Людзі і справы

«Я быў пазначаным». Руслан Кулевіч распавёў ўсё пра затрыманне, суд і цкаванне пасля «сутак»

Некалькі тыдняў Гродна абмяркоўвае, ці насамрэч журналісту Руслану Кулевічу міліцыянты зламалі рукі пры затрыманні. За гэты час на рэпарцёра і яго жонку вылілі тоны бруду, а многія гараджане пытаюцца ў рэдакцыі Hrodna.life, чаму ён маўчыць. Руслан вырашыў падрабязна расказаць, што з ім адбылося і чаму ён маўчаў.

Гутаркі з АМАПам

За некалькі дзён да выбараў прэзідэнта адна з крыніц у гродзенскай міліцыі паведаміла мне, што на мяне многія «точаць зуб». Мне параілі быць акуратней, не стаяць у натоўпе і не высоўвацца.

Я не верыў, што мяне могуць затрымаць проста так. Падчас аднаго з перадвыбарных пікетаў я гаварыў з камандзірам гродзенскага АМАПа Віктарам Краўцэвічам і намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віталём Стасюкевічам. Яны прасілі не фатаграфаваць байцоў: маўляў, па здымках людзі могуць вылічыць супрацоўнікаў. Казалі, што я ведаю іх хлопцаў, і яны мяне ведаюць. Я сказаў, што выконваю сваю працу і фатаграфую толькі пры затрыманні. Я паабяцаў не фатаграфаваць проста так, на тым і разышліся.

Людзі падобныя да намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віталя Стасюкевіча і камандзіра гродзенскага АМАПа Віктара Краўцэвіча, 6 верасня 2020 года. Яны бываюць на большасці мірных акцый пратэсту ў моманты затрыманняў. Фота з тэлеграм-чата t.me/Grodno_strana

Усё змянілася ў дзень выбараў: з 9 жніўня па ўсёй Беларусі сталі масава затрымліваць журналістаў, у Мінску карэспандэнтаў білі, стралялі ў іх гумовымі кулямі. У Гродне ў дзень выбараў затрымалі прыкладна 6 журналістаў. Суткі іх пратрымалі ў следчым ізалятары або ізалятары часовага ўтрымання і адпусцілі. Амаль на ўсіх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і далі штрафы.

Надзявай камізэльку і працуй

Раніцай 11 жніўня я патэлефанаваў у прэс-службу УУС, гаварыў з афіцыйным прадстаўніком міліцыі Ігарам Белазёравым. Ён спытаў, чаму мяне не відаць у апошнія дні. Я спытаў, як працаваць журналістам, калі ў іх страляюць і затрымліваюць. Белазёраў сказаў апранаць сінюю камізэльку з надпісам «Прэса» і працаваць — «цябе і так усё ведаюць». Толькі потым я зразумеў, што гэтая камізэлька і стала пазнакай для майго затрымання.

Працоўнае месца Руслана Кулевіча ў рэдакцыі Hrodna.life. Такая камізэлька з надпісам «Прэса» была на Руслане ў момант затрымання

У той жа дзень я выпадкова сустрэўся ў цэнтры са старшынёй Гродзенскага гарвыканкама Мечыславам Гоем. Ён спытаў, чаму я не прыйшоў да яго, калі ён напярэдадні клікаў мяне ў гарвыканкам пагаварыць. Маўляў, нас у горадзе называюць сябрамі, і яму было няёмка, калі я адмовіўся зайсці. Я не пайшоў, бо пасля выбараў у выканкаме пастаянна знаходзіліся дзясяткі супрацоўнікаў міліцыі ў баявой гатоўнасці. Я меў права баяцца, што мяне там затрымаюць. Гой сказаў, што ніколі б мяне так не падставіў. Я верыў яму.

У канцы нашай гутаркі я спытаў, як працаваць у горадзе на акцыях пратэсту. Паводле мэра, туды наогул не трэба хадзіць. Гой даў зразумець, што на працу сілавікоў ён ніяк не можа паўплываць. Тады я ў яго спытаў: «Калі мяне затрымаюць, ці магу я вам патэлефанаваць?». Ён сказаў: «Звані».

«Тэлефануйце мэру»

У свае дакументы я ўклаў картку, на якім напісаў: «У выпадку затрымання, тэлефануйце старшыні Гродзенскага гарвыканкама М. Гою». Такую ж картку пакінуў калегам у рэдакцыі.

