Бард з беларускага мястэчка Віктар Шалкевіч грае на канцэртах новыя песні. А тым, хто хоча панастальгаваць, прапануе ўключаць яго дыскі. Да 65-годдзя бард плануе дапісаць чарговы раман і оперу, да якой падкідвае сюжэты жыццё. Пра цяперашняе жыццё ў Беларусі, няўдзел у грамадскім жыцці і чаму акторы павінны былі застацца ў Купалаўскім тэатры, бард расказаў выданню «Суполка».
— Чула меркаванне, што шкада, што вы не сыгралі на канцэрце старыя песні. Маўляў, вы баіцеся іх граць, каб нехта не падумаў, што вы выгарэлі і не пішаце новыя.
— Што значыць новыя не пішу? Пушчай уключаць дыскі і панастальгіруюць — старыя. Я ўвесь час нешта новае пішу. Проста я ж таксама не машына. Не камсамольскі паэт, каторы павінен каваць і за гэта жыць. У мяне ёсць нейкія абавязкі, апрача гэтага. Гэта маё хобі. Я не класік. Я не лезу, не пішу гэтыя вершы «а-ля Купала». Кшталту «Гэй, узвейце сваім крыллем, арляняты». Я пішу пра тое, што мяне хвалюе. Я выхаваны ў польскай культуры. Я гэтым ганаруся. Я выхоўваўся на Міцкевічы, я выхоўваўся на Славацкім (Юліюш Славацкі, польскі паэт і драматург — «Суполка»). І мае польскія сябры мяне вельмі любяць, і мае польскія вершы вельмі любіў і высока цаніў Сакрат Яновіч (польска-беларускі пісьменнік — «Суполка»).
Ёсць некаторыя рэчы, каторыя трэба перажыць. Хваробы, каторыя трэба перахварэць. Што вы хацелі? Каб адразу грошы былі, каб быў малады, прыгожы, куча бабаў, машыны. Дык гэта трэба заслужыць. На гэта трэба запрацаваць. А што вы хацелі адразу? Выйсці 500 тысяч, эх, зняць баціначкі, пастаяць красіва, карціначку і ўсё, пайсці па хатах? Ну і ўсё. Ясна, што яны настальгуюць па смутным беларускім людзям.
Віктар Шалкевіч — 64-гадовы беларускі бард, актор, паэт і шоўмен. Родам з мястэчка Поразава, дзе вырас на памежжы беларускай, жыдоўскай і польскай культураў. Працаваў у гродзенскім драмтэатры, Тэатры лялек, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Вядзе аўкцыёны. Перамог на фестывалі «Басовішча» ў 1992 годзе.
— Вы шмат людзей з Беларусі, з Гродна бачылі. Што губляецца з эміграцыяй?
— Рвуцца нейкія карані, каторыя былі. Я прывязаны да гэтага ўсяго. Колькі разоў успамінаю гэта Поразава, Студзенікі, Навасёлкі, Бойкавічы, Працуцічы (мястэчка і вёскі ў Свіслацкім раёне — «Суполка») — памятаеце вось гэтае ўсё? Мілыя людзі, якія былі. Ведаеце, колькі разоў мяне бацька пасылаў па самагонку ў Студзенікі да дзядзя Стася? Маці бацька не пасылала, бо бацька мог нарэзацца і ровар яго мог прывезці, а не бацька ровар. А я нармальна, зранку, усё, 9−10 клас.
Набраў там тыя дзве гарэлкі. І збіраюся. Дзядзь Стась: «Куды? А пакаштаваць?». Усё, нарэзалі нечага. Вось гэта губляецца — раз. Што набываецца? Я разумею толькі адно: наш чалавек нідзе не прападзе. Я паглядзеў па Канадзе, па Штатах — усё нармальна, усе ўпакаваліся, знайшлі сябе, усё добра.
— Калі вы былі апошні раз на малой радзіме?
