Саша Аўдзевіч з Ліды — самы актыўны вазочнік Беларусі. Ён заснаваў сетку кавярняў «Інклюзіўны барыста» ў Мінску, праехаў тысячы кіламетраў на ручным ровары па Еўропе. Цяпер Саша жыве ў Варшаве. У праекце «Ток» ён распавёў пра тое, як перажыў траўму, ці бывае сэкс у вазочнікаў, навошта яму пасада мэра Ліды і чаму не вярнуўся ў Беларусь.
У 2021 годзе Саша Аўдзевіч выправіўся ў вялікае падарожжа. Ён праехаў на хэнд-байку праз Грузію, Турцыю, Грэцыю і Італію. Некалькі месяцаў жыў на Канарскіх астравах. Потым пабываў у Іспаніі і Францыі. За паўгода — 7000 кіламетраў. Па шляху даводзілася начаваць і на ўзбочыне, і ў шыкоўным гатэлі, і ў сярэднявечным замку. На дарогу блогер-вазочнік выдаткаваў свае зберажэнні і данаты падпісчыкаў. Дапамагалі і мясцовыя жыхары — дзяліліся з беларусам жыллём і ежай.
Я не аматар гістарычных аб’ектаў - я больш аматар камунікацый. Мне хочацца пайсці на рынак, пабухаць у бары з кімсьці, у нейкай сям'і пажыць, з кімсьці патусіць. І таму я больш вывучаў, чым адрозніваюцца людзі там ад людзей тут (…) і, напэўна, у асноўнай сваёй масе людзі ўсюды больш-менш аднолькавыя. Усе хочуць аднаго і таго ж: каб добра ў іх было ўсё ў сям'і, каб яны не хварэлі, вучыліся і былі шчаслівыя. Я нідзе не сустрэў такіх, хто б марыў пайсці ў войска, каб ваяваць за сваю краіну. Няма такіх людзей. Вось гэта я, напэўна, адкрыў.
Я не разумеў, дзе я буду заўтра начаваць, з кім я пазнаёмлюся. І спачатку, калі ты толькі стартуеш, вось гэтая няўпэўненасць цябе парыць… але калі праходзіць месяц, ты ўжо кайфуеш ад гэтай незразумеласці. І гэта робіць цябе мацнейшым.
Чытайце таксама: «У Беларусі было цяжка маўчаць». Як вазочнік Саша Аўдзевіч з Ліды пераехаў на Канары і хоча адкрыць там інклюзіўны бізнес
Праз месяц у мяне ўжо былі такія думкі: слухайце, ну я магу вакол шара ездзіць — і мне будзе, дзе пажыць, дзе паесці. У Турцыі я жыў у нейкага хлопца з інваліднасцю тыдні два — ён кажа мне: «Саня, заставайся». І ўсюды такое насамрэч было. Я разумею, што ў такім фармаце я мог бы тры разы аб’ехаць вакол шара, калі б у нас, беларусаў, не было ніякіх праблем з візамі.
Вазочнікаў гэта не хвалюе. Магчыма, толькі тых, хто мае патрэбу ў нейкай супердапамозе. (…) Няма такога, што гэты свет не для вазочнікаў і ты не можаш жыць у ім і ён нейкі дзіўны. Няма, уся праблема ў табе.
Я вырашыў з’ехаць, каб захаваць працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю [праект быў пад пагрозай з-за грамадзянскай пазіцыі Аляксандра. — HL]. Думаю, вазьму свой вялікі і паеду пакатаюся. (…) У мяне не было пасылу «escape».
Напэўна, разуменне, што я не вярнуся ці не так хутка вярнуся, паўстала на Канарах — пасля таго як, уласна, Расія напала на Украіну. Вось тады я зразумеў, што б***… Ну якая Беларусь, ну ўсё ўжо… для мяне Беларусь з Лукашэнкам у прынцыпе немагчымая.
У мяне была ідэя [паехать ва Украіну]. Высветляў, ці мог як беларус перасекчы мяжу і там заняцца — рабіць кавярні. Бо я разумеў, што шмат людзей з інваліднасцю пасля вайны з’явіцца. Я рэальна думаў, што там тармазну. (…) Ну вось бачыш — захварэў, кончыўся [У Францыі Саша аказаўся заражонным сур’ёзнай інфекцыяй і трапіў у бальніцу. — HL]. І потым я зразумеў, што проста не заеду. Мы тады яшчэ жылі такімі штукамі, што месяц максімум — усё скончыцца. Не скончылася.
Думаў, што калі мяне [будуць біць], то ўжо лепш па нагах — я іх не адчуваю. Мы [вазочнікі] стаялі там наперадзе, дзе ўсе гэтыя прыгажуны. Мне было па фану, не было страху. Такі [думаю]: добрыя фоткі сёння атрымаюцца. Проста космас натоўп ішоў. (…) У той жа час разумеў, што гэта капец якая гістарычная падзея.
