Будынак былой спецыялізаванай школы на вуліцы Лермантава пустуе ўжо восем месяцаў. Летам установа пераехала ў новае памяшканне на Дзяржынскага. Старая школа, якая мае багатую гісторыю, засталася пуставаць. Пакуль у гарвыканкаме вырашаюць, выстаўляць будынак на аўкцыён ці не, Hrodna.life знайшоў жанчыну, у якой з гэтай старой школай звязаныя асаблівыя ўспаміны.
Школа афіцыйна адкрылася на вуліцы Базылiянскай (сёння Лермантава) у 1938 годзе. Яна знаходзілася ў вялікім драўляным будынку, якi захаваўся да сёння (на галоўным здымку). Да нядаўняга часу там была спецыялізаваная школа № 1.
Немцы «пазнаёмілі» са школай
Сцепаніда Бандарук нарадзілася ў вёсцы Белавежа ў 1934, а праз 5 гадоў разам з бацькамі пераехала ў Гродна. Першы раз у будынку школы маленькая Сцепаніда пабывала падчас нямецкай акупацыі: туды яе адвялі салдаты, калі выявілі на вуліцы пасля каменданцкай гадзіны.
«У школе падчас вайны была нямецкая частка, якая ахоўвала горад. Быў там адзін рускі дворнік, да яго мы часта хадзілі і перадавалі таемныя тэлеграмы, якія дзецям у Свята-Пакроўскім саборы даваў памочнік святароў Вагнер, — распавядае Сцепаніда. — Запіскі гэтыя былі адрасаваныя партызанам. Мы перадавалі іх дворніку, а за свае паслугі ён патрабаваў самагонку.
Адзін раз я несла яму такую запіску і не паспела данесці - пачалася каменданцкая гадзіна. Немцы мяне спынілі і павялі ў частку. Памятаю, што завялі ў падвал, дзе стаяў стол і вада скрываўленага колеру. Білі мяне моцна там, цудам выжыла. Але знайшліся добрыя салдаты, якія схавалі мяне ў казарме, а пасля дапамаглі патрапіць дадому.
Маці казала: «Ты хоць бітая-перабітая, але ўсю сям’ю корміш». Пасля гэтага выпадку я яшчэ часта выходзіла на вуліцу. Спецыяльна ў агародзе кветкі рвала, а пасля іх насіла немцам. А яны наўзамен мне зрэжуць хлеба і тушонкі туды пакладуць. Вось так і выжывалі".
Пераезд у дом ля школы
У 1939 годзе пасля прыезду ў Гродна сям’я Сцепаніды жыла на вуліцы Нёманскай, а пасля таго як дом іх згарэў, немцы дазволілі пераехаць на вуліцу Базыліянскую, побач са школай.
«Прыехалі мы ў Гродна да сваякоў ужо пасля таго як прыйшлі саветы. Гэта быў 1939 год. Трохі пажылі ў мамінай багатай сястры на сучаснай вуліцы Лелявеля, а пасля пераехалі на Нёманскую, дзе быў невялікі драўляны дом.
У 1941 году дом згарэў з-за вылітага бензіну. Немцы ўвайшлі ў наша становішча і далі нам стары дом на вуліцы Лермантава, адкуль была выселена яўрэйская сям’я, напэўна, у гета. Да нашага прыходу ў доме нічога ўжо не было, акрамя аднаго стала. Са сваiх рэчаў у нас быў адзін дыван, які служыў матрацам і коўдрай.
Яўрэі так і не вярнуліся ў дом, а мы працягнулі там жыць. Мы яго атрымалі не за здраду, а таму што сям'і не было дзе жыць. Савецкая ўлада дом ужо не забірала".
Афіцэры прымушалі праць вопратку
Суседства са школай, дзе была жандармерыя, іншы раз не давала спакою сям'і Бандарук. Частымі і няпрошанымі гасцямі ў доме былі маладыя афіцэры, якія прымушалі маму Сцепаніды праць іх вопратку.
«Немцы былі розныя, былі і тыя, якія закрывалі вочы на тое, што мы кармілі праз калючы дрот яўрэйскіх дзяцей. А былі і дрэнныя, якія часта заходзілі да нас дадому і прыносілі маме сваю вопратку праць. Пры гэтым не давалі ніякіх парашкоў або мыла, а патрабавалі чыстую вопратку.
Маме даводзілася неяк выкручвацца. Яна брала хлорку і вымочвала вопратку ў ёй, а пасля старанна высцiрывала ў бочцы, каб не смярдзела. Калі немцы ўчуюць хлорку ў сваёй вопратцы, то білі вельмі моцна.
У выніку маме надакучыў здзек афіцэраў і яна пайшла да камандзіра часткі. Камандзір выслухаў маму і пасля выклікаў да сябе гэтых афіцэраў. Пры ёй ён сарваў з іх пагоны, а таксама сказаў выплаціць маці грошы за ўсе паслугі і пакуты. Праз некалькі дзён немцы заплацілі трохі грошай і больш ніколі не прыносілі нам праць вопратку".
Салдаты дагэтуль не перапахаваныя
Было ў школе і такое месца, дзе трымалі «злачынцаў». У асноўным там трымалі партызан, якіх потым вешалі на плошчы Савецкай. Як распавядае Сцепаніда, на паказальнае пакаранне на плошчу зганялі ўвесь горад.
«Горад быў невялікі і вялі на паказальнае пакаранне амаль усіх. Такім чынам і запалохвалі. Падчас вайны мы, дзеці, хутка сталі дарослымі, асабліва, калі хавалі салдат, як нямецкіх, так і рускіх. Адзін немец ляжыць і сёння на Віленскай вуліцы, мы яго глыбока не закопвалі. Выкапалі тады невялікую яму і туды яго, і нават аўтамат яму на грудзі паклалі. У савецкi час хадзіла я ў ваенкамат і казала, што там салдат ляжыць, а мне ў адказ: „Якая твая справа?“. Такая ж гісторыя і з двума рускімі салдатамі, якіх пахавалі пад дубам ля школы на Лермантава».
Кватэру так і не далі
У будынку школы, дзе была жандармерыя, Сцепанідзе давялося вучыцца пасля вайны, праўда трохі, бо як кажа, была ўжо пераросткам. У доме на Лермантава яе сям’я пражыла да 1997 года, пакуль яго не знеслі. Узамен часовы падменны фонд гарвыканкама выдаў Сцепанідзе і іншым членам сям'і невялікія пакоі. Напрыклад, Сцепаніда атрымала пакой на Мядовай. Абяцалі даць кватэру, якую ў выніку так і не далі. А ў атрыманым пакоі яна жыве са сваім мужам дагэтуль.