— Даўно быў. У мяне, ведаеце, з’явілася другая малая радзіма. Я пад Гродна ў чатырох кіламетрах ад мяжы літоўскай пабудаваў сабе хату. А хату я перавёз з Гарнастаевіч (вёска ў Свіслацкім раёне — «Суполка»). Гэта хата майго дзядзькі, у якой ні дня ніхто не жыў. Яна навяк. Была прыгожая нармальная хата. Печ такую збярог у хаце. І камін паставіў. Галандкі не ставіў тыя, печачкі, каторыя чатырохбаковыя, паставіў камін. Абразы перавёз. Гэта святое. Ёсць брыгада такіх самых, як я. Такі цікавы хлопец па прозвішчу Дамброўскі. Мы з ім нядаўна сустракаліся. Ён быў на хутары, на каторым жылі мае дзяды, яго ўжо разграбілі. Ён падняў такі старажытны абраз пана Езуса. Такі чорны, яшчэ даваенны, і падарыў мне. Я яго збіраюся павесіць дзесьці на сцену. Я нічога не выкідаю такога. Гэтая нібы паперка дае сілу. Хаця іх многа. Іх занадта многа. Я ўжо не ведаю, куды… Але то туды, то туды раскідваю. Там павешу, там павешу.
— А як там успрымалі мясцовыя, калі вы прыязджалі?
— Мяне адразу вось так бралі за руку і цягалі па хатах, паілі самагонкай. Мяне ўспрымалі як «так як ты праставіўся, у Поразаве ніхто не праставіўся» <…> У нас такая была на вуліцы класная пачка — у сэнсе, кампанія. Дзядзя Стась з Цепкаў, Ботвіч быў, дзядзя Антак Васюкевічаў і я. Карацей, мы збіраліся ў Ботвіча ў хаце, таму што яго жонка кінула. Прыносілі з сабой нешта, я браў гітару і я там валіў. Я спяваў, яны мяне слухалі. Гэта быў перыяд да 2000 года, было вельмі цікава. Тады мама мая жыла. Мама мая памерла ў 2008 годзе, зараз памёр брат — і мне ўжо няма да каго прыязджаць. І хата стаіць пустая. І няма сэнсу яе прадаваць, таму што яе ніхто не купіць. Там жа ўсё ж павымірала. Я не буду здаваць ні ў які сельсавет, я прыязджаю, кашу [траву]. Пазванілі, папрасілі падфарбаваць. Але я не ведаю. Калі людзі туды вернуцца — то вернуцца. Калі не вернуцца людзі, то вернецца пушча. Што таксама добра.
- А што мы страчваем з вёскамі?
— Патэнцыял страчваем. У Поразава адбываліся куставыя агляды мастацкай самадзейнасці. А я як малы быў, заўсёды туды бегаў і глядзеў, мне так падабалася! А на дзевак глядзець, на дзевак заглядаўся. Студзенікі - школа прыязджае, Новы Двор — усё з’язджалася. І столькі было народу, і такія нармальныя былі, галасістыя. Яны ж ехалі куды — у Ваўкавыск, у Гродна. А хто зараз паедзе? Крыніца высахла — і ўсё. А што ў горадзе? Што, дзеці на асфальце вырастуць? Памятаю, прыехаў у Студзенікі. Нешта там запісвалі па радыё. А там удоты ходзяць — тры ці чатыры штукі. Там жа пушча пачынаецца. Ну дзе ж гэта ўбачыш?
— Вы думаеце, ёсць вялікае адрозненне паміж чалавекам, які вырас у вёсцы і ў горадзе?
— Канешне.
— А ў чым розніца?