Увечары 11 жніўня я сустрэў жонку з працы. Мы павячэралі і паехалі катацца на роварах. Разумеючы, што ў гэтыя дні пішацца гісторыя нашага горада, у заплечнік я паклаў фотаапарат, аб’ектывы і камізэльку. Мы спыніліся ля назіральнай пляцоўкі на Гарнавых. У 100 метрах ад нас на гары сядзелі 10−15 чалавек. Яны нічога не выкрыквалі, былі без сцягоў.

У той момант на Старым мосце паказалася калона аўтамабіляў міліцыі. Я надзеў камізэльку, бо ўлады горада і УУС паабяцалі мне, што гэта гарантуе бяспеку мне як журналісту. Калі калона перасекла мост, мы з жонкай вырашылі зайсці ў краму аўтазапчастак на куце, каб не прыцягваць увагу міліцыі.

За намі ў краму ўварваліся людзі ў масках з крыкамі: «Ляжаць, сукі! На падлогу!». Я адразу сказаў, што журналіст, але гэта не дапамагло. Мяне паклалі і пачалі біць дубінкай.

Я чуў крыкі маёй жонкі і не разумеў, што з ёй адбываецца. Каб неяк выратаваць яе ад звяроў, я стаў крычаць: «Дзяўчыну не чапайце!» У той момант я ляжаў на падлозе і адзін з супрацоўнікаў спытаў маё прозвішча, я адказаў: «Кулевіч!». Тады ён сказаў: «Вось ты і папаўся! З-за такіх журналістаў, як ты, у краіне вайна». Пасля гэтага ён узяў мяне і павёў у аўтазак, выхваляючыся іншым сілавікам, што затрымаў карэспандэнта.

Мяне закінулі ў адзін з адсекаў, там ужо быў прадавец з крамы, у якой нас затрымалі. Мая жонка на той момант была ўжо ў аўтазаку. Я не бачыў, як яе затрымлівалі, толькі чуў, як яна крычала. Некаторы час мы з ёй яшчэ перакрыкваліся ў аўтазаку, але пасля нам прыгразілі расправай за размовы.

Самае страшнае

Цудам у аўтазаку у мяне застаўся тэлефон і я паспеў зрабіць некалькі званкоў. Спачатку я набраў мэру. Ён сказаў: «Я табе казаў туды не хадзіць! Навошта ты туды пайшоў?». Так наш размова і скончылася. Пасля я набраў брату і галоўнаму рэдактару Hrodna.life Аляксею Шоту, сказаў, што мяне збілі і затрымалі. Адзін з АМАПаўцаў у аўтазаку пачуў, што я размаўляю па тэлефоне, ударыў мяне дубінкай і адабраў тэлефон (усё гэта чуў Аляксей).

Нас павезлі. Па дарозе ў наш адсек аўтазака закінулі яшчэ двух хлопцаў. Яны распавялі, што іх затрымалі каля аўтавакзала — яны ехалі на машыне. Міліцыя разбіла ім шыбы і выцягнула на зямлю.

Калі аўтазак прыехаў у двор Кастрычніцкага РАУС, на вуліцы загадалі: «Выводзьце пазначанага — карэспандэнта!». Гэта гаварылі пра мяне.

Дзверы адчыніліся, я ўбачыў два шэрагі міліцыянтаў у чорных масках і з дубінкамі. Мяне паклалі на зямлю і сталі выкручваць рукі і ногі. Усе смяяліся і махалі дубінкамі. На мае крыкі, што я журналіст, яны ніяк не рэагавалі. Ці білі мяне там, я ўжо не памятаю, але ў той момант мне ўжо балелі рукі і ногі. Некалькі міліцыянтаў пацягнулі мяне ў закрытае месца, дзе сказалі стаяць тварам да сцяны. З-за моцнага болю я сеў на бетонную падлогу. Цягам 10 хвілін туды сталі прыводзіць іншых затрыманых. У асноўным гэта былі маладыя хлопцы, якія не разумелі, за што іх затрымалі і збілі.

