Людзі і справы

Скандал з цэнтралізаваным экзаменам: вучні, бацькі і Лукашэнка абураюцца, Мінадукацыі абяцае разабрацца

Сёлета ў Беларусі ўпершыню правялі цэнтралізаваны экзамен. Ён замяніў ранейшыя выпускныя экзамены ў школе і цэнтралізаванае тэставанне для паступлення ў ВНУ. Вынікі экзамену па мовах, якія былі абвешчаны 29 траўня, абурылі многіх выпускнікоў і іх бацькоў. У шматлікіх роліках у TikTok тыя сцвярджаюць, што падлікі балаў былі няправільнымі, а сістэма несправядлівая. Міністэрства адукацыі спачатку адмаўляла любыя памылкі, але потым у справу ўмяшаўся Лукашэнка.

Незадаволеныя абітурыенты стварылі петыцыі

У 2023 годзе абавязкова здаваць трэба было два прадметы: беларускую ці рускую мову і яшчэ адзін прадмет на выбар. Менавіта вынікі экзаменаў па мовах прывялі да вялікай незадаволенасці дзяцей і бацькоў.

Ужо з’явіліся як мінімум дзве анлайн-петыцыі, падпісанты якіх патрабуюць пераліку балаў. Незадаволенасць іх аўтараў выклікала незразумелая формула падліку балаў, адсутнасць інфармацыі аб сістэме ацэньвання і нібыта несправядлівае зняцце балаў за памылкі. Аўтары таксама сцвярджаюць, што дзяржаўная структура адказная за экзамен — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) — не прызнала памылкі і ігнаравала іх незадаволенасць.

Па стане на 31 траўня петыцыю з патрабаваннем пералічыць балы па рускай мове падпісала 11,5 тыс. чалавек, па беларускай — 700.

«Чакалі вынікаў два тыдні - і былі ў шоку»

Чытач Hrodna.life расказаў, што яго малодшаму брату, які сёлета пісаў цэнтралізаваны экзамен, і іншым вучням той школы прыйшлі немагчымыя на першы погляд вынікі. Напрыклад, пры максімальным магчымым бале 100 ў некаторых стаяў бал 104 (РІВК назваў такія вынікі немагчымымі і не адпавядаючым рэальнасці). А яшчэ супадалі першасны і тэставы балы, што таксама здаецца немагчымым. Потым высветлілася, што справа ў новай сістэме пераліку балаў.

Цэнтралізаваны экзамен 2023 у Гродне, 14 траўня 2023. Фота: grsu.by

«Абяцалі вынікі за 10 дзён, але чакаць прыйшлося больш. 29 траўня прыйшлі вынікі - і мы, амаль усе адзінаццацікласнікі, знаходзімся ў невялікім шоку, — расказаў брат нашага чытача. — Першасны і тэставы балы супадаюць — і гэта дзіўна. Бо першасны бал лічыцца па максімальным значэнні 80, а тэставы — па максімальным значэнні 100. Умоўна, калі ў першасным у цябе будзе 44 балы з 80, то гэта 55% са 100% магчымых пры пераводзе ў тэставыя балы».

Наш суразмоўца тлумачыць, што на ўсіх рэпетыцыйных тэставаннях вынікі па першасных і тэставых балах не супадалі і не маглі супадаць, бо выкарыстоўваецца іншая шкала. А на асноўным экзамене яны раптам супалі. РІВК неўзабаве патлумачыў, што методыка пераліку балаў на рэпетыцыйным і асноўным экзаменах сапраўды адрознівалася.

Што такое наогул першасныя і тэставыя балы?

Пры ацэнцы працы сістэма пачынае з выстаўлення «першасных балаў». Кожнае пытанне мае сваю «цану». У экзаменах па беларускай і рускай мовах правільны адказ у частцы «А» прыносіць два балы, часткова правільны — адзін бал. Падобна і ў частцы «Б» — некаторыя пытанні за «часткова дакладны» адказ даюць магчымасць атрымаць адзін бал з двух. У выніку максімум можна атрымаць 80 балаў.

Табліца падліку першасных балаў на цэнтралізаваным экзамене па мовах. Тут яшчэ ўсё адносна проста. Скрыншот Hrodna.life з дакумента РІКВ

Па іншых прадметах максімальны першасны бал іншы: матэматыка і фізіка — 50 балаў, замежныя мовы — 62 балы.

Потым гэтыя першасныя балы пералічваюцца ў тэставыя, максімум якіх — 100. І тут здарылася тое, што абурыла многіх абітурыентаў - пры пераліку існуе сістэма бонусаў, пра якую раней не паведамлялі.

«Аказваецца, мы гэтую таблічку [пераліку балаў - Hrodna.life] і не бачылі да сённяшняга дня. Да 75 першасных балаў ідзе звычайны пералік, а ад 76 да 80 балаў з’яўляецца, так сказаць, бонус. Умоўныя 76 ператвараюцца ў 78, 77 у 82 ці штосьці такое», — кажа суразўмоўца Hrodna.life. Ён і іншыя выпускнікі спадзяваліся на пералік балаў, але кіраўніцтва РІКВ адказала, што гэтага не будзе.

