Як Шчучын робяць прыдатным для людзей з інваліднасцю

У Шчучыне і раёне ўжо каля году людзей з інваліднасцю інтэгруюць у грамадства і вучаць вырашаць праблемы самастойна. Улады даюць працоўныя месцы і абяцаюць зрабіць інфраструктуру даступнай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Усё гэта дзякуючы кампаніі «Павестка 50», якая рэалізуецца пры падтрымцы Еўрасаюза.

Шчучын — адзіны на Гродзеншчыне трапіў у кампанію

Шчучын разам з Валожынам, Бабруйскам, Столінам і Стоўбцамі трапіў у кампанію «Павестка 50». Гэта праграма, накіраваная на рэалізацыю ў рэгіёнах Канвенцыі па правах інвалідаў. Беларусь падпісала Канвенцыю 28 верасня 2015 года, але само падпісанне не можа вырашыць усе задачы. Дапаможа толькі ўкараненне на ўзроўні паўсядзённых практык.

Гарады для ўдзелу абіралі паводле двух крытэрыяў: агульныя ўмовы развіцця і стан безбар’ернага асяроддзя ды адкрытасць уладаў. У параўнанні з іншымі раённымі цэнтрамі Гродзенскай вобласці, Шчучын заняў добрыя пазіцыі па абодвух параметрах. У ініцыятыўную групу ўваходзяць прадстаўнікі ўлады, мясцовая супольнасць, сацыяльныя службы, недзяржаўныя арганізацы. І абавязкова — самі людзі з інваліднасцю. З улікам школ-інтэрнатаў і Шчучынскага псіха-неўралагічнага інтэрната, у раёне такіх людзей — 3186.

Мясцовая супольнасць праз 22 крокі кампаніі створыць сваю павестку, у якой адлюструе мясцовыя праблемы і шляхі іх вырашэння, выпрацуе міні-праекты па ўкараненні інавацый.

У нашай краіне «Павесткай 50» займаецца Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Навучыць вырашаць праблемы самастойна

Сярод праблем у раёне — недастатковая даступнасць грамадскіх месцаў і грамадскага транспарту, раз’яднанасць бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, няроўныя ўмовы пры працаўладкаванні. Асобна ініцыятыўная група вылучыла праблему невысокай грамадскай актыўнасці людзей з інваліднасцю. Таму сярод мэтаў праекта — не толькі вырашыць праблемы, але і навучыць людзей з інваліднасцю вырашаць іх самастойна.

У межах кампаніі «Павестка 50» ініцыятыўная група ў Шчучыне зладзіла свой міні-праект «Актыўная супольнасць». У рамках яго правялі круглы стол па тэме інтэграцыі і дапамогі людзям з інваліднасцю. Таксама прайшла двухдзённая «Школа лідара», на якой 15 чалавек з інваліднасцю навучылі метадам адвакацыі і працы ў камандзе. Тры актыўныя прадстаўнікі Шчучына ўвойдуць у склад Міжведамаснага савету па праблемах людзей з інваліднасцю.

Інэса Ларыёнава, каардынатарка праекта
— Добрым вынікам я лічу тое, што ў нас пасля «Школы лідара» з’явіліся актывісты, якія арганізавалі групу ўзаемадапамогі. Яны маленькімі крокамі ідуць да вырашэння праблем у Шчучынскім раёне самастойна. Яны зразумелі, што большасць гэтых праблем не патрабуе значных фінансавых сродкаў і нават не заўсёды патрабуе ўмяшальніцтва ўлады, — кажа Інэса Ларыёнава, каардынатарка праекта.

Улады ўключаныя ў праект

«Праца вядзецца вельмі актыўна. На сённяшні момант у нас створана каманда і вызначаныя ролі і заданні для кожнага ўдзельніка», — кажа Анжаліна Шпакоўская, яшчэ адна каардынатарка праекту.

Анжэліна Шпакоўская, яшчэ адна каардынатарка праекту
Вядома, што за месяц ці год вырашыць праблемы даступнасці грамадскіх месцаў і грамадскага транспарту нельга. У Варшаве на абнаўленне транспарту на нізкападлогавы сышло 15 гадоў, у Берліне — 5. Анжэліна Шпакоўская спадзяецца, што кожны наступны закуплены транспарт будзе нізкападлогавым, а новыя будынкі ўзвядуць з улікам патрэбаў людзей з інваліднасцю. Будынкі пракуратуры, суда, банкаў і бальніцы пасля рамонту ўжо адпавяюць стандартам.

