторых школах. І нават на вялікім франтоне Новага замка, які быў тады абкамам камуністычнай партыі, у атачэнні бетонных сцягоў таксама красаваліся профілі Сталіна ды Леніна.

Калі правадыр памёр — то яго помнікі сталі месцамі ўсенароднага жалю. Тут гаварылі прамовы і аплаквалі правадыра. Тут ўсё завалілі вянкамі з жалобнымі лентамі, на якіх шматлікія калектывы выказвалі сваю «скорбь» з нагоды смерці «самага чалавечнага з усіх людзей».

«Думалі, будзе канец свету». Як развітваліся са Сталіным у Гродне
Помнік Сталіну на Савецкай вуліцы. Зараз тут помнік Сакалоўскаму

Пра дэмантаж помнікаў ходзяць легенды

Пра пагібель гродзенскіх правадыроў засталіся толькі апокрыфы. Быццам Сталіна з Савецкай вуліцы ўкінулі ў яму, выкапаную проста на месцы былога помніка. Праз некалькі год там паўстаў помнік маршалу Сакалоўскаму.

Аднаго Сталіна адвезлі на форт № 13 гродзенскай крэпасці, дзе ён праляжаў у рове добрых дваццаць гадоў, аж пакуль не быў закапаны, бо разняволены народ пачаў занадта актыўна яго фатаграфаваць.

Хадзілі таксама легенды, што аднаго правадыра ўкінулі ў Нёман і яго можна было нават пабачыць з лодкі, пакуль гіпсавы твар не з’ела вада.

Мабыць самыю вялікую праблему ўлады мелі з правадыром з парка, бо прыйшлося разам са Сталіным знішчыць і Леніна, які сядзеў на лаве побач.

«Думалі, будзе канец свету». Як развітваліся са Сталіным у Гродне
Ленін і Сталін у парку

Загадка франтону Новага замка

Адначасова атрымалі заданне прыбраць Сталіна і ўсе гарадскія ўстановы. Жалобныя ленты выкінулі, а помнікі паздымалі з прахадных і паставілі глыбока ў падсобках. Працэдура была для гродзенцаў ужо звычайная, паколькі знішчаць плакаты ды кнігі здраднікаў народа прыходзілася ўвесь час — ці тое «ворагаў» з Ленінграда, ці тое Лаўрэнція Берыю, які аддана тых ворагаў нішчыў.

Прыбралі Сталіна і з франтона Новага Замка. І вось ужо больш за паўстагоддзя там красуецца герб СССР. Але ўдумлівы чалавек заўважыць неадпаведнасць. Сцягоў у абрамленні герба 16, а стужак на самым гербе 15! Між тым, і тыя і тыя павінны былі сімвалізаваць саюзныя рэспублікі СССР. А неадпаведнасць існуе таму, што ў 1952 г., калі франтон скончылі, было 16 рэспублік, а ў 1961 г., калі прырабілі герб замест Сталіна, засталося толькі 15 (Карэла-Фінская ССР ужо стала аўтаноміяй у складзе Расіі). Такі вось напамін пра дэсталінізацыю ў Гродне.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]