Гродзенскі «Молочный мир» хоча збудаваць на месцы фабрыкі марожнага на Гарнавых 19-павярховы дом-свечку. Пры гэтым, што спачатку там планаваўся 4−9-павярховы дом. Але фабрыку можна захаваць і граматна яе выкарыстоўваць.
«Свечка» да непазнавальнасці зменіць від занёманскай панарамы Гродна, якой так любуюцца турысты, калі наведваюць гродзенскія замкі і Каложскую царкву. Цікава, што прапанаваны праект у рэальнасці хаця і мае 19 паверхаў, але з улікам верхняй часткі даходзіць да 23−25 паверхаў у эквіваленце. Як гэты аб’ект упішацца ў гарадскую забудову Занёмання можна пабачыць на здымках ніжэй.

Што размясціць у фабрыцы марожанага?
У будынку былой вытворчасці «Малочны Мір» можна стварыць выдатны турыстычны аб’ект, арганізаваўшы там:
1. Выстаўку гісторыі гродзенскай прамысловасці ад старажытных часоў да нашых дзён.
2. Выстаўку рэтратэхнікі пад адкрытым небам (гродзенскія калекцыянеры тэхнікі акурат шукаюць такое месца).
3. Выстаўку старога гарадскога грамадскага транспарту. Тым больш, што стварэнне такога музея планавалася гадоў пяць-сем таму і былі сабраныя экспанаты для яго.
4. Дэгустацыі прадукцыі сучасных гродзенскіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасці для бязвізавых турыстаў.
5. Інтэрактыўную выстаўку тэхнічных «цудаў» для дзяцей. Ніводнай такой выстаўкі ў нашым горадзе няма і дзеці з Гродна наведваюць або Цэнтр Каперніка ў Варшаве або Музей тэхнікі ў Вільні. Між тым зрабіць яе будзе не цяжка.
А як у суседзяў?
Хацелася б, каб улады прыслухаліся да гэтай прапановы. Ніжэй прыводзім некалькі фотаздымкаў з музею тэхнікі ў Вільні. Размешчаны ён у былой віленскай ТЭЦ, якую не ўзарвалі, як у Гродне, а прыстасавалі пад музей. Тут можна пабачыць турбіны электрастанцыі, абсталяванне старых друкарняў, вадаканалу, тэкстыльных фабрык. Можна пабачыць інтэр'ер савецкай кватэры і зробленую ў Савецкай Літве тэхніку — пыласосы, тэлевізары і іншае. Таксама ёсць вялікіая дзіцячая інтэрактыўная прастора.