«Да гэтага часу ўсё як у сне, – распавядае Надзея Сцепанцова. – Не разумею, у чым маё злачынства. Крымінальніцай сябе не адчуваю». Пакуль яе сястра Жанна Захаркевіч запарвае каву, Надзея пачынае расповяд пра здарэнне, якое прывяло сясцёр на лаву падсудных. Абедзве жанчыны атрымалі тэрміны ў папраўчых установах адкрытага тыпу – «хімію». Жанна – 3 гады, Надзея – 3,5. У дзень, калі абвясцілі вырак, 10 сакавіка, сыну Надзеі спаўнялася 18 гадоў. 12 сакавіка, калі жанчыны атрымалі прысуд на рукі, у Надзеі быў юбілей. Ёй споўнілася 50 гадоў. «Ніколі мяне так с днём нараджэння не віншавалі», – жартуе яна. Пра тое, як сёстры апынуліся злачынцамі і пра планы на будучыню яны распавялі Hrodna.life.

«З дзяцінства Жанна бегала за мной, як лісіны хвосцік, – успамінае Надзея. – А ў мяне ж свае сяброўкі, свае таямніцы. Потым жыццё паказала, што лепш і надзейней за сястру нікога няма».

“Нас бацькі з’ядналі, – распавядае Жанна. – Мы заўсёды разам, заўсёды стаялі адна за адну”. 

У дзень народзінаў сына – суд, на юбілей – вырак. Асуджаныя  на “хімію” сёстры расказалі, як сталі крымінальніцамі
На сямейным фота Надзя і Жанна – у цэнтры. Жанна абдымае старэйшую сястру. “Яна заўджы на мне вісла”, – кажа Надзея Сцепанцова. Фота: з асабістага архіва

Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч – родныя сёстры. Надзеі зараз 50 гадоў. Жанна на два гады маладзейшая. Яны жывуць ў Гродне ад нараджэння. Кватэра бацькоў была на Фартах, абедзве сястры скончылі школу №21. Надзея паводле спецыяльнасці інжынер. Жанна – юрыст. Абедзве замужам, у сем’ях па двое дзяцей.

Пасля смерці бацькоў сёстры зблізіліся яшчэ больш. «Раней толькі мама нас збірала. Цяпер часцей сталі сустракацца, амаль кожныя выхадныя разам праводзім».

У дзень народзінаў сына – суд, на юбілей – вырак. Асуджаныя  на “хімію” сёстры расказалі, як сталі крымінальніцамі
Сёстры на здымку ў цэнтры. “Зноў я табе ў рот пазіраю”, – каментуе Жанна Захаркевіч. Фота: з асабістага архіва

У «счэпцы» з сястрой

У той дзень, 6 верасня, сёстры таксама былі разам. «Сабраліся ў горад пагуляць, па крамах прайсціся. Я такая няўпэўненая ў пакупках, заўсёды прашу Жанну дапамагчы выбіраць», – кажа Надзея.

Жанчыны выйшлі на прыпынку ля завода карданных валаў і пешшу накіраваліся ў бок Савецкай плошчы.

У дзень народзінаў сына – суд, на юбілей – вырак. Асуджаныя  на “хімію” сёстры расказалі, як сталі крымінальніцамі
Надзея і Жанна са старэйшымі дзецьмі на беразе Нёмана. Падзеі 6 верасня, за якія жанчын асудзілі, адбываліся недалёка ад месца гэтай здымкі. Фота: з асабістага архіва

“Калі і быў там мітынг, то мы да яго не дайшлі. Нас сталі абганяць, мы апынуліся ў натоўпе. Наперадзе – людзі ў чорным. Пазней даведаліся, што гэта быў АМАП”, – распавядае Жанна.

Па справе «аб счэпцы» абвінавачанымі праходзілі пяць чалавек. Іх вінавацілі ў тым, што 6 верасьня 2020 года, каля 13.20 на вуліцы Гарнавых, 10 яны прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пазней, па версіі пракурора, яны ўсталі ў счэпку і «целам сталі выштурхоўваць супрацоўнікаў са свайго шляху», што прычыніла 11 супрацоўнікам фізічны боль і пабоі (арт. 364 КК).

