Людзі і справы

Памятаеце Улада — выпускніка, які выступіў на лінейцы ў 2020-м? Ён кінуў універсітэт, расчараваўся ў палітыцы і завёў канал на YouTube

Чатыры гады таму Уладзіслаў Рымашэўскі ўразіўся Сяргеем Ціханоўскім і заклікаў на школьнай лінейцы да пераменаў. Пакуль яго аднакласнікі атрымлівалі вышэйшую адукацыю, ён перабраўся ў Польшчу, кінуў універсітэт, аб’ехаў паў-Еўропы і расчараваўся ў палітыках і палітыцы. Рэдакцыя Hrodna.life запісала гісторыю сталення хлопца.

Вы сказалі, што былі вельмі занятыя апошнія два дні. Чым займаліся?

Былі сямейныя праблемы, я б іх хацеў сабе пакінуць. Сям’я, пераезды ў Польшчу. Трэба было сям'і дапамагаць. А так як бы і без гэтага ўвесь час вельмі заняты цяпер. Праца, праца, праца. Так ужо апошнія два гады.

Праца, не вучоба?

Я па праграме Каліноўскага вучыўся цэлы год. Гэта была «зэруўка», вывучэнне польскай мовы. Я вывучыў польскую, здаў іспыт, паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт на паліталогію. Не спадабалася абсалютна. Я нават першую сесію не здаваў, таму што зразумеў, што не маё, не цікава.

Апошнія два гады сам займаюся самаразвіццём і тым, што цікава для мяне. У наступным годзе я, верагодна, буду вучыцца ва ўніверсітэце. Хачу больш дакладна зразумець, што будзе цікава, важна для мяне.

Чытайце таксама:

Здавалася, што палітыка, паліталогія — як раз «ваша». Што не пайшло?

У 2021 годзе так здавалася. Потым задумаўся, чым хачу займацца ў жыцці. І зразумеў, што больш цікавая творчасць, а не палітыка, дыпламатыя. Я проста хадзіў на ўніверсітэт на гэтыя пары і не разумеў, чаго я там сяджу, праседжваю па 6−8 гадзін, вывучаю нейкую гісторыю Польшчы. Плюс ва ўсіх польскіх універсітэтах дастаткова рэлігіі нейкай прыплятаецца.

Там былі незразумелыя пары, звязаныя з касцёлам. Было літаральна пару цікавых пар, якія мне падабаліся.

Пасля інтэрв'ю рэдакцыя Hrodna.life азнаёмілася з вучэбнай праграмай 2021 на спецыяльнасці «Паліталогія» ў Варшаўскім універсітэце і не знайшла там прадметаў, звязаных з касцёлам. Але сапраўды сярод абавязковых прадметаў была найноўшая палітычная гісторыя Польшчы.

Але ў цэлым аб вышэйшай адукацыі вы думаеце? Хочаце яе атрымаць?

У наступным годзе планую. Ёсць некалькі варыянтаў, куды пайсці, але дакладна не ведаю. Філалогія — гэта проста вывесці англійскую і іспанскую мовы на гутарковыя мовы. Англійская са школы вучылася і пастаянна ва ўсіх падарожжах выкарыстоўвалася. Іспанскую два гады вучыў сам. Гаварыць па-іспанску вельмі складана, але нешта разумеецца. Іспанія — гэта наогул любоў з самага дзяцінства, звязаная з футболам, «Барселонай» (футбольны клуб — Hrodna.life). Таму разглядаю наогул і пераезд у Іспанію, і працу, звязаную з Іспаніяй. Калі вучоба, то хутчэй за ўсё, іспанская філалогія з другой мовай ангельскай.

А цяпер дзе працуеце?

Цяпер не працую, падпрацоўваю. Я два гады працаваў кур’ерам у Варшаве на звычайным ровары. Працаваў, працаваў. Абзаводзіўся знаёмымі. У дастаўцы ўсе працавалі на роварах, на скутэрах. І з’явілася шмат знаёмых, якія арандавалі скутэры ў буйных кампаній. Я падумаў, чаму б не зарабіць грошай і не заняцца тым жа самым, каб плацілі грошы мне? Купіў скутэраў і займаюся арэндай. Здаю сродкі для дастаўкі ў арэнду і на гэтыя сродкі жыву.

