У цэнтры Гродна, на скрыжаванні Вялікай Траецкай і Дамініканскай, ёсць аўтастаянка, а побач — закінутая падземная прыбіральня. А яшчэ тут ёсць куча камення, каля якой рэгулярна з’яўляюцца кветкі. Толькі гэта нагадвае, што некалькі стагоддзяў тут былі найстарэйшыя яўрэйскія могілкі горада.
Могілкi знішчылі ў час Другой Сусветнай
Упершыню пра яўрэйскія могілкі згадваюць у дакументах пачатку XVI стагоддзя. Могілкі зачынілі на пачатку ХІХ стагодзя, тут ужо не хавалі, але месца беражліва ахоўвалi. У час Другой Сусветнай вайны могiлкi ўваходзілi ў склад гета № 1. Тады там пахавалі некалькі дзясяткаў, а можа і сотняў забітых вязняў.
Тады ж, пасля вывазу яўрэяў у лагеры смерці, камяні з могілак гараджане расцягнулі на будаўнічыя патрэбы. Гэтак, гродзенскiя краязнаўцы лiчаць, што з магільных пліт была зробленая лесвіца на Завяршчызну.
Будавалі прыбіральню — знайшлі масавыя пахаванні
Побач з могілкамі знаходзіўся рынак, таксама вельмі старадаўні. Пасля вайны тут сталі з’яўляцца розныя аб’екты: пабудавалі дзіцячы садок і некалькi баракаў з кватэрамі для рабочых.Жыхары такіх дамоў мелі патрэбу ў прыбіральнях. У пачатку 1970-х гадоў для іх пабудавалі бетонны агульны туалет на некалькі кабінак. У час прац будаўнікі натыкнуліся на масавыя пахаваннi.
З успамінаў старшыні Савета ветэранаў-удзельнікаў першых баёў 1941 года на Гродзенскай зямлі Іраіды Макеевай. Запісала гродзенская журналiстка Наталля Макушына, студзень 2004 года:
«Дачка аднойчы прыбегла, кажа «Мама, пайшлі хутчэй, там яму капаюць і косці ў зямлі ляжаць, шмат». Мы тут жа жылі на Савецкай, я падхапілася, гэта ж побач, дзе крама на Кашавога. Экскаватар там капнуў і спыніўся, стаянку аўтамабільную там будавалі, а ў зямлі, божа мой, косці бачныя, пластамі ляжаць з зямлёй перамяшаныя. Адзенне яшчэ цэлае, кавалкі, анучкі нейкія каляровыя. У гарошак мне запомніўся такі кавалачак, лялька ці што была, ручкі маленькія.
Я дачцы кажу, ідзі дамой, няма чаго тут глядзець. А сама ў выканкам, што ж такое робіцца, трэба ж спыніць гэта неяк. Няма нікога ў кабінетах, нікога не знайшла. Пакуль хадзіла, вярнулася, а там ужо ўсё засыпалі. Так усё і засталося пад зямлёй, што там было, хто пахаваны? Могілкi там былш яўрэйскiя, але казалі, што яны зачынены даўно. Асфальт паклалі, і прыйшло камусьці ў галаву туалет там паставіць".
Прыбіральню тую зачынілі адразу ж як і адкрылі. Магчыма, паўплывала сведка тых падзей Iраiда Макеева. Цяпер ад той прыбіральні застаўся толькі бетонны падмурак.
Новую прыбіральню «забіў капіталізм»
З часам знеслі ўсе баракі і закаталі ўсё асфальтам — цяпер тут вялікая стаянка. Зноў пачалі казаць пра неабходнасць грамадскай прыбіральні. Яе збудавалі і стаіць яна тут дагэтуль.
Вытрымка з рашэння гарвыканкама
«Адвесці вытворчаму аб’яднанню жыллёва-камунальнай гаспадаркі пры гарвыканкаме пад будаўніцтва падземнага туалета зямельны ўчастак па вул. Алега Кашавога плошчай 0,1 га».
Прыбіральню адкрылі ў тым жа годзе, а спыніла яна сваё існаванне ў пачатку 1990-х гадоў, калі перайшла з дзяржаўнай уланасці ў прыватныя рукі.
На стаянцы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў выстаўляліся палаткі для гандлю, выязджалі аўталаўкі ад крам. Быў гэтакі міні-рынак для выязнога гандлю. Прадаўцам і пакупнікам патрэбна была прыбіральня. Але гродзенцы часта ездзілі ў Польшчу, гандаль са стаянкі перамясціўся на калгасныя рынкі: Скідзельскі і Грандзіцкі.
Месца апынулася пустым, прыбіральня стала незапатрабаванай і закрылася.
Закрыць туалет запатрабавалі яўрэі
Нямногія ведаюць, чаму прыбіральню канчаткова зачынілі. У пачатку 1990-х у Гродне пачала нанова фармавацца яўрэйская абшчына. Аднойчы да нейкай памятнай даты прыехалі замежнікі. Для гасцей запланавалі падрабязную экскурсію па памятных месцах. Было б няправільна паказваць працоўны туалет на месцы старых могілак, палічылі ў абшчыне.
Старшыня іўдзейскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі кажа, што менавіта мясцовая абшчына і запатрабавала ў гарадскіх уладаў у 1993 годзе каб прыбіральню на месцы могілак канчаткова зачынілі.
«Менавіта з таго моманту ў абшчыну сталі звяртацца людзі, у якіх па розных прычынах каля дома аказваліся яўрэйскія пліты з тых самых могілак. Менавіта з таго часу свядомасць гродзенцаў змянялася, людзі сталі больш патрыятычна адносiцца да гісторыі свайго горада i лепш да яўрэяў».
Можа, ужо час выкарыстаць закiнуты туалет па-іншаму?
Ужо больш за 20 гадоў каля стаянкі знаходзяцца закінуты туалет. Там часам можна пабачыць то нейкія ганучы ад бамжоў, то шпрыцы ад наркаманаў. Некалькі метраў далей — куча камення з кветкамі. Можа, прыйшоў час выкарыстаць закінуты туалет па-новаму? Напрыклад, зрабіць у памяшканні чарговы музей багатай гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны?
Толькі адна праблема: людзі, якія сёння сядзяць у кабінетах, нават не ведаюць пра існаванне гэтай прыбіральні.
Аўтар дзякуе Віктару Саяпіну, Вiктару Какарэка i Наталлі Макушынай за прадстаўленую інфармацыю.