Людзі і справы

Гродзенскае «Слова пацана». Як «шанхайскія» і «спартсмены» крышавалі рынак у Гродне

Серыял «Слова пацана» — гісторыя пра расійскія маладзёжныя банды 1980-х — стаў адной з самых папулярных тэм у беларускім Facebook. Не дзіўна, бо і ў Беларусі былі свае «пацаны» і паўкрымінальны свет. Гродзенец Валерый быў яго часткай. У родным горадзе ён не жыве ўжо каля 15 гадоў - зараз ён законапаслухмяны жыхар адной з еўрапейскіх краін. Але маладосць у Гродне была бурнай і скончылася прысудам. Валерый расказаў каналу Hrodna 11:27, як разам са сваімі пацанамі ў 90-х «крышаваў» Скідзельскі рынак, а пасля звязаўся з крымінальным светам.

Успаміны Валерыя аўтары канала запісалі яшчэ ў 2019 годзе для іншага праекту, але яны так і не былі апублікаваныя. Зараз — у сувязі з выхадам серыяла «Слова пацана» — ім падалося дарэчным іх апублікаваць.

Скідзельскі рынак, 1987 г. Фота: oldgrodno.by

У канцы 80-х, калі ў СССР пачало развівацца прадпрымальніцтва, асновай крымінальнага «бізнесу» стала вымагальніцтва. Новаспечаным прадпрымальнікам дзяржава не дапамагала і яны шукалі падтрымку ў спартыўных хлопчыкаў. Валерый быў акурат з такіх. У крымінальным свеце ён быў вядомы як Габар. Мужчына запэўнівае, што ў пачатку 90-х ніхто з яго хлопцаў наўмысна ў крымінал не лез, для моцных дужых гродзенцаў усё пачалося спантанна.

Кадр з серыяла «Слова пацана. Кроў на асфальце». Фота: kinopoisk.ru

Зараджэнне: камерсанты, пацаны-спартоўцы і «шанхайцы»

1985 год, Перабудова. Гарбачоў паклаў пачатак кааператыўнаму руху. Людзям дазволілі мець прыватную ўласнасць і пачалося назапашванне капіталу. Многія гродзенцы сталі ездзіць у Польшчу і прадаваць набытае на кірмашах.

«Да 1988 года на Скідзельскім рынку дазволілі свабодны гандаль, — распавядае Валерый. — А наш Цэнтральны рынак суседнічае з даволі крымінальнымі ў мінулым раёнамі - Шанхай [прыватны сектар у раёне вуліц Падольнай і Прыгараднай — Hrodna 11:27] і Белуша. Тады гандляваць на Скідзельскі рынак прыязджалі не толькі камерсанты з Гродна, але з бліжэйшых гарадоў, а таксама з суседняй Літвы і Польшчы. Мясцовыя „шанхайцы“ хутка сцямілі, што з рынка можна трохі пажывіцца, і сталі туды завітваць, каб ім далі на ​​выпіць-закусіць. Былі ў пастаянным запоі, кожны дзень там бывалі. Гандляры, бачачы якую праблему яны нажываюць і якія страты нясуць з-за гэтых „шанхайцаў“, самі звярнуліся да спартовых хлопцаў, якія займаліся ў зале на вуліцы Лідскай. А тады многія гродзенскія хлопцы, якія там займаліся, мелі планы на спартовую кар’еру».

Скідзельскі рынак у 1980-я. Фота: oldgrodno.by

Былі ў Гродне ў канцы 80-х і тыя, хто непасрэдна займаўся крыміналам. Але, як кажа Валеры, гэта быў не рэкет. Гэта была «ломка грошай» пад чэкавай крамай.

«„Ломка грошай“ — гэта спецыяльная маніпуляцыя рукамі пры пераліку пэўнай сумы. Тады вопытныя людзі так адбіралі грошы. Мы гэтым не займаліся. Да рынку ў многіх нашых хлопцаў было банальнае хуліганства, але гэта не быў крымінал. Мы ўсе былі спартовымі і трошкі „галоднымі“. Трэба разумець, што ў гады развалу Саюза, блытаніны ва ўладзе і страты эканамічных сувязяў паміж прадпрыемствамі, на заводах і фабрыках зарплата была каля 20 долараў у эквіваленце. З такімі грашыма было складана жыць і мы гэта разумелі».

