Знаёмая сітуацыя? Грошы нібыта знікаюць яшчэ да канца месяца, патрэбы толькі растуць, а размовы пра фінансы часта заканчваюцца сваркамі. Але сямейны бюджэт можна арганізаваць так, каб ён прыносіў больш спакою, а не стрэсу. Сабралі некалькі простых парад, з чаго пачаць шлях да фінансавай устойлівасці вашай сям'і.

Дамоўленасці замест сварак

Збірайце ўсе асноўныя выдаткі разам і абмяркоўвайце іх загадзя. Напрыклад, дамоўцеся, што на прадукты сям’я гатовая траціць не больш за пэўную суму на тыдзень (умоўна, 300 рублёў/еўра/злотых).

Запісвайце вынікі дамоўленасці кожны тыдзень — нават на аркушы на лядоўні. Такія запісы можна дэлегаваць дзецям, каб яны таксама былі ўключаны ў працэс фінансавага планавання і кіравання.

Не хвалюйцеся, калі з першага разу не атрымалася ўпісацца ў ліміт, прааналізуйце выдаткі, зрабіце высновы і прытрымлівайцеся іх на наступным тыдні.

Падумайце

Ці ведаеце вы дакладна, колькі ваша сям’я траціць на ежу за месяц?

Прыярытэты замест хаосу

Аддзяліце патрэбы ад жаданняў. Скажам, новыя красоўкі для дзіцяці могуць быць патрэбай, а штодзённыя перакусы ў кавярні — жаданнем. Спачатку пакрыйце абавязковыя выдаткі, а жаданні пакідайце на тыя грошы, што застаюцца.

Разам з дзецьмі можна стварыць віш-ліст (спіс пажаданых пакупак) і абмеркаваць, што з гэтага можа быць прыярытэтам, а што можа пачакаць (напрыклад, да святаў) і стаць падарункам.

Спытайце сябе

На што ў мінулым месяцы пайшлі грошы, без чаго сям’я магла б лёгка абысціся?

грошы еўра валюта
Фота: Omid Armin, unsplash.com

Маленькія крокі замест ідэалу

Пачніце з простага ўліку. Напрыклад, кожны дзень запісвайце тры асноўныя артыкулы выдаткаў: «ежа», «транспарт», «іншае». Гэта зойме не больш за 2 хвіліны. Прапануйце дзецям разам з вамі весці ўлік кішэнных грошай: колькі атрымалі, на што патрацілі. Паступова можна будзе абмяркоўваць і як назапашваць грошы на свае жаданні.

Падумайце

Ці ведаеце вы, колькі грошай у сям'і сыходзіць на дробныя пакупкі — перакусы, напоі, падпіскі?

Рэзерв замест трывог

Нават калі даход невялікі, адкладвайце 5−10% ад кожнага паступлення. Гэта можа быць хоць 50 рублёў у месяц. З часам «падушка бяспекі» дапаможа спакойна перажыць нечаканыя выдаткі, напрыклад, рамонт тэхнікі ці лекі пад час нечаканай хваробы.

Паспрабуйце адказаць

Калі б сёння ўзніклі непрадбачаныя выдаткі на 100 (200−300) рублёў/еўра/злотых, ці змагла б сям’я справіцца без пазыкі?

Інвестыцыі ў будучыню

Наступны крок — разабрацца з асновамі падаткаў, крэдытаў і інвестыцый. Зараз пра іх распавядаюць многа і часта, але не заўсёды гэтая тэма становіцца больш зразумелай. Хтосьці ўсё яшчэ баіцца рызыкі. А хтосьці ўпэўнены, што інвеставаць можна толькі з мільёнам на картцы. Насамрэч, пачынаць можна і з малога. Нават 50 рублёў/еўра/злотых — ужо інвестыцыя.

Падумайце

Ці ведаеце вы, якія магчымасці для невялікіх інвестыцый прапануе ваш банк?

Яшчэ больш парад і інструментаў для вашага сямейнага бюджэту

Калі хочаце атрымаць больш структурныя парады і вызначаныя інструменты, звярніце ўвагу на бясплатны анлайн-курс «Сямейныя фінансы пад кантролем», створаны «Нацыяй Лідараў» — адукацыйным хабам, які дапамагае беларускам і беларусам ва ўсім свеце развівацца, набываць веды і навыкі, неабходныя для таго, каб палепшыць якасць уласнага жыцця, жыцця сваёй сям'і і краіны. Фінансавая пісьменнасць — якраз адзін з такіх скілоў.

На курсе вы разам з сям’ёй:

  • разберацеся ў сваіх даходах і выдатках,
  • навучыцеся планаваць бюджэт без жорсткіх абмежаванняў,
  • сфарміруеце падушку бяспекі,
  • зразумееце, як размаўляць пра грошы без канфліктаў.

Фармат зручны: кароткія відэа, рабочыя сшыткі, штотыднёвыя вэбінары з эксперткай. Усе заданні разлічаныя на абмеркаванне разам, каб вы сталі сапраўднай «фінансавай камандай».

Другі паток стартуе 29 верасня 2025, рэгістрацыя пачынаецца з 22 верасня і адкрыта да 28 верасня. Гэта добры шанец выпрацаваць здаровыя звычкі і адчуць упэўненасць у заўтрашнім дні.

Запісацца на курс