Некалькі тыдняў Гродна абмяркоўвае, ці насамрэч журналісту Руслану Кулевічу міліцыянты зламалі рукі пры затрыманні. За гэты час на рэпарцёра і яго жонку вылілі тоны бруду, а многія гараджане пытаюцца ў рэдакцыі Hrodna.life, чаму ён маўчыць. Руслан вырашыў падрабязна расказаць, што з ім адбылося і чаму ён маўчаў.
Гутаркі з АМАПам
За некалькі дзён да выбараў прэзідэнта адна з крыніц у гродзенскай міліцыі паведаміла мне, што на мяне многія «точаць зуб». Мне параілі быць акуратней, не стаяць у натоўпе і не высоўвацца.
Я не верыў, што мяне могуць затрымаць проста так. Падчас аднаго з перадвыбарных пікетаў я гаварыў з камандзірам гродзенскага АМАПа Віктарам Краўцэвічам і намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віталём Стасюкевічам. Яны прасілі не фатаграфаваць байцоў: маўляў, па здымках людзі могуць вылічыць супрацоўнікаў. Казалі, што я ведаю іх хлопцаў, і яны мяне ведаюць. Я сказаў, што выконваю сваю працу і фатаграфую толькі пры затрыманні. Я паабяцаў не фатаграфаваць проста так, на тым і разышліся.
Усё змянілася ў дзень выбараў: з 9 жніўня па ўсёй Беларусі сталі масава затрымліваць журналістаў, у Мінску карэспандэнтаў білі, стралялі ў іх гумовымі кулямі. У Гродне ў дзень выбараў затрымалі прыкладна 6 журналістаў. Суткі іх пратрымалі ў следчым ізалятары або ізалятары часовага ўтрымання і адпусцілі. Амаль на ўсіх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і далі штрафы.
Надзявай камізэльку і працуй
Раніцай 11 жніўня я патэлефанаваў у прэс-службу УУС, гаварыў з афіцыйным прадстаўніком міліцыі Ігарам Белазёравым. Ён спытаў, чаму мяне не відаць у апошнія дні. Я спытаў, як працаваць журналістам, калі ў іх страляюць і затрымліваюць. Белазёраў сказаў апранаць сінюю камізэльку з надпісам «Прэса» і працаваць — «цябе і так усё ведаюць». Толькі потым я зразумеў, што гэтая камізэлька і стала пазнакай для майго затрымання.
У той жа дзень я выпадкова сустрэўся ў цэнтры са старшынёй Гродзенскага гарвыканкама Мечыславам Гоем. Ён спытаў, чаму я не прыйшоў да яго, калі ён напярэдадні клікаў мяне ў гарвыканкам пагаварыць. Маўляў, нас у горадзе называюць сябрамі, і яму было няёмка, калі я адмовіўся зайсці. Я не пайшоў, бо пасля выбараў у выканкаме пастаянна знаходзіліся дзясяткі супрацоўнікаў міліцыі ў баявой гатоўнасці. Я меў права баяцца, што мяне там затрымаюць. Гой сказаў, што ніколі б мяне так не падставіў. Я верыў яму.
У канцы нашай гутаркі я спытаў, як працаваць у горадзе на акцыях пратэсту. Паводле мэра, туды наогул не трэба хадзіць. Гой даў зразумець, што на працу сілавікоў ён ніяк не можа паўплываць. Тады я ў яго спытаў: «Калі мяне затрымаюць, ці магу я вам патэлефанаваць?». Ён сказаў: «Звані».
«Тэлефануйце мэру»
У свае дакументы я ўклаў картку, на якім напісаў: «У выпадку затрымання, тэлефануйце старшыні Гродзенскага гарвыканкама М. Гою». Такую ж картку пакінуў калегам у рэдакцыі.
Увечары 11 жніўня я сустрэў жонку з працы. Мы павячэралі і паехалі катацца на роварах. Разумеючы, што ў гэтыя дні пішацца гісторыя нашага горада, у заплечнік я паклаў фотаапарат, аб’ектывы і камізэльку. Мы спыніліся ля назіральнай пляцоўкі на Гарнавых. У 100 метрах ад нас на гары сядзелі 10−15 чалавек. Яны нічога не выкрыквалі, былі без сцягоў.
