Людзі і справы

«Кусь-бусь» і «ўсё норм». Гродзенка стварыла сцікерпак для тых, хто любіць нашу мову

Прыручыць ваўка? Злавіць шчупака? Дамовіцца з мышкай? Даць з гэтым рады ўдалося гродзенцы Рыме Ушкевіч, аўтарцы сцікерпака «Лемантар». У яго ўвайшлі дзевяць жывёлак, што жывуць у Беларусі. Кожны з герояў кажа па-беларуску сваё выслоўе, якое хочацца паўтараць і адпраўляць сябрам — ад «дабраначкі» да «ты коцік».

Для канала «Тётя Ира разрешила» Рыма расказала пра сябе і пра сваіх персанажаў.

«Больш за ўсё люблю марыць»

«У мяне двое дзяцей, адзін грамадзянскі шлюб і ніводнай мастацкай адукацыі», — кажа Рыма Ушкевіч. Сярод улюбёнага баўлення часу яна называе быць сам-насам з сабой і марыць. У Гродне Рыму ведаюць як адну з арганізатарак дзіцячай эка-студыі «Ветка».

Маляванне стала часткай жыцця Рымы два гады таму. Малявала ў асноўным для сябе ў інстаграм ці для сяброў - афішкі для экастудыі, партрэты, назіранні з жыцця. «Вось так, без спецыяльнай адукацыі і нават без мастацкай школы. Прачнулася нешта ўнутры», — расказвае яна пра гэта.

Рыма: «Мой любімы матэрыял — каляровыя алоўкі. Проста адчуваю усім сваім нутром іх зямную, цвёрдую, зразумелую прыроду і мне з імі добра»

У гэты ж час праходзіла навучальны курс па персанажнай ілюстрацыі на адной з платформаў дыстанцыйнага навучання. Там адным з заданняў было распрацаваць сцікерпак.

«Я шмат думала пра сцікеры — усё упіралася ў героя, які мне самой быў бы цікавы. І чамусьці не было натхнення — я тармазіла з выкананнем і амаль на год закінула свае навучанне. Але не толькі праз сцікеры, а ў цэлым праз прыгнечаны стан і стрэс, праблемы са здароўем».

Дапамагалі ў гэты час пошукі прыгажосці: «Для мяне абавязковай умовай жыцця з’яўляецца прыгажосць, хоць якая — прыгожы кубачак, талерка, прыгожыя дываночкі дома, прыгожая вокладка для кнігі… Шукаю яе, гэту прыгажосць, паўсюль. Мне важна, каб было прыгожа і прыцягвала ўвагу».

Чытайце таксама: Альгерд, Казімір Ягелончык, Соф’я Гальшанская. Гродзенскі «Кубік» выпусціў новую «гістарычную» калоду карт

Як вырасці ад хрушча да зубра

«Мая мара, яна ж мэта — ілюстраваць дзіцячую і дарослую літаратуру», — расказвае Рыма. А сцікеры сталі адным з крокаў да яе.

«Насамрэч, атрымалася такое комба: супала нагода і маё жаданне. Я шмат чаго малюю для свайго партфоліа — гэта такі „трюк“ ілюстратараў-навічкоў. Калі ў цябе няма рэальных замоваў - ты іх сабе прыдумляеш, каб патэнцыйны кліент убачыў, што менавіта ты умееш, які у цябе стыль, як ты працуеш з тэмай».

«Замову» прыдумаць герояў даў Рыме «дарагі муж і сябра ў адной асобе», Жэня. Ён стварае дадатак для дзяцей па вывучэнню мовы — Lemantar. Гэта інтэрактыўная гульня, дзе трэба па малюнках адгадваць беларускія словы.

Героі сцікерпака «Лемантар»

«Жэня прапанаваў мне (ўсё роўна замоваў няма) пачаць маляваць аўтарскія малюнкі для дадатка. І я пачала маляваць. Першай задачай было намаляваць заставачкі для праходжання ўзроўняў. Прынцып такі - ты добра праходзіш, і на экране высвечваецца колькасць балаў і нейкі забаўляльны малюначак, які дэманструе твой ўзровень — ад маленькага да вялікага. Гэта я і спрабавала перадаць жывёламі. Самы маленькі, першы ўзровень — гэта хрушч. Потым — мышка, шчупак, і гэтак далей, да зубра. То бок ты расцеш — і я як гулец, і як жывёла».

Для Лемантара Рыма намалявала 11 жывёлаў. Тыя 9, што ўвайшлі ў сцікерпак, і яшчэ слана і кіта.

«Калі гэтая серыя была ўжо намаляваная, я вырашыла паспрабаваць зрабіць сцікеры. Паколькі тут няма адзінага героя, прыйшлося шукаць агульную тэму. Я засяродзілася менавіта на тых, хто жыве ў Беларусі. Слон і кіт засталіся „не пры справах“. Але можа і іх час настане»

Чытайце таксама: «Сумна, непрыемна, але правільна». У Гродне закрываецца першая крама-клуб настольных гульняў «Кубік»

Для шырокага кола карыстальнікаў

Характар сцікерпака Рыма называе «іранічна-пяшчотным. І крышачку суворым».

«Уяўляю такога, ведаеце, падлетачка альбо перадпадлетачка, які гэтымі сцікерамі элегантна адмахваецца ад маміных і татавых паведамленняў, не хочучы пакрыўдзіць, але ж і паказваючы свай гонар і годнасць».

Але ўзроставых абмежаванняў сцікерпак, безумоўна, не мае — налепачкі аўтарка адрасуе «ўсім, хто любіць мову і проста любіць».

У першы ж дзень пасля публікацыі сцікераў Рыма атрымала шмат водгукаў на іх.

«Я нават не магла ўявіць, што мае сцікеры знойдуць такі водгук у сяброў і знаёмых. Гэта так кранальна і крута! Проста ваў!»

І што далей?

«Зараз я цалкам змяніла сваё жыццё і займаюся ілюстрацыяй», — расказала Рыма. Што тычыцца натхнення, яна кажа, пра сябе «ўнутры я вогненны чалавек» І каб натхніцца, ёй шмат не трэба:

«Гэта, напэўна, каўказская частка ва мне абуджаецца — я напалову абхазка, а можа і проста — таму што я знайшла сваю любоў і свой шлях. Але пажывем — паглядзім».

Чытайце таксама: «Каб не страцілі беларускасць». Як працуе «Мова Нанова» за мяжой

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024