Калі надакучае сядзець дома, магу сам узяць скутар і паехаць пару гадзін папрацаваць у дастаўцы, каб абстаноўку змяніць.

Уладзіслаў Рымашэўскі. Фота з архіва героя

Ну, малы бізнес, які пакрывае выдаткі на жыццё і дае магчымасці для камфортнага жыцця, для падарожжаў.

Памятаю, што плюс-мінус у вашым узросце маім аднакласнікам было страшна паступіць не ў той жа год, «страціць» яго. Цяпер гэта здаецца смешным. Ці ёсць у вашых аднагодкаў, у вас такое?

Я вось гляджу на сваіх аднакласнікаў. Чатыры гады таму якраз быў выпускны. Цяпер у Беларусі тыя, хто сканчаў чацвёрты курс, ужо дыпломы забіралі. Я вось часам задумваюся, гэта са мной нешта не так ці ў іх неяк наогул усё па плане? Не ведаю, у кожнага, напэўна, свой шлях. Я ні пра што не шкадую. У іх дыпломы, у мяне куча вопыту за ключамі. Паў-Еўропы аб’ехаў, шмат чаго ўбачыў, шмат чаго паспрабаваў. Таму… не шкадую, дакладна не шкадую. Вучоба яшчэ наперадзе.

Для цяперашняга пакалення вышэйшая адукацыя — гэта важна?

Думаю, гэта індывідуальна. Можна адштурхоўвацца ад таго, чаго ты хочаш ад жыцця. Я ў 17 гадоў наогул гэтага не ведаў, не разумеў, што я хачу. Не трэба спяшацца ва ўніверсітэт.

Мне асабіста спатрэбілася тры гады, каб плюс-мінус зразумець свае мэты і жаданні. І цяпер для гэтага вучу мовы і развіваюся ў тых сферах, якія мне цікавыя. Я апошнія паўгода займаўся YouTube. Стварыў свой YouTube-канал, падарожнічаў па Еўропе, здымаў влогі з футбольных матчаў, з фанатамі футбольнымі. Гэта значыць, мне цікавая праца, напэўна, журналіста, сцэнарыста, рэжысёра.

Уладзіслаў Рымашэўскі. Фота з архіва героя

Маёй памылкай было тое, што я проста максімальна прасякнуўся YouTube і пяць месяцаў займаўся толькі ім. Я забіў на ўвесь бізнэс, які быў у Польшчы. Мне давялося падарожнічаць за грошы, якія былі адкладзеныя, і ўкладваць адкладзеныя грошы ў бізнэс. А паралельна грошы не прыносіліся, бо не хапала часу на тое, каб гэтым займацца.

І ў траўні грошы скончыліся. Я такі сяджу і думаю: нешта я не так зрабіў. Я зразумеў, што памылка была ў тым, што трэба было ўсё роўна пакідаць час, каб усё працавала, прыносіла прыбытак.

Таму травень і пачатак лета былі накіраваны на тое, каб разгрэбці даўгі і аформіць бюджэт, каб свабодна падарожнічаць. І кожны месяц выдзяляць € 1000 на вандроўкі і на YouTube.

Калі сярэдняя сума ад бізнэсу была € 2000 у месяц, то гэтыя паўгода — € 300−400. І яно ўсё ішло ў мінус. І я проста прыйшоў у кропку, калі ўсё скончылася. Таму ўсё будзе паступова. Цяпер перапынак наогул у футболе. Са жніўня, з верасня планую зноў гэтым так канкрэтна займацца, каб быў пэўны добры прыбытак са скутэраў і гэтыя грошы ўкладваць у развіццё сябе на YouTube.

Як раздаў € 4000 ад фондаў

Вы пісалі, што 10 месяцаў шмат працавалі, шмат энэргіі давалі на барацьбу з рэжымам. Што менавіта вы тады рабілі?

Пасля выпускнога праз месяц мы з сям’ёй з’ехалі ва Украіну. Аб’яднаны штаб Ціханоўскай параіў пакінуць краіну. Ва Украіне я здымаў відэазвароты да сілавікоў, звароты да моладзі. Як прадстаўнік, які «адзначыўся» два месяцы да гэтага. Яны публікаваліся ва ўсіх медыя.

