Кніжная палічка Hrodna.life папоўнілася дэбютным зборнікам гродзенскага аўтара Алеся Кіркевіча «Самурай». Кніга пабачыла свет у лютым 2018 года ў выдавецтве «Кнігазбор». Пад адной вокладкай сабраныя літаратурныя тэксты розных гадоў, якія друкаваліся ў газеце «Наша Ніва» і часопісе «Справа», а таксама вершы. Набыць кнігу ў Гродне можна у краме «Праметэй» і ў «Цудоўні». Ілюстрацыі да апавядання зрабіла мастачка Алеся Галота.
З анатацыі да кнігі
Свет перапоўнены інфармацыяй, а чалавек не адчувае «інфармацыйнага голаду», каб чытаць вялікія кніжкі. Таму шанец застаецца адно ў паэзіі ды кароткіх празаічных тэкстаў. Туды, нібы ў мікрачып, можна запісаць максімум эмоцый — каханне, страх, роспач. З імі ды іншымі рэфлексамі спрабуе гуляць аўтар у сваім дэбютным зборніку.
Для знаёмства з кнігай прапануем адно з апавяданняў зборніка.
Імя для Вікі
Чаты ў сацыяльных сетках нагадваюць ідэальную п’есу. У часы Чэхава пасля рэплікі трэба было дадаваць у дужках «ехидно улыбается», цяпер для падобных выпадкаў ёсць легіёны карцінак з усмешкамі, сабачкамі, лісамі, кактусамі. Тысячы карцінак замест дзясятка словаў у дужках. Тысячы карцінак замест эмацыйнай бездані жывой размовы.
…Яна нагадала аб сабе нечакана. Я ўжо даўно не згадваў яе імя, не ведаў таксама, ці яна згадвае маё. Згадала.
— Привет
У сэрцы закалола. Яе мініяцюрны партрэт усплыў на маніторы.
— Вітаю
— Как жизнь, Володечка?
— Нічо жызнь (дурнаваты смайл з вясёлай лісой). Жывы і на свабодзе.
— Это хорошо (смайл, з расцягнутай да неіснуючых вушэй усмешкай). У меня такое дело… Ты мне имя поможешь выбрать? Какое-нибудь беларусское. У меня будет дочка.
Мля! Я ледзьве з крэсла не ўпаў. За кратамі рэбраў, дзе толькі што закалола, утварылася пустка. Я застыў, утаропіўшыся вачыма ў акрайчык экрана з чатам. Дрыготкія пальцы паклаў на калені — далей ад клавіятуры.
— Наверное, отрываю? Не злись
— Не злую. Я нешта прыдумаю.
— Gracia! (Тая ж самая задаволеная фізіяномія без вушэй).
Працаваць ужо не хацелася. Хацелася — каб нічога вакол не было. Ніколі.
* * *
…Тое лета не мела сканчацца. Горад глядзеў на нас і ўсміхаўся, калі мы кружлялі па брукаваных ходніках, па белым пяску ўздоўж абмялелай ракі, па асіметрычных вулачках драўляных кварталаў прыватнай забудовы. Дакладна ўсміхаўся, бо я рабіў бы так на ягоным месцы. Горад лічыў нас каханкамі.
Бацька Вікі быў азербайджанцам, вайскоўцам. Менавіта ён падарыў ёй смуглявую скуру, кучаравыя чорныя валасы і біблейныя цёмныя вочы, як на карцінах Эль Грэка. Адтуль жа шалёны тэмперамент, любоў да танцаў і падарожжаў.
Італію яна любіла больш за ўсё. Я быў там, яна не. Гэта была яе мара, якая магла рассыпацца ад неахайнага дотыку або няшчырага пацалунку. Мара, якую магла сапсаваць дрэнная сукня, няведанне мовы, месячныя, няслушная кампанія… Да Італіі трэба было рыхтавацца. Прынамсі, яна так казала. Казала і ўсміхалася.
