Спадчына

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага «я» новую ідэнтычнасць, журналістка з Гродна Дар’я Гардзейчык думала пра сэкс. Дакладней, пра падкаст, у якім бы гаварылі пра гісторыю беларускага сэксу. Для Telegram-канала «Тетя Ира разрешила» яна расказала, як гісторыя беларускага сэксу стала падкастам.

«Я таксама сядзела, як на голках, збірала валізы і ў выніку ўвосень з’ехала з Беларусі, — удакладняе Дар’я. — Але вясной у мяне дакладна было адчуванне, што запыт на беларушчыну ёсць, што ён вялікі, як ніколі. Што гэта адбываецца менавіта ў маім асяроддзі, у маладых людзей. Зразумела тады, што трэба рабіць па-беларуску нешта вясёлае і файнае — яно знойдзе сваіх слухачоў і слухачак. Да таго ж — колькі можна ныць?

Што называецца, мы зразумелі, што нашая перамога адклалася на незразумелы тэрмін. То што, садзіцца і плакаць? Не! Давайце паразмаўляем пра сэкс, давайце зробім які-небудзь вясёлы кантэнт".

Смартфон у шкарпэтцы: так пачыналася «Гісторыя беларускага сэксу»

Першыя выпускі падкаста выйшлі ў 2022 годзе. Да таго часу Дар’я ўжо прачытала мноства гістарычных і фальклорных даследаванняў. Асабліва яна адзначае зборнік «Беларускі эратычны фальклор» (2006) Таццяны Валодзінай. Там была апрацавана і прааналізавана плойма матэрыялу, добрага і рознага, ад зусім старога фальклорнага, што збіраў Раманаў (1886 — 1912), да больш сучаснага, што збіралі па вёсках сучасныя фалькларысты і фалькларысткі.

Пасля гэтай кніжкі Дар’ю апанавала думка: «Трэба штосьці з гэтым зрабіць, такі скарб прападае».

«Памятаю, лягла я спаць і нейкім чынам у маёй галаве склаўся пазл, што трэба рабіць падкаст пра гісторыю беларускага сэксу — адразу і назва прыйшла».

Ад пачатку гэта быў наратыўны падкаст. Даша папросту сваімі словамі пераказвала тое, што прачытала ды разбаўляла гэта жартачкамі і смешачкамі з уласнага жыцця.

«Тады я была адна перад мікрафонам. А мікрафонам быў стары смартфон, дзеля змяншэння памехаў засунуты ў шкарпэтку».

Дар’я ўзгадвае, што мантавала першыя выпускі ў відэарэдактары, бо карыстацца аўдыёпраграмамі яшчэ не ўмела. Так з’явіліся першыя некалькі сезонаў.

Працяг, які застаўся за кадрам

Наступным сезонам меўся быць шэраг інтэрв'ю з мастакамі і мастачкамі з квір-супольнасці.

«Я размаўляла з гэтымі людзьмі пра іх сэксуальную арыентацыю і сэксуальныя паводзіны, — узгадвае Дар’я. — Але потым мусіла гэта ўсё прыхаваць. Многія з герояў інтэрв'ю да гэтага часу знаходзяцца ў Беларусі. На фоне новаўвядзенняў, паводле якіх дэманстрацыя аднаполых стасункаў будзе лічыцца за парнаграфію, нашы размовы могуць стаць для іх небяспечнымі».

Новы імпульс да развіцця падкаста з’явіўся, калі Дар’я пазнаёмілася з Данутай Грынь, былой супрацоўніцай Беларускага нацыянальнага гістарычнага музея.

Ідэальная сувядоўца, ці чалавек, якую не трэба «рэзаць»

«Мы пазнаёміліся і яна мне так спадабалася, што я адразу прапанавала: „Дана, давай будем сувядоўцамі“. Да таго ж мне падабалася, як яна расказвае. Бывае, Дана пачынае казаць свае музейныя байкі, а я прафесійным вухам адразу чую, што чалавека не трэба „рэзаць“. Так мы ўдвох пачалі запісваць новы сезон».

Па словах Дашы, перыядычна яны знаходзяць стыпендыі, каб мець заробак за працу па стварэнні падкаста: «Гэтага нам хапае, каб працягваць запісваць і мантаваць». І саркастычна жартуе: «Пасля таго, як уночы разгрузілі пару вагонаў».

Данута Грынь, фота з уласнага архіва

Па-першае — каб атрымаць задавальненне

Калі запытаць ў Дар'і, чаму ці дзеля чаго яна робіць падкаст, то адказаў пачуеш адразу тры:

«Па першае — атрымаць задавальненне. Па-другое, зрабіць той кантэнт, якога нам самім бракавала. Па-трэцяе, наша звышзадача — папулярызаваць беларускую мову праз клікабельны кантэнт. То бок, калі людзі ідуць на слова сэкс і пры гэтым слухаюць нешта пра гісторыю, культуру і вось гэта ўсё, але не ў стылі дакументалак, а больш весела, задорна і з маладымі дзяўчатамі, каторыя, да таго ж расказваюць пра свой уласны сэкс».

Чытайце таксама: Пра сэкс, адукацыю, прыгажосць і працу — дзве журналісткі з Гродна стварылі падкаст, каб расказваць пра канфлікт пакаленняў

«Стала лёгка размаўляць пра сэкс з партнёрамі і партнёркамі (хі-хі)»

Па словах Дар'і, падкаст для абедзвюх вядучых — магчымасць самарэалізацыі.

«Ведаю, што Дана вельмі адказна падыходзіць да падрыхтоўкі. Для яе, як і для мяне, гэта дакладна магчымасць праявіць уласную адказнасць. Інакш мы б не чыталі тыя тоны фальклорных матэрыялаў, якія мы чытаем.

Мне ж асабіста стала лёгка размаўляць пра сэкс са сваімі партнёрамі ці патэнцыяльнымі партнёрамі і партнёркамі (хі-хі). Проста таму, што з’явіўся гэты вакабуляр, з’явілася звычка размаўляць пра сэкс і я болей не саромеюся. Ну — амаль што".

Што, апроч сэксу?

«Для мяне галоўнае — гэта разбурэнне стэрэатыпа пра беларускі народ, — кажа Дар’я. — Што беларусы — такія бедныя-няшчасныя, забітыя-гаротныя. Таму што насамрэч нашыя продкі ўмелі весяліцца, умелі забаўляцца і ўмелі атрымліваць асалоду ад жыцця. А ўся гэтая навязаная культура, што беларускія песні гэта гора-горачка і плач Яраслаўны — не адпавядае рэчаіснасці. У нас было і ёсць шмат вясёлага і файнага».

Сталі пазнаваць па голасе

«Самае дзіўнае, што мяне часам пазнаюць па голасе. Магчыма таму, што ў „Гісторыі беларускага сэксу“ пакуль няма відэаверсіі. Кажуць, ой, гэта вы — Даша, каторая з „Гісторыі беларускага сэксу“! І дадаюць, што слухаць цікава і весела».

Чакана-нечаканым бонусам стала і даволі вялікая папулярнасць падкаста. «Канечне, я хацела гэтай папулярнасці, але ад пачатку разумела, што наш падкаст — даволі нішавы прадукт. Я дакладна не чакала, што ён будзе стабільна трымацца ў топе на Яндэкс.Музыкі і займее свой ўласны Instagram на каля-сэксуальныя — каля-фальклорныя тэмы.»

Лепшы час пачаць слухаць «Гісторыю беларускага сэксу» — зараз

У будучым Дар’я хацела б рабіць падкаст у відэаверсіі, каб зрабіць яго больш прывабных для аўдыторыі. З гэтай нагоды абмяркоўвалі і магчымасці супрацоўніцтва з тымі, хто займаецца прадзюсаваннем відэа прафесійна. Але пакуль да гэтага справа не дайшла, падкаст можна слухаць. Для гэтага не патрэбны супер-умовы ці адмысловыя абставіны:

«Аабіста мне вельмі заходзяць цікавыя падкасты, калі я недзе ў дарозе і хочацца, каб вочы адпачылі. Гэта так файна — едзеш дзе-небудзь у цягніку ці ў аўтобусе, Даша Гардзейчык нешта табе расказвае ў навушнічках, а міма праносяцца бяскрайнія беларускія (ці не вельмі беларускія) лясы. А можна і прасцей. Мая маці, напрыклад, слухае гэты падкаст раніцай, калі гатуе сабе сняданак».

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024