У той момант на Старым мосце паказалася калона аўтамабіляў міліцыі. Я надзеў камізэльку, бо ўлады горада і УУС паабяцалі мне, што гэта гарантуе бяспеку мне як журналісту. Калі калона перасекла мост, мы з жонкай вырашылі зайсці ў краму аўтазапчастак на куце, каб не прыцягваць увагу міліцыі.
За намі ў краму ўварваліся людзі ў масках з крыкамі: «Ляжаць, сукі! На падлогу!». Я адразу сказаў, што журналіст, але гэта не дапамагло. Мяне паклалі і пачалі біць дубінкай.
Я чуў крыкі маёй жонкі і не разумеў, што з ёй адбываецца. Каб неяк выратаваць яе ад звяроў, я стаў крычаць: «Дзяўчыну не чапайце!» У той момант я ляжаў на падлозе і адзін з супрацоўнікаў спытаў маё прозвішча, я адказаў: «Кулевіч!». Тады ён сказаў: «Вось ты і папаўся! З-за такіх журналістаў, як ты, у краіне вайна». Пасля гэтага ён узяў мяне і павёў у аўтазак, выхваляючыся іншым сілавікам, што затрымаў карэспандэнта.
Мяне закінулі ў адзін з адсекаў, там ужо быў прадавец з крамы, у якой нас затрымалі. Мая жонка на той момант была ўжо ў аўтазаку. Я не бачыў, як яе затрымлівалі, толькі чуў, як яна крычала. Некаторы час мы з ёй яшчэ перакрыкваліся ў аўтазаку, але пасля нам прыгразілі расправай за размовы.
Самае страшнае
Цудам у аўтазаку у мяне застаўся тэлефон і я паспеў зрабіць некалькі званкоў. Спачатку я набраў мэру. Ён сказаў: «Я табе казаў туды не хадзіць! Навошта ты туды пайшоў?». Так наш размова і скончылася. Пасля я набраў брату і галоўнаму рэдактару Hrodna.life Аляксею Шоту, сказаў, што мяне збілі і затрымалі. Адзін з АМАПаўцаў у аўтазаку пачуў, што я размаўляю па тэлефоне, ударыў мяне дубінкай і адабраў тэлефон (усё гэта чуў Аляксей).
Нас павезлі. Па дарозе ў наш адсек аўтазака закінулі яшчэ двух хлопцаў. Яны распавялі, што іх затрымалі каля аўтавакзала — яны ехалі на машыне. Міліцыя разбіла ім шыбы і выцягнула на зямлю.
Калі аўтазак прыехаў у двор Кастрычніцкага РАУС, на вуліцы загадалі: «Выводзьце пазначанага — карэспандэнта!». Гэта гаварылі пра мяне.
Дзверы адчыніліся, я ўбачыў два шэрагі міліцыянтаў у чорных масках і з дубінкамі. Мяне паклалі на зямлю і сталі выкручваць рукі і ногі. Усе смяяліся і махалі дубінкамі. На мае крыкі, што я журналіст, яны ніяк не рэагавалі. Ці білі мяне там, я ўжо не памятаю, але ў той момант мне ўжо балелі рукі і ногі. Некалькі міліцыянтаў пацягнулі мяне ў закрытае месца, дзе сказалі стаяць тварам да сцяны. З-за моцнага болю я сеў на бетонную падлогу. Цягам 10 хвілін туды сталі прыводзіць іншых затрыманых. У асноўным гэта былі маладыя хлопцы, якія не разумелі, за што іх затрымалі і збілі.
Праз некаторы час мяне завялі ў нейкі бокс, там я прабыў каля 20 хвілін, а пасля мяне сталі весці па двары РАУС. Там было каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў. Ісці самастойна я не мог, з мяне пачалі смяяцца, тады я звярнуўся да сілавікоў: «Вы мяне ведаеце, чытаеце мае кнігі і артыкулы! Дапамажыце мне». Выйшлі два чалавекі і пацягнулі мяне на допыт.
Пратакол затрымання складаў капітан, прозвішча я не запомніў. Спачатку ён грубіў, але пасля праверкі дакументаў яго стаўленне быццам палепшылася. Да яго ў кабінет пастаянна заходзілі іншыя супрацоўнікі, некаторыя пазнавалі мяне і ўсміхаліся. Пратакол затрымання я не падпісаў. Мяне абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт 23.34 КаАП).
Мяне прывялі ў двухмесную камеру. Гэта пакойчык плошчай 3−4 метры, драўляныя нары і адкрыты туалет з ракавінай. У камеры ўжо быў мужчына-будаўнік. Калі не памыляюся, яго ўзялі каля крамы на праспекце Янкі Купалы. З яго слоў, ён хадзіў па пакупкі. Праз гадзіну прывялі яшчэ аднаго мужчыну, яго затрымалі з жонкай дзесьці ў горадзе. Праз 30 хвілін у камеру прывялі інжынера, якога затрымалі на Старым мосце. Ён ішоў з працы, але слухаць яго ніхто не хацеў. Ідзеш па мосце, значыць — злачынец.
Кожны ў камеры падзяліўся сваёй гісторыяй і было зразумела, што ніхто не парушаў закон. Усіх затрыманых у той вечар білі і прыпісвалі ім удзел у несанкцыянаваным мітынгу. Заснуць першую ноч на драўляных нарах было немагчыма. Было чуваць, як па калідоры пастаянна вадзілі затрыманых. Дзе была мая жонка, я не ведаў. Гэтая невядомасць больш за ўсё не давала спакою.
«Я — кепскі суддзя, так і напішыце потым у сваіх мемуарах»
На наступны дзень суды пачаліся толькі каля 17:00. Нас не кармілі, а на пытанне пра ежу казалі: «Чалавек можа пратрымацца на адной вадзе 30 дзён». Мы пілі брудную ваду з крана ў камеры.
На суд мяне вялі па ўсім РАУС. Я зноў бачыў усмешкі міліцыянтаў і чуў: «О, карэспандэнт трапіўся». Суд праходзіў у кабінеце намесніка начальніка РАУС. Калі я туды прыйшоў, там ужо былі суддзя і яго сакратар. Суддзя быў знаёмы мне па палітычных працэсах над гродзенцамі яшчэ да выбараў. Здавалася, ён ужо хацеў прачытаць прысуд, але я сказаў: «Я — журналіст, мяне збілі і затрымалі». Ён папрасіў мае дакументы, потым выйшаў. Праз некалькі хвілін прыйшла жанчына і папрасіла на відэа прадставіцца і расказаць пра сябе. Як я зразумеў, гэта відэа яна хацела адправіць у прэс-службу УУС і спытаць, ці ведаюць яны такога журналіста. Пасля відэа патэлефанавала ў прэс-службу, размаўляла з Ігарам Белазёравым, які днём раней тлумачыў мне, што мне трэба проста працаваць у камізэльцы. Калі я не памыляюся, то менавіта яна сказала пасля званка, што «Кулевіч фактычна не журналіст». Ёй так патлумачылі.
Суддзя працягнуў разглядаць маю справу. Яшчэ некалькі хвілін і ён зноў выйшаў. А калі вярнуўся, то з парога сказаў: «Я — кепскі суддзя, так і напішыце потым у сваіх мемуарах». Ён сказаў, што нічога зрабіць не можа, і даў мне 7 сутак. У абгрунтаванне прынятага рашэння суддзя спаслаўся на «такую сітуацыю», больш ніякага даследаванні доказаў не было.
Перад тым як выйсці, я папрасіў сакратара суддзі патэлефанаваць брату і сказаць, што са мной усё добра, хай ён прыглядае за мамай і даведаецца, што з жонкай. Сакратар выканала маю просьбу, за гэта я ёй вельмі ўдзячны.
