Людзі і справы

З асобнымі кабінетамі і службовым аўтамабілем. Як жывуць і працуюць сабакі Гродзенскай мытні

Знайсці наркотыкі або выбраць машыну для паглыбленага дагляду на мяжы дапамагаюць чацвераногія супрацоўнікі. На Гродзенскай рэгіянальнай мытні іх восем. Лабрадоры, аўчаркі і кокер-спаніэль служаць у пунктах пропуску разам са сваімі гаспадарамі-кінолагамі. У сакавіку Hrodna.life пазнаёміўся з мытнікамі і іх чацвералапымі калегамі і даведаўся пра падрабязнасці службы. Аказваецца, у сабак ёсць персанальныя «кабінеты» і нават асабісты службовы аўтамабіль.

Кіналогія на мытні - з’ява адносна новая. У 2005 годзе ў Гродзенскай мытні быў толькі адзін кінолаг і адзін сабака. Сёння тут працуе цэлы аддзел з сямі чалавек і васьмі сабакаў. Яго супрацоўнікі нясуць службу на розных напрамках, у пунктах пропуску па ўсёй Гродзенскай вобласці. Часам іх запрашаюць папрацаваць у горадзе — дапамагчы міліцыянтам і выратавальнікам.

«Працуе» ў кіналагічным аддзеле восем сабакаў: два лабрадоры, спаніэль і пяць нямецкіх аўчарак. Увесь час службы сабака атрымлівае дзяржаўны паёк, а таксама бясплатнае ветэрынарнае абслугоўванне. Пасля службы сабакі з мытні сыходзяць «на пенсію».

Дзе жывуць і «працуюць» службовыя сабакі

Кожны з іх жыве з гаспадаром дома. Гэта спецыфіка ўзаемадзеяння кінолага і сабакі, дзе важны кантакт чалавека і жывёлы. Да таго ж выклік на службу можа паступіць нават ноччу, тады кінолагу не прыйдзецца губляць час, каб заехаць за сабакам. Побач з вальерамі - «фітнес-зона», дзе сабакі трэніруюцца і гуляюць.

— Сабака павінен быць сухарлявы, адэкватны і не агрэсіўны. Зразумела, што калі сабака не ў форме, то ён будзе задыхацца. Усе нашы сабакі худзенькія, стройныя, гуллівыя. Перыядычна мы ўзважваем сабак, у тым ліку для размеркавання корму, — кажа начальнік кіналагічнага аддзела Ігнат Ліневіч. Са сваёй цяперашняй аўчаркай Цейкам ён працуе ўжо два з паловай гады. Гэта яго трэці сабака.

У 2010 годзе Ліневіч прыйшоў на службу з трохгадовым гадаванцам. У лютым 2018 года 11-гадовы сабака памёр. Ігнат Ліневіч кажа, што нагрузка ўсё ж такі адбіваецца на стане жывёлы. Другі яго сабака зараз выйшаў на пенсію і жыве ў сваякоў у вёсцы. Трэці - Цейк. Ёсць у аддзеле сабакі старэй, да прыкладу, лабрадор Шэра — хутка ёй споўніцца пяць гадоў, чатыры з якіх яна служыць на мытні.

Найлепшы нюх — ў свінні. Але сабакі працуюць лепш

Для працы на мытні часцей выбіраюць сабак службовых парод. Напрыклад, нямецкія аўчаркі добра вывучаны, што пасуе кінолагам нават з невялікім вопытам. Пры выбары пса глядзяць на якасці, якія можна выкарыстоўваць у працы. Сабака павінен добра «разыгрывацца». Калі сабака ўбачыў мячык і адразу зрэагаваў, гэта вельмі добра. Значыць, ёсць задаткі.

Кінолагі распавялі, што нюх у сабак у 10 000 разоў мацней чым у чалавека. Але нават яны далёка не чэмпіёны. «Самы добры нюх маюць свінні. Але ў нас няма такой практыкі прымянення».

Ёсць стэрэатып, што кінолагі кормяць сабак наркотыкамі. «Вядома, гэта не так, — кажа Ігнат Ліневіч. — нюх ставіцца на спецыяльным трэнажоры па ўзорах пахаў».

Праверка на беларускай мяжы. Фота з архіву Hrodna.life

Як стаць кінолагам?

У кінолагі прыходзяць з розным вопытам. Інспектар Наталля Еўлашэвіч па адукацыі псіхолаг. Яна — самая маладая супрацоўніца, як і яе «калега» — нямецкая аўчарка Ікар.

Старшы інспектар Ягор Бондар скончыў юрыдычны факультэт ГрДУ. Пачынаў працу на мытным пасту ў Бераставіцы, а з лістапада 2018 гады перавёўся ў кіналагічны аддзел. Працуе з нямецкай аўчаркай па мянушцы Далас. Яму паўтара года.

«На кінолагаў» у Гродне не вучаць. У пачатку працы навічкам дапамагаюць старэйшыя калегі. Потым спецыялiсты праходзяць курсы ў Мінску на кафедры кіналогіі. Павышаць кваліфікацыю трэба кожны год у Пінску і Мінску, на базе мытнага інстытута. Усе заняткі праходзяць толькі з жывёлай —
вучацца і сабака, і чалавек. На палігоне мытнага інстытута праводзяць і спаборніцтвы, дзе штогод вызначаюць лепшага кінолага сярод мытнікаў. Яны спаборнічаюць у пошуку наркотыкаў, зброі, выбухоўкі.

