Восень 2018 будзе, верагодна, апошняй для невялікага скверу за палацам тэкстыльшчыкаў. Ужо ў наступным годзе на гэтым месцы распачнецца будаўніцтва гандлёва-офіснага цэнтру. Ён можа як упрыгожыць, так і цалкам знішчыць адметны кавалак старога горада. Hrodna.life пагутарыў пра гэта з людзьмі на Замкавай і гісторыкам Мечыславам Супронам.
Праект на ўзгадненні
Участак за Палацам тэкстыльшчыкаў быў прададзены на аўкцыёне ў пачатку 2017 года. Яго набыў літоўскі інвестар, які мае ў Беларусі сетку піцэрый “Pizza&Coffee” ды іншыя невялікія бізнесы, напрыклад, краму “Z-маркет” на аўтавакзале ў Гродне.
Яшчэ невядома, як дакладна будзе выглядаць новы гандлёва-офісны цэнтр. Праект пакуль узгадняюць у Мінкульце. Будаўніцтва пачнецца не раней 2019 года. Уласнік не жадае дзяліцца інфармацыяй, пакуль праект канчаткова не зацверджаны.
Закрые “Дом быту”
Ніна [фатаграфавацца адмовілася] ўсё жыццё жыве на Замкавай, 15 і памятае, як а месцы сквера яшчэ стаялі старыя прыгожыя будынкі. “Кожны раз калі праходжу міма – узгадваю, як тут выгляда ўсё старое”.
Для карэннай гродзенкі важна, як новы будынак будзе выглядаць. “Калі ў тым жа стылі, што і ўся вуліца, то будзе вельмі прыгожа. Тым больш, новыя будынкі закрыюць від на Дом быту”, – кажа Ніна. Савецкі будынак, на думку гродзенкі, не ўпісваецца ў агульны выгляд вуліцы. Але новы офісны цэнтр можа закрыць від і на суседні манастыр, а гэта жыхарцы вуліцы зусім не падабаецца.
Хопіць забудоўваць гістарычны цэнтр?
Музыкаў Міхаіла і Ганну мы сустрэлі ў скверы. Пра тое, што тут павінен з’явіцца офісны цэнтр, яны пачулі ўпершыню ад нас.

Міхаіл лічыць, што на гэтым месцы і так усё міла выглядае, таму ідэю будаўніцтва скверу не падтрымлівае. Ганна наогул лічыць, што ўжо хопіць забудоўваць гістарычны цэнтр. “Навошта тут нешта зменяць і “ўпісваць” нешта новае?” – пытае Ганна.
Парковак і так не хапае
Ірына жыве на ўскраіне горада, але любіць прыехаць на шпацыр у цэнтр. Планы будаўніцтва офіснага цэнтра на месцы невялічкага сквера яе расчаравалі, бо Замкавая – адна з яе любімых вуліц.

“Гэты скверык вельмі ўтульны”, – кажа яна. Офісных цэнтраў, на думку Ірыны, у горадзе і так хапае, а зялёных зон робіцца толькі менш. “Нават не ўяўляю, як будзе выглядаць адна з любімых вуліц”.
Некаторыя гродзенцы лічаць, што на месцы сквера лепш за ўсё зрабіць паркоўку. З гэтым згодны Канстанцін, які не знайшоў месца каб прыпаркаваць аўто. “Калі на месцы сквера пабудуюць гандлёва-офісны цэнтр, сітуацыя з паркоўкай толькі пагоршыцца”, – перакананы ён.
Офісы ў цэнтры – лагічна
Гродзенскі гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон кажа, што ў межах гістарычнага цэнтра павінны існаваць гандлёва-офісныя цэнтры. Зрэшты, некалькі такіх будынкаў у старым горадзе ёсць. “На прыкладзе еўрапейскіх гарадоў гэта выглядае лагічна. Там большасць будынкаў у цэнтры – офісы, крамы і пункты грамадскага харчавання”.
Але да ідэі будаўніцтва на Замкавай Мечыслаў ставіцца вельмі асцярожна.
“Па-першае, гэта самае сэрца гістарычнага цэнтра і любое ўмяшанне ў архітэктурны воблік гэтай часткі мусіць быць узгодненае з грамадскасцю і спецыялістамі, а не прымацца наўздагад у кабінетах чыноўнікаў.
Па-другое, узвядзенне такога вялікага офіснага цэнтра ўскладніць транспартную сітуацыю ў без таго праблемным участку вуліц Вялікай Траецкай і Давыда Гарадзенскага”.

Мечыслаў кажа, што пры быдаўніцтве трэба абіраць паміж двух шляхоў: адбудовы страчаных аб’ёмаў, якія існавалі на гэтым месцы, або ўзвядзення новых аб’ёмаў, якія будуць максімальна гарманіраваць з існуючай забудовай.
Раскопкі – абавязкова
Археалагічныя раскопкі – неабходная мера, лічыць Супрон: “Гэты ўчастак мае выключную цікавасць для вывучэння і змяшчае не менш за сем стагоддзяў культурнага пласту”.
Да 1960-х тут знаходзілася гістарычная забудова, сярод якой быў самы стары вядомы жылы дом у горадзе – дом рыбацкага цэху 16 ст. Падчас нядаўніх прац па замене камунікацый рабочыя адкапалі падмуркі гэтага будынка, аднак спецыялісты іх не вывучалі.
Мечыслаў баіцца, што раскопак праводзіць не будуць, а будынак пабудуюць на ўбітых у зямлю палях. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя, упэўнены Супрон. Гэтак быў збудаваны рэстаран “Бакст” у самым цэнтры горада.
Каб не атрымаўся чарговы Дом быту
Мечыслаў адзначае, што ёсць у Гродне даволі добры прыклад забудовы пустога месца ў гістарычным цэнтры – будынак АВС на вуглу Савецкай і Найдуса. Па першае, ён максімальна ўпісаўся ў забудову вуліцы, а па другое, сваімі абрысамі ён вельмі падобны да дома Чартка, які знаходзіўся на тым месцы раней.

З такім падыходам згодны і гродзенец Раман, якога мы сустрэлі на Замкавай. “Калі забудова будзе вытрымана ў тым жа стылі, як і дамы насупраць, і не будзе выглядаць як новабуд, то будзе прыгожа. Галоўнае, каб не атрымаўся другі дом быту”.