Мэр [Ліды Сяргей Ложачнік] дастаткова малады, не саўковы чувак, ён інсту вядзе. Я яму пішу ў інсте: «Сярога, а чаго там фальсіфікавалі? Можа, сустрэнемся, пагаворым». Ён нічога не адказвае. Потым пачалі баніць мае паведамленні. (…)
Потым я стаў глядзець, што робіць мэр, чым ён адрозніваецца ад мяне, разумнейшы — не разумнейшы, што ён робіць для горада. Мне заўсёды здавалася, што мэр горада — гэта суперпрашараны чувак, які цяміць, як працуе любы завод, як пераўсталяваць вінду, як катацца на скейтбордзе… але ён аказаўся калгаснік. Проста калгаснік. Я думаю: «Ну ні храна сабе, я б зрабіў больш!» (…)
Я б крэсла пабольш сабе зрабіў [калі б быў мэрам]. А чаго там быць? Мэр — гэта проста круты менеджар, у якога ёсць бюджэт. Усе. (…) І мне здаецца, што гэта дадало б нейкіх бонусаў горадзе — першы мэр на інвалідным вазку. Вау! Горача было б.
Чытайце таксама: Саша Авдевич взял кредит в банке, чтобы подарить ему мобильный пандус
У Лідзе дзякуючы актыўнай дзейнасці Аўдзевіча на пасадзе кіраўніка мясцовай арганізацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў з’явіліся першыя ў Беларусі зала інклюзіўнага кросфіту, інклюзіўны пляж, веладарожка і іншыя безбар’ерныя аб’екты, а інваліды-вазочнікі змаглі вучыцца кіраваць аўтамабілем з ручным кіраваннем і атрымліваць правы кіроўцы ў райцэнтры.
Байк купіў мой родны брат. Гэта была чыстая выпадковасць. (…) Не тое што я такі спартовец, ганяю. Вось менавіта лёсачак такі. Бо мог ён і не купіць байк. (…) Я быў чуваком, які скокаў з парашутам, з тарзанак, з усяго… і тут я прыязджаю — у майго братана Honda 150 конскіх сіл. Вядома, я хацеў пракаціцца вельмі хутка…
[Пасля аварыі] я ляжаў увесь час пад кропельніцай, мне падтрымлівалі жыццё. Фішка была ў тым, што я храбціну зламаў і мяне яшчэ перакруціла. У Лідзе не было спецыяліста, які можа паправіць. Гэта было перад выхаднымі, пятніца, вечар. І прыехаць мусіў нейрахірург з Мінска толькі ў панядзелак. Я тры дні ляжаў чакаў, пакуль зрабілі аперацыю.
Саша Аўдзевіч трапіў у аварыю ў 2011 годзе, тады яму было 26 гадоў. На спартыўным матацыкле вылецеў на вялікай хуткасці на пясчаную дарогу і ўрэзаўся ў слуп. Два гады пасля гэтага быў прыкаваны да ложка.
Крыху падмаркоціўся. Для мяне тады важная была тусоўка. І я думаў: «Ну і што, я буду на вазку ездзіць, будзем тусіць». Але не. (…) Табе здаецца, што нічога не змянілася, проста ты на вазку. А на самрэч для іншых людзей змянілася ўспрыманне цябе. І так магутна змянілася, што нават для цябе так магутна не мяняецца. (…) І адразу яны нават самі гэтага не разумеюць. Але пачынаецца, што цябе ўжо на нейкія тусоўкі не бяруць, і іншае да цябе стаўленне. І гэта ўсё вельмі добра чытаецца. І вось гэта было цяжэй за ўсё псіхалагічна перажыць.
Гэта рэальна цяжка, будучы ў свядомым узросце, сесці ў вазок. Бо, прыкінь, у цябе дысфункцыя тазавых органаў, ты можаш у любы момант абкакацца-апісацца, баліць пякельна спіна, на цябе людзі па-іншаму рэагуюць, табе сорамна выйсці туды, дзе ты раней хадзіў як мажор, ты не можаш ездзіць у грамадскім транспарце — ну шмат вось гэтых штук.
Уяві, як я афігеў, калі выязджаю ў свой горад, дзе ні разу не бачыў вазочніка, і, рэальна, ты едзеш — і няма больш нікога. Таму ў мяне адбыўся пратэст: чаго мы не тусім? У мяне на другі-трэці год, калі я пачаў выязджаць, цэлы год быў тусовак. Я проста ездзіў па клубах начных, па рэсціках. Таму што гэта быў мой такі вось пратэст: вазочнікі таксама бухаюць, вазочнікі таксама вырабляюць ўсялякую штуку! Тады і татуіроўкі набіў - быў такі як бы тынэйджарскі ўзрост.
Тады я не адчуваў сябе сэксуальным, будучы на вазку. Наогул знікае мужчынскае лібіда. Таму што ты перастаеш адчуваць свой чэлес, і ў цябе такое: «Б***, каму я цяпер патрэбны». Вось гэтая ўся штука. (…) Таму для мяне, вядома ж, хворае было растанне, сумнае.
