Сустракаюцца неяк Аляксандр Скірмунт, Міхал Клеафас Агінскі і Стэфан Баторый у… віна-гарэлачнай краме. Так мог бы пачынацца расказ пра натхнёны гістарычнымі персонамі брэндынг алкагольных напояў у Беларусі і Польшчы. Разбіраемся, як шляхецкія роды сустрэліся праз стагоддзі ў выглядзе моцных напояў.
Асноўнае ў гэтым тэксце:
- У Беларусі зноў з’явіўся ў продажы каньяк «A. Skirmuntt», названы ў гонар знакамітага прамыслоўца Аляксандра Скірмунта.
- Польская гарэлка «Ogiński» названа ў гонар дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, які быў звязаны з Гроднам.
- Каньяк і гарэлка сімвалічна аб’ядноўваюць гісторыю аднаго маёнтка ў Гродзенскай губерні.
- Гродзеншчына таксама славіцца напоямі «Зуброўка» і «Старка», якія адлюстроўваюць шляхецкую культуру.
- Алкагольныя напоі служаць нефармальнымі помнікамі выбітным асобам і спрычыняюцца да захавання гістарычнай спадчыны рэгіёна.
«A. Skirmuntt»: беларускі вінаград і памяць пра вынаходніка
Летась у Беларусі зноў з’явіўся ў продажы каньяк, названы ў гонар знакамітага прамыслоўца Аляксандра Скірмунта. Ён нарадзіўся ў 1798 годзе і жыў у вёсцы Моладава Гродзенскай губерні.
Гэтая навіна выклікала цікавасць не толькі ў аматараў дэгустацый, але і ў краязнаўцаў. Пінскі завод зрабіў стаўку на ўнікальнасць: каньяк (а дакладней — брэндзі) «A. Skirmuntt» гэта напой поўнага цыкла, зроблены з беларускага (!) вінаграда, вырашчанага на ўласным вінаградніку прадпрыемства. Тры гады вытрымкі ў дубовых бочках — і вось партыя зноў у продажы.

Але галоўнае тут — імя. Аляксандр Скірмунт (1798–1870) — гэта не проста «былы ўладальнік вёскі». Гэта сапраўдны Ілан Маск свайго часу на землях Гродзенскай губерні. Хімік-тэхнолаг, вынаходнік, які адным з першых у тагачаснай імперыі атрымаў патэнт на прамысловае абсталяванне (апарат для выпарвання цукровага сіропу). Менавіта ён ператварыў свой маёнтак у прамысловы цэнтр з заводамі і фабрыкамі. Сімвалічна, што напой назвалі ў гонар чалавека, які сам будаваў вінакурні і ведаў толк у вытворчасці спірту. Цікава і тое, што Аляксандр Скірмунт — дзед прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта.
«Ogiński»: паланэз у бутэльцы
Калі зазірнуць у польскія крамы, там часта можна пабачыць гарэлку «Ogiński» — брэнд прэміум-класа, вядомы сваёй белай матавай бутэлькай, стылізаванай пад клавішы раяля.

Напой названы ў гонар Міхала Клеафаса Агінскага (1765–1833) — дыпламата і кампазітара, аўтара знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». Здавалася б, дзе музыка, а дзе гарэлка? Аднак маркетолагі вырашылі, што імя Агінскага — сімвал вытанчанасці і шляхецкай культуры.

