Людзі і маманты жылі ў сённяшнім Румлёўскім парку яшчэ да заснавання Гродна. Там бавіла час Ажэшка, быў дзіцячы летнік, але да сёння амаль нічога не захавалася. Telegram-канал Hrodna 11:27 узгадаў гісторыю каштоўнага лесапарка, які атачыла гарадская забудова.
У міжваенныя часы ў Румлёўскім парку размяшчаўся вайсковы лагер. Калі праз яго тэрыторыю пракладалі шашу, археолаг Ян Каханоўскі ў час раскопак міжледніковых пластоў выявіў ікол маманта. Таксама там адшукалі парэшткі шарсцістага насарога.
Падчас археалагічных раскопак 1958−1975 гадоў ва ўсходнім ускрайку вёскі Солы археолагі знайшлі рэшткі старажытных паселішчаў І-га тысячагоддзя да нашай эры. У 1982 годзе знайшлі і апісалі адклады флоры ледавіковага перяду.
Часткова парк заклалі недзе ў канцы XVIII ст. У цэнтры паўднёва-усходняй часткі парку размяшчаўся сядзібны дом. Да яго вяла кляновая алея, якой больш за 200 гадоў. Да сёння яна захавалася часткова.
Дакладнае паходжанне назвы застаецца цмяным. Першая версія — назва паходзіць ад імя аднаго з уладальнікаў сядзібы і парку — Якава Румеля. Другая — назва паходзіць ад слова «рум». Так называлі прыстань на беразе ракі для падрыхтоўкі леса да сплаву. Ёсць і трэцяя версія — ад слова «рум», але ў значэнні планіроўкі пагоннага двара, калі жылы дом размешчаны ў адзін шэраг з гаспадарчымі пабудовамі.
Паводле плана занёманскай часткі Гродна 1797 года, гэтыя землі належалі Радзівілам. Потым землі перайшлі ў валоданне да гродзенскага віцэ-маршалака, філосафа, масона і публіцыста Ігнацыя Ляхніцкага.
У 1828 годзе ад Ляхніцкага частка зямлі перайшла ва ўладанне памешчыка Якава Румеля. Пасля чаго сядзібу згадвалі ў дакументах пад назваю «Румлёўка», «Румеліоўка» ці «Румеліоўск».
У 1850 годзе Якаў Румель з’ехаў у Пінск, а маёнтак перайшоў ва ўладанне Канстанціна Відацкага — айчыма Элізы Ажэшкі. Таму ў юнацтве Ажэшка бавіла час у Румлёўскім парку і неаднаразова наведвала там маці, Францішку Паўлоўскую, і пазней. Маці пісьменніцы валодала сядзібай пасля смерці свайго другога мужа да 1878 года.
У канцы XIX стагоддзя фальваркам валодаў генерал у адстаўцы, памешчык Сакольскага павету Аляксандр Валькоўскі. Але цікаўнасць да гэтых земляў выказала камандаванне 26-й пяхотнай дывізіі. Васількоўскі і яго жонка актыўна прадавалі вайскоўцам землі побач з маёнткам. Там арганізавалі летнія лагеры расійскіх войскаў. Румлёва стала месцам дыслакацыі вайскоўцаў і перайшло да вайсковага ведамства.
Падчас Першай сусветнай вайны ў Румлёва размяшчалася артылерыйская батарэя царскіх войскаў. Абодва берагі Нёмана сталі полем бою ў жніўні 1915 года, у выніку чаго царскія войскі пакінулі горад і яго акупавалі немцы.
У часы Расійскай імперыі ў раёне вёскі Солы размяшчалася вайсковая паромная пераправа. Таму ў пачатку ХХ стагоддзя асноўны гарадскі мост планавалі пабудаваць там. У першую чаргу патрэбу ў мосце мелі царскія вайскоўцы: каб звязаць казармы на сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай і лагеры ў Румлёва. Але грамадскасць абурылася і мост пабудавалі на месцы сённяшняга Старога моста — у цэнтры горада.
Да ідэі будаўніцтва маста ля Румлёва вярнуліся ў 1920-я гады. Праз Нёман пабудавалі драўляны мост і ў сакавіку 1932 года ў лесапарку Румлёва яго ўрачыста адкрылі. Ён атрымаў назву «Чырвоны», бо, паводле ўзгадак старажылаў, быў пафарбаваны ў чырвоны колер. Ён праіснаваў да 1941 года — тады яго ўзарвалі.
Новы мост праз Нёман у раёне Румлёва пачалі будаваць толькі праз 40 гадоў. Яго адкрылі ў 1986 годзе. Гэта быў трэці аўтадарожны мост праз раку, ён атрымаў назву «Румлёўскі».
Падчас нямецкай акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны, ў раёне пераправы размяшчаўся лагер для ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Пасля вайны там размясцілі дзіцячы лагер адпачынку «Юны сябар Савецкай Арміі». Лагер належаў вайсковаму ведамству і збіраў дзяцей найперш з сем’яў ваенаслужачых. Ён працаваў да пачатку 1990-з гