Ад 2018 году пачалося аднаўленьне сынагогі ў Слоніме. Гэта найстарэйшы будынак у горадзе і адна з самых старажытных сынагог Беларусі. Брытанскі інжынэр Сайман Каплінскі расказаў С**бодзе, якія працы ідуць цяпер у Слоніме і калі можна чакаць завяршэньня рэстаўрацыі.
С**бода публікавала летась інтэрвію з Сайманам Каплінскім (Simon Kaplinsky). Гэты брытанскі інжынэр — адзін з галоўных удзельнікаў праекту аднаўленьня сынагогі ў Слоніме. Ягоны бацька зьехаў са Слоніма ў 1929 годзе. Пасьля Другой усясьветнай вайны і Галакосту ў іх не засталося кантактаў у Беларусі. Толькі ў 2006 годзе, калі пляменьніца Саймана прыехала ў Слонім як удзельніца тэлеперадачы Бі-Бі-Сі «Ці ведаеце вы, хто вы?», Каплінскія наноў адкрылі для сябе радзіму сваіх продкаў.
«Мы сталі думаць, што мы можам зрабіць для Слоніма. І вырашылі: чаму б нам ня ўзяцца за рэканструкцыю сынагогі?» — апавядаў Сайман у леташнім інтэрвію.
У пачатку 2018 году слонімская сынагога трапіла ў лік чатырох найбольш важных сынагог Эўропы, якія важна аднавіць. І ўжо ў той жа год у сынагозе пачаліся рамонтныя працы. Аднаўленьнем займаецца Фонд габрэйскай спадчыны (The Foundation for Jewish Heritage), а менавіта — кіроўны камітэт гэтага фонду, які ўзначальвае Сайман Каплінскі.
У канцы 2018 году Фонд габрэйскай спадчыны аплаціў рамонт даху, каб узімку ў сынагогу не намятала сьнегу.
Сёлета ў чатыры найбольшыя расколіны ў мурох бажніцы ўсталявалі сэнсары, якія замяраюць, ці ня рухаецца будынак. Замеры праходзяць цягам году, бо пры розным надвор'і памер расколінаў можа зьмяняцца. У траўні 2020 году адмыслоўцы здымуць сэнсары і ўжо залежна ад стану расколінаў вызначаць, якія аднаўленчыя працы трэба праводзіць.
Пасьля некалькіх сустрэчаў з слонімскімі ўладамі Сайман Каплінскі і прадстаўнікі Фонду габрэйскай спадчыны падрыхтавалі прапанову наконт далейшага аднаўленьня і будучага выкарыстаньня сынагогі.
На першым этапе прапануюць адрамантаваць сынагогу звонку і аднавіць аднапавярховыя будынкі, якія прымыкаюць да галоўнага збудаваньня, паведаміў Сайман. У гэтых памяшканьнях плянуюць адкрыць музэй і цэнтар наведнікаў. На гэтыя працы можа пайсьці да пяці гадоў пасьля таго, як фонд і слонімскія ўлады канчаткова зацьвердзяць прапанову.
«Музэй (у адноўленых будынках сынагогі) можа стаць турыстычным кірункам», — сказаў Сайман.
Гэта ня першая кампанія рамонту і рэстаўрацыі сынагогі ў Слоніме. За апошнія 30 гадоў было некалькі спробаў аднавіць сынагогу. У 1999 годзе дзякуючы Фонду ўсясьветных помнікаў на сынагозе замянілі дах. Аднак праз тое, што ў будынку няма гаспадара, ён паступова прыходзіць у заняпад. За савецкім часам, калі сынагога была складам мэблевай крамы, а ў прыбудовах месьціўся малочны бар, яна была ў лепшым стане, чым цяпер.
У далёкіх плянах Фонду габрэйскай спадчыны — аднавіць сынагогу цалкам. Падчас апошняга візыту Сайман пазнаёміўся з мастакамі, якія ў 1990-я гады пасьпелі перамаляваць фрэскі ў сынагозе.
«Цяпер тыя фрэскі пабляклі, — сказаў Сайман. — Таксама выглядае, што ў мясцовых жыхароў шмат матэрыялаў, якія прыдадуцца пры рэстаўрацыі».
«Для нас яна заўсёды сярод найцікавейшых сынагогаў, — сказала Левіна. — Гэта і яскравы прыклад жыцьця Слоніма і Беларусі цягам многіх стагодзьдзяў».
Левіна зазначае, што сынагога каштоўная жывапісам, які тут захаваўся. Напачатку 1990-х у Слоніме працавалі рэстаўратары творчай майстэрні «Басталія». Яны зрабілі графічную фіксацыю жывапісу.
«Слонімская сынагога адзіная, дзе захаваўся такі стары жывапіс», — казаў С**бодзе рэстаўратар Мікола Залатуха.
У праекце па аднаўленьні слонімскай сынагогі таксама ўдзельнічае кітайска-брытанскі архітэктар Цзыўай Со (Tszwai So). Ён вялікі аматар беларускай традыцыйнай архітэктуры і вядомы тым, што збудаваў у Лёндане грэка-каталіцкую царкву — першы драўляны храм у сталіцы Вялікай Брытаніі ад 17 стагодзьдзя. Гэты будынак 2016 году перамог у многіх міжнародных архітэктурных конкурсах.
«У той час як сынагога ў Вільні ўжо не існуе, Слонімская вялікая сынагога дагэтуль стаіць, хоць і ў такім жахлівым стане», — сказаў Цзыўай.
Ён таксама дадаў, што Цэнтар габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім унівэрсытэце ў Ерузаліме ўключыў слонімскую сынагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сынагог Эўропы, якім пагражае небясьпека.
«Бо мы дагэтуль абмяркоўваем, што ў ёй будзе. Ці гэта мае быць толькі рамонт і рэстаўрацыя, альбо ў сынагозе мае паўстаць музэй?» — кажа Каплінскі.
Якім чынам увогуле праводзіцца фінансаваньне? Фонд габрэйскай культуры нядаўна выкупіў сынагогу ва Ўэльсе, якая не выкарыстоўвалася. І цяпер у гістарычным будынку ствараецца Габрэйскі музэй Уэльсу. Грошы для гэтага залучалі з многіх крыніцаў, але пераважна ад габрэяў, якія маюць гістарычныя сувязі з гэтай мясцовасьцю.
«Такім самым чынам мы плянуем фінансаваць рамонт сынагогі ў Слоніме, — кажа Сайман. — Ува ўсім сьвеце шмат габрэяў, якія маюць сямейныя повязі са Слонімам. Менавіта яны фундавалі папярэднія рамонты».
Таксама можна будзе зьвярнуцца да эўрапейскіх донараў, калі дамова з слонімскімі ўладамі будзе пацьверджаная, лічыць Сайман.
«Як толькі ўсе бакі будуць задаволеныя прапановай і будзе дамоўленасьць аб тым, як нам рухацца далей, мы зможам падрыхтаваць адпаведны бюджэт. Гэта будзе нашым наступным крокам», — сказаў Сайман.
Ён некалькі разоў падкрэсьліў, што ў кожны ягоны прыезд у Беларусь яго цёпла прымаюць. Апошні раз ён сустрэўся, акрамя службоўцаў слонімскага райвыканкаму, з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў і музэю Вялікай айчыннай вайны.
«Мы ведаем, што сынагога будзе належаць мясцовым людзям, і таму праект мусіць адпавядаць гістарычным і эканамічным патрэбам грамадзянаў Беларусі», — сказаў Сайман.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…