Ён — за кратамі. Яна — у выгнанні. Так адзначылі трэція ўгодкі шлюбу гродзенцы Дзяніс і Вольга Івашыны. З трох гадоў сямейнага жыцця амаль палову яны правялі ў растанні. Да гадавіны вяселля Вольга напісала пост у сацсеткі і адправіла мужу ліст. Больш нічога. «Усе нашы гадавіны і падзеі адзначым разам, калі Дзяніс будзе на волі», — кажа яна.
Пра адкрыцці і пачуцці шлюбу ў растанні, пра ўсведамленне сям'і і каштоўнасць адносін Вольга Івашына расказала для ТГ-канала «Тётя Ира разрешила».
На вясельных фота маладая сям'і Івашыных — пара ў вышываных строях. Белыя і чырвоныя кветкі ў валасах маладой, белыя і чырвоныя стужкі на варотах з маладых галінак. Вольга ўзгадвае, што строі замаўлялі ў вядомай майстрыхі з Мінска, што ездзілі некалькі разоў на прымеркі і забіралі замову літаральна за некалькі дзён да вяселля. Увесь гэты час пара рыхтавалася і да царкоўнага шлюбу.
«З падрыхтоўкі да вянчання шмат важнага даведаліся. Неяк сабе ўяўлялі ўсё гэта, але з пазіцыі царквы было дзіўна на некаторыя рэчы глядзець — нават мне, верніцы са стажам, — расказвае Вольга. — Я разумела, што значыць шлюб. Але калі прагучалі гэтыя словы, што ад вянчання да смерці вы разам у вечнасці… Раней я пра гэта чытала, гэта адно. Калі ж у храме гучыць, што так ёсць, гэта па-іншаму ўсё ўспрымаецца».
Вольга з Дзянісам знаёмыя ад 2014 года. На пытанне, чаму ж так доўга цягнулі са шлюбам, яна смяецца:
«Трэба пра гэта ў Дзяніса спытаць! Звычайна ён хоча ўсё зрабіць дзіўным і цудоўным, мо праз тое адкладваў ды рыхтаваўся. А можа мяне хацеў праверыць».
«Усё нейкім стала сапраўдным, — так апісвае Вольга галоўныя змены жыцця ў шлюбе. — Нібыта раней адносіны былі дзіцячыя, а потым рэзка — усё сур’ёзна. Я адчула, што мы сталіся нечым агульным, адным цэлым. Ад гэтага моманту хацелася рабіць для яго ўсё, што магу».
Гэтае «што магу» было для Вольгі ў штодзённым клопаце і звыклых справах.
«Што я рабіла? Гатавала для яго нешта смачнае. Пірагі пякла. З ягадамі, ці з шакаладам. Супы варыла. Дзяніс любіць мае супы — такія густыя, з усім, чым толькі можна. Прывучала яго хоць нешта есці раніцай, бо раней ён практычна ніколі не снедаў».
Як пацеркі, перабірае Вольга дробныя ўспаміны з кароткага сумеснага жыцця.
«Дзяніс п’е выключна зялёную гарбату. Разам з ім і я зялёную гарбату п’ю. Штовечар мы выходзілі гуляць у парк, ці глядзелі дома кіно. Дзяніс умее выбіраць добрыя фільмы. Не проста „галівуд“ — штосці больш такое ўдумлівае, асэнсаванае».
Хаця лічыцца, што першы год самы цяжкі для маладой сям'і, па словах Вольгі, для іх ён не стаў выпрабаваннем. «Я толькі ўпэўнілася, што Дзяніс вельмі разумны, надзейны, адказны. І што вельмі моцна мяне кахае».
Пэўным адкрыццём стала для Вольгі якраз сіла ўласных пачуццяў.
«Як сама яго кахаю, зразумела толькі, калі яго забралі. Да гэтага не ўсведамляла да канца. Прызвычаілася, што ён побач заўжды. Як яго не стала блізка, зразумела, як моцна мне не хапае яго прысутнасці, яго размоваў, штодзённага клопату. Без яго ўсё складана цяпер. Усё даводзіцца вырашаць самой. Часам — і за яго таксама».
«Мы канечне, цудоўна разумелі, што гэта можа некалі адбыцца. Але ж разумець і перажываць на яве — гэта розныя рэчы», — кажа Вольга. Дзень, калі Дзяніса забралі, застаўся ў яе памяці эмацыйным адбіткам: «Памятаю, што адчувала, але як гэта ўсё перадаць на словах?»
Яна расказвае кароткімі фразамі: «Мяне не было ў хаце, калі яны прыйшлі, ездзіла ў царкву. Тут тэлефануе маці Дзяніса і кажа, што яго забралі-арыштавалі. Я паляцела. Прыязджаю, мяне з прыпынку ўжо сустракаюць двое. Паказваюць «корачкі»: «Вы жена? Пройдёмте». Далей — ператрус і стандартныя абяцанкі «не хвалюйцеся, яго адпусцяць, ніхто яго трымаць не будзе».
«Канечне, у гэта не верылася. Хацелася толькі, каб яны хутчэй сышлі. Але вобшук ішоў доўга — у нас куча кніг і кожную праглядалі - што там. Сышлі бліжэй да першай ночы, забралі частку кніг і тэхніку».
«І вось яны сышлі - я засталася адна. Села і думаю — што мне рабіць. Нічога не хочацца, нічога не трэба, што будзе далей — невядома. Не тое, што страх — апанавала крыўда нейкая на ўвесь сусвет. За тое, што адбываецца. І непаразуменне — чаму гэта адбываецца з намі».
Ад затрымання Дзяніса Вольга лічыць дні - асобна дні мужа ў вязніцы і дні паміж звесткамі ад яго.
«Гэта як мой спосаб барацьбы, — кажа яна. — Я мала магу што змяніць, але прынамсі, не выпускаю сітуацыю з-пад увагі. Пастаянна сачу, што з ім адбываецца, як яго здароўе, як настрой».
Апошні ліст ад Дзяніса з віншавальнай паштоўкай да ўгодкаў шлюбу дайшоў усяго за тыдзень.
«Супрацоўнікі гарадзенскай вязніцы раптам выслалі мне віншавальную паштоўку і ліст ад Дзяніса ў надзвычай кароткія тэрміны. Паштоўка дасылалася да нашага трохгоддзя, 20 ліпеня, але, на жаль, не датаваная. То вось я й лічу, што перадаў ён яе не пазней за 20-е. У сваю чаргу я віншавала Дзяніса лістом, які, спадзяюся, да яго таксама дойдзе», — напісала Вольга на сваёй старонцы ў Facebook.
Па звестках Вольгі, агулам Дзяніс напісаў да яе каля 30 лістоў. Яна атрымала толькі палову.
«Дзяніс піша, што сумуе, што гэта самае цяжкае выпрабаванне. Зазначае, што так мала мы пабылі разам. Піша, што пераасэнсаваў, што ёсць самым важным у жыцці і што зараз найбольш цэніць адносіны. Бо раней, калі мы былі разам, ён жа ўвесь час працаваў, заняты быў, пісаў свае артыкулы. На мяне не заўсёды часу хапала. І часам я на тое злавалася. Але самае дзіўнае, што ён шкадуе, а я зараз разумею важнасць ягонай працы і мяне гэта ўжо не злуе. Толькі страчанага сумеснага часу таксама шкада».
Трэція ўгодкі шлюбу называюць скураным вяселлем. За гэты час сувязь паміж сужэнцамі мелася стаць такой моцнай і трывалай, як скура. Вольга кажа, што насамрэч — так і спраўдзілася.
«Было некалькі разоў, што я перадавала нешта Дзянісу і ён потым пісаў, што вельмі усцешаны, бо атрымаў дакладна тое, пра што марыў. Нейкая гэта сувязь — яна дакладна існуе. Незразумелая, праз адлегласць, хоць мы так доўга адно аднаго не бачылі, я магу ў думках прачытаць, што ён хоча».
Вольга ўзгадвае, што муж называў яе сонейкам ці зайчыкам, а яна клікала яго Дзяніскам. Зараз ён менавіта так падпісвае свае лісты да жонкі - «твой Дзяніска» і па ранейшаму звяртаецца да яе — «сонейка».
Тое, што мужа няма побач, не зусім так, разважае Вольга. «Пастаянна яго ўзгадваю, усе мае думкі звязаныя з ім — працую я ці адпачываю, што б ні рабіла, пастаянна думкі да яго схіляюцца». Муж таксама спрабуе праз краты і межы наблізіцца да Вольгі. У дзень народзінаў яна атрымала ад Дзяніса кветкі. Муж папрасіў сяброў павіншаваць яе ад свайго імя.
У асноўным цяперашні лад сямейнага жыцця Вольгі - гэта ліставанне да мужа. «Пішу яму усё, што са мной адбываецца. Яму ж цікава, бо там нічога не змяняецца. Пішу дзе я пабывала, з кім сустракалася. Стараюся прыгожа апісваць, каб яму было цікава чытаць. Ён радуецца, цешыцца, што ёсць хоць нейкія праявы звычайнага жыцця, а не увесь час думкамі у турме. Бо інакш атрымаецца, што увязнілі не толькі яго, а ўсіх нас».
Па справе Дзяніса Івашына няма ніякіх навінаў. Следства скончана. Дакументы перададзеныя ў суд. Дата разгляду не прызначана.
Чытайце таксама: «Сапраўднае вяселле будзе на волі». Валерыя Латаш з Гродна распавяла, як гэта — распісацца ў турме з палітвязнем
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…