— Чалавек, каторы вырас у вёсцы, можа падняць з калодзезя вядро вады. А чалавек, каторы ў горадзе вырас, ён чатыры разы апусціць, на пяты набярэ. Чалавек, каторы вырас у вёсцы, умее працаваць. Мы ж, дзеці, усе працавалі. Малыя былі - гусей ганялі, іх паслі. Кароў памагалі дзесьці. Бацьку — салому, сена. Мы ж да працы былі прывыкшыя з маладых. Гэта ж [імітуе клавіятуру камп’ютара] - не праца. Я думаю, што асабліва на клавішы націскаць — розуму не трэба. А ты папробуй карову запуні! Гэта быў вялікі плюс. Я і спаць не люблю доўга, і за любую работу хапаюся, бо мяне з дзяцінства прывучылі так. 20 км мы ездзілі, калі не было машыны, то раварамі, за Новы Двор касіць. 20 км туды — косіш там дзень-два ці грабеш — і вяртаешся на гэтых раварах назад. Едзеш на гэтай гравійцы, а зоркі такія прыгожыя!
— Вы пра гэта шмат кажаце: што раней людзі былі мацнейшымі, шмат чаго цікавага адбывалася. Ці не здаецца вам, што на лёс кожнага пакалення ў Беларусі нейкае выпрабаванне выпадае?
— Справа ў тым, што людзі, як мой бацька, 1911 года нараджэння, ці мама — 1918, памяталі: раз вайна — бальшавіцкая, далей — паваенная Польшча, цяжка было, усё ж было разбітае. «А дзе ж вашы памешчыкі?» Якія памешчыкі? Раз — прайшлі немцы туды, два, раз туды саветы прайшлі, раз — палякі, раз — саветы зноў, раз — палякі. І што засталося ад маёнтку? Нічога не засталося. Усе працавалі. У горшай сітуацыі аказаліся тыя праваслаўныя, якія выехалі ў бежанства ў 14-м годзе, прыехалі - у 22. І што на месцы іх хатаў? І з сабой яшчэ бацылу сацыялізма прывязлі.
Па-другое, вось калі чалавек гаспадар — ён гаспадар. Я памятаю тых мужыкоў, каторыя памяталі, дзе яны, тыя гектары. Дастойныя людзі, нармальныя — яны ўсё ўмелі. І каня запрагчы, і за плугам пахадзіць. Разумееце, пачуццё таго, што ў цябе нешта ёсць — яно табе нешта дадае. А тое, што ты прыйшоў с работы ў шэсць часоф, стаў за вуглом, выпіў бутылку чарніла з гарла, пайшоў лёг на дзіван, накрыўся «Гродзенскай праўдай», заснуў.
— Вы думаеце, мы яго страцілі - гэтае пачуццё?
— Канешне. Пачуццё гаспадара — калі ўсіх загналі ў калгас. А трэба было ў калгас заганяць? Ведаеце, колькі зараз у нашым раёне калгасаў? Па-мойму, два. Усё. А раней — Суворава, Кутузава, Аляксандра Неўскага. Тыя, тыя, божа. Як успамінаю гэты «Завет Ільіча», гэтыя ўсе справаздачы, каторыя яны друкавалі. Лажа, усё, няма. Людзей няма. А чаму людзей няма — таму што людзі не захацелі нараджаць, не захацелі жыць. Работы, працы няма. Каб у людзей былі тыя гектары, яны б працавалі. Нехта б застаўся. Старэйшы, сярэдні, праўда?
— Як вам жывецца ў Беларусі?
— Я жыву нармальна. У мяне ёсць нейкія справы. Я заўсёды не люблю распавядаць пра тое, чым я займаюся, і пра асабістае жыццё. Гэта дзве закрытыя тэмы.
— А чаму?
— А патаму — я непублічны чалавек. Я не люблю. Вот давайце, раскажу пра 35 любоўніц, 27 разводаў, 33 аборта і 70 бракаў.
— Вынесем у загаловак!
— А-а-а, канешне — смяецца. — Ёсць нейкія рэчы, пра каторыя, я лічу, не варта распавядаць. Тое самае, ведаеце «Песня о любві к матері», «слово изреченное есть ложь». Я такога страшэнна не люблю. Ёсць класічныя песні пра маму. Вот я вельмі любіў Мечыслава Фога — «O matce pieśń to pieśń bez słów» (напявае). Адзіная нармальная песня пра маму! А ўсе астатняя — гэта так. Маму трэба заўсёды насіць тутака (паказвае на сэрца — «Суполка»), і бацьку таксама.
