Штраф у 12 325 рублёў (прыкладна $ 4714) можа заплаціць рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Канчатковая сума стане вядомая пасля разгляду скаргі ў Гродзенскім абласным судзе 26 красавіка. Рэдакцыя разабралася, на што можа пайсці гэты штраф і якую карысць бюджэту горада ці краіны гэта прынясе.
Штраф — гэта грашовае спагнанне. Яго памер вызначаюць у беларускіх рублях з улікам памеру базавай велічыні на дзень вынясення пастановы згодна з арт.6.4 КаАП.
Аляксею Шоце прысудзілі штраф у 400 базавых велічынь (11 600 рублёў) — як прадстаўніку арганізацыі - і 25 базавых велічынь (725 рублёў) — як фізічнай асобе — паводле ч.2 арт.17.11 КаАП. Штраф рэдактар атрымаў амаль максімальны: артыкул прадугледжвае штрафы да 500 і 50 базавых велічынь.
Чатыры экіпіроўкі амапаўца. Экіпіроўка аднаго байца АМАП абыходзіцца прыкладна ў $ 700−1000, прыводзіць дадзеныя «Настоящее время». Падлік умоўны, бо інфармацыя — з адкрытых крыніц, адзначае выданне.
Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Сумы распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі капітальнага рамонту некаторых жылых дамоў у Гродне прыкладна роўныя суме штрафу Hrodna.life.
Капітальны рамонт 200 кв. м. дома на Брыкеля 21/1. Кошт капітальнага рамонту аднаго квадратнага метра ў Гродне вельмі моцна адрозніваецца ў залежнасці ад тыпу будынка, яго ўзросту, асаблівасцяў запланаванага рамонту. Напрыклад, капітальны рамонт на Акадэмічнай, 20 каштуе нашмат даражэй — там нашага штрафу хапіла б максімум на 18 кв. м.
60 метраў жвіровай дарогі. Дарожнікі агучылі кошт пабудовы жвіровай дарогі: адзін кіламетр дарогі абышоўся прадпрыемству ў 220 тысяч рублёў.
56 дзяржаўных сцягоў. Згодна з расцэнкамі на сайце goszakupki.by, на 12 325 рублёў можна купіць 56 дзяржаўных сцягоў, 273 партрэты прэзідэнта або 98 гербаў.
61 судовы малаток. Адзін цёмна-карычневы судовы малаток з цвёрдай драўніны дуба, апрацаваны і пакрыты лакам у некалькі слаёў, каштуе 200 рублёў. Сума штрафу Hrodna.life роўная 61 судоваму малатку.
Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт медыцынскай тэхнікі. Дэфібрылятары і электракардыёграфы Гродзенскай абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі можна абслугоўваць на працягу дзевяці месяцаў за суму прыкладна роўную штрафу Hrodna.life — 12 500 рублёў. Прыкладна столькі ж каштуе форма супрацоўнікаў станцыі - 702 бардовыя фуфайкі з лагатыпам «103».
Утрыманне біяпрыбіральняў. Амаль столькі ж, колькі і штраф, каштуе прадастаўленне ў карыстанне, утрыманне і ачыстка 17 біяпрыбіральняў у зонах адпачынку Гродна з мая па кастрычнік.
Прыз за «Міс Беларусь». 500 базавых велічынь атрымала ў 2018 годзе пераможца конкурсу.
Штрафы залічваюцца ў рэспубліканскі і адпаведныя мясцовыя бюджэты згодна з размеркаваннямі, якія ўсталёўвае Міністэрства фінансаў згодна з арт. 26 Бюджэтнага кодэкса.
Штрафы па артыкулах 17.10−17.14 КаАП ідуць у раённы або гарадскі бюджэты згодна з Пастановай Міністэрства фінансаў ад 3 снежня 2019 г. № 71. У 2021 годзе размеркаванне некалькі змянілася.
Штрафы і ўтрыманні па плане складуць у рэспубліканскім бюджэце на 2021 год 90 млн рублёў ($ 34,6 млн) — гэта 3,8% ад непадатковых даходаў. Для параўнання: у 2020 годзе аштрафаваць планавалася на 10 млн рублёў (таксама 3,8%), у 2019 — 100 млн рублёў (на той момант — 4,8%). У новым КаАП, які дзейнічае з сакавіка 2021 года, павялічылі штрафы па некаторых артыкулах — напрыклад, па новым арт. 24. 23 (аналаг арт. 23. 34 — Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Фізічная асоба павінна аплаціць штраф не пазней за адзін месяц з дня ўступлення ў законную сілу пастановы суда. У юрыдычнай асобы на аплату штрафу 15 дзён. У выпадку абскарджання або апратэставання пастановы штраф трэба заплаціць не пазней за адзін месяц з дня паведамлення аб пакіданні скаргі або пратэсту без задавальнення згодна з арт.15.3 ПВКаАП.
Калі юрыдычная асоба не аплаціць штраф у тэрмін, копію пастановы суда накіруюць у банк для спагнання сумы штрафу з грашовых сродкаў або даходаў юрыдычнай асобы. У выпадку з фізічнай асобай копія накіроўваецца па месцы атрымання зарплаты.
Можна папрасіць адтэрміноўку выплаты штрафу паводле арт. 14.7 ПВКаАП.
У рэдактара Hrodna.life таксама канфіскавалі ноўтбук як сродак учынення правапарушэння. Канфіскацыя — гэта прымусовы бязвыплатны зварот ва ўласнасць дзяржавы маёмасці.
З 2016 года з канфіскаванай маёмасцю працуе Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта. «Спачатку праводзіцца канфіскацыя (часцей за ўсё гэта задача судовых выканаўцаў), затым адбываецца ацэнка. Пасля гэтага прадмет размяркоўваецца ў які-небудзь аддзел Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта РБ, там зноў праводзіцца ацэнка, і толькі пасля гэтага ўмоўны тэлефон трапляе на прылавак крамы, што займаецца продажам канфіскаваных тавараў». Знайсці сваю маёмасць можна ў аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме «Канфіскат».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…