На выбары я ў Беларусь не вяртаўся. А потым пратэст пачаў спадаць. Зразумеў, што гэта надоўга. І … трэба было ўжо прывыкаць да новай рэальнасці. Тое, што ў Беларусь мы вернемся не хутка. Але… пратэсты працягваліся яшчэ месяцы тры-чатыры. І пакуль гэта ўсё працягвалася, ты не мог нічога не рабіць. Вельмі шмат беларусаў з’язджала. Вельмі шмат дапамогі накіроўвалася беларусам, знаёмым, незнаёмым людзям, якія знаёміліся са мной.

Уладзіслаў Рымашэўскі ў Гродне. Фота з архіва героя

Пасля ўсіх гэтых, так бы мовіць, маіх выступаў, я стаў нейкай фігурай вядомай. Я моцна ў фонды не звяртаўся, фонды самі мне пісалі. Мне адразу напісаў BYSOL, украінскія фонды. На той момант мне было 17 гадоў. І мне за тыдзень-два ў суме насыпалі € 5000 ад фондаў. Я як бы ад гэтай дапамогі не адмаўляўся. Таму што мне таксама трэба было за нейкія грошы жыць. Мне яшчэ бацькі там мінімальна дапамагалі. Яны аплачвалі першы час жыллё і дапамагалі нейкімі капейкамі. € 5000 проста ляжалі, напэўна, да самага Новага года. Я тысячы чатыры мінімум раздаў беларусам, якія з’язджалі сем’ямі, звярталіся па дапамогу. Плюс дапамагаў юрыдычнай дапамогай, у афармленні віз, з адаптацыяй, асіміляцыяй у Польшчы, дапамагаў шукаць кватэры.

BYSOL паведаміў Hrodna.life, што не можа даць інфармацыю для тэксту.

Усё пачалося і асабіста ў мяне, і, напэўна, у беларусаў у цэлым, з Сяргея Ціханоўскага. І мне стала вельмі цікавая яго гісторыя. Плюс мы пазнаёміліся са Светай, са Святланай Ціханоўскай у момант выбараў. І нешта так прасякнуўся іх гісторыяй, іх сям’ёй. Вельмі сімпатызаваў сам Сяргей як чалавек. І вельмі хацелася пра яго зрабіць нейкі фільм. Таму месяцы два-тры сустракаўся ў Варшаве, у Вільні з яго знаёмымі, сябрамі дзяцінства. Тэлефанаваў нават людзям у Маскву, у Штаты. Было вельмі шмат інтэрв'ю.

І паўгода мантаваўся фільм. Ён мантаваўся, мантаваўся. Але я яго не апублікаваў. Я гэтыя файлы аддаў «Белсату», яшчэ там нейкім журналістам. Яны гэтыя файлы выкарыстоўвалі ў сваіх матэрыялах.

А наогул, дзесьці ў мяне там пыліцца гэты фільм. Але я яго вырашыў не публікаваць. Таму што, калі гэты фільм ужо быў гатовы, я нешта так расчараваўся ў пратэсце, што… і потым яшчэ мая ўласная псіхатэрапія на паўгода. І я вырашыў гэтыя інтэрв'ю пра Сяргея проста раздаць СМІ. Можа, калі-небудзь апублікуецца. Але не дакладна.

Што вы за тэрапію асабістую зразумелі? З якой мэтай вы туды пайшлі?

Гэта было з-за накручвання сябе, што я раблю недастаткова. Таму што… гэта быў такі сіндром ахвяры … вось людзі ў Беларусі ў турмах сядзяць. А я тут буду па Еўропе падарожнічаць, радавацца жыццю. Напэўна, месяцы два-тры спатрэбілася, каб гэта прыняць. А далей былі нейкія сямейныя пытанні.

Дапамагло?

Так, папусціла. Я зразумеў, што трэба займацца сабой. У мяне тады ўжо, дарэчы, доўжылася вучоба паўгода. Я паўгода не мог вучыцца. Я нават на пары не хадзіў. Таму што не мог. Стан не дазваляў. А пасля псіхатэрапіі літаральна за два-тры месяцы як бы адумаўся. Прыняў гэта ўсё. За два-тры месяцы вывучыў польскую. І пайшоў, здаў іспыт. Паступіў ва ўніверсітэт.

