Ва ўсёй Гродзенскай вобласці няма больш захаванага ў архітэктурным сэнсе мястэчка, чым Лунна (або Луна) ў Мастоўскім раёне. Яго пашкадавалі войны, не ацалела толькі драўляная сінагога. Найбольш мястэчка страчвае акурат зараз.
Будаўнічы бум 1930-х
Паколькі да вайны пераважна яўрэйскае насельніцтва актыўна займалася бізнесам, то і будаваліся луненскія яўрэі актыўна. Напрыклад, з Лунна паходзіў вядомы гродзенскі прадпрымальнік Ашэр (Ошэр) Касоўскі, які валодаў у Гродне млыном на сучаснай вуліцы Васілька і гарбарняй «Фалюра» на сучаснай вуліцы Гарнавых.
[irp posts="30 290″ name="Былы гарбарны завод на Гарнавых пайшоў пад знос"]
У пачатку 1930-х гг. у Лунне адбыўся сапраўдны будаўнічы бум. З прыгожай чырванаватай цэглы пабудавалі некалькі дзясяткаў камяніц, пры чым тое былі не проста аднапавярховыя дамы вясковага тыпу, але і дэкаратыўна аздобленыя двухпавярховікі. Тут знаходзіліся крамы, аптэкі, цырульні, было нават два рэстараны. Уся гэтая прыгажосць перажыла вайну, хаця гаспадары камяніц — больш за 1500 луненскіх яўрэяў, былі забітыя фашыстамі.
[irp posts="11 273″ name="Сільвія Сіднэй — дачка яўрэя з Лунна, якая стала кіназоркай 1930-х"]
Турысты сюды не завітваюць
Сёння Лунна не ўбачыш на турыстычных картах Гродзеншчыны. Аўтобусы з польскімі турыстамі, дзясяткі якіх прыязджаюць у блізкія Багатырэвічы па мясцінах Элізы Ажэшкі, да Лунна не даязджаюць. Рэдка калі завітае аўтобус з яўрэйскімі вандроўнікамі, беларусы наогул спыняюцца рэдка. Хаця пабачыць тут ёсць чаго.
Захавалася і старажытная планіроўка мястэчка і не менш пяцідзесяці (!) даваенных мураваных будынкаў, некаторыя з іх маюць такі цікавы дэкор, што і Гродна б пазайздросціў. Але ніякай турыстычнай інфраструктуры тут няма — ні лаўкі з сувенірамі, ні грамадскай прыбіральні, ні кафэ.
Забудову актыўна руйнуюць
Ды і сама прыгажосць мястэчка знікае. Лунна не ўнесена ні ў якія спісы гісторыка-культурнай спадчыны. Яго забудову паступова руйнуюць мясцовыя жыхары. Людзі актыўна тынкуюць і расфарбоўваюць старыя камяніцы ў вясёлкавыя колеры, устаўляюць шклопакеты, знішчылі ўсе старыя разныя дзверы, якія яшчэ можна было пабачыць на вуліцах гадоў сем таму.
Луненцы жывуць сваімі патрэбамі, ім мала справаў да далёкага мінулага, тым больш, што ёсць праблемы ў цэнтры мястэчка, якія яны вырашыць не могуць. Напрыклад, на старым бруку цяпер ляжыць некалькі слаёў асфальта, узровень вуліцы вельмі падняўся і снег з дажджом заліваюць людзям падвалы і руйнуюць каменныя падмуркі. Ды і зрабіць драўляныя вокны або адрэстаўраваць старыя дзверы — вельмі дорага.
Часам адбываюцца зусім незразумелыя рэчы. Некалькі тыдняў таму невядома па якой прычыне зруйнавалі дэкаратыўныя вежачкі самай прыгожай луненскай камяніцы. Вялікая страта для мястэчка!
Праграмы захавання няма — ёсць толькі мары
Хочацца пабачыць Лунна адрэстаўраваным, з натоўпамі турыстаў. Каб заходзілі ў луненскі касцёл паглядзець на ложу Элізы Ажэшкі, наведвалі магілу Яна Каменскага, які стаў прататыпам Андрэя Карчынскага з аповесці «Над Нёманам». Яўрэі дакладна ехалі б паглядзець мястэчка, дзе перад вайною жыў Саламон Грынберг, адзін з самых вядомых вязняў лагера смерці Аўшвіц. Грынберг пакінуў сведкам трагічныя запісы аб чалавеказабойствах арганізаваных фашыстамі і загінуў падчас паўстання ў зондэркаманда ў Аўшвіцы ўлетку 1944 г. Ды і навогул помнік Саламону Грынбергу дадаў бы Лунну папулярнасці.
Але гэта ўсё толькі мары. Ніякай праграмы захавання Лунна няма, таксама як і не вядзецца праца па ўнясенні мястэчка ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Праўда, на многіх камяніцах можна прачытаць аб’явы аб продажы. Магчыма, хто з прыватных асобаў паспрабуе ажывіць мястэчка турыстычным бізнесам, стварыўшы тут кавярню, музейчык і краму сувеніраў.