Праз некаторы час мяне завялі ў нейкі бокс, там я прабыў каля 20 хвілін, а пасля мяне сталі весці па двары РАУС. Там было каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў. Ісці самастойна я не мог, з мяне пачалі смяяцца, тады я звярнуўся да сілавікоў: «Вы мяне ведаеце, чытаеце мае кнігі і артыкулы! Дапамажыце мне». Выйшлі два чалавекі і пацягнулі мяне на допыт.

Руслан Кулевіч на прэзентацыі сваёй кнігі «Горад адзін, успаміны розныя», 16 студзеня 2019. Фота: Ірына Новік

Пратакол затрымання складаў капітан, прозвішча я не запомніў. Спачатку ён грубіў, але пасля праверкі дакументаў яго стаўленне быццам палепшылася. Да яго ў кабінет пастаянна заходзілі іншыя супрацоўнікі, некаторыя пазнавалі мяне і ўсміхаліся. Пратакол затрымання я не падпісаў. Мяне абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт 23.34 КаАП).

Мяне прывялі ў двухмесную камеру. Гэта пакойчык плошчай 3−4 метры, драўляныя нары і адкрыты туалет з ракавінай. У камеры ўжо быў мужчына-будаўнік. Калі не памыляюся, яго ўзялі каля крамы на праспекце Янкі Купалы. З яго слоў, ён хадзіў па пакупкі. Праз гадзіну прывялі яшчэ аднаго мужчыну, яго затрымалі з жонкай дзесьці ў горадзе. Праз 30 хвілін у камеру прывялі інжынера, якога затрымалі на Старым мосце. Ён ішоў з працы, але слухаць яго ніхто не хацеў. Ідзеш па мосце, значыць — злачынец.

Кожны ў камеры падзяліўся сваёй гісторыяй і было зразумела, што ніхто не парушаў закон. Усіх затрыманых у той вечар білі і прыпісвалі ім удзел у несанкцыянаваным мітынгу. Заснуць першую ноч на драўляных нарах было немагчыма. Было чуваць, як па калідоры пастаянна вадзілі затрыманых. Дзе была мая жонка, я не ведаў. Гэтая невядомасць больш за ўсё не давала спакою.

«Я — кепскі суддзя, так і напішыце потым у сваіх мемуарах»

На наступны дзень суды пачаліся толькі каля 17:00. Нас не кармілі, а на пытанне пра ежу казалі: «Чалавек можа пратрымацца на адной вадзе 30 дзён». Мы пілі брудную ваду з крана ў камеры.

На суд мяне вялі па ўсім РАУС. Я зноў бачыў усмешкі міліцыянтаў і чуў: «О, карэспандэнт трапіўся». Суд праходзіў у кабінеце намесніка начальніка РАУС. Калі я туды прыйшоў, там ужо былі суддзя і яго сакратар. Суддзя быў знаёмы мне па палітычных працэсах над гродзенцамі яшчэ да выбараў. Здавалася, ён ужо хацеў прачытаць прысуд, але я сказаў: «Я — журналіст, мяне збілі і затрымалі». Ён папрасіў мае дакументы, потым выйшаў. Праз некалькі хвілін прыйшла жанчына і папрасіла на відэа прадставіцца і расказаць пра сябе. Як я зразумеў, гэта відэа яна хацела адправіць у прэс-службу УУС і спытаць, ці ведаюць яны такога журналіста. Пасля відэа патэлефанавала ў прэс-службу, размаўляла з Ігарам Белазёравым, які днём раней тлумачыў мне, што мне трэба проста працаваць у камізэльцы. Калі я не памыляюся, то менавіта яна сказала пасля званка, што «Кулевіч фактычна не журналіст». Ёй так патлумачылі.

Суддзя працягнуў разглядаць маю справу. Яшчэ некалькі хвілін і ён зноў выйшаў. А калі вярнуўся, то з парога сказаў: «Я — кепскі суддзя, так і напішыце потым у сваіх мемуарах». Ён сказаў, што нічога зрабіць не можа, і даў мне 7 сутак. У абгрунтаванне прынятага рашэння суддзя спаслаўся на «такую сітуацыю», больш ніякага даследаванні доказаў не было.

Перад тым як выйсці, я папрасіў сакратара суддзі патэлефанаваць брату і сказаць, што са мной усё добра, хай ён прыглядае за мамай і даведаецца, што з жонкай. Сакратар выканала маю просьбу, за гэта я ёй вельмі ўдзячны.

