У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы ў 100 км ад Мінску ёсць дамок, дзе ў 1930-х гадах мясцовы фатограф Берман фатаграфаваў прэзідэнта Польшчы Масціцкага. Але шырока пра гэта невядома — аб’екты не адзначаныя дзяржавай. Неабыякавыя грамадзяне могуць паспрыяць таму, каб аб’ект унеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Эксперт, які ўжо не першы год гэтым займаецца, стварыў для Hrodna.life інструкцыю, як гэта зрабіць.

Што такое Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей?

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі - гэта спіс аб’ектаў, якія лічацца важнымі для гісторыі і культуры краіны. У гэты спіс могуць патрапіць помнікі, будынкі, археалагічныя знаходкі, старажытныя мясціны і іншыя рэчы, якія маюць каштоўнасць для народа і дзяржавы.

Калі аб’ект уключаны ў гэты спіс, яго мусяць абараняюць ад разбурэнняў ці змен, каб захаваць для будучых пакаленняў. Гэта мусіць дапамагчы захаваць спадчыну краіны і памятаць пра яе гісторыю.

Ініцыяваць унясенне ў спіс могуць не толькі дзяржаўныя органы і навукоўцы з экспертамі, але і грамадскія арганізацыі і самі грамадзяне.

Крок першы: фіксуем

Для таго, каб унесці прапанову пра наданне нейкаму аб’екту статусу культурнай каштоўнасці Беларусі, робім наступныя рэчы.

Праводзім фіксацыю. Гэта:

  • тэкставае апісанне,
  • фатаграфаванне,
  • графічнае адлюстраванне.

Ёсць выпадкі, калі можа спатрэбіцца відэа- і аўдыязапіс. Нашу дзейнасць рэгулюе артыкул 91 Кодэксу аб культуры.

У тэксце пазначаем адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці аб’екта.

На фота перадаём аб’ёмна-прасторавае рашэнне, найбольш значныя дэкаратыўныя і канструктыўныя дэталі і элементы. Паказваем асаблівасці размяшчэння помнікаў у наваколлі. Паклапаціцеся пра фота з розных ракурсаў. Трэба, каб былі прадстаўлены галоўны і адзін з бакавых фасадаў, тыльны і другі бакавы фасады.

На фота нематэрыяльных аб’ектаў адлюстроўваем найбольш характэрныя рысы, якія перадаюць іх асноўныя пастановачныя і выканальніцкія прыкметы, асаблівасці мастацкага афармлення, вопраткі і ўпрыгажэнняў.

Графічнае адлюстраванне — гэта пазначэнне аб’екта на карце ў маштабе 1:10 000. Ёсць выпадкі, калі патрэбны маштаб 1:20 000 ці 1:200 000. Апошняе, напрыклад, калі гаворка — пра арэал бытавання нематэрыяльных культурных каштоўнасцей.

Крок другі: навуковая апрацоўка

Тут адлюстроўваем гістарычныя звесткі, параўноўваем помнікі з аналагічнымі і паказваем асноўныя заканамернасці іх развіцця.

Навуковая апрацоўка змяшчае наступныя гістарычныя звесткі пра аб’ект:

  • характар (матэрыяльная/нематэрыяльная, форма, стан),
  • аблічча,
  • уплыў на развіццё краіны або рэгіён,
  • звесткі пра аўтара або прыналежнасць знакамітай асобе,
  • перыяд стварэння (узнікнення).

Крок трэці: мастацкая ацэнка

Трэба суаднесці нашы каштоўнасці з пэўнымі стадыямі развіцця нацыянальнага і сусветнага мастацтва, аднесці іх да асобных відаў і тыпаў, апісаць стылявыя асаблівасці.

Крок чацвёрты: абгрунтаванне

А каб абгрунтаванне атрымалася, аб’ект, згодна артыкулу 92 Кодэксу аб культуры, павінен адпавядаць хаця б аднаму з наступных пунктаў:

  • з’яўляцца адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;
  • мець значнасць з пункту гледжання гісторыі, археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва і іншых галін;
  • уплываць на развіццё краіны або асобнага яе рэгіёна;
  • быць звязаным з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб, гістарычнымі падзеямі, традыцыямі, вераваннямі або ідэямі і перакананнямі;
  • з’яўляцца аўтэнтычным;
  • уяўляюць сабой выдатны прыклад фарміравання ландшафту, у якім адлюстроўваюцца традыцыі пэўнага перыяду гісторыі народа;
  • быць мастацкім узорам, створаным або пераўтвораным у Беларусі ці створаным беларусамі замежжа.

Крок пяты: падача мясцовым уладам

Каб прайсці ўсе пералічаныя этапы, патрэбен час, настойлівасць і пэўныя веды. Але калі на нейкім этапе ўзнікаюць складанасці, эксперт раіць проста знайсці пашпарт ужо прызнанай гісторыка-культурнай каштоўнасці. А па яго ўзоры можна грунтоўна запоўніць усе пункты. Калі дакументы сабраныя — звяртайцеся з імі ў мясцовы выканкам.

Помнік — у спісе. І што?

Помнік унеслі ў жаданы спіс. Што зменіцца для помніка пасля гэтага?

