Сіднэй Лебур падарожнічае па краінах былога Савецкага Саюза і рыхтуе дакументальны праект пра сляды камуністычнага перыяду. У канцы ліпеня францужанка прыехала ў Беларусь і наведала Гродна. Разам з Hrodna.life дзяўчына шукала ў горадзе адгалоскі савецкай эпохі.
Сіднэй 30 гадоў, яна жыве Нанце (Францыя) і працуе прафесійным фатографам. З 2014 года падарожнічае па розных краінах і займаецца фотапраектамі. У 2019 годзе Сіднэй ужо была ў Беларусі - рыхтавала матэрыял пра падземны спелеакомплекс у Салігорску. Зараз Сіднэй працуе над вялікім праектам прысвечаным 30-годдзю распаду Савецкага Саюза.
Сляды СССР у новай Беларусі
«Беларусь — гэта першая краіна, якую я наведваю ў гэтым праекце, — распавядае Сіднэй. — Але ў планах у мяне паездка па многіх краінах былога савецкага блока. Зараз я шукаю сляды СССР у новай Беларусі. Я ўжо пабывала ў некалькіх гарадах і, напэўна, уключу ў праект якую-небудзь савецкую мазаіку з Брэста, стары кінатэатр у Баранавічах, які ператварылі ў батутную пляцоўку, і санаторый у Салігорску. Ёсць месцы і на чыгуначным вакзале Мінска. Мая праца ўсё яшчэ працягваецца, так што мы ўбачым вынікі толькі ў 2021 годзе, калі будзе 30-годдзе з распаду СССР».
Думкі і ўспаміны пра СССР
Цікавасць да савецкага мінулага ў Сіднэй з’явіўся некалькі гадоў таму, калі яна падарожнічала па краінах былога СССР. Яе здзівілі людзі, якія настальгуюць па савецкім перыядзе.
«Я была здзіўленая, як яны расказвалі пра час, як яны жылі, што страцілі і як цяпер займаюцца аднаўленнем тэхнікі тых часоў і многае іншае. У Заходняй Еўропе я ніколі раней не чула пра такіх людзей. З-за цікаўнасці я занялася праектам па СССР. Мая задача — пагаварыць як з людзьмі, якія жылі ў той час, так і з моладдзю, да 30 гадоў, якая не заспела савецкі перыяд. Я хачу зразумець іх пункт гледжання і зафіксаваць успаміны і думкі пасля 30 гадоў несавецкай эпохі. Перш за ўсё я фатограф, таму хачу праілюстраваць свой праект».
Гродна — не савецкі горад
У Гродне Сіднэй прогулялася па Скідальскім рынку, Кургане Славы, пабывала ў дзяржаўнай сталовай, убачыла за працай мастака і кіраўніка аўтарэтраклуба «Вінтаж». Невялікі шпацыр па горадзе для Сіднэй арганізаваў гродзенец Яраслаў Васілеўскі. Яго «Лада» савецкага перыяду ў ідэальным стане.
«Гродна адрозніваецца ад Мінска і іншых гарадоў Беларусі. Тут захавалася шмат храмаў і розных гістарычных аб’ектаў. Горад мне спадабаўся, я зрабіла некалькі выдатных здымкаў драматычнага тэатра, у якога вельмі спецыфічная архітэктура. Таксама сфатаграфавала адпраўленне цягніка на чыгуначным вакзале і ружовую машыну-жука [Volkswagen Beetle — ред.] перад савецкім будынкам. Уразіў кантраст паміж элементамі».
Чытайце таксама: Прыгожа ці пачварна? Гід па архітэктуры савецкага мадэрнізму ў Гродне
Пра выбары ведае, але не фатаграфуе
Сіднэй прыехала ў Беларусь, дзе не было каранціну ў сувязі з пандэміяй. Гэта яе не спыніла, як і пратэстны рух перад выбарамі прэзідэнта.
«Я не баялася сюды ехаць. Мой сусед па кватэры працаваў у шпіталі ў Францыі ў самы цяжкі перыяд COVID-19. У яго не было ніякіх сімптомаў, і ў мяне таксама. Я маладая, таму для мяне не страшная гэтая хвароба.
Пра сітуацыю з выбарамі ў Беларусі я ведаю і бачу, што шмат хто супраць дзеючага рэжыму. Я б з задавальненнем пафатаграфавала мітынгі, але ў мяне цяпер іншы праект. Ды і небяспечна тут працаваць — я замежны журналіст і на такіх мерапрыемствах могуць быць праблемы з міліцыяй".
«У Францыі мы практычна нічога не ведаем пра Беларусь»
Калі Сіднэй у Францыі, яна робіць выставы і рэдагуе свае працы для публікацый у нацыянальных і міжнародных часопісах. Гэта займае шмат часу. Напрыклад, у верасні ў дзяўчыны будзе адначасова тры выставы і адна праекцыя на фестывалі фотажурналістыкі.
«Я працую па ўсім свеце над сваімі дакументальнымі праектамі. У мінулым годзе, напрыклад, ездзіла ў Індыю, Беларусь і ЗША. А годам раней — у Егіпет, Інданэзію і Украіну. Беларусь мне падабаецца, сюды заўсёды можна вярнуцца. У Францыі мы практычна нічога не ведаем пра гэтую краіну. Мой праект па слядах СССР выйдзе ў 2021 годзе,
яго можна будзе ўбачыць і анлайн на маім сайце».
Пасля Гродна Сіднэй адправілася ў Баранавічы і Мінск.