Гродзенскі гарвыканкам у 2022 годзе плануе пабудаваць скейт-парк. Спецыялісты разглядаюць некалькі варыянтаў яго размяшчэння. Верагодна, парк з’явіцца на тэрыторыі школы № 8 на вуліцы Васілька, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».
Плануецца, што скейт-парк будзе адпавядаць усім класічным стандартам падобнай спартовай пляцоўцы. Гарвыканкам таксама плануе падрыхтаваць інструктараў для парка. Іх будуць абіраць з шэрагу маладзёнаў, якія гатовы паказаць свае навыкі іншым.
Раней пляцоўкі для гродзенскіх скейтараў спрабавалі арганізаваць пад Старым мастом у цэнтры горада і каля гандлёвага цэнтра Old City. Абедзьве спробы скончыліся безпаспяхова. Hrodna.life распытаў аматараў скейтаў і BMX (від ровараў для трэніровак будучых спартоўцаў мотакроса — заўв. Hrodna.life), чаму так адбываецца і што насамрэч ім патрэбна.
«Пачынаюць рабіць, не разумеючы, што гэта ўвогуле»
«Мы сутыкаемся са звычайнай праблемай, — распавёў Hrodna.life пра сітуацыю з нанова ўзніклай ідэяй скейт-парка BMX-ер Антон Ашурак. Ён катаўся на BMX ровары ў 2013−2016 гадах. — Людзі пачынаюць нешта рабіць, не разумеючы, што гэта ўвогуле. Яны кажуць, што на вуліцах горада катацца небяспечна. Але няма ніякіх гарантый, што ў скейт-парку чалавек не атрымае траўму».
Далёка ад цэнтра і нязручныя горкі
Ідэя з пабудовай скейт-парка перыялычна ўзнікае ў Гродне. Апошім раз пра гэта ўзгадвалі ў 2020. Тады планавалася, што пляцоўка для скейтараў з’явіцца каля Палаца творчасці дзяцей і моладзі, а побач з ёй — тэрыторыя для воркаўта. Але гэтыя планы дасюль не рэалізаваны.
Першая ў горадзе пляцоўка для скейтараў і аматараў BMX з’явілася ў верасні 2014 гады пад Старым мостам. Праіснавала яна крыху больш за год і зачыніліся. У 2016 годзе скейтараў запрасілі на пляцоўку каля OldCity, але надоўга яны там не затрымаліся. Казалі, што далёка ад цэнтра і нязручныя горкі. Пасля аматары скейтбордаў і ровараў пачалі збірацца ў цэнтры горада.
«Калі мы [самі] будавалі скейт-пляцоўку пад Старым мастом, то дакладна ведалі, што нам трэба. У нас быў свой сталяр, якому мы тлумачылі, а ён нам рабіў нам патрэбныя фігуры сыходзячы з характарыстык дрэва», — распавядае Антон.
«Галоўная праблема не пабудаваць, а абслугоўваць скейт-парк»
Ён катаўся на скейт-пляцоўках у Мінску, Брэсце, Барысаве. Па яго словах, усе гэтыя пляцоўкі моцна пашкоджаныя і разламаныя, бо іх будавала ЖКГ без абсалютнага разумення тэхналогій. Пляцоўкі знаходзяцца пад адкрытым небам. З-за снега і дажджу дрэва прагнівае і ламаецца. На думку Антона, «галоўная праблема не пабудаваць, а абслугоўваць скейт-парк».
З драмтэатра ўсё роўна не сыйдуць
«На фігурах у скейт-парках вучацца рабіць трукі і манеўры. А потым скейтары выходзяць у горад і робяць гэтыя трукі на парэнчах альбо заездах для вазкоў. Калі нехта думае, што як пабудуюць скейт-парк, усе пачнуць катацца там, то не. Ніхто там [пастаянна] катацца не будзе».
Меркаваннем Антона, скейтарскі рух прыйшоў з вуліц і на вуліцах працягне сваё існаванне. Скейт-парк — толькі навучальная пляцоўка, а не замена драйву катацца ў горадзе. «Кожны бардзюр альбо сцяна — унікальныя. Скейт-парк не можа ахапіць разнастайнасць усіх гэтых фігур», — кажа ён. — «Пляцоўка каля драмтэатра стала культавым месцам для супольнасці. Там ёсць усё, што патрэбна для развіцця ў катанні. Адтуль ніхто не сыйдзе».
Пацверджанне таму ёсць у гісторыі гродзенскіх скейтараў. У 2016 годзе, каб адвадзіць іх ад пляцоўкі пры драмтэатры, гранітныя парапеты абмазвалі салідолам. Але нават гэта не дапамагло. Сёння скейтары як і раней катаюцца там.
«Каб стаць інструктарам трэба адвучыцца на фізрука»
«Якія інструктары? Каб быць інструктарам, трэба адвучыцца на фізрука. — каментуе Антон намеры прыцягнуць інстуктараў у скейт-парк.- Ніхто не пойдзе вучыцца на фізрука, каб стаць інструктарам і кагосці трэніраваць. Рабята з Расіі, якія зараз ездзілі на алімпіаду, не мелі ніякіх інструктараў. У іх былі трэнеры па фізічнай падрыхтоўцы. Каб яны маглі хвіліну адкатаць без спынення. Але да трукаў гэта ніякіх адносінаў не мае. Бо кожны ведае, як яму лепей вучыцца. Тут вялікая колькасць стыляў. Гэта не біятлон ці хакей, дзе ёсць пэўныя нарматывы».
Атрымаць дадатковую інфармацыю пра новыя планы на скейт-парк, рэдакцыя Hrodna.life спрабавала датэлефанавацца ў аддзел спорта і турызма гродзенскага гарвыканкама. Цікава было запытаць пра меркаваны памер выдаткаў на стварэнне скейт-парка, а таксама — ці ёсць ужо распрацаваны праект. Але слухаўку службовага тэлефона чыноўнікі ні разу не знялі.