Праца кніжнай секцыі ў этнакраме «Цудоўня» распачалася 19 лістапада шасцігадзіннай імпрэзай з удзелам пісьменнікаў Андрэя Хадановіча і Паўла Касцюкевіча, філосафа Уладзіміра Мацкевіча, а таксама гродзенскіх музыкаў.
Згадваючы пра нагоду імпрэзы, Павел Касцюкевіч адзначыў: «Сёння фактычна адкрыццё будучыні. Мне здаецца, так будуць выглядаць кнігарні праз дзесяць гадоў. Я думаю, будучыня за такімі крэатыўнымі пляцоўкамі, калі кнігарня — гэта не толькі месца, дзе прадаюцца кніжкі, але і месца кантакту, месца сустрэчы творчых людзей, чытачоў з аўтарамі».
У чым адметнасць новай кнігарні і якія кнігі там можна будзе набыць, расказалі Hrodna.life уладальнікі «Цудоўні» Надзея і Андрэй.
Надзея: «Мы плануем прадстаўляць якасную беларускую літаратуру і пераклады на беларускую мову. Мы не прыхільнікі пазіцыі „абы па-беларуску“: кнігі, як і рамесныя вырабы, адбіраем па прынцыпе „даваць людзям найлепшае“. То бок лаўрэаты прэмій сярод мастацкай літаратуры, добрая дзіцячая і краязнаўчая, пераклады лепшых замежных твораў і класікі.
Для спецыялізаванай, філасофскай і навуковай літаратуры таксама ёсць месца, але акцэнт робім усё ж на звычайнага чалавека, які любіць чытаць сам і жадае прывіць любоў да чытання сваім дзецям».
Андрэй: «Я не люблю слова „кліент“. У нас няма кліентаў, кожны наведнік „Цудоўні“ — госць, катораму мы хочам дапамагчы стаць крышачку шчаслівейшым. Кола гасцей-наведвальнікаў абмежаванае толькі іх цікавасцямі.
Спецыфіка крамы — беларуская культура. Літаратура — яе частка. Цікаўным да беларускай літаратуры тут заўсёды знойдзецца што пачытаць. Адно што прапагандысцкай літаратуры тут не будзе, незалежна ад мовы напісання. Культура і культурныя пляцоўкі - не месца для палітычных разборак. Наогул, вельмі хочацца, каб мова перастала быць палітычным маркерам».
Андрэй Хадановіч парадаваў аўдыторыю сваімі вершамі, а яшчэ — песнямі Боба Дылана, Сержа Генсбура і Яцка Качмарскага ва ўласных перакладах на беларускую мову. Пісьменнік прэзентаваў некалькі сваіх кніг: «Нататкі таткі» — «лёгкі дзіцячы панк», прызнаны кнігай года-2015; зборнік выбраных вершаў «Дэжа вю»; кішэнную кнігу перакладаў з Шарля Бадлера — бацькі французскага дэкадансу, ад якога пайшоў вобраз маргінальнага, незразумелага, адрынутага паэта.
Найбольшую ўвагу Андрэй Хадановіч прысвяціў кнізе «Цягнік Чыкага-Токіа», якая ўключае ў сябе вершы з Францыі, Ісландыі, Карэі і іншых краін, а да таго ж тэксты замежных бардаў у перакладзе на беларускую мову, малюнкі і акорды.
Празаік Павел Касцюкевіч зачытаў урыўкі са свайго новага рамана «План Бабарозы» і расказаў пра задуму гэтага твора: «У нашай краіне кожная звычайная людская сям’я стала маленькая дзяржавай. У яе ёсць свая тэрыторыя (кватэра), свая мова (тэрміны, якія ведаюць толькі жыхары гэтай краіны), свая калектыўная памяць (гісторыя і сямейныя сагі, якія аб’ядноўваюць) і, натуральна, свае патрыярхі (прабабулі, бабулі, дзядулі, якія фактычна і стварылі гэтыя маленькія краіны і запраграмавалі іх будучыню).
І менавіта пра такога патрыярха раман — пра бабу Розу, мінскую 109-гадовую бабульку, якая ўсяляк умешваецца ў жыццё сваёй дачкі, сваёй унучкі, свайго праўнука».
Ёсць у рамане і рэвалюцыя. Уздымае яе праўнук бабы Розы, 35-гадовы псіхолаг, які, маючы сваю тэорыю, вырашае паўстаць.
Пасля літаратараў выступіў філосаф Уладзімір Мацкевіч, які падзяліўся сваімі развагамі пра тое, ці існуе беларуская філасофія і беларускае мысленне. У якасці доказу станоўчага адказу на гэтае пытанне ён прадэманстраваў другое выданне анталогіі беларускай думкі «Код прысутнасці», у якім змешчаны ўзоры беларускага мыслення апошніх пятнаццаці гадоў. Кніга атрымала сваю назву ў супрацьвагу зборніку эсэ Валянціна Акудовіча «Код адсутнасці». «Код прысутнасці» — сведчанне прысутнасці беларускага мыслення і беларускіх філосафаў.
Уладзімір Мацкевіч звярнуў увагу на гульню словаў, якая, напэўна, не магчымая ні ў адной іншай мове. У беларускай мове слова «анталогія» мае два розныя значэнні: анталогія як філасофская дысцыпліна, што вывучае карціну свету, наша ўяўленне пра свет, і анталогія як зборнік тэкстаў. «Атрымоўваецца такая гульня словаў: гэтая анталогія — ёсць анталагічны доказ існавання беларускага мыслення».
Гродзенцы актыўна ўключыліся ў размову на філасофскія тэмы. А тыя, хто задаў Уладзіміру Мацкевічу найбольш цікавыя пытанні, атрымалі ў падарунак зборнік «Цытуй сваё», у які ўвайшлі цытаты выбітных беларусаў ад 16 да 21 стагоддзя.
Завяршылі вечарыну выступы гродзенскіх музыкаў. Спявалі Юры Дубовік, Іван Пачывалаў, Андрэй Несцяровіч і Алесь Дзянісаў.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…