Мы разам выбіралі ёй абутак, калі яна ламала абцас на той самай брукаванцы. Разам пілі піва і абгаворвалі афіцыянтаў ды афіцыянтак. Яе рукі сціскалі мае, калі перад вачыма праляталі чайкі. Яе сцёгны дакраналіся да маіх, калі хвалі разбіваліся аб гранітныя валуны.
«Мы ведь не делаем ничего плохого, правда?» — усміхалася яна, калі нас бачылі мае знаёмыя. Я ўсміхаўся ў адказ, не кажучы нічога, і праводзіў яе дадому. Дома на яе чакаў Алег, законны муж і мой сябар.
* * *
— Ты ведаеш, так крыўдна гэта ўсё згадваць… Ён, сука, прыходзіць у намётавае мястэчка, рукі цісне, тыпу, гарбату з дзяўчатамі сеў папіць. Зайшоў, мля, на чай! За ім журналістаў хеўра… «Трымайцеся, трымайцеся, я ганаруся…» Е… ць! А гэта не ты толькі што распусціў Плошчу і ўсіх адправіў па дамах? Не ты кветкі пайшоў класці? Так х.ле ты ўсіх заклікаў сюды прыйсці?!
На апошніх словах Алег кінуў цагліну з асаблівай злосцю. Мы разбіралі старую печ на хутары. За садам, калі прайсці сенакосам метраў трыста, спускаешся акурат на залацісты нёманскі пясочак. Хутар Алег купіў зусім нядаўна. Купіў — для яе.
— Тыпу ты яго паслухаў, — усміхнуўся я.
— Не паслухаў, бо не для яго туды ішоў.
— Ну дык вось!
— Ай…
Хвіліны дзве мы моўчкі кідалі цэглу.
— «Х.ле зваў?» — гэта наогул самая лаканічная характарыстыка тых падзеяў, — зноў забурчаў Алег, не гледзячы ў мой бок. — Такое… народнае пытанне. Магчыма, рытарычнае.
— Пакаленне «Х.ле», — я зноў паспрабаваў перавесці размову на гумар. — А што? Класна гучыць! Усе ж думалі, што мы з табой — «пакаленне Х», «пакаленне Next» або «пакаленне Маладога фронту»… А мы — «пакаленне Х.ле»…
— Ай… парадак мае быць — і ўсё. З такімі …палітыкамі кашы не зварыш.
Алег нарэшце ўсміхнуўся, але неяк нядобра, зрабіўшы націск на слова «палітыкамі». У гэтым, зрэшты, быў увесь Алег. Двухметровы колішні баскетбаліст, з чубам на лоб і заўчасна пасівелымі скронямі. За рост у арганізацыі ён некалі меў мянушку Таполя.
Гэтым часам у пакой зайшла Віка, трымаючы лыжкі з відэльцамі, закручаныя ў рушнік. Відаць, акурат памыла.
— Вось ты, Вікторыя, чаму не была на Плошчы ў 2006-м? — з усмешкай павярнуўся да маладой жонкі Алег.
— А я не помню… Наверное, у подружки день рождения был.
— Ну вось табе, нацыя беларуская. Дзень нараджэння ў сяброўкі…
— А калі б не было дня нараджэння? — я таксама ўставіў свае пяць капеек, паглядзеўшы гаспадыні наўпрост у вочы.
— Да ну вас… — Віка махнула рушніком з лыжкамі пасля кароткай паўзы. — Есть идите.
Алегу ўвесь час трэба было ў нешта верыць. Патрэба служыць некаму чыталася ў прымружаных шэрых вачах ды выразных сківіцах. У іншай, «белчырвонабелай», Беларусі ён запраста зрабіў бы кар’еру мянта або вайскоўца.
Цяпер, расчараваўшыся ў партыях ды кандыдатах, за якія адматаў нямала па менскіх ізалятарах, Алег паверыў у сям’ю. Хутар з пакручанымі старымі грушкамі і драўлянымі коламі быў толькі прыдаткам, храмавымі інтэр'ерамі для яго новай рэлігіі.