Новая камера і новыя суседзі
Пасля суда мяне павялі ў новую камеру на чатырох чалавек. Маімі суседзямі сталі супрацоўнік МНС (узялі за грамадзянскую пазіцыю), народны майстар-каваль (яго машына замінала праезду аўтазака) і ўладальнік фірмы (затрымалі як веласіпедыста). Апошніх дваіх пры затрыманні моцна збілі. Прыкладна праз дзве гадзіны нас перавялі на другі паверх у новую камеру. Мабыць, у РАУС рыхтаваліся да новых затрыманых. Бліжэй да ночы стала чутно, як міліцыя іх прывозіць — гэта доўжылася да глыбокай ночы. Да нас у камеру прывялі яшчэ трох збітых хлопцаў, іх затрымалі на машыне з нейкім жалезам. Яны вельмі хваляваліся і дзесьціпраз гадзіну іх перавялі ў іншую камеру. Яшчэ праз некаторы час да нас прывялі хлопца, якога затрымалі ў цэнтры горада. Ён ішоў з бара і спытаў у супрацоўнікаў міліцыі, як прайсці ачапленне. Яго даставілі ў ІЧУ са зламаным зубам. Яго потым таксама перавялі.
Другую ноч у камеры заснуць было вельмі цяжка. Есці не хацелася і не бянтэжылі нават драўляныя нары. Адзінае, што мяне мучыла — дзе жонка? Я не ведаў, што з ёй.
Прачнуліся рана раніцай. Хтосьці з хлопцаў пагрукаў у дзверы і папрасіў наглядчыкаў, каб прынеслі якія-небудзь таблеткі ад болю. У каваля былі праблемы з рэбрамі, мы думалі, яны зламаныя. Ва ўладальніка фірмы балела нага, яна была ўся сіняя. У мяне апухлі рукі. Наглядчыкі нашу просьбу выканалі.
Сняданку ў нас не было. Пра харчаванне і матрацы ніхто нічога не казаў. Але мы разумелі, што рана ці позна нас пакормяць. Пакуль замест ежы нам далі пачытаць кнігі: «Новы запавет» і штосьці мастацкае пра пустыню і прынцэсу.
Передачка, абед і матрацы
Бліжэй да абеду трэцяга дня адчынілася «кармушка» (акенца, дзе перадаюць ежу арыштантам), наглядчык назваў маё прозвішча і сказаў, што прыйшла перадача. У пакетах я ўбачыў вопратку з дома, ежу і сваю кнігу «Гісторыі з гродзенскіх вуліц». Я зразумеў, што перадача ад жонкі. Значыць, з ёй усё добра. Я сеў на нары і заплакаў ад шчасця.
Жонка перадала шмат ежы і вады, а таксама чатыры зубныя шчоткі і пасту. З гэтымі запасамі можна было працягнуць тыдзень усім нам. Пасля вызвалення я даведаўся, што жонка два дні са сваякамі і неабыякавымі людзьмі дамагалася, каб яе перадачку прынялі.
Не паспелі мы парадавацца передачцы, як зноў адчынілася «кармушка». Нам перадалі чатыры бутэлькі вады і печыва. Пазней мы ўбачылі на бутэльках надпіс «Вадохрышчанская» і зразумелі, што гэта пасылка ад праваслаўнай царквы. Як аказалася, гэта была ініцыятыва святароў: пад ІЧУ яны прывезлі цэлы бус прадуктаў і рэчаў першай неабходнасці.
Прайшло некалькі хвілін і нас парадавалі абедам. Праз «кармушку» кожнаму перадалі суп і макароны з катлетай. Шчыра, цалкам нядрэнны абед у сталовай. Нас упершыню пакармілі.
Пасля абеду нам выдалі матрацы і пасцельную бялізну. З новымі ўмовамі ў камеры мы настроіліся спакойна адседжваць свае суткі. Я нават пачаў хлопцаў знаёміць са сваёй кнігай і яе героямі. Незвычайная прэзентацыя атрымалася.