Гродзенскі «Шанхай», скрыжаванне вуліц Падольнай і Прыгараднай, зіма 1988. Фота: oldgrodno.by

Спартыўная зала на Лідскай знаходзілася недалёка ад Скідзельскага рынку. Пасля трэніроўкі хлопцы часта заходзілі на рынак па пакупкі. У адзін з такіх дзён спартсмены аказаліся відавочцамі сітуацыі, калі п’яныя «шанхайцы» вымагалі грошы на выпіўку ў прадаўцоў.

«Нехта з нашых хлопцаў аказаўся знаёмым камерсанта і дапамог даць фізічны адпор п’янай кампаніі. Камерсанты, бачачы такую ​​падтрымку і пралічваючы сітуацыю на пару крокаў наперад, сталі падтрымліваць сяброўства са спартсменам, запрашалі іх у госці на рынак пасля трэніроўкі. Напрыклад, на шашлыкі ці проста пагутарыць. І ў адзін момант камерсанты сцямілі, што гатовыя падтрымліваць адносіны са спартсменамі і выдзяляць некаторую суму грошай ім у дапамогу. Для іх гэта азначала апору і абарону інтарэсаў не толькі на рынку, але і ў горадзе ў любы час сутак».

Від на «Шанхай» і вуліцы Лідскую і Белуша. Зіма 1988. Фота: oldgrodno.by

Як спартсмены ператварыліся ў «крышу»

Ішоў 1989−90 гг. Узаемнае сяброўства камерсантаў і спартоўцаў ператварылася ў так званую «крышу». Але пасля прыезду ў Гродна сталічных гасцей мясцовыя спартсмены сталі займацца і крыміналам.

«Мясцовыя камерсанты „скокнулі пад крышу“ за пэўную суму грошай. Гэта зараз ёсць прыватныя ахоўныя прадпрыемствы і працуюць яны легальна, а тады гэта называлі „крыша“ ці, як усюды, рэкет. Спартсмены пасля трэніровак ехалі на рынак, каб пагасцяваць у камерсантаў і пазначыць сваю прысутнасць. Неяк на Скідзельскі рынак прыехалі мінчане, якія маюць крымінальнае мінулае. Яны былі знаёмыя з некаторымі гродзенскімі спартоўцамі. І менавіта сталічныя хлопцы ўзнялі пытанне, чаму б не абкласці данінай мясцовых і прыезджых камерсантаў. Пытанне было пастаўлена рубам: калі гродзенскія браткі не захочуць ці не змогуць гэтым займацца, то гэтым зоймецца прыезджы крымінал з іншых гарадоў Беларусі».

Раён вуліц Паповіча і Савецкіх пагранічнікаў. Фота з альбома «Гродна» 1988 года

Валерый расказвае, што ў самым пачатку 90-х адбылася сустрэча многіх аўтарытэтных гродзенцаў на так званым коле, на якім вырашылі ўзяцца за збор грошай з прыезджых і мясцовых гандляроў на Скідзельскім рынку. Сабраныя сродкі збіралі ў агульную касу, а пасля дзялілі паміж сабой. Так у Гродне ўзніклі братва і рэкет.

«У 1990−91 спартоўцы сталі братвой, кіраваліся рашэннем кола братвы па ўсіх спрэчных і канфліктных пытаннях. Было вырашана лішніх людзей у рух не падцягваць, а хто самавольна вырашыў праігнараваць рашэнне братвы — караць нават фізічна і штрафаваць матэрыяльна. І такія выпадкі былі. Для больш скрупулёзнага рашэння спрэчных пытанняў і сітуацый на коле братвы быў абраны „сматрашчы“, які быў на поўным даверы хлопцаў. Ён валодаў відавочнымі лідарскімі якасцямі і справядлівымі поглядамі на жыццё. Яму давяралі разглядаць і выносіць рашэнні па спрэчных пытаннях, ён умеў „разрульваць“ пэўныя сітуацыі. Напрыклад, часта вырашалася спрэчкі камерсантаў: яны звярталіся да браткоў па дапамогу забраць доўг або тавар, калі іх „кідалі“».