“Страшна было бачыць такую жорсткасць. Людзей кідалі на зямлю. Па дзяўчыне маладой нагамі тапталіся. Мужчыну амапавец каленам шыю да зямлі прыціскаў – чалавек спачатку пачырванеў, а потым стаў сінець. Усе вакол крычалі, і мы таксама – ад жаху”, – успамінае Надзея.

“Жанчыны крычалі: “Што вы робіце!”, А яны ў адказ: “Мы вас білі і біць будзем”, – распавядае Жанна. “Толькі матам”, – папраўляе Надзея. “Так”, – згаджаецца Жанна, – матам”.

Чытайце таксама: Омоновец в суде Гродно: скандирование «Фашисты!» причинило моральные страдания

– На судзе потым пыталіся – чаму вы засталіся? – успамінае Надзея. – А што было рабіць? Мы ідзём па родным горадзе, а тут людзей збіваюць. Як уцякаць, калі так здзекуюцца з народа?»

У дзень народзінаў сына – суд, на юбілей – вырак. Асуджаныя  на “хімію” сёстры расказалі, як сталі крымінальніцамі
Сёстры Жанна Захаркевіч (злева) і Надзея Сцепанцова. Фота: Ірына Новік

«За тое, што проста бачылі гэта, нас і прызналі «злачынцамі», – кажа Жанна.

«Як я збівала спецатрад міліцыі»

Першыя адгалоскі вераснёўскіх падзей прыйшлі ў пачатку лістапада. Абедзвюх жанчын позвамі выклікалі ў следчы камітэт. Дома ў іх прайшлі ператрусы. У Надзеі наклалі арышт на маёмасць – халадзільнік і два тэлефоны. «Тады думалі, што штрафам ўсё абыдзецца», – кажа яна. Далей выклікалі да следчага амаль кожны дзень: «Хадзілі туды, як на працу”.

Спачатку сёстрам ставілі ў віну ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК). У снежні да абвінавачвання дадалі прычыненне супрацоўнікам міліцыі фізічнага болю і збіцця (арт. 364 КК). Надзею палічылі асабліва актыўнай. На відэа з месца жанчыне паказалі – у яе рухаецца рука.

«Я сумку на плячы папраўляла, – кажа Надзея. Але следства і абвінавачванне налічылі не менш за пяць “удараў”. – Так і пайшло, што я збіла гэты спецатрад міліцыі».

«Не так мы планавалі адзначыць паўналецце сына»

«Першае пасяджэнне [суда] – гэта быў кашмар. Я яшчэ трымалася, а ў Надзі проста каленкі трэсліся, кажа Жанна – На апошнія пасяджанні мы прыходзілі ўжо з рэчамі». Вынясенне прысуду адкладалі тройчы: «Гэта было як здзек. Раз ужо вінаватыя – скажыце адразу», – успамінае Надзея пра псіхалагічны ціск сітуацыі.

Сестры Надежда Степанцова и Жанна Захаркевич
Абвінавачаныя ў судзе Ленінскага раёна 1 сакавіка. Фота: Алена Кавальчук

Прысуд гродзенкам вынеслі 10 сакавіка. У гэты дзень у сына Надзеі быў дзень нараджэння. Хлопцу споўнілася 18 гадоў. На суд прыйшлі абедзве сям’і ў поўным складзе. Калі суддзя агучыла прысуд, усе плакалі.

«Вядома, не так мы планавалі адзначыць паўналецце сына, – распавядае Надзея. – У нас усе сямейныя святы з выдумкай, з гульнямі і конкурсамі. І ў лазертаг усе разам гулялі, і ў боўлінг хадзілі, і на прыроду выязджалі. Гэтым разам думала, што мяне забяруць [з залы суда], загадзя склала меню, каб без мяне змаглі прыгатаваць”.