— Усё ж такі: як выглядае ваш дзень?
— Дзень мой пачынаецца з таго, што мне ў голаву прыходзіць нейкая думка: я сядаю і запісваю яе на камп’ютары. Я спецыяльна нашу з сабой дыктафон. Мяне ўсё шпыняюць, што я нічога не раблю, то я вырашыў, што ў гэтым годзе даб’ю да 65-годдзя раман і пастараюся дабіць оперу. А потым буду шукаць грошы, каб выдаць адно і выдаць другое.
— Будзем чакаць!
— Вы ж бачыце, што сённяшні канцэрт не быў заўныўный рэквіем па дземакрацічэскай рэспубліке, не?
— От вас зачапіла гэтае меркаванне.
— Ну я ж зноў жа паўтараю: ну заслужыць трэба такія рэчы. А ў нас такі звычай: узяў ты гэтую жонку, ну харошая — то жыві добра, а дрэнная — то мучыцца будзеш да канца жыцця, і куды ты дзенешся? Гэта сусед у мяне быў такі файны. Яшка Янушка і Аня. Памятаю, яны маладыя былі, пажаніліся, яна была бібліятэкарка прыгожая, і што, ну ён піць пачаў. Ну піў-піў. І ўсе такія: Аня-я, ты здай яго ў гэты ЛТП. Кажа, ну куды, я ж з ім усё жыццё пражыла, як яго здам?
Тое самае тут. Як казаў Салтыкоў-Шчадрын, планіда ў яго такая. Чытайце «Путем-дорогою» — ёсць такая байка ў Салтыкова-Шчадрына. І ўсё. І вам зробіцца лягчэй. Таму што ўсе хочуць тут і тэраз, як у песні ў мяне. «Мы крычалі дурныя па мітынгах, мы хацелі, каб сёння і ўсё. Наступствамі гэткай палітыкі супынілася наша жыццё».
Я не рвуся ў прарокі, проста я разумею, што разумных людзей, каторыя мяне зразумеюць, мала. Большасць будзе слухаць «У суботу Янка ехаў ля ракі». Ну хай сабе слухаюць. А ў мяне ёсць акрэсленая катэгорыя людзей, каторая хадзіла да мяне на канцэрты, каторая мяне любіла. Я іх любіў! І гэта вельмі здорава. Я пры ўсіх сваіх артыстычных здольнасцях і тым, што працаваў усё жыццё на сцэне, абсалютна не публічны чалавек. Цярпець гэтага не магу. Я такі закрыты абсалютна.
— Тады не буду пытаць вас пра асабістае жыццё: спытаю, як на яго паўплывала ваша вядомасць. Пра вас сціпла напісана ў Вікіпедыі «Жанаты, мае дачку».
— Ну і файна. Ніяк не паўплывала. Абы не паўплывала адмоўна. Гэта ніякіх бенефіцыяў не прыносіць. Ёсць людзі, каторыя разумеюць, што я хачу сказаць, і яны са мной. Мы як адной ніткай прывязаны да нечага. І калі я, напрыклад будаваў хату, я ўпэўніўся, наколькі ў мяне многа харошых сяброў. Божа, гэта так здорава! <…>
— Хацела адзначыць ваш стыль. Яшчэ ў вас прыгожыя пярсцёнкі.
— Да не, ну што тут, апранацца. Ведаеце, што за пярсцёнак? Гэта майму прыяцелю падарыў папа Бенедыкт XVI. Тут «Ойча наш» па-італьянску. Ён мне перадарыў, ён праваслаўны. Бачыце, якія ў мяне сябры файныя! Ну я веруючы чалавек. Нягледзячы на тое, што на каталіцкі касцёл наязджаюць, я думаю, што ў веры, у каталіцкай тым больш, лацінскай культуры, лацінскай цывілізацыі ёсць вялікі сэнс. У Поразаўскім касцёле святы Францішак вісеў, святы Вінсэнт, алтары гэтыя прыгожыя. Міхал Анханёл, Матка Боска, якую намаляваў Пётр Сяргеевіч каля бярозкі ў цэнтры ў алтары. Мне падабалася: арган… Я ж у гэтым быў выхаваны.