Мы розныя з Алегам. Я, расчараваўшыся ў тых жа партыях і кандыдатах, перастаў верыць у будзьшто і будзькаго.
Спалі мы ўсе побач, у адзіным ацалелым ад часу і гвалтоўнай рэканструкцыі пакоі. Ложак жалезны нехта паспеў здаць на метал, мы леглі ў спальніках на падлозе, літарай «Г» чамусьці: яны двое і я адзін.
Алег абдымаў Віку, агарнуўшы яе грудзі і ўсю крохкую постаць сваёй рукой, затуліўшы няголены твар у россыпы чорных валасоў. Гэтым часам рука Вікі сціскала маю пад пухавіком, які я паклаў сабе пад главу. Так усю ноч і праспалі — не зварухнуўшыся.
* * *
— Не уходи, останься… Просто побудь тут.
Парожнія пляшкі прыбраныя з моцнага, як Алегавы далоні, дубовага стала на падлогу. Відэльцы сумуюць побач з талеркамі з зацемненага шкла. З вокнаў пустой пакуль кватэры ў шматпавярховіку ўдзень бачныя ўсе ваколіцы: палі, лясы, дарога на Польшчу. Цяпер усю прыгажосць схавала жнівеньская ноч, з падаючымі зоркамі ды чорнай душой.
Алег затрымаўся і заночыў сам на хутары, бывае. Мы ўдваіх.
— Скажи, Володечка, ну почему ему так тяжело просто позвонить мне?
— Гоніш, ён жыве для цябе.
— Ну, я понимаю… А позвонить?
Яе сп’янелыя цёмныя вочы ўтаропіліся ў мяне. Ці разумее яна, што пляце? Яе сэрца білася хутчэй, чым звычайна, анамальны рытм дыхання быў заўважны па схаваных пад чырвонай цішоткай грудзях. Яна сядзела, адкінуўшыся на спінку крэсла, а чорныя валасы спадалі на твар ды злёгку прыкрывалі левае вока.
— Я пайду, позна ўжо.
— Ну, пожалуйста, caro mio…
Калі яна прыўзнялася, каб нешта ўзяць са стала, я машынальна падцягнуў яе да сябе і пасадзіў на калені. Адчуў пах яе валасоў, а вусны крануліся шыі. Я запомніў, што яна насіла ланцужок, бо ён трапіўся мне на язык…
Праз гадзіну я выйшаў з пад’езда ў пустую бетонную скрыню двара. Самыя раннія птушкі яшчэ не прачнуліся, на працу ніхто не спяшаўся. Надыходзіла нядзеля.
У той перадранішняй цішыні я ўпершыню ў жыцці пачуў, наколькі голасна ў пустым двары можа звінець посуд, які мые самотная жанчына на пятым паверсе. Жанчына, якая не хацела цябе адпускаць.
* * *
— Вазьміце за аднаго, — перадаю складзеныя купюры кіроўцу маршруткі.
Скрозь запацелую шыбу мільгаюць агні святлафораў ды ліхтароў начнога горада, акурат праязджаем раён панэльных хрушчовак. Дамоў не бачна, адно святло ад вокнаў — нібы вочы ва ўтульны космас сямейнага жыцця. Недзе яшчэ чакаюць, недзе ўжо дачакаліся ды селі за стол, недзе леглі ў ложак… Ліе халодны вераснёўскі дождж.
— Ты уже подъезжаешь?
— Так, пяць-сем хвілін.
— Хорошо, я под козырьком возле магазина «Охотник», возле арки который.
— Зараз буду.
Голас Вікі троху ўсхваляваны, мабыць, зноў пасварыліся, збегла з дому. Пагуляем? Пагуляем, чаму не. Я нават парасон дастаў, чорны з моцнымі сталёвымі спіцамі ды драўлянай разьблёнай ручкай, які набыў калісьці ў варшаўскім антыкварыяце каля Барбакану.