Вы пісалі, што затрыманне Ціханоўскага было паваротнай падзеяй у вашым жыцці. Калі вы пісалі пост, што злосць не адпускала. Як вы цяпер гэтыя падзеі ацэньваеце?

Маё меркаванне не мяняецца — калі б Ціханоўскі не пачаў пратэставаць, то наўрад ці ўвогуле нешта было б. Гэта вельмі моцна паўплывала на мяне. Гэта стала прычынай пратэсту на выпускным. Я думаю, што гэты асадак [злосці] застаецца ў кожным у Беларусі. Гэта немагчыма забыць. Але па сённяшняй сітуацыі, на жаль, ніякіх перадумоў да пераменаў няма. І… з гэтым проста трэба жыць. Мы зноў вяртаемся да сіндрому ахвяры. Калі накручваць сябе, што Ціханоўскі ў турме, а мы тут, то з гэтага нічога не будзе. Але гэта трэба прыняць як факт, на які мы не можам паўплываць.

Уладзіслаў Рымашэўскі і Святлана Ціханоўская. Фота з архіва героя

Унутрана ты адчуваеш, што не павінна так быць. Многія беларусы, у каго ёсць гэтая злосць, крыўда на несправядлівасць, зноў будуць удзельнічаць у гэтым руху. У тым ліку і я.

Вы пісалі, што чыталі шмат рэвалюцыйнай літаратуры, кіно глядзелі. Што гэта была за літаратура?

Гэта было ў 20-м годзе. На фоне пратэстаў вар’яцка захапіўся літаратурай і гэтым кіно. Я проста дасканала вывучыў рэвалюцыю 1917-га года, усе фільмы, напэўна, перагледзеў. Пра Чэ Гевару глядзеў. Чытаў рэвалюцыйную літаратуру Максіма Шабуцкага. Гэта наш такі беларускі рэвалюцыянер. Ён пяць гадоў пісаў кнігу «Операция Багратион» на 600 старонак. Ён мне паабяцаў медаль выдаць і сказаў, што я першы чалавек, які прачытаў ягоную кнігу. Шмат чаго вывучыў гістарычнага. З таго, што чытаў, адзіны план звяржэння рэжыму Лукашэнкі - гэта быў план Максіма Шабуцкага.

< … > Проста глядзіш на карціну, бачыш, якая ўлада ў Пуціна, у Лукашэнкі, і становіцца страшна. Нават не верыцца, што можна нешта памяняцца. А з іншага боку, калі знойдуцца людзі, гатовыя ўзяцца за гэта, паўнавартасныя рэвалюцыянеры, хто прысвеціць гэтаму жыццё, вядома, усё магчыма.

Бруд і амбіцыі беларускай апазіцыі

Што не так з беларускай апазіцыяй? Вы пісалі пра бруд, пра тое, што расчараваліся ў кімсьці.

Я зараз адкажу адным пытаннем. Што яны зрабілі за чатыры гады? Я ніякіх канкрэтных вынікаў не бачу. Ніводнага нават вызваленага палітычнага зняволенага. Тое, што яны стварылі Каардынацыйныя Рады, гэтыя НАУ, яшчэ нейкія цяпер былі выбары, нейкая новая Каардынацыйная Рада.

Я там нават удзельнічаў. Мяне запісалі нават у нейкую партыю. Проста для піяру. Здаецца, нават большая частка маёй партыі прайшла ў гэтую Каардынацыйную раду. Для мяне гэта проста распілоўванне грошай, распілоўванне грантаў.

Разумееце, у Еўропе, у Літве, у Польшчы, усё робіцца ў рамках заканадаўства, у рамках еўрапейскай юрысдыкцыі. А так рэвалюцыі не робяцца.

Уладзіслаў Рымашэўскі. Фота з архіва героя

Як я разумею, ні ў адной з гэтых арганізацый, ні ў офісе Святланы Ціханоўскай, няма ніводнага чалавека, які б вось устаў і сказаў бы, што вось прайшоў месяц — за месяц мы зрабілі вось такую працу, за год вось у нас такі вынік. «Мы сустрэліся з гэтым міністрам, мы сустрэліся з гэтым міністрам». Але гэта настолькі нязначна.

