Саша Мурына робіць аўтарскі посуд і цацкі з гліны. У сваёй майстэрні яна стварае рэчы паводле ўласных эскізаў. Саша прадае працы праз інтэрнэт і ніколі не бярэ папярэдніх замоў. Раптам не захочацца рабіць тое, што просяць?
Зараз гродзенцы 31. Ганчаром яна стала год таму, а раней працавала лекарам у паліклініцы. Як памяняла стабільнасць на творчасць і што з гэтага выйшла, Саша распавяла Hrodna.life.
Вучылася на лекара, таму што бацькі папрасілі
«Медыцына мяне ніколі не цікавіла. Зразумела гэта на першым курсе. Але я паважаю меркаванне сваіх бацькоў. Яны мяне папрасілі, каб я лекарам стала, таму што ў сям'і ў нас дактароў не было. А я, хатняе дзіця, пайшла туды, куды сказалі бацькі», — расказвае Саша пра выбар прафесіі.
Сама яна марыла стаць мастаком. Пакуль вучылася ў школе ў сваёй вёсцы, дадаткова займалася маляваннем. Пасля дзявятага класа паспрабавала паступіць на дызайнера і праваліла экзамены. «Тады сказала сабе — больш ніколі ў жыцці не буду маляваць!» І да нядаўняга часу не бралася за алоўкі і фарбы.
Вучоба, а потым праца і сям’я займалі ўвесь час. Саша задумвалася пра тое, што трэба нешта мяняць, але канкрэтнае рашэнне не знаходзілася. Пакуль аднойчы яе дачцэ не падарылі гліняную свістульку.
Натхніла свістулька з гліны
«Аднойчы мы прыехалі да маёй свякрові. Яна дала дачцэ свістульку з гліны, такую, як раней ганчары ў вёсках рабілі. Як мяне натхніла гэта свістулька! Здаецца, там проста лепнічок са звычайнай гліны з чырвоным грабеньчыкам, але мне так захацелася таксама паспрабаваць ляпіць», — распавядае Саша.
Cпачатку яна ездзіла вучыцца ў Мінск, потым дома стала практыкавацца і набірацца вопыту.
«Мне далі аснову: што такое печ, што такое глазуры, як працаваць з глінай, што гліна любіць. Ну, а потым усё сама, з вопытам. У ганчарстве я ўжо год і год як сышла з медыцыны».
Пасля месяца працы з глінай Саша зразумела — у паліклініку яна больш не вернецца.
«Куды ты пойдзеш?»
Самым складаным, па словах Сашы, было растлумачыць сваё рашэнне блізкім і сваякам.
«Бабуля наогул са мной не размаўляла, настолькі яе закранула. Яна казала: «Куды ты пойдзеш?! Прамяняць белы халат на бруд!»
Бацькі не былі так катэгарычныя, але таксама перажывалі за Сашу.
«Больш за ўсё было шкада бацькоў. Столькі яны ў мяне ўкладвалі, каб я была добрым лекарам. І я была добрым лекарам — умела даць людзям падтрымку, дапамагала паправіцца, — распавядае яна. — Зараз прайшоў год і ўсе з гэтым змірылася».
Уласным самым вялікім страхам быў сыход у невядомасць. Праца давала стабільны даход, а з ганчарнай справай не было ніякіх гарантый.
«Я ішла ў нікуды, я не ведала, што мяне чакае. Зразумела, што страх быў. Але мяне пераконвалі, што ў медыцыну вярнуцца заўсёды можна. Заўсёды лекараў не хапала і не хапае. Пра гэта я не хвалявалася».
У фартушку, у глазуры і ў пыле
«Я нават не чакала, што такую цікавасць выклічу. Людзі сталі пісаць, заказваць, цікавіцца. І нават не проста посудам, а менавіта мной як асобай. У творчасці я раскрылася. Калі была лекарам у паліклініцы, ніхто мяне не ведаў. А цяпер іду ў краме, людзі вітаюцца, а я думаю: „Божа, адкуль? Я наогул іх не ведаю“. А потым мне ў інстаграме пішуць: „О, бачыла вас у краме“. Думаю: як жа я выглядала?»
Пра знешні выгляд Саша кажа хутчэй па звычцы. Гэта раней любіла прыгожую вопратку. «Цяпер я ў фартушку. Бывае нават так, я ў маршрутцы еду то ў глазуры, то ў пыле нейкім. Але я еду і я шчаслівая ў гэтым».
Першы час Саша ляпіла дома, а потым прыйшла ідэя адкрыць сваю майстэрню і назваць яе «Pumpkin» — гарбуз.
«Я ўвогуле люблю гарбуз і стравы з яго. Мне падабаюцца белы і зялёны колеры. Таму мой гарбуз менавіта мушкатовы, зялёны. Англійскае слова таксама вельмі спадабалася. Так і вырашыла назваць майстэрню».
«Як убачу, так і зляплю»
Зараз дома ў Сашы самалепны амаль увесь посуд, якім карыстаецца сям’я. Асабліва любіць творчасць мамы дачка Маша.
«Яна ўвогуле не ўспрымае звычайны посуд. Ёй толькі коціка, сабачку… менавіта тую, якую мама зляпіла. Вельмі прыемна, што яна шануе. Дачцэ 5 гадоў і яна ўжо ўмее ляпіць, у яе свае пэндзлікі. Мне падабаецца, што яна ідзе па маіх слядах, што яе прыцягвае гліна».
На лепку посуду сыходзіць не шмат часу. Талерку можна зляпіць нават за 5 хвілін. Больш часу патрабуе сушка і далейшая апрацоўка.
Што ляпіць, Саша прыдумляе сама. «Бывае, што я ўбачыла ў галаве нейкую талерку і зляпіла яе. Малюнкі часцей за ўсё свае».
На яе працы ёсць попыт. Усё, што Саша выстаўляе ў сацсетках — раскупляюць.
Палічыць дакладна даходы і выдаткі рукі пакуль не дайшлі. З аднаго боку — шмат пацягнула купля печы для абпалу, пастаянныя выдаткі на гліну, электраэнергію і арэнду. З іншага боку — выручка ад продажаў практычна такая ж, як і заробак лекара. Пакуль усё акупляецца, але «месяц на месяц не прыходзіцца».
Ганчарства прыносіць грошы, але гэта не праца
«Гэта мой асноўны заробак, але я не адчуваю, што гэта бізнес нейкі, — распавядае Саша. — Калі ў мяне няма натхнення, то ўсё валіцца з рук. У такім выпадку я проста ненавіджу тое, што раблю». Па той самай прычыне Саша не бярэцца рабіць заказы, хоць прапановы ад кавярняў і рэстаранаў ужо паступалі.
«Першая прычына — я не люблю заганяць сябе ў рамкі. А другая ў тым, што заўсёды атрымліваецца частка браку. Гэта ў любога майстра. Але чым больш вопыту, тым браку менш. Я пакуль не магу падстаўляць людзей, зрабіць штосьці і быць няўпэўненай».
Уласная крама, вялікая майстэрня і заняткі для вучняў застаюцца ў марах. «Гэтым можа займацца кожны чалавек, галоўнае — не перагарэць. Тут справа больш у жаданні». А пакуль да яе хобі далучаецца муж.
«Прыходзіць з працы, паесць і адразу лепіць. Мне падабаецца, што яму гэта цікава. У будучыні хачу, каб ён таксама сышоў з працы, каб адчуў, як свабодна можна жыць. Спадзяюся, калі-небудзь так і будзе».