Міхал Клеафас — фігура, якая звязаная і з самім Гроднам. Менавіта наш горад стаў сцэнай для адной з самых драматычных старонак яго жыцця. Агінскі быў актыўным удзельнікам лёсавызначальнага Гродзенскага сойма 1793 года ў Новым замку. Тут ён палымяна выступаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай, спрабаваў уратаваць незалежнасць і хадзіў па тых жа брукаваных вуліцах, па якіх сёння ходзім мы. Гродна для яго — горад палітычнага краху краіны, які, верагодна, і задаў настрой яго тужлівай творчасці.
А яшчэ род Скірмунтаў і Агінскіх аб’ядноўвае агульная зямля. Справа ў тым, што знакаміты кампазітар Міхал Клеафас Агінскі быў сваяком Міхала Казіміра Агінскага — вялікага гетмана літоўскага, таго самага, што пабудаваў знакаміты канал пад Пінскам. І менавіта Міхал Казімір быў уладальнікам маёнтка Моладава ў XVIII стагоддзі.
У 1792 годзе, у часы падзелаў Рэчы Паспалітай, адбылася здзелка. Гетман Агінскі, які меў вялікія даўгі, прадаў Моладава і Парэчча Сымону Скірмунту — бацьку таго самага вынаходніка Аляксандра Скірмунта.
Іронія гісторыі
Атрымліваецца цікавы гістарычны парадокс. Калі вы сёння паставіце на стол каньяк «A. Skirmuntt» і польскую гарэлку «Ogiński», вы сімвалічна аб’яднаеце гісторыю аднаго маёнтка ў Гродзенскай губерні.

Род Агінскіх валодаў гэтымі землямі ў эпоху барока і магнацкага размаху. Род Скірмунтаў прыйшоў ім на змену, прынёсшы эпоху індустрыялізацыі і капіталізму. А сёння абодва гэтыя прозвішчы сталі і брэндамі.
Чытайце таксама: Як прэзідэнт Ізраіля краў яблыкі ў міністра замежных спраў Польшчы. Гісторыя з беларускай глыбінкі
«Зуброўка», Старка і «Batory» — які яшчэ «краязнаўчы» алкаголь ёсць у рэгіёне
Калі брэнды «Скірмунт» і «Агінскі» — гэта даніна памяці канкрэтным людзям, то Гродзеншчына падарыла свету і ўласныя «геаграфічныя» напоі.
Найперш «Зуброўка». Гэтая знакамітая настойка на траве Hierochloe odorata нарадзілася менавіта тут, у ваколіцах Белавежскай пушчы. У XVIII стагоддзі, калі Агінскія і Скірмунты дзялілі маёнткі, гэты від раслін ужо быў сувенірам з паляванняў. Карані «Зуброўкі» цягнуцца да гродзенскіх лясоў.
А другім сімвалам шляхецкага жыцця была Старка. Яе называлі «літоўскім віскі». У заможных маёнтках існавала традыцыя: у дзень нараджэння сына гаспадар заліваў гарэлку ў дубовую бочку, запячатваў яе воскам і закопваў у зямлю. Адкрывалі бочку толькі ў дзень вяселля нашчадка. Гэты вытрыманы гадамі напой быў гонарам гаспадароў. Сёння «Старка» таксама стала брэндам, які вырабляюць буйныя заводы, але гістарычна — гэта смак менавіта тых самых шляхецкіх застолляў, у тым ліку і Гродзеншчыны.
Дарэчы, у Польшчы існуе гарэлка «Batory», названая ў гонар караля Стэфана Баторыя. Гэта яшчэ адна нітачка да Гродна, бо менавіта наш горад быў фактычнай сталіцай манарха, і менавіта тут ён скончыў свой жыццёвы шлях. Па іроніі лёсу — пасля палявання і шчодрага застолля.

Гісторыя часам выбірае нечаканыя спосабы, каб захаваць імёны выбітных асоб. Магчыма, і Скірмунт, і Агінскі, і Баторый здзівіліся б такому павароту лёсу, але сёння гэтыя этыкеткі працуюць як своеасаблівыя помнікі. Яны прымушаюць нас гугліць, хто такія былі гэтыя людзі і чаму іх імёны сталі сімваламі якасці. І гэта, бадай, лепшы доказ таго, што гістарычная спадчына Гродзеншчыны жыве — няхай сабе і ў такім, крыху камерцыйным фармаце.