Гэпнуўшы дзвярыма белай «газэлі», я скіраваўся да перахода. Казырок, прыпынак, «Охотник»… Адышла? Куды і навошта? Акурат жа званіла… На гадзінніку адзінаццатая, вакол ні душы. Паазіраўшыся, ныраю ў арку, трэба спраўдзіць двор. Сметніцы, будка, прыпаркаваныя аўто, жанчына ў вязаным берэце з сабакам.
— Вы не відзелі дзевушку с чорнымі курчавымі валасамі, маево роста?
— Нет, — цётачка шарахаецца ад мяне ды цягне свайго гадаванца да пад’езда.
Тэлефон… пайшлі гудкі. Скідае. Яшчэ. Яшчэ раз. Пасля трэцяга — «Абанент часова…» Ну, якія варыянты? Вядома, найгоршыя. Выпадковы вулічны напад. Або помста маіх «старых знаёмых», якія вырашылі націснуць на блізкага чалавека. Закінулі ў машыну і павезлі. Або сама псіханула, развярнулася і пайшла дадому… Чаму не?
Не, яна б так не зрабіла. Ніколі.
Час. Час у гэты момант я навучыўся адчуваць фізічна. Кожная хвіліна скатвалася халоднай кропляй па твары, бегла за каўнер. Чым больш набягала кропляўхвілінаў, тым менш заставалася шанцаў на аптымістычнае заканчэнне вечару, а мо і не толькі вечару.
Дождж трохі сціх, калі я наматаў трэцяе кола: прыпынак, крама, брама, двор, сметніца, праход між дамамі… Тэлефон паранейшаму недасяжны. Застаецца… найгоршае. Будзь што будзе. Набіраю Алега.
Доўгія гудкі. Адзін, другі, трэці, пяты… Калі чалавек не здымае пяты, можна не чакаць далей. Я не памятаю, колькі я чакаў і колькі набіраў. Ёй. Яму. Без толку.
Што далей? Ёсць, канешне, Віктар Іванавіч, даўнішні сябар пры пагонах, да якога можна звярнуцца… Але што сказаць? Знікла сяброўка… жонка сябра… майго сябра… майго… мая… мая Віка.
Вецер разагнаў хмары, дождж пайшоў на Наваградак і Менск.
— Але, это я… — голас у слухаўцы шаптаў. — Все хорошо, Володечка. Прости меня. Я все объясню… Завтра.
…зранку, мяркую, прыбіральшчыца здзівілася, знайшоўшы на прыпынку «Магазин „Охотник“ у сметніцы элегантны чорны парасон з разьблёнай ручкай.
* * *
— Вы разминулись, буквально на пару минут, понимаешь?
Біблейныя вочы гэтым разам былі схаваныя за чорныя акуляры, у якіх адбівалася неба з контурамі імклівых аблокаў. Мы сядзелі на разбітых лавах старога савецкага стадыёна непадалёк ад Нёмана. Лавы засталіся з часу майго дзяцінства: з надпісамі, выбоінамі, сардэчкамі ды наіўнымі мацюкамі. Мілота!
— Когда ты мне звонил из маршрутки, его машина уже подъезжала. Он вышел… Я его только по куртке узнала, как будто совсем другой человек. Он ударил меня по лицу, аж в глазах потемнело… Потом взял за волосы… кинул в машину.
Я не бачыў яе вачэй за акулярамі, але адчуваў, што яна саромеецца глядзець у мой бок. Яна сціскала вусны ды часпочас шморгала носам. Слёз я не заўважыў.
— Он привез меня домой, устроил допрос. Посадил на табурет посреди кухни и спрашивал, спрашиввал, спрашивал…
— Аб чым?
— Почему я к нему „так“ отношусь.
— А куды пайшла сярод ночы, не пытаў?
— Сказал, что ему без разницы.
За футбольным полем вецер гуляўся кронамі маладых таполяў. Праз год дваццаць яны стануць сапраўднымі волатамі, а ўжо праз трыццаць які-небудзь боўдур надумае іх спілаваць. Прычым сам не спілуе, а напіша данос у зелянгас. Гэта ж праца зелянгаса — пілаваць. „Данос на дрэва“ — смешна і сумна…
— Потом у нас был секс… и он заснул. А я позвонила тебе.
— Я набіраў яго, калі не мог цябе знайсці. Ён бачыў?
— Я все почистила с телефона. Он крепко спит. Особенно если поработает хорошо.
Шматзначнасць апошняй фразы выклікала ўсмешку, цяпер ужо я адвярнуўся. Віка нарэшце зняла акуляры ды ўтаропілася ў мяне пачырванелымі заплаканымі вачыма. Левае вока было падбітае.
— Прости меня, пожалуйста, Володечка. Я пойму, если ты вообще со мной разговаривать не захочешь… Я виновата.
Яна сціснула маю далонь, а лбом прыхілілася да пляча. Абняць Віку мне чамусьці ў гэты момант не хацелася, але і злосці я ўжо не адчуваў. Нічога не адчуваў.
Калі вецер зноў закалыхаў верхаліны таполяў, я ўсё ж такі накінуў на яе сваю куртку ды прытуліў да сябе. Ці мала што.
* * *
Перада мной чысцюткі вордаўскі дакумент з пульсуючым курсорам. Нібы разасланы абрус, які гаспадары пакуль не аздобілі стравамі ды выпіўкай. Трэба пісаць нешта, працоўны дзень ужо бадай дагарэў. Хутка дадому…
„Глядзі што, тут пара імёнаў — чытанеш ды адпішаш, ці што выбрала.
Бірута. Так звалі жонку князя Кейстута, якая да пары прыслужвала пры паганскім капішчы Зніча. Мама князя Вітаўта.
Данута. Вельмі крутое імя, ёсць такі раман у Аляксея Карпюка, а яшчэ — ёсць паэтка Данута Бічэль, душа і голас Заходняй Беларусі.
Рагнеда. Полацкая князёўна, бацьку якой заваліў кіеўскі князь Уладзімір. Яе саму згвалціў ды ўзяў у жонкі. Рагнеда тае крыўды не забылася ды праз нейкі час хацела зарэзаць Уладзіміра ўначы, але няўдала. На тым ёй бы і канец, але заступіўся сын, таму Уладзімір расчуліўся і захаваў абаім жыццё.
Апошняе імя, я ўпэўнены, самае ўдалае“.
Напісаць ліст… Далучыць… Каму: [email protected] Тэма: Імёны для Вікі.
Я не трымаў аніякага зла, але крыўда пад рэбрамі, відаць, засела назаўжды. На каго і за што — не магу зразумець. Ці магло б быць інакш і як менавіта — таксама. Яна палічыла, што перастала быць мне цікавай, калі ўбачыла мяне на вуліцы з іншай праз месяц пасля… Хай лічыць.
Я думаў, што паставіў для сябе моцную заслону ў тую дажджлівую „ноч знікненняў“. Памыляўся. Усё скончылася на наступны дзень. Але не на стадыёне, дзе мы ўчапіліся адно ў аднаго на тым вятрыску, а праз паўгадзіны. З акна аўтобуса я ўбачыў, як яна павольна, троху хістаючыся, у сваіх чорных акулярах ідзе ў бок аўтамайстэрні, дзе працаваў Алег.
Будзь шчаслівая, carina mia, а мне час ісці. На двары ліе халодны лістападаўскі дождж, акурат як у тую ноч.
Добра, што парасон ёсць — чорны, з моцнымі сталёвымі спіцамі ды разьблёнай драўлянай ручкай: тыдзень таму на дзень нараджэння нечакана падарыў Алег, мой сябар.