Мама мяне вадзіла, а я ўсё дзёргаў яе, дзёргаў: «Мам, ну калі мы ўжо дахаты пойдем». Малы. «Сядзі». І гэта мяне прывучыла да нейкага цярпення. Я вельмі цярпялівы. Папробуйце такія кніжкі напісаць — а я напісаў! Зразумела, што маса пасярэднікаў паміж богам і людзьмі. Але хутчэй за ўсё са смерцю чалавека жыццё тут, можа быць, не канчаецца. Жыццё пачынаецца ў нейкай іншай сферы, нечым іншым.
— Вы куды не прыходзіце — адразу нейкі перформанс ладзіце. Адкуль у вас столькі энергіі?
— Я не знаю. Я памятаю, што — ну ўсё, ну хана, ці нешта баліць. Як толькі табе даюць у рукі мікрафон, у цябе нешта такое ўваходзіць. Публіка прыйшла — публіку трэба шанаваць, разумееце? Трэба шанаваць кожнага, дабіцца да кожнага, хто сядзіць у зале: ад першага рада да апошняга. І пры ўсім пры тым, ведаеце, сцэна — гэта такая справа: там не салжэш. Там цябе адразу вылечаць і скажуць, што ты не праў. Усе эці фальшывыя песьні пра любофь. Таму я не вельмі люблю вот эта ўсё.
Я з дзяцінства вырас на нейкіх сваіх запатрабаваннях. Мне вельмі падабалася польская эстрада, падабаліся Czerwone Gitary старыя. Падабаўся Марэк Грэхута, падабаліся польскія рамантыкі, паэты. Падабаўся Гэры Брукер і група Procol Harum. Гэры Брукер у мінулым годзе памёр. Camel — такая група класная. Карацей, я ж назбіраў за жыццё, у мяне там каля 4000 пластоў грамафонных і каля 3500 кампакт-дыскаў.
— І ўсё ў хаце?
— Ну, усё ў хаце. Зараз паліцу майстры робяць — і я хачу, каб зрабілі і паставіць гэтыя пласты, пасартаваць. Я ўсё жыццё гэтае збіраў і не шкадаваў грошай на адукацыю. І бацькі мае таксама былі. Мама ўсё кажа: на табе 10 капеек, пайдзі купі якога відока харошага — у сэнсе, рэпрадукцыю. Я браў - за 10 капеек. Бацька ўплыўляў у раму, шкло і вешалі.
- Калі вы апошні раз былі ў беларускім тэатры? Што вы пра іх думаеце?
— Тэатр без людзей, без актораў - ён нішто. Мне здаецца, што калі ў тэатры адбываецца нешта такое, нейкі вэрхал, то не трэба актораў звальняць, трэба звальняць дырэктара, які да гэтага давёў. Я думаю, што так. Ты не мог справіцца з калектывам, што называецца, паставіць іх на месца, не змог з імі дамовіцца. Тэатр — гэта трупа сабраная. Трупа збірацца: маладыя, сярэдні склад, старыя акцёры, каторыя народныя, заслужаныя. Рэжысёр нармальны, сцэнограф нармальны, харэограф нармальны — усё гэта павінна быць. А так гэта самадзейнасць мастацкая.
І пра тэатры трэба дбаць, выхоўваць акцёраў, каб не пілі, гады, каб хадзілі на рэпетыцыі, каб брыліся, шкарпеткі мянялі, прабачце. Ну праўда, ну. Табе дадзена 30 чалавек ва ўпраўленні - калі ласка, займайся. Я не ведаю, што там у іх адбывалася, што яны там запісвалі. Я ўвогуле не разумею, чаму пачаўся гэты вэрхал. Ведаеце, каб вас вось любілі-люблі, а потым здрадзілі - што б вы рабілі з чалавекам, каторы вам здрадзіў?