Таксама ў методыцы ацэнкі РІКВ улічваецца і тое, як экзамен напісалі іншыя ўдзельнікі. Гэта значыць, абітурыентаў ранжыруюць паміж сабой і ацэнка з’яўляецца ў тым ліку адноснай і залежыць ад месца, якое заняў выпускнік у агульным спісе паводле першаснага бала. То бок, перад экзаменам спрагназаваць канчатковы вынік немагчыма.

Чытайце таксама: Характарыстыка са школы, дзеці вайскоўцаў па-за конкурсу. Як змянілі правілы уступнай кампаніі

«Матэматычная апрацоўка праводзіцца такім чынам, што чым больш выпускнікоў выканалі правільна канкрэтнае заданне, тым меншую вагу яно мае пры пераводзе першасных балаў у тэставыя балы. Гэта відавочна, калі мы маем у тэсце заданні ад 1-га да 4-га ўзроўню складанасці, то зразумела, што задача 4-
га ўзроўню складанасці не можа важыць пры пераводзе ў тэставы бал як і задача 1-га ўзроўню складанасці», — тлумачыў прынцыпы пераліку міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Якія яшчэ былі змены ў экзаменах 2023?

Нягледзячы на незадаволенасць абітурыентаў і іх бацькоў, Міністэрства адукацыі спачатку сцвярджала, што новая форма цэнтралізаванага іспыту апраўдала сябе. Тое, што сёлета выпускнікоў з высокімі баламі стала болей, чым у мінулыя гады, у міністэрства тлумачаць яшчэ адной навінкай — поўнай карэляцыяй тэставага матэрыялу з вучэбнай праграмай. Маўляў, з тэстаў былі выключаныя складаныя заданні, таму агулам узровень складанасці знізіўся.

Цэнтралізаваны экзамен 2023 у Гродне, 14 траўня 2023. Фота: grsu.by

Вынікі правераць і сістэму зменяць — пасля абурэння Лукашэнкі

Міністр адукацыі Андрэй Іванец першапачаткова адмаўляў праблемы і абвінаваціў незадаволеных у распаўсюджванні фэйкаў. «Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваныя для дачы ацэнкі дзеянням распаўсюджвальнікаў фэйкаў», — казаў міністр.

Але неўзабаве скандал з цэнтралізаваным экзаменам прыцягнуў увагу Лукашэнкі, які выказаў незадаволенасць і паабяцаў правесці праверку арганізацыі іспытаў.

«Пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на камп’ютары. Каму гэта патрэбна? Мы паступалі: ведаеш — тройка, вельмі добра ведаеш — чацвёрка, вельмі-вельмі добра — выдатна», — сказаў Лукашэнка.

Ужо ўвечары 30 траўня Міністэрства адукацыі паведаміла, што будзе створана адмысловая камісія па для праверкі правільнасці апрацоўкі першага цэнтралізаванага экзамена.

Распрацуюць больш прадказальную сістэму?

«У Міністэрстве адукацыі ёсць прапанова, каб цалкам адысці ад пераводу першасных балаў у тэставыя. Мы бачым магчымасць стварэння такой сістэмы, калі кожнае заданне будзе мець канкрэтную вагу да пачатку правядзення экзамену. І кожны выпускнік будзе разумець, што, рашыўшы канкрэтную задачу, ён можа атрымаць з 100 балаў 2, 5 ці 10 у залежнасці ад складанасці самой задачы», — кажа цяпер міністр пра будучыню экзаменаў у Беларусі.

Цэнтралізаваны экзамен 2023 у Гродне, 14 траўня 2023. Фота: grsu.by

Новай сістэме падліку балаў парадуюцца, мабыць, выпускнікі 2024 года. Бо сістэма бонусаў і ранжыравання, хаця і матэматычна вывераная, выклікала ў 2023 занадта шмат эмоцый у выпускнікоў і іх бацькоў.

«Проста часам крыўдна. Людзі, умоўна, набралі 75 балаў з 80 — і ў іх вынік 75. А тыя, хто набраў літаральна на 5 балаў больш — у іх ужо 100. З першасных пяці балаў тэставых выходзіць 25 розніцы, — гаворыць абітурыент 2023 года, абураны сістэмай бонусаў. — Гэта што, букмекерская кантора нейкая — чым больш укінеш, тым больш атрымаеш?»

Колькі выпускнікоў здала экзамен на максімум?

Каля 900 выпускнікоў здалі цэнтралізаваны іспыт на 100 балаў. Па рускай мове максімальную колькасць набралі 482 выпускнікі, па беларускай — 413. Нуль балаў па беларускай мове атрымалі тры чалавекі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024