Калі б я пайшоў у нейкія нашы арганізацыі, я б не змог там працаваць. Як па мне, гэта проста самападман і праца дзеля працы. Калі ты робіш працу, то рабі на вынік. У нас гэта проста ілюзія, абы быў заробак і стабільнасць, я за мяжой бачу гэта так.

Вы казалі, што самі хочаце стаць палітыкам, цяпер ужо не?

Магчыма, у 20-м, 21-м годзе яшчэ былі такія думкі. Ведаеце, я такое казаў, напэўна, на нейкім юнацкім папулізме і веры, што ўсе нашы палітыкі, якія змагаюцца з рэжымам Лукашэнкі, такія светлыя, беленькія, што гэта Людзі, на якіх трэба раўняцца. А калі ты… я проста папрацаваў у NEXTA паўгода. Са Сцёпам (Сцяпан Пуціла, стваральнік NEXTA — Hrodna.life) мы пазнаёміліся, з беларускімі блогерамі.

Ты проста бачыш вось гэта ўсё знутры. І ты бачыш там столькі бруду, сварак, лаянкі. Людзі пераследуюць свае амбіцыі. І праз іх не могуць знайсці агульную мову дзеля агульнай справы. Пасля гэтага, вядома, карцінка мяняецца. Ты разумееш, што ты не хочаш наогул у гэтым прымаць удзел.

Я — звычайны грамадзянін Беларусі. Ніяк не хачу замешвацца ў палітычнай дзейнасці. Але калі будуць нейкія перспектывы звяржэння Лукашэнкі, я буду ў гэтым удзельнічаць як звычайны грамадзянін, звычайны чалавек. Што змагу, тое і зраблю. А кіраваць вось гэтым, станавіцца нейкім палітычным лідэрам або рэвалюцыянерам, напэўна, няма.

А расшыфруйце, калі ласка, што значыць «бруд» і «свае амбіцыі».

Я не хачу называць прозвішчы, але я расчараваўся ў многіх нашых лідарах. Людзі проста пераследуюць свае амбіцыі дзеля грошай. Ну, вось самы просты прыклад. Гэтыя прыклады былі і ў Каардынацыйнай Радзе. Калі там, груба кажучы, ёсць агульная мэта, але кожны змагаецца за пасаду вышэй.

Самая жесть дзеялася ў NEXTA. Калі людзі проста нагаворваюць адзін на аднаго за спіной, каб не працаваць з калегам. Там была сітуацыя, напэўна, калі прыйшоў адзін чалавек. І вось гэты калега проста нагаворваў на ўсіх супрацоўнікаў. Абсалютна на ўсіх. І з-за гэтага з штата ў 15 чалавек сышло чалавек 10−12. І гэта адбывалася ўвесь час.

«Такі чалавек з намі ніколі не супрацоўнічаў (толькі адзін раз мы бралі ў яго інтэрв'ю), а ў офіс нашай рэдакцыі ён прыходзіў, можа быць, усяго два ці тры разы, паколькі з’яўляўся знаёмым аднаго з нашых супрацоўнікаў. Падазраю, што ўся інфармацыя аб нашай рэдакцыі ад яго можа быць прадузятая ці нават выдуманая, паколькі наш штат у 2020-м-пачатку 2021-га складаў усяго сем чалавек», — распавёў Hrodna.life Сцяпан Пуціла.

«Быў шок, што да лекара цяпер самому хадзіць трэба»

Як вам Польшча? Як адаптацыя ў Польшчы?

Адаптацыя, напэўна, больш ва Украіне праходзіла. Адаптацыя да дарослага жыцця, я б сказаў. Мы сям’ёй з’язджалі - мама, тата. Але яны ў жніўні вярнуліся. Гэта была нават не праблема адзіноты. Гэта была праблема, калі вось чалавек сутыкаецца з дарослым жыццём. Гэта рэчы самому сціраць, самому прыбірацца, самому ёсць рыхтаваць. Гэта быў шок першыя месяцы. Але хутка вучышся, хутка абвыкаеш.

Цяпер да доктара трэба самому хадзіць. Дакументамі усімі займацца трэба самому. Я ўжо сам прымаў рашэнне, дзе мне вучыцца. Альбо ў Кіеве, альбо ехаць у Польшчу. Сам выбіраў сабе жыццё.

