Беларусь фармальна – дзвюхмоўная краіна, нават з перагібам у бок беларускай (прысяга прэзідэнта існуе толькі ў беларускамоўным варыянце). Аднак фактычна на беларускай мове даступна далёка не ўсё. Нешта можна атрымаць толькі змагаючыся за сваі правы, а нешта недасягальна зусім. Hrodna.life прыгадаў 7 рэчаў, якія ў Беларусі немагчыма зрабіць па-беларуску.
Паглядзець сусветную кінапрам’еру
У кінатэатрах усе прэм’еры – на рускай мове. Гэта не дзіўна, бо для дыстрыбютараў Беларусь – проста частка значна большага расійскага рынку. Па-беларуску вы паглядзіце кіно хіба што на фестывалях (але звычайна не ў агучцы, а з субтытрамі) або дзякуючы розным культурніцкім ініцыятывам, напрыклад “Кінаконг”. Але гэта будзе рэдка і гэта ніколі не будуць прэм’ерныя стужкі.

Атрымаць адукацыю
У краіне няма ніводнай беларускамоўнай вышэйшай школы. Невялікім выключэннем можна назваць факультэты гісторыі і беларускай філалогіі. Але і яны далёка не цалкам беларускамоўныя. Таму атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі па-беларуску проста няма дзе. Нават нягледзячы на тое, што гэта гарантуе Канстытуцыя (ч. 3 Арт. 50). Але гэта не адзіная рэч у нашай Канстытуцыі, якой немагчыма дамагчыся.

Пачытаць заканадаўства
Хоць арт. 17 Канстытуцыі прадугледжвае афіцыйнае дзвюхмоўе, а арт. 50 замацоўвае за кожным права выбару мовы, у Беларусі толькі невялікая частка нарматыўных актаў існуе ў беларускамоўных варыянтах. Пераважная большасць законаў прымаюцца на рускай і на беларускую ніколі не перакладаецца (ну а зачем вам это надо, а?).
Паглядзець тэлебачанне
Паглядзець кінастужку па-беларуску ў Беларусі складана не толькі ў кінатэатрах. Фільмы на беларускай мове на беларускім тэлебачанні – надзвычайна рэдкая з’ява, як і праграмы. А цалкам беларускамоўнага канала зусім няма. Яго перыядычна абяцаюць стварыць, але атрымліваецца нешта ў духу “Беларусь 3”.

Атрымаць вайсковы білет
Дакументы ў Беларусі ў асноўным дзвюхмоўныя, як пашпарт ці вадзіцельскае пасведчанне. Але вайсковы білет існуе толькі ў рускамоўным варыянце! А палкоўнікі беларускага войска называюць радзімай Расію.
Павучыцца ў аўташколе
Хоць дзякуючы Таварыству беларускай мовы ў 2012 годзе ў Беларусі і з’явіліся правілы дарожнага руху на беларускай, пайсці вучыцца на правы па-беларуску далей немагчыма. Такіх аўташкол у Беларусі няма. Затое здаць экзамен у ДАІ па-беларуску – можна!

Таксама можна атрымаць вадзіцельскае пасведчанне запоўненае па-беларуску, але для гэтага неабходна загадзя папярэдзіць. Па-змаўчанні мова запаўненя правоў – руская.
Яшчэ адна цікавая рэч з ПДР – адмысловы знак, які абавязкова павінен быць усталяваны на аўтамабіль за стырном якога едзе курсант. Ён мае выгляд літары “У” і азначае “учебная”. Па-беларуску будзе “вучэбная”, але знак з літарай “В” ставіць нельга, бо ў саміх ПДР такі знак не прадугледжаны.
БРСМ – толькі на рускай
А яшчэ мы высветлілі, што нельга патрапіць на беларускамоўную версію сайтаў БРСМ і БРПА.