Сестры Надежда Степанцова и Жанна Захаркевич листают альбомы со старыми фотографиями и вспоминают семейные праздники. Фото: Ирина Новик
Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч гартаюць альбомы са старымі фотаздымкамі і ўзгадваюць сямейныя святы. Фота: Ірына Новік

У святочнае меню да паўналецця сына Надзея ўпісала тры салаты: «Цэзар» – любімая страва сына, салата «Павуцінка» (гэта з ананасамі, у нас заўсёды «на ўра») і аліўе – (першых два адразу сыдуць, а аліўе пазней даясце, калі прагаладаецеся). На гарачае – французскія адбіўныя і фаршаваныя сырам памідоры. Абавязковыя нарэзкі – мясная, агароднінная і з садавіны. На гарнір – бульбяное пюрэ.

«У нас уся сям’я гатуе. Калі святы, усё вакол мяне – разам нешта робім. Адзін каўбаску парэжа, другі – памідоры. Усе выдатна папрацуем, потым разам за стол. Яшчэ сказала сыну – адсвяткуеце, разам з сябрамі ўсё прыбярыце. Каб чыста было, нават калі я не ўбачу».

Сестры Надежда Степанцова и Жанна Захаркевич
На кухні сёстры Жанна і Надзя таксама разам. “У нас уся сям’я гатуе. Усе выдатна папрацуем, потым разам за стол”, – кажа Надзея Степанцова

«Дзеці разумеюць, што мы не вінаватыя»

Калі ў судовым пасяджэнні 10 сакавіка абвясцілі перапынак, сем’і Надзі і Жаны ўсё-такі сабраліся павіншаваць хлопца. «Дачка сказала: Мама, трэба. Такі дзень!». Замовілі піцу, купілі сок і сабраліся. У 14.00 адзначылі дзень нараджэння, а ў 16.00 суддзя вынесла прысуд.

«Абвяшчаюць – траім па тры гады. І паўза. У мяне ў вачах пацямнела – няўжо Надзю “вывядуць”? Потым сказалі, што ёй тры з паловай гады з пасяленнем», – распавядае Жанна.

Зараз абедзве жанчыны дома, пад падпіскай аб нявыездзе. «Сёння зноў усю ноч не магла заснуць, – кажа Жанна. – Проста пустэча ў галаве, як на раздарожжы стаіш. Днём дома ні да чаго рукі не ляжаць».

«Злачынца, крымінальніца… Не магу да канца ўсвядоміць, што гэта пра мяне. Трэба неяк гэта выпрабаванне прайсці», – кажа Надзея. Трымацца ў складанай сітуацыі дапамагае сям’я. Муж стараецца больш часу праводзіць побач, дачка кажа: «Мама, я табой ганаруся”, а сын – што яму ёсць з каго браць прыклад. «Дзеці разумеюць, што мы не вінаватыя».

«Уявіла, а што б я адчувала, калі б гэта мужа вось так асудзілі? – кажа Жанна. – І зразумела – яму цяпер яшчэ цяжэй, чым мне. Мы ніколі так надоўга не расставаліся. Я неяк вырашыла паехаць у Польшчу на заробкі, то ён праз два тыдні прыехаў па мяне і папрасіў вярнуцца ў Гродна. Казаў, абыдземся без гэтых грошай, лепш, калі ты дома».

Сёстры Надежда Степанцова и Жанна Захаркевич с приговорами суда. Их вручили 12 марта, в день рождения Надежды. Ей исполнилось 50 лет. Фото: Ирина Новик
Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч з прысудамі. Іх уручылі 12 сакавіка, у дзень нараджэння Надзеі. Ёй споўнілася 50 гадоў. Фота: Ірына Новік

Зараз жанчыны рыхтуюць апеляцыю. «На гэта ёсць 10 дзён, будзем абскарджваць». Паводле ацэнак адвакатаў, перагляд справы можа заняць каля месяца.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы
Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]