Спадчына

Сафі Маргенштэрн-Кабачнік: гродзенская вучаніца Зігмунда Фрэйда, якая трапіла ў топ псіхааналітыкаў усіх часоў

У Сафі Маргенштэрн з Гроднам сувязь хутчэй сімвалічная. Яна нарадзілася тут, але жыла хусім няшмат, а вядомасць здабыла і кар’еру зрабіла наогул па-за межамі Расійскай імперыі ці міжваеннай Польшчы. Уплыў гэтай ураджэнкі Гродна на ўсю псіхааналітычную думку і дасюль застаецца выразна заўважным.


У архіўных дакументах, якія тычацца гісторыі Гродна ў другой палове 19 — пачатку 20 ст., не сустракаецца яўрэйскае прозвішча Кабачнік. Кабак ёсць, а вось Кабачнік няма. Хаця гэтае прозвішча выразна рэгіянальнае. Напрыклад, нямала Кабачнікаў да апошняй вайны жыло ў Эйшышках, што цяпер у Літве. Напрыклад, у 1824 г. Арэл Лейба Кабачнік праз прэсу засцерагае, каб не бралі маёмасці памерлага яўрэя, бо той быў вінен яму вялікую суму грошай. А знакаміты Чэслаў Мілаш згадвае Кабачніка як найлепшага віленскага шаўца перадваеннай пары.

Скапіць грошай і перабрацца далей

Пра першыя два дзесяцігоддзі жыцця Сафі Кабачнік мы не ведаем амаль нічога. Хіба толькі, што ва ўсіх біяграфічных анкетах яна ставіла дату нараджэня 1 красавіка 1875 года і месца нараджэння — Гродна ў «рускай Польшчы» (так часта называлі землі, якія пасля падзелаў Рэчы Паспалітай адышлі да Расійскай імперыі). Адсюль можна дапусціць, што гродзенскі перыяд у жыцці сям'і Кабачнік быў параўнаўча кароткі. Можа якіх 7−10 гадоў.

Яўрэйскія прадпрымальнікі, скапіўшы хаця невялікія грошы, стараліся вырвацца з мястэчка ў большы горад, напрыклад, з Эйшышак у Гродна ці Вільню. А пасля, калі справы ішлі, можна было падумаць і пра Варшаву або нават бізнес еўрапейскага маштабу. Так было, напрыклад, з ткачом з Гродна Сімхай Любічам, які перабраўся ў Берлін, дзе ў яго нарадзіўся сын — будучы сусветна вядомы рэжысёр і акцёр кіно Эрнст Любіч (1892 — 1947).

Жыла ў прэстыжным раёне Варшавы

Звесткі пра Сафі Кабачнік з’яўляюцца наступны раз толькі ў 1890-х гг. у Варшаве. Яна заканчвае курс навучання ў гімназіі, выходзіць замуж за Абрама Маргенштэрна і ў 1894 г. нараджае сваю адзіную дачку Лаўру.

Гледзячы па ўсім, яе бацькі сапраўды былі вельмі нябеднымі людзьмі, паколькі жылі ў апартаментах па вуліцы Кацэбу, 10 (цяпер вуліца Фрэдры) у цэнтры Варшавы. Гэта быў прэстыжны квартал з банкамі, багатымі кватэрамі і дыпламатычнымі ўстановамі.

Цюрых — цудоўнае месца для яўрэек з Расіі

У 1906 годзе Сафі Маргенштэрн паступае ў Цюрыхскі ўніверсітэт, дзе вучыцца да 1912 года. Навучанне яна праходзіць на медыцынскім факультэце і піша дыпломную работу прысвечаную асаблівасцям складу шчытападобнай залозы.

Універсітэт Цюрыха, каля 1908

Універсітэт у Цюрыху быў цудоўным месцам для жанчын, якія цягнуліся да навуковай працы, да адукацыі. І асабліва жанчын з Расійскай імперыі і асабліва яўрэйскага паходжання. Спісы выпускніц Універсітэта ў Цюрыху пачатку ХХ ст. запоўненыя прозвішчамі накштал Ента Маркоўнікава з Кастрамы, або Хая Масковіц з Херсона, або Ганна Магілёва аднекуль з Беларусі… Усе яны вучыліся або на медыкаў або на гуманітарных факультэтаў.

