Гродзенскі паэт і бард Аляксандр Слашчоў 20 гадоў таму перамог на фестывалі «Зялёны Гран-Пры». Сёлета ён зноў прыйшоў на фестываль — і высветліў, што раней «Зялёнка» была зелянейшая. У 2004-м усё было дэмакратычна і душэўна: ніякай жорсткай структуры, шчырыя выступы і сапраўдная свабода. А вось у 2024-м фестываль стаў занадта прафесійным і страціў тую самую атмасферу цяпла і даверу. Фестываль страціў сваю разыначку, лічыць Слашчоў. Ён напісаў аб гэтым калонку для газеты «Перспектыва». У нашай рубрыцы «Меркаванне» пераказваем асноўныя думкі барда.
Фестываль аўтарскай песні і паэзіі «Зялёны Гран-Пры» прайшоў 24−26 траўня 2024 на базе турыстычнага комплексу «Пышкі» (былая турбаза «Нёман»). Ён праходзіў ужо 38-ы раз.
Арганізацыйныя праблемы і «цэнзура» тэкстаў
«Праслухоўванне праходзіла на свежым паветры. […] Побач, на стадыёне ішлі дзіцячыя спаборніцтвы па футболе, крык стаяў няўяўны. Да таго ж над галавой — птушыныя спевы, якія перамяжоўваліся карканнем варон», — апісвае Слашчоў першы тур. У такіх умовах даводзілася спяваць літаральна за крок ад журы, каб не замінаў шум. Ніякіх мікрафонаў не было.
Акрамя таго, аказалася, што для ўдзелу трэба прадставіць тэксты твораў. Аўтару прыйшлося прама на месцы пісаць іх ад рукі.
Новыя ўмовы і «непачутыя гітары»
У 2004-м, калі Слашчоў перамог на фестывалі, кожнага аўтара запрашалі да мікрафона і не было ніякіх першых і другіх тураў. А пасля гала-канцэрта любы ахвочы мог падысці да мікрафона.
«У гэтым была і павага да аўтараў, і стварала атмасферу даверлівасці, раскаванасці», — піша бард.
У 2024-м тыя, хто не прайшоў у другі тур, «сядзелі сумныя, абапёршыся на свае непачутыя гітары». Самога аўтара таксама да другога тура не дапусцілі.
Недзе згубілася дэмакратычнасць і рамантыка
У 2004 годзе фестываль быў дэмакратычным і народным, зараз гэта больш падобна на прафесійнае шоу, лічыць Слашчоў.
«Фестываль страціў сваю народнасць, здабыў, так бы мовіць, прафесіяналізм. У многіх, хто прайшоў у другі тур, дарагія гітары, добра пастаўленыя галасы — ім бы ў філармоніі выступаць, а не тут. Яны спявалі блюзы, рэгі, кантры, а мне хацелася іншага — простай немудрагелістай мелодыі для самага галоўнага ў бардаўскай песні - паэзіі, той, што гучыць у творчасці Візбара, Акуджавы, Высоцкага, Кукіна, Гарадніцкага, Розенбаўма, нашага земляка Арыка Крупа і многіх-многіх іншых».
«Шкада рамантыкі вогнішча і зорак над галавой, калі гэта знікне з народнай творчасці назаўжды», — заканчвае тэкст аўтар.