«У асноўным працуе сабака»

Кінолагі лічаць сваю працу творчай і спакойна ставяцца да ненармаванага працоўнага дня. «Бывае, прыходзіцца працаваць і па 12 гадзін, усё залежыць ад колькасці людзей на мяжы і супрацоўнікаў на працы». Сабакі, вядома, столькі працаваць не могуць, ім трэба адпачываць і адцягвацца. Мытнікі ў гэты час працуюць з тэхнічнымі прыстасаваннямі - эндаскопамі, газааналізатарамі, прыборамі, якія вызначаюць аднастайнасць і шчыльнасць матэрыялаў, і з дагляднымі люстэркамі.

«Але ў асноўным працуе сабака, — кажа Ігнат Ліневіч. — Бывае, яму больш давяраеш, чым сабе».

«Была ў нас сітуацыя, калі кіроўца спрабаваў пазбавіцца ад гашышу і проста выкінуў яго пад фуру. Сабака мае такі нюх, што нават такое ўчуе», — кажа Наталля.

«Сабака паглядзіць, панюхае і ты ўжо адштурхваешся ад гэтага. Едзе дзесяць машын — табе ўсё трэба агледзець. А калі працуеш з сабакам, трэба больш пільна агледзець менавіта адну, тую самую, на якую сабака звярнуў увагу», — распавядае старшы інспектар Ягор Бондар.

«Сабакі з радасцю заскакваюць»

Гродзенскія кінолагі разам са сваімі падапечнымі былі ўдзельнікамі праекта ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна 2014−2020» па ўзмацненні магчымасцяў кіналагічнай службы мытных ведамстваў.

Каб яшчэ лепш гарантаваць бяспеку пры праходжанні мяжы, а таксама перашкаджаць незаконнаму перамяшчэнню забароненых наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, мытнікі Беларусі і Польшчы правялі шэраг мерапрыемстваў.

У рамках праекта закупілі шэсць аўтамабіляў, абсталяваных клеткамі для перавозкі службовых сабак. Па дзве машыны атрымалі Гродзенская, Мінская рэгіянальныя мытні і Брэсцкая мытня .

Кінолагі з Польшчы і Беларусі правялі тры сумесныя трэнінгі, дзе абмяняліся вопытам і тактыкай у выяўленні наркотыкаў і іншых абмежаваных да перамяшчэння тавараў, у тым ліку цыгарэт.

Усяго па праекце трансгранічнага супрацоўніцтва беларускі бок атрымаў фінансаванне ЕС на суму каля 130 тысяч еўра, польскія калегі - каля 70 тысяч.

Паводле ацэнак Ігната Ліневіч, узровень падрыхтоўкі кінолагаў Гродзенскай мытні і ў цэлым арганізацыя працы спецыялістаў у Беларусі і Польшчы параўнальныя. «Сабакі ў іх таксама жывуць дома з гаспадарамі. Дзяржава забяспечвае сабак, вылучае дапамогу на іх утрыманне».

Новыя аўтамабілі службовыя сабакі мытнікаў асвоілі хутка. «Транспарт новы, безадмоўны. Прадугледжаная механічная вентыляцыя, ёсць кандыцыянер, — распавядае Ліневіч. — Умовы для перамяшчэння і людзей і сабак лепш сталі. З улікам таго, што тэмпература рэгулюецца, сабаку не горача і не холадна, ёсць падагрэў. Жывёла размяшчаецца на мяккай падсцілцы, а сам адсек абсталяваны такім чынам, што сабаку не трасе пры руху аўтамабіля. У паездцы ён адчувае сябе камфортна нягледзячы на ​​тое, што часам дарога на працу можа заняць некалькі гадзін. Сабакі з радасцю заскакваюць у такі аўтамабіль, там яны як у доміку», — рассказыает Ігнат Ліневіч.

Сабакі на мяжы нясуць пазітыў

— Калі бачыш такіх цудоўных сабачак у звычайным жыцці, хочацца іх абняць, накарміць, пагуляць. А як людзі рэагуюць на сабак на мяжы?

— Па-рознаму бывае. Шмат што залежыць і ад сабакі, і ад чалавека. Напрыклад, да кокер-спаніэляў і лабрадораў людзі ставяцца мякка. Ведаюць, што лабрадор — добры сабака, а спаніэль — мілы і пацешны. Вось на аўчарку звычайна глядзяць з асцярогай. Ён большы, бывае і зубы ашчэрыць. Людзі таксама розныя: адны баяцца сабак, а іншыя здалёку ўбачаць і бягуць, каб пагладзіць. Ёсць і такія, што пытаюцца — чаму сабака без намысніка. Які можа быць наморднік у службовага сабакі, які прайшоў курс трэніроўкі, мае навыкі і нясе службу па пошуку забароненых рэчываў на сваім працоўным месцы. Да таго ж у сабакі ёсць службовае пасведчанне, так што ён супрацоўнік мытні, — тлумачыць Ліневіч.

А наогул, прызнаюцца кінолагі, сабакі станоўча ўплываюць на сітуацыю на мяжы: і на тых, хто яе перасякае, і на тых, хто нясе вахту. «Хтосьці пагладзіць спрабуе, хтосьці пагутарыць. У асноўным, рэагуюць станоўча, з усмешкай. Сабакі на мяжы нясуць пазітыў».


Артыкул падрыхтаваны ў рамках сумеснага праекта з EU Neighbours East «СВОЙ КРАЙ: ПАРТРЭТЫ». Погляды, выказаныя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула.


Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024