Універсітэт Цюрыха, каля 1914
Універсітэт Цюрыха, каля 1914

Цікава, што ў 1914 г. у той самы ўніверсітэт паступіла і дачка Сафі - Лора (Лаўра) Маргенштэрн, будучы дастаткова вядомы культуролаг і філосаф, аўтар кніжак на французскай мове.

Прыстасавала тэорыі Фрэйда для лячэння дзяцей

Пасля заканчэння ўніверсітэту, прыкладна з 1915 года, да пачатку 1920-х гг. Сафі Маргенштэрн працуе ў псіхіятрычнай клініцы Цюрыхскага ўніверсітэта і пасля таго, як ёй разам з сям’ёй не ўдалося атрымаць грамадзянства Швейцарыі, каля 1924 г. пераязджае ў Францыю.

У Францыі Сафі Маргенштэрн паступае на працу ў клініку дзіцячай псіханеўралогіі ў Сальпетрыры каля Парыжа. З 1925 па 1940 год яна працуе там асістэнтам. Сафі далучаецца да прыхільнікаў тэорыі псіхааналіза, сфармуляванай Зігмундам Фрэйдам, і спрабуе прыстасаваць яго да лячэння дзіцячых псіхічных захворванняў.

Нагадаем, што псіхааналіз грунтуецца на аналізе «падсвядомага» (суперэга) у чалавеку, уплыве гэтага «падсвядомага», у тым ліку сэксуальных эмоцый, на станаўленне і жыццё чалавека.

Прыдумала методыку лячэння маляваннем

Паміж 1927 і 1939 гадамі Маргенштэрн апублікавала 15 артыкулаў і адну кнігу. Яе праца была цалкам заснавана на паглыбленым чытанні Зігмунда Фрэйда. Яна лічыла, што дзіцячы неўроз мае тую ж структуру і тое ж паходжанне, што і неўроз дарослага, але большая гнуткасць дзіцячага суперэга спрыяе вырашэнню ўнутраных канфліктаў.

У 1927 годзе ў публікацыі «Псіхагенны мутызм» яна апісала сваю методыку лячэння дзяцей маляваннем, якое засталося галоўнай мэтай яе даследаванняў на працягу ўсёй яе практыкі. Яна таксама выкарыстоўва гульні, мадэляванне і, вядома ж, мары і свабодныя зносіны са старэйшымі дзецьмі.

Маргенштэрн, без сумневу, была адной з першых фігур у дзіцячым псіхааналізе ў Францыі, асабліва ў тым, што тычыцца выкарыстання малюнка ў лячэнні. Усе вучні і паслядоўнікі Сафі Маргенштэрн згадвалі, што яе вельмі любілі дзеці, яе пацыенты. З вялікай любоўю і павагай Сафі дакапвалася да сутнасці дзіцячых праблем, рабіла аб гэтым агульныя высновы, якія пасля апісвала ў кнігах. Напрыклад яна падкрэслівала «магічнасць» светаўспрыяцця дзяцей, тое, што яны лічаць, што можа існаваць усё, пра што яны падумалі.

Апошнія гады жыцця складваліся трагічна

У 1936 г. падчас аперацыі памірае адзіная дачка Сафі. Яе муж таксама памёр, а большасць родных жыла ў міжваеннай Польшчы і калі пачалася Другая Сусветная вайна, Сафі Маргенштэрн пачала ўсё глыбей заглыбляцца ў дэпрэсіўны стан. За разгромам Польшчы паследаваў разгром Францыі летам 1940 года. 14 мая гэтага года, за дзень да ўваходу гітлераўскіх войскаў у Парыж, Сафі Маргенштэрн скончыла жыццё самагубствам.

Кнігі выдаюцца дагэтуль

Да «старыка Фрэйда» і псіхааналізу можна ставіцца па-рознаму, але відавочна, што ён і яго прыхільнікі некалькі пачалі гаварыць пра важнае, некалі забароненае, і гэта істотна прасунула псіхіятрычную навуку наперад.

Сафі Маргенштэрн дакладна ўваходзіць у дзясятку самых вядомых «адкрывальнікаў» псіхааналізу і яе кнігі выдаюцца дагэтуль. Напрыклад, у 2015 годзе немалым накладам выйшаў яе зборнік «Дзіцячы псіхааналіз» на рускай мове. Пры чым выдалі яго ва Украіне. Малюнак як метад дыягностыкі і нават лячэння хворых дзяцей — сёння агульнапрызнаная навуковая практыка і заснавала гэты метад Сафі Маргенштэрн, якая нарадзілася ў Гродне.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024