Бліжэй да вячэры да мяне прыйшоў адвакат, якую наняў галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. Яна распавяла пра абстаноўку ў горадзе і краіне. Я папрасіў яе абскардзіць рашэнне суда. Сам пісаць скаргу не змог з-за болі ў руках, толькі падпісаўся пад напісаным прама на месцы тэкстам. Дамовіліся сустрэцца праз некалькі дзён.
Вызваленне
Толькі мы павячэралі, як нам сказалі збіраць рэчы. Мы думалі, што ў РАУС рыхтуюць камеры да чарговых затрыманняў і нас перавязуць у іншы горад. Але наглядчыкі сказалі, што нас вызваляюць. У гэта было цяжка паверыць. Усіх вывелі з камеры, мы здалі матрацы і бялізну. Нам выдалі асабістыя рэчы і запрасілі распісацца за харчаванне ў «гатэлі». Так нас вызвалілі.
На вуліцы я папрасіў у мінака выклікаць таксі. Мы развіталіся з суседзямі па камеры і дамовіліся падтрымліваць сувязь. Я прыехаў дадому, мяне сустрэлі жонка і яе бацька. Яны распавялі, што адбылося за тры дні, пакуль я быў у ізаляцыі. Як сотні людзей выходзілі ў маю падтрымку і ў падтрымку іншых затрыманых у горадзе і на прадпрыемствах.
Не паспеў я пераапрануцца, як прыйшоў мой калега, каб запісаць відэа-інтэрв'ю. Мы выйшлі з жонкай і сабакам, якая сарвалася з ланцужка. У момант інтэрв'ю я трымаў сабаку на руках, менавіта за гэта потым і сталі чапляцца прапагандысты — «у яго рукі зламаныя, а ён яшчэ сабаку трымае…». Але на відэа я распавядаў, што баляць рукі, паказваў, як яны апухлі. Увечары ехаць у бальніцу мы не рашыліся. Па медыцынскую дапамогу звярнуліся раніцай.
Шпіталь
У БХМД лекары зрабілі мне здымкі рук, ног і галавы. На руках — закрытыя пераломы ў вобласці кісцяў. Таксама лекары выявілі закрытую чэрапна-мазгавую траўму і страсенне мозгу. Пасля гэтага мяне шпіталізавалі, на рукі наклалі лангеты — гіпсы.
У бальніцы я праляжаў пяць дзён. У палаце са мной быў басіст гурта «Dzieciuki» Андрэй Пятко. Яго міліцыя збіла 9 жніўня. У яго была чэрапна-мазгавая траўма, яму зашывалі шчаку. Усяго ў бальніцы было каля 10 чалавек, у асноўным усіх білі пры затрыманні. Кагосьці медыкі забіралі з турмы, а хтосьці звярнуўся сам пасля вызвалення.
Бруд ад прапагандыстаў
Пасля выпіскі ў інтэрнэце пачалася траўля мяне і маёй сям'і. Прапагандысты выклалі ў Telegram нашы з жонкай асабістыя дадзеныя, хатні адрас і тэлефоны. Пачаліся званкі і паведамленні з розных тэлефонаў. Паступалі пагрозы і абразы. Каб абараніць сябе і жонку, я вырашыў з’ехаць на тыдзень з горада. Як толькі мы вярнуліся, зноў сталі паступаць званкі і паведамленні. Цяпер на дзяржаўных тэлеканалах сталі круціць маю фатаграфію з сабакам і гіпсамі. Маўляў, яны выкрылі фэйк.
Такога я не чакаў ад прапагандыстаў. Яны пайшлі на крайнія меры і са мной нават не звязаліся. Я доўга маўчаў, адмаўляўся ад інтэрв'ю і стараўся адцягнуць сваю ўвагу. Працаваў за горадам над гістарычнай кнігай — «Гродзенцы здалёк».
У пачатку верасня я вярнуўся ў горад і вырашыў падзяліцца сваёй гісторыяй. Мне было страшна, але я стаў расказваць. Мне да гэтага часу пішуць дзіўныя паведамленні невядомыя людзі. Спадзяюся, мае чытачы ўбачаць гэты тэкст і ўсе зразумеюць.
Ваш Руслан Кулевіч
У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.
Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!
З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.