З літоўскімі калегамі ў межах праграмы транспамежнага супрацоўніцтва рэалізуюць праект «Пазнай мяне». Ён скіраваны на павышэнне даступнасці эстэтычнай адукацыі для дзяцей і дарослых з інваліднасцю.

Аляксандр Амшэй, намеснік начальніка аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама
— Зараз праект знаходзіцца ў Міністэрстве эканомікі на ўзгадненні. Калі атрымаем дазвол, то ў другой палове 2018 года пачнем яго інфраструктурную частку. Больш за 350 тысяч еўра плануецца выкарыстваць на прыстасаванне Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў да патрэб людзей з адхіленнямі ў фізічным развіцці, — кажа Аляксандр Амшэй, намеснік начальніка аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама. — Гэта дазволіць зрабіць яшчэ адзін крок да ўключэння гэтых людзей у грамадства. Таксама ў планах набыць пад’ёмнік у раённы Цэнтр культуры, бо пакуль ён не зусім прыдатны да наведвання людзьмі на вазках.

Улада дапамагае знайсці працу, але ці патрэбна яна?

— Заканадаўствам прадупледжана працоўная рэабілітацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі цягам году. За кошт бюджэту чалавек адпраўляецца на працоўнае месца. Для яго можна знізіць нормы выпрацоўкі, але ён атрымлівае зарплату ў поўным аб’ёме. Гэта выгадна працадаўцу: праца выконваецца, а яго грошы не выкарыстоўваюцца, — тлумачыць Андрэй Навіцкі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама.

Андрэй Навіцкі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама.
У 2016 і 2017 годзе працоўную рэабілітацыю прайшло па тры чалавекі. З іх два чалавекі замацаваліся за месцам. Адзін не змог па стане здароўя. Адмыслова пад людзей з інваліднасцю ствараюць працоўныя месцы на Шчучынскім камбінаце надомнай працы. У 2016 годзе там стварылі два працоўныя месцы швяі, закупіўшы за кошт бюджэту адмысловыя швейныя машынкі. Ёсць планы і на 2018 год.

Таксама ў Шчучыне пройдзе праект «Інклюзіўны барыста», які ладзіць лідчанін Аляксандр Аўдзевіч. Вазочнікі і людзі з дапушчальным захворваннем пройдуць навучанне, атрымаюць сертыфікат і змогуць уладкавацца на працу.

Андрэй Навіцкі кажа, што людзі з інваліднасцю не звяртаюцца да ўлады з просьбай ад працаўладкаванні. Зараз толькі адзін чалавек з інваліднасцю трэцяй групы знаходзіцца на ўліку ў Цэнтры занятасці.

Выраўняць гарады і раёны па даступнасці

Кіраўнікі праекта кажуць, што да пытання інфраструктуры трэба падыходзіць комплексна. Бо людзі з інваліднасцю — гэта не толькі вазочнікі, але і людзі, якія дрэнна бачаць і дрэнна чуюць. У канцы праекту на грамадскія аб’екты налепяць значкі-азначэнні - для якіх людзей з інваліднасцю месца даступна. А затым зробяць мапу даступнасці ў электронным выглядзе і ў выглядзе буклета.

Ксенія Тарасевіч, прэс-сакратарка Офісу па правах людзей з інваліднасцю
Ксенія Тарасевіч, прэс-сакратарка Офісу па правах людзей з інваліднасцю кажа, што патрэбы людзей з інваліднасцю залежаць ад горада: «У Валожыне і Шчучыне шмат безбар’ернага асяроддзя, тут ладзяцца розныя праекты. А ёсць гарады, у якіх гэтага абсалютна няма. Важна зазначыць, што акрамя райцэнтра ёсць яшчэ і раён, у якім не заўсёды будуць зроблены пандусы ў краму. Спадзяюся, што праз ратыфікацыю Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю гарады, райцэнтры і раёны выраўняюцца па даступнасці».


Кампанія «Павестка 50» рэалізуецца сумесна з міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Цэнтрам Еўрапейскай Трансфармацыі, Тус (Польшча) і грамадскай арганізацыяй «Еўрапейскі дом» (Данія).

Падзяліцца
Меткі: грамадства

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024