— …
— Ага, ну так, а што тут? Значыць, да 2020 года ўсё харашо, а после 20 значыцца ўсё плоха? Не ну дзіўная рэч, я б таксама павыганяў бы іх к чортавай мацеры. Што гэта такое? Колькі было можна? 20 год насілі камень за пазухай, званні атрымоўвалі, пасады, грашовыя прэміі, дзяржаўныя прэміі. Што гэта такое, братцы? Давайце так: ілі крэсцік сніміце, ілі трусы падцяніце. Святы Аўгусцін заўсёды казаў: «Позна вазлюбіл цябе, госпадзі».
— Што ў вас з канцэртамі? Як вы ацэньваеце сітуацыю з музыкай у Гродне?
— Ніяк. Я нікуды не хаджу, мяне не цікавіць нічога. Я разумею, што наш камерны аркестр, увесь час Валодзя Борматаў робіць новыя праграмы. Гэта класна. Яны іграюць. У іх вялікая група людзей, якія да іх ходзяць увесь час. А ўсе астатняе не ведаю — хто там ходзіць у тэатры? Я не ўдзельнічаю ў грамадскім жыцці горада.
— А чаму?
— Таму што большая частка грамадства, я гляджу, перакачавала сюды. Ну, а што я буду хадзіць? Як сумашэдшы з брытвай у руке бегаць і крычаць пра нешта? У мяне ёсць акрэсленыя сябры, з якімі мне цікава, што называецца, гаварыць. Так мы з імі сустракаемся там, у сябе, на маёнтках. Ведаеце, тэатр, збіранне тэатру, збіранне трупы, стварэнне нармальнага тэатра — гэта вельмі доўгі, складаны працэс. Гэта вам не салдат у войска набраць. Салдат і тое трэба вучыць, колькі там, два месяцы. Акцёра калі запрасіць нармальнага ў тэатр, трэба кватэру даць, гэта, жонку яго ўладкаваць, дзіця ў садзік. Гэта страшэнна многа праблем. Гэтым трэба займацца. А не хадзіць дакладаць наверх, што ўсё нармальна. І ездзіць па садочках, і граць спектаклі на два чалавекі. Ёсць людзі, каторых прызначылі. Вот пушчай ім галава і баліт. Мяне гэта абсалютна не цікавіць.
— Ну вы ж музыкант, не можаце рэалізавацца ў родным горадзе.
— «А зачэм мне радной горад, кагда я ў Таронта выступал?» Што я, буду хадзіць і расказваць, хто я такі і чаго я прыйшоў? А хто ў нашым радным горадзе рэалізаваўся? У нас кроме Сашы Саладухі большай звезды няма.
— Вам цікава на пенсіі?
— Я не сумую па тэатры, абсалютна не сумую. Я лічу, што яны дарма пайшлі, агалілі сцэну. Ну яны зрабілі, гэта іх унутраныя справы. Але я б на іх месцы падумаў сто разоў перад тым, як сысці. Таму што гэта была выдатная пляцоўка, выдатнае месца. Ну зараз паглядзім, к чаму эта прывядзёт.
- Што вам яшчэ цікава паглядзець? Дзе выступіць? Чым заняцца?
— У мяне было цікавае жыццё. Мая мама казала: «У цябе-та, сынку, лёгкі хлеб». Ну жыццё было цікавае, але прыйшлося паездзіць. Затое свет паглядзеў. Як мой брат нябожчык казаў: «Табе-та добра, ты хоць свет паглядзеў. А што мы, — кажа, — бачылі». Да наступнага года трэба дабіць гэты мой раман — раз, дабіць маю оперу, хаця жыццё падкідвае такія сюжэты, што проста клас. І ўсё ж такі я маю надзею, што тое, што робіцца зараз на Украіне, яно хутка скончыцца. Гэта вельмі важна. Таму што маса маіх сяброў, каторых я ведаю, каторых я люблю, каторыя жывуць там, яны ад гэтага пакутуюць. Мне б вельмі хацелася, каб гэта хутка перастала быць.
Чытайце таксама:
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…