Новая камера і новыя суседзі

Пасля суда мяне павялі ў новую камеру на чатырох чалавек. Маімі суседзямі сталі супрацоўнік МНС (узялі за грамадзянскую пазіцыю), народны майстар-каваль (яго машына замінала праезду аўтазака) і ўладальнік фірмы (затрымалі як веласіпедыста). Апошніх дваіх пры затрыманні моцна збілі. Прыкладна праз дзве гадзіны нас перавялі на другі паверх у новую камеру. Мабыць, у РАУС рыхтаваліся да новых затрыманых. Бліжэй да ночы стала чутно, як міліцыя іх прывозіць — гэта доўжылася да глыбокай ночы. Да нас у камеру прывялі яшчэ трох збітых хлопцаў, іх затрымалі на машыне з нейкім жалезам. Яны вельмі хваляваліся і дзесьціпраз гадзіну іх перавялі ў іншую камеру. Яшчэ праз некаторы час да нас прывялі хлопца, якога затрымалі ў цэнтры горада. Ён ішоў з бара і спытаў у супрацоўнікаў міліцыі, як прайсці ачапленне. Яго даставілі ў ІЧУ са зламаным зубам. Яго потым таксама перавялі.

Другую ноч у камеры заснуць было вельмі цяжка. Есці не хацелася і не бянтэжылі нават драўляныя нары. Адзінае, што мяне мучыла — дзе жонка? Я не ведаў, што з ёй.

Прачнуліся рана раніцай. Хтосьці з хлопцаў пагрукаў у дзверы і папрасіў наглядчыкаў, каб прынеслі якія-небудзь таблеткі ад болю. У каваля былі праблемы з рэбрамі, мы думалі, яны зламаныя. Ва ўладальніка фірмы балела нага, яна была ўся сіняя. У мяне апухлі рукі. Наглядчыкі нашу просьбу выканалі.

Сняданку ў нас не было. Пра харчаванне і матрацы ніхто нічога не казаў. Але мы разумелі, што рана ці позна нас пакормяць. Пакуль замест ежы нам далі пачытаць кнігі: «Новы запавет» і штосьці мастацкае пра пустыню і прынцэсу.

Передачка, абед і матрацы

Бліжэй да абеду трэцяга дня адчынілася «кармушка» (акенца, дзе перадаюць ежу арыштантам), наглядчык назваў маё прозвішча і сказаў, што прыйшла перадача. У пакетах я ўбачыў вопратку з дома, ежу і сваю кнігу «Гісторыі з гродзенскіх вуліц». Я зразумеў, што перадача ад жонкі. Значыць, з ёй усё добра. Я сеў на нары і заплакаў ад шчасця.

Жонка перадала шмат ежы і вады, а таксама чатыры зубныя шчоткі і пасту. З гэтымі запасамі можна было працягнуць тыдзень усім нам. Пасля вызвалення я даведаўся, што жонка два дні са сваякамі і неабыякавымі людзьмі дамагалася, каб яе перадачку прынялі.

Не паспелі мы парадавацца передачцы, як зноў адчынілася «кармушка». Нам перадалі чатыры бутэлькі вады і печыва. Пазней мы ўбачылі на бутэльках надпіс «Вадохрышчанская» і зразумелі, што гэта пасылка ад праваслаўнай царквы. Як аказалася, гэта была ініцыятыва святароў: пад ІЧУ яны прывезлі цэлы бус прадуктаў і рэчаў першай неабходнасці.

Прайшло некалькі хвілін і нас парадавалі абедам. Праз «кармушку» кожнаму перадалі суп і макароны з катлетай. Шчыра, цалкам нядрэнны абед у сталовай. Нас упершыню пакармілі.

Пасля абеду нам выдалі матрацы і пасцельную бялізну. З новымі ўмовамі ў камеры мы настроіліся спакойна адседжваць свае суткі. Я нават пачаў хлопцаў знаёміць са сваёй кнігай і яе героямі. Незвычайная прэзентацыя атрымалася.

Бліжэй да вячэры да мяне прыйшоў адвакат, якую наняў галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. Яна распавяла пра абстаноўку ў горадзе і краіне. Я папрасіў яе абскардзіць рашэнне суда. Сам пісаць скаргу не змог з-за болі ў руках, толькі падпісаўся пад напісаным прама на месцы тэкстам. Дамовіліся сустрэцца праз некалькі дзён.