У Польшчы ўжо былі новыя праблемы. Адаптацыя да мовы, вядома, была самая галоўная праблема. Я памятаю той дзень — я еду ў аўтобусе ў Варшаву. Я нават не ведаю, куды еду. У мяне тут ні жылля, ні людзей. Я думаю… вось я зараз прыеду, а што далей? І мне сам піша нейкі чалавек з Беларускага дома (Беларускі дом у Варшаве — Hrodna.life). «Нам сказалі, што ты едзеш у Варшаву. Нам сказалі цябе сустрэць і дапамагчы з жыллём».

Мяне адразу сустрэлі на вакзале. Далі жыллё на 10 дзён, бо быў каранцін праз «кавід». Заканчваліся гэтыя 10 дзён, а я не ведаю, што будзе далей. Мне напісала сям’я беларуская, якая пасля пратэстаў з’ехала, у якіх быў вялікі прыватны дом у Варшаве. Яны сказалі: прыязджай да нас жыць. Тры месяцы я пражыў у гэтай сям'і.

Уладзіслаў Рымашэўскі. Фота з архіва героя

На бежанства падаўся ў 21-ым годзе, калі 18 споўнілася — у сакавіку 2021 года я проста выдыхнуў і чалавекам сябе адчуў. 3,5 года я па гэтых дакументах жыву. Польскі пашпарт не за гарамі.

Як ваша сям’я? Ці падтрымлівае яна вас? Дзе яны цяпер?

Я, напэўна, не хачу пра гэта казаць. Таму што там цяпер усё вельмі складана. Ну, і ў мэтах бяспекі сям'і.

Пра футбол

Як вы з’явіліся ў Кубку Івуліна (аматарскі футбольны турнір, першапачаткова арганізаваны ў знак салідарнасці з палітзняволеным спартовым журналістам Аляксандрам Івуліным — Hrodna.life)?

Я ж не мог такую падзею прапусціць. Я з шасці гадоў займаўся футболам. Гэта мой самы вялікі запал, самая вялікая любоў у жыцці. У 2022 годзе я першы раз гэта ўбачыў. Я думаю, нічога сабе, вось гэта беларусы, малайцы, арганізаваліся ў падтрымку Сашы.

Сабраў людзей. Першы Кубак не моцна быў распіяраны. Я зразумеў, што хачу сваю каманду сабраць. Класна-класна адыгралі. Гэта эмоцыі на ўсё жыццё. Другі Кубак Івуліна ўжо прайшоў паўнавартасна — у разы больш людзей, чым на першым. Я паклікаў сябра, у якога быў лепшы сябар — Васіль Грудавік, беларус-добраахвотнік, які загінуў ва Украіне. І ў яго быў пазыўны «Атам». І ён прапанаваў назваць каманду наогул у гонар Васі, яго сябра. Мы так і назваліся. І з гэтага пайшла наогул гісторыя нашай каманды.

Футбол у цэлым аб’ядноўвае людзей — нават з рознымі светапоглядамі. Праз футбол мы транслюем Беларускія, сусветныя нават, праблемы.

Чаму «Барселона»?

Добрае пытанне, ніколі не задавалася. Гэта вось як у хлопца і дзяўчыны паспяховы шлюб, і яны распавядаюць, што гэта было каханне з першага погляду. Так у мяне было ў футболе. Мы з татам, напэўна, з шасці-сямі гадоў глядзелі футбол. І ўсё было такое аднастайнае, аднатыпнае. А потым у адзін дзень ты глядзіш футбол «Барселоны» і разумееш, што гэта табе сімпатызуе. Там быў такі проста гулец — Ліянэль Месі. Вось ёсць мільён футбалістаў. Усе плюс-мінус аднолькава. А ёсць вось Ліянэль Месі - і гэта наогул іншы ўзровень.

Потым зразумеў, што мне вар’яцка падабаецца філасофія клуба, гісторыя. Прынцыпы і каштоўнасці клуба.

Уладзіслаў Рымашэўскі. Фота з архіва беларуса

Як думаеце, чаму ў Беларусі фанатаў футбольных прэсуюць, затрымліваюць?