  • помнік набудзе ўласнікаў, калі не меў іх дагэтуль. Іх вызначае выканкам: на чыіх землях знаходзіцца, альбо калі сакральны, то чыя парафія і г. д.
  • ёсць уласнікі - ёсць догляд. Яны вымушаныя і фарбаваць, і рэстаўраваць, і даглядаць каштоўнасць.
  • а калі такі помнік нехта наўмысна ці ненаўмысна пашкодзіць, каштоўнасць адрэстаўруюць і налічаць урон.

Напрыклад, капліцу ў вёсцы Ручыца Вілейскага раёна Мінскай вобласці пачалі рэстаўраваць у 2020-м годзе, калі адзін з цагляных фрагментаў абрушыўся. Нават збіралі грошы для яе захавання.

Капліца ў Ручыцы. Фота radzima.org
Капліца ў Ручыцы. Фота radzima.org

А ў гэтым годзе завяршылі рэстаўрацыю капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў у Закозеле пасля таго, як яе ўнеслі ў спіс.

Што трэба ўнесці ў спіс?

А вось некалькі прыкладаў помнікаў, якія знаходзяцца ў крытычным стане. Унясенне ў спіс магло б стаць першым крокам да іх рэстаўрацыі.

Сядзіба Багдановічаў у Абадаўцах. Сядзіба належала Мечыславу Багдановічу і пры ім наваколле добра развівалася. У Абадоўцах былі прадпрыемствы. Напрыклад, рабілі сыр. Быў дзіцячы дом. Неяк у другога пана ён выйграў у карты кардонную фабрыку ў Раёўцы. І вельмі добра яе развіваў.

Руіны вінакурні Багдановічаў. Фота radzima.org_result
Руіны вінакурні Багдановічаў. Фота radzima.org

Каплічка ў Маладзечне ў мікрараёне Вялікае Сяло. Дзве аднолькавыя каплічкі пабудавалі недзе ў канцы 19 стагоддзя. Хаты, крытыя гонтай (дранкай — Hrodna.life) ды саломай, стаялі ў Вялікім Сяле вельмі шчыльна. Калі пачынаўся пажар, вёска выгарала. Каб засцерагчыся, людзі сабраліся і пабудавалі дзве капліцы. Адну — у пачатку сяла, другую — у канцы. Адна капліца не захавалася да нашых дзён. Другую капліцу не знеслі, хоць у савецкі час яна доўга стаяла закінутая.

Сядзіба Лапацінскіх у Леанпалі. Яе стварыў брэсцкі ваявода Мікалай-Тадэвуш Лапацінскі з удзелам італьянскага архітэктара, уладкаваўшы аранжарэю з экзатычнымі раслінамі і раскошны французскі парк. У залах палаца захоўваліся бібліятэка, архіў і мастацкая калекцыя роду, аднак у 1863 годзе сядзіба была разрабавана за ўдзел Лапацінскіх у паўстанні. Пасля пажару 1919 года палац перадалі каталіцкай царкве, а пазней ён выкарыстоўваўся пад малаказавод, тэхнікум і спецшколу. Сёння тут ізноў размешчаны касцёл.

Сядзіба Лапацінскіх. Фота з адкрытых крыніц
Сядзіба Лапацінскіх. Фота з адкрытых крыніц

Гаспадарчы двор Тукалаў у Асцюковічах. Сядзіба ў Асцюковічах Вілейскага раёна Мінскай вобласці, заснаваная Незабытоўскімі і ўдасканаленая Тукалам, вылучалася барочным паркам 1793 года, які пазней стаў пейзажным. Цэнтрам сядзібы быў каменны дом з мансардай, акружаны ліпавымі і бэзавымі алеямі, сажалкамі і фруктовымі садамі. Комплекс уключаў стайню, свіран, карэтную, гараж і капліцу. Тут раслі больш за 30 відаў дрэў, у тым ліку лістоўніцы, туі і хвоі. У 1934 годзе пабудавалі ўязную браму. Сёння парк мае статус батанічнага помніка, але знаходзіцца ў запусценні, а сядзіба і магілы ўладальнікаў разбураюцца.

Гаспадарчы двор Тукалаў. Фота radzima.org
Гаспадарчы двор Тукалаў. Фота radzima.org

Хто з аматараў гэтым займаецца

Пэўнай суполкі, якая б займалася ўнясеннем аб’ектаў у спіс, цяпер ужо няма. Кожны працуе індывідуальна.

Мінкультуры калі і займаецца гэтым, то непублічна. «Але раней у Міністэрстве хаця б не заміналі рабіць такую працу актывістам. А цяпер нічога яны не хочуць уключаць, цягнуць час і бывае адмаўляюць. Такое прадчуванне, нібы хочуць каб рушылася ўсё, што не сведчанне Русі. На сённяшні трэба быць больш настойлівым, каб дабіцца сваёй мэты», — кажа эксперт.

На пытанне, ці гэта бяспечна, ён адказвае так: ."Раней так было, што хтосьці раздражняўся, асабліва тыя, каго прызначалі ўласнікам, але наогул улада паважала. Цяперака ўсё перамяшалася, не магу адназначна сказаць".

Чаму гэта важна для беларусаў?

«Чаму важна для нас — бо гэта мы, — лічыць эксперт. — Гэта наша самаідэнтыфікацыя. Бо вякамі знішчаюць наш генетычны код. Але мы павінны супрацьстаяць. Гэта барацьба за праўду і справядлівасць, не толькі за сваю самасвядомасць, за мастацтва і культуру».