Вызваленне

Толькі мы павячэралі, як нам сказалі збіраць рэчы. Мы думалі, што ў РАУС рыхтуюць камеры да чарговых затрыманняў і нас перавязуць у іншы горад. Але наглядчыкі сказалі, што нас вызваляюць. У гэта было цяжка паверыць. Усіх вывелі з камеры, мы здалі матрацы і бялізну. Нам выдалі асабістыя рэчы і запрасілі распісацца за харчаванне ў «гатэлі». Так нас вызвалілі.

На вуліцы я папрасіў у мінака выклікаць таксі. Мы развіталіся з суседзямі па камеры і дамовіліся падтрымліваць сувязь. Я прыехаў дадому, мяне сустрэлі жонка і яе бацька. Яны распавялі, што адбылося за тры дні, пакуль я быў у ізаляцыі. Як сотні людзей выходзілі ў маю падтрымку і ў падтрымку іншых затрыманых у горадзе і на прадпрыемствах.

Не паспеў я пераапрануцца, як прыйшоў мой калега, каб запісаць відэа-інтэрв'ю. Мы выйшлі з жонкай і сабакам, якая сарвалася з ланцужка. У момант інтэрв'ю я трымаў сабаку на руках, менавіта за гэта потым і сталі чапляцца прапагандысты — «у яго рукі зламаныя, а ён яшчэ сабаку трымае…». Але на відэа я распавядаў, што баляць рукі, паказваў, як яны апухлі. Увечары ехаць у бальніцу мы не рашыліся. Па медыцынскую дапамогу звярнуліся раніцай.

Шпіталь

У БХМД лекары зрабілі мне здымкі рук, ног і галавы. На руках — закрытыя пераломы ў вобласці кісцяў. Таксама лекары выявілі закрытую чэрапна-мазгавую траўму і страсенне мозгу. Пасля гэтага мяне шпіталізавалі, на рукі наклалі лангеты — гіпсы.

Партрэт Руслана Кулевіча намаляваў і прынёс у рэдакцыю адзін з чытачоў Hrodna.life. Фота: Кацярына Гардзеева

У бальніцы я праляжаў пяць дзён. У палаце са мной быў басіст гурта «Dzieciuki» Андрэй Пятко. Яго міліцыя збіла 9 жніўня. У яго была чэрапна-мазгавая траўма, яму зашывалі шчаку. Усяго ў бальніцы было каля 10 чалавек, у асноўным усіх білі пры затрыманні. Кагосьці медыкі забіралі з турмы, а хтосьці звярнуўся сам пасля вызвалення.

Руслан Кулевіч у Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Фота: Андрэй Мялешка

Бруд ад прапагандыстаў

Пасля выпіскі ў інтэрнэце пачалася траўля мяне і маёй сям'і. Прапагандысты выклалі ў Telegram нашы з жонкай асабістыя дадзеныя, хатні адрас і тэлефоны. Пачаліся званкі і паведамленні з розных тэлефонаў. Паступалі пагрозы і абразы. Каб абараніць сябе і жонку, я вырашыў з’ехаць на тыдзень з горада. Як толькі мы вярнуліся, зноў сталі паступаць званкі і паведамленні. Цяпер на дзяржаўных тэлеканалах сталі круціць маю фатаграфію з сабакам і гіпсамі. Маўляў, яны выкрылі фэйк.

Пасля гэтай публікацыі Руслану, яго жонцы і маці пачалі тэлефанаваць невядомыя.

Такога я не чакаў ад прапагандыстаў. Яны пайшлі на крайнія меры і са мной нават не звязаліся. Я доўга маўчаў, адмаўляўся ад інтэрв'ю і стараўся адцягнуць сваю ўвагу. Працаваў за горадам над гістарычнай кнігай — «Гродзенцы здалёк».

Руслан Кулевіч з жонкай Таццянай. Фота: Кацярына Гардзеева

У пачатку верасня я вярнуўся ў горад і вырашыў падзяліцца сваёй гісторыяй. Мне было страшна, але я стаў расказваць. Мне да гэтага часу пішуць дзіўныя паведамленні невядомыя людзі. Спадзяюся, мае чытачы ўбачаць гэты тэкст і ўсе зразумеюць.

Ваш Руслан Кулевіч


У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.

Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!

З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024