І для мяне, напэўна, асноўным момантам маёй псіхалагічнай рэабілітацыі было прыняцце сябе менавіта як прывабнага мужчыны, як чалавека, які верыць у тое, што не так ужо ён і кепскі нават з пераламанай спінай і нейкімі там абмежаваннямі. А прыкладаў-то дзе знайсці фотамадэляў-вазочнікаў? Я не бачыў.
Першыя 3−4 гады, да таго, як я пачаў зарабляць, я не надта сябе адчуваў у гэтым плане. Гэта значыць я губляўся, не спрабаваў, паводзіў сябе незразумела, у мяне не было смеласці такой пацанскай. Тут было некалькі важных пазіцый. Першае — гэта навучыцца зарабляць, другое — навучыцца адчуваць сябе камфортна ў плане перамяшчэння.
Калі ўпершыню адчуў, што гатовы да новых адносін? Напэўна, пасля першага падарожжа, калі я па Еўропе праехаў. Тады ўжо на ўсіх каналах мяне [паказвалі], сустрэў ледзь не старшыня горада, я ўжо пачаў супрацоўнічаць з ААН, купіў першую машыну — тады зразумеў, што гатовы.
У мяне пашкоджанні недзе вось тут [крыху ніжэй за грудзі]. Тут [вышэй] я адчуваю цела, а тут [ніжэй] ужо не адчуваю. Прэс не працуе. І атрымліваецца, што вось гэты ўвесь шматок нерваў, які абарваўся, ён дзесьці вось тут [у месцы пашкоджання]. Я калі сплю, то нават коўдру прыбіраю — для мяне гэта як быццам як да суперадчувальнай штукі дакрануліся. І калі да гэтага яшчэ дадаць нейкі візуал сэксуальны, то ты [адчуваеш] - А, вось гэта нядрэнна зараз! Але фізічна, як па-сапраўднаму ты адчуваеш палавы акт, — гэтага няма. Ён у цябе застаецца толькі ў гэтым фідбэку галаўным і вось у гэтым візуале. І табе трэба навучыцца балансаваць ў гэтым ўспрыманні - да чагосьці дакранаешся, нешта бачыш, нешта чуеш.
Сэкс настолькі змяніўся, што мне хочацца проста новы аддзел на порнхабе адкрыць, дзе проста паказваць. Шчыра скажу, я столькі ўжо усялякіх штук практыкаваў, што можна кніжачку напісаць (…) Думаю, што гэта нейкая альтэрнатыўная сэксуальная культура, якая таксама вартая грамадскай увагі і вывучэння.
Ой, я б [на яе месцы] на фіг паслаў. Уяві сітуацыю: вы жывяце каля гары [падчас падарожжа], усюды пясок, маленькія хмызнякі, кактусы. Вось стаіць ваш намёт, фігачыць пяшчаны вецер, усё ў пылу, ты маладая дзяўчынка, табе 27, ты жывеш з вазочнікам, якому трэба пайсці зрабіць катэтарызацыю ці схадзіць у туалет, вы купілі нейкі біятуалет, які трэба выносіць, ты прачынаешся і ўсё трэба чысціць, таму што ўсё ў гэтым пылу пясчаным, спіце вы на матрацы, які знайшлі на сметніцы… І гэта не адзін дзень, не два, гэта месяцы. І ты разумееш, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй, педагог, яна працавала ў Полацкім універсітэце, выкладала архітэктуру, яна нармальна можа жыць і ўсё рабіць. А ў мяне свае нейкія законы. Усё ў нас атрымаецца, не атрымаецца — арэлі свае. Яшчэ і праблемы — пазбавіўся бізнэсу, куды цяпер вяртацца, віза скончылася. Ну было цяжка. Перш за ўсё я сябе ў гэтым вінаваціў, што мы сюды прыехалі.
Калі пара даехала да Францыі, Саша зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне на фоне Эйфелевай вежы. Фота ў сацсетках убачылі беларускі з Даніі і запрасілі іх правесці час на лецішчы ў маленькай рыбацкай вёсачцы — так у пары атрымаўся незапланаваны мядовы месяц.
Зараз пішам вялікі праект кафэ. Хочам у Варшаве адкрыць вялікую кавярню, дзе будуць працаваць людзі на вазках і з рознымі тыпамі інваліднасці, і развіваць гэта як бізнэс. (…)
Я за ўвесь час, што падарожнічаў, сабраў кававы стаф. Мяне вельмі цікавіць альтэрнатыўнае заварванне, не пры дапамозе электрычнасці, каб усё ўручную. І вось у мяне шмат цяпер дэвайсікаў, з якіх хацелася б зрабіць такую незвычайную кавярню, дзе людзі з інваліднасцю, акрамя таго што яны прапануюць напой, яшчэ і выкарыстоўваюць усё гэта [абсталяванне] для маторыкі, рэабілітацыі.
Чытайце таксама: Кофе в Гродно не для всех. Волонтеры в инвалидных колясках протестировали городской общепит на доступность
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…