У пачатку 1990-х на Скідзельскім рынку адбываліся сур’ёзныя сутычкі паміж братвой і прыезджымі. Часта канфлікты заканчваліся бойкай, а часам панажоўшчынай.

Зліццё братвы з крыміналам

Валерый расказвае, што на мяжы 1991−92 гадоў на рынку адбылося зліццё братвы з крыміналам. Усе былі ў долі.

«Тады, у першыя гады незалежнасці, на рынку часта з’яўляліся „ломшчыкі“ грошай і паміж братвой і імі ўзнікалі спрэчныя сітуацыі. „Ломшчыкі“ часта „кідалі“ камерсантаў, якія былі пад нашай „крышай“. І таму часта стаяла пытанне аб вяртанні грошай. Трэба аддаць належнае чалавеку, які тады быў на даверы братвы — „сматрашчаму“.
Ён не дапусціў бязмежных боек і было прынята рашэнне аб зліцці крымінальных „ломшчыкаў“ з брыгадай братвы. „Ломшчыкі“ сталі працаваць, зыходзячы з агульных меркаванняў з братвой, адлічваючы ў агульную касу, а братва паважала „ломшчыкаў“, беручы ў долю ў рэкеце. Кожны атрымліваў сваю долю з „крышавання“ і „ломкі“. Тады на рынку адбылося першае зліццё крыміналу з братвой».

У 1992−93 гады гродзенская братва стала дзяліцца на брыгады. Склад брыгад у асноўным паходзіў з раёнаў пражывання аўтарытэтных хлопцаў у Гродне і старога сяброўства са спартзалаў сярэдзіны 1980-х-пачатку 1990-х.

Ліхія 90-я. Фота з архіву Валерыя

«У Гродне ў той час абазначыліся чатыры брыгады, якія разам складалі гродзенскую братву: брыгада Пушкіна-Даватара-Горкага, брыгада з Цэнтра, брыгада з Гагарына-Паповіча-Чайкінай і брыгада барцоў і спартсменаў, якія займаліся барацьбой у Гродне і з узростам скончылі кар’еру.

Цэнтр Гродна, зіма 1988 года. Крыху правей цэнтра кадра бачна гродзенская турма № 1. Фота: oldgrodno.by

Гэтыя брыгады складалі гродзенскую братву на коле, якой кіраваў «сматрашчы». Ён часам змяняўся, хтосьці трапляў за краты, камусьці прыходзілася з’язджаць і змяняць на час месца жыхарства. У канцоўцы, каб горад і братва ўвесь час былі пры «сматрашчых», глядзець за становішчам у горадзе сталі тры чалавекі з трох раёнаў горада. Кажуць, адна галава добра, а Змей Гарыныч лепш. Спрэчныя пытанні лепш вырашаць кансэнсусам нават сярод братвы. Хтосьці з гэтых «сматрашчых» ужо скончыў свой жыццёвы шлях, пакінуўшы па сабе добрую памяць, хтосьці, дзякуй Богу, жывы да гэтага часу і жыве нармальным жыццём, карыстаецца да гэтага часу павагай сяброў за справядлівы характар.

Я хачу сказаць, што не кожны дужы хлопец мог бы гэтым займацца — тым, што мы рабілі ў 90-х. Чалавека адразу бачна ў экстрэмальных сітуацыях, трэба мець унутраны стрыжань, смеласць і фізічную сілу, каб у той час уваходзіць у лік братвы. Многіх з маіх хлопцаў цяпер няма ў жывых, многія загінулі ў сутычках, пайшлі ў іншы свет з часам. Многія жывыя і жывуць зараз нармальным аўтарытэтным жыццём. Мы перажылі страшны час, ліхія 90-е. Гэта часы крымінальнай вайны, здарэнняў і турмаў. Мы выжылі і засталіся людзьмі. І не нашая віна, што мы жылі ў той час".

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024