Футбольныя фанаты — вельмі свабодныя людзі. У іх на нейкіх інстынктах закладзена імкненне да свабоды. Свабода — такая рэч, якая аб’ядноўвае. І на Майдане ў 2014 годзе футбольныя групоўкі адыгралі велізарную ролю. І ў 2020 годзе — ёсць шмат відэа, як фанаты розных клубаў аб’ядноўваюцца. <…>

Светлыя, свабодныя людзі, якія ідуць за праўду. Чаму прэсуюць? Таму што рэжыму гэта не выгадна.

«Вялікае шанцаванне, што я не дзялю клетку з Ціханоўскім»

Як вы думаеце, якая была роля моладзі ў пратэстах?

Я б нават сказаў, адна з асноўных. Я думаю, што 1 верасня з’яўляецца таму пацвярджэннем, калі 100 тысяч студэнтаў выйшлі на пратэсты. Я памятаю свой выпускны. Як раз пра лета, вясна, калі гэтыя пратэстныя настроі спелі. Мяне не разумелі нават мае аднагодкі. Яны кажуць, куды ты лезеш? Пакуль цябе гэта не тычыцца да 18 гадоў, чалавек не будзе разумець. Я думаю, вялікую ролю адыгралі людзі ва ўніверсітэтах.

Якія ўжо паспелі павучыцца, убачылі нейкія безвыходнасці ў краіне. Можа, там нейкая карупцыя ва ўніверсітэтах. Зразумелі, як гэта ўсё ўладкована знутры.

Як думаеце, цяпер які-небудзь выпускнік мог бы выйсці на лінейку і выказаць тое, што ён думае пра ўладу?

Я б вельмі не рэкамендаваў. Я нават па сабе лічу, што гэта проста велізарнае шанцаванне, што я цяпер апынуўся там, дзе апынуўся. А не сядзеў бы недзе там, падзяляў клетку з Ціханоўскім. Зараз я б проста сказаў: дурань, пакінь гэта меркаванне пры сабе. Гэта не стане той падзеяй, трыгерам да тых жа выхадаў на вуліцу.

Але самі вы пра свой выступ не шкадуеце?

Я зрабіў так, як палічыў правільным, як наогул павінен быў паступіць кожны выпускнік у маёй гімназіі.

Як вашы аднакласнікі? Многія ў Беларусі засталіся?

На жаль, некаторыя блізкія сябры пасля 2020 года асцерагаюцца зносін са мной. Вось гэта трошкі балюча. Некаторыя рабяты, таксама вельмі-вельмі блізкія сябры, падтрымліваюць сувязь, маем зносіны. Магчыма, хтосьці плануе пераезд у Еўропу, я буду толькі рады ўбачыць сяброў — сяброў на ўсё жыццё. Няма ж жа больш блізкіх знаёмых, чым сяброў дзяцінства?

Дзе вы цяпер у цэлым сваю будучыню бачыце?

Я планую падтрымліваць бізнес, каб камфортна сябе адчуваць, і паралельна займацца любімай справай, укладваць у яго грошы. Для мяне гэта Youtube.

Жыць — з дзяцінства мара гэта заўсёды была Іспанія, рана ці позна гэта 100% адбудзецца. І, вядома ж, калі нешта ў Беларусі зменіцца, то гэта Беларусь. Я так у 15−16 гадоў сабе ўяўляў: паўгода жыць у Іспаніі і паўгода — у Беларусі.

Ці не сумна вам, ці не крыўдна вам, што менавіта на вашу маладосць, юнацтва выпалі падзеі ў Беларусі?

Гэта як раз самы энергічны жывы ўзрост, калі хочацца пастаянна рухацца. А я гэтую энергію быў павінен марнаваць на нейкае самовыжыванне і пабудову падушкі бяспекі. Апошнія тры гады я кожны дзень працую, працую, працую, таму што трэба. Жывучы за мяжой, у цябе няма іншага выбару.

Але гэта крута. Таму што я ўжо набліжаюся да той кропкі, калі ўсё будзе настолькі наладжана, што з гэтымі праблемамі ты не сутыкнешся. Большая частка гэтага шляху ззаду. Я ўжо вось-вось на тым этапе, каб атрымаць асалоду ад жыцця.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024