Ад аднаго з самых шчыльных раёнаў старога Гродна сёння засталіся толькі чатыры будынкі. Астатнія былі зруйнаваныя ў мірны пасляваенны час. Паглядзіце, як выглядала некалі гэтая частка горада.
Гродна — горад сінагог
Усе мы ведаем Гродна як горад барочных касцёлаў. Аднак мала хто сёння ведае, што да Другой сусветнай вайны Гродна было горадам… сінагог. У 1895 г. у горадзе налічвалася ажно 35 яўрэйскіх бажніц! Амаль што ўсе яны, акрамя вялікай харальнай і занёманскай сінагог, уяўлялі сабой малітоўні або малітоўныя школы. Часцей за ўсё пад гэтай назвай разумеліся асобныя будынкі або памяшканні, дзе яўрэі адпраўлялі агульныя малітвы. У горадзе былі асобныя малітоўні для асобных прафесій: кучараў, мяснікоў, вадавозаў, краўцоў, шкляроў, пільшчыкаў, падмайстраў і нават адстаўных салдат.
Яўрэі ў Гродне на працягу апошніх пяці стагоддзяў былі адной з самых шматлікіх этнічных груп. У 1897 г., згодна з матэрыяламі першага ўсеагульнага перапісу Расійскай імперыі, іх было 22 384 чалавекі - 47,7% ад агульнай колькасці жыхароў горада.Квартал, дзе цягам стагоддзяў існавала найбольшая канцэнтрацыя яўрэйскага насельніцтва, называўся «Школьны двор». Тут знаходзілася адразу некалькі малітоўных дамоў, або «школ».
Раён частых пажараў
Яўрэйскі квартал пачаў фарміравацца ў 16 ст. каля Вялікай сінагогі. Да першай паловы 19 ст. гэта быў раён хаатычнай драўлянай забудовы паміж вуліцамі Крывой і Школьнай жыдоўскай. З-за высокай шчыльнасці там часта здараліся пажары.
Найбольш моцны пажар адбыўся ў 1837 г.: згарэла некалькі дзясяткаў дамоў. На знішчаным пажарам месцы ў 1838 г. губернскія ўлады вырашылі зрабіць гандлёвую плошчу, якая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў так і называлася — «Школьны двор». Затым, прыкладна з 1880-х, яе называлі «Рыбная плошча», а ў міжваенны час — «Мясны рынак». Тут было шмат драўляных крамак, дзе звычайна гандлявалі прадуктамі жывёльнага паходжання і хлебам.
Будаўнічы бум
Пасля з’яўлення плошчы горад працягваў цярпець ад пажараў, якія тут часта ўзнікалі. Прыкладам могуць быць вялікія пажары 1885 і 1899 гг. Пасля апошняга згарэла Вялікая харальная сінагога і амаль што ўсе малітоўні квартала. Як вынік, у пачатку 20 ст. гэты раён зведаў сапраўдны будаўнічы бум: замест драўляных будынкаў тут за некалькі гадоў з’явіліся дзясяткі камяніц.Найбольш старажытным культавым будынкам яўрэяў у гэтым раёне з’яўляецца Вялікая харальная сінагога. Сучасны будынак паўстаў прыкладна ў пачатку 17 ст. і да канца 19 ст. заставаўся амаль нязменным. Пачатковы выгляд нам вядомы дзякуючы малюнкам Напалеона Орды.Пасля пажару 1899 г. сінагога была перабудавана, хутчэй за ўсё, паводле праекту землямера і таксатара М. Любіча. Яе выгляд з тых часоў заставаўся практычна нязменным.
[irp posts="93 798″ name="Кубачак кавы на Гварнай вуліцы: што рабіць з кварталам за сінагогай цяпер, калі ад дублёра Траецкай адмовіліся"]
Школы каля сінагогі
Сапраўдным сюрпрызам стала інфармацыя пра час узвядзення будынка па адрасе Вялікая Траецкая, 57. Згодна з дакументамі канца 19 ст., сучасны будынак з’явіўся ў 1781 г. Цалкам праўдападобна, што ён яшчэ старэйшы, бо на плане горада 1753 г. на гэтым месцы пазначана мураваная пабудова такой жа канфігурацыі. У 19 ст. у гэтым будынку, вядомым пад назвай «Бенсомедрэм-Агадэль», або «Кляўз» памяшчаліся тры малітоўныя школы: Хеўрэ-Цегілем, Кляўз і Хеўрэ-Мігіхает. Пасля пажару 1899 г. школа была перабудавана.
На некаторых фотаздымках к. 19 — пач. 20 ст. паміж Вялікай харальнай сінагогай і Гараднічанкай бачны будынак школы «Хеўра-Алшых». Яна паўстала ў 1901 г. на месцы згарэлай драўлянай. Яе спраектаваў землямер М. Любіч. Гэта быў аднапавярховы цагляны будынак, дэкор якога вельмі блізка паўтараў упрыгожванні з харальнай сінагогі. На завяршэнні фасада была вежачка, над якой віднелася шасціканцовая зорка Давіда. Нядаўна рабочыя падчас пракладкі камунікацый натыкнуліся на падмуркі гэтай пабудовы.Насупраць паўночнага фасада харальнай сінагогі стаяў будынак школы хасідаў. Некалькі дзясяткаў метраў на поўнач на вуліцы Крывой над абрывам знаходзілася школа Хаядэм, адразу за ёй — школа мяснікоў. Мяснікі - распаўсюджаная прафесія ў горадзе. Тое, што іх малітоўная школа знаходзілася адразу ля рынка, дзе прадавалася мяса, падаецца вельмі заканамерным. На другім канцы вуліцы Крывой знаходзілася школа падмайстраў краўцоў, а амаль насупраць яе на вуліцы Школьнай жыдоўскай — школа адстаўных салдат.
Перажыў вайну, не перажыў міру
Квартал Школьнага двара працягваў забудоўвацца ў міжваенны час. У часы нямецка-фашысцкай акупацыі квартал апынуўся на тэрыторыі гета № 1, дзе на невялікай тэрыторыі з лістапада 1941 г. па сакавік 1943 г. утрымлівалі каля 15 000 чалавек. Большасць вязняў гета загінула ў лагерах смерці.
Пасля вайны амаль што ўсе будынкі двара засталіся без гаспадароў. У 1950-х большасць дамоў і малітоўняў на тэрыторыі Школьнага двара захаваліся, але па невядомай прычыне цягам дзесяцігоддзя былі зруйнаваныя. Да нашага часу захаваліся толькі чатыры будынкі ад некалі густанаселенай часткі горада з багатай гісторыяй. Сёння паўстала пытанне аб рэнавацыі гэтага месца. Будзем спадзявацца, на мапе горада некалі адродзіцца яўрэйскі квартал, чые жыхары зрабілі велізарны ўнёсак у культурны і архітэктурны здабытак Гродна.[irp posts="94 301″ name=" Ужо ёсць інвестары". Малады гродзенец распрацоўвае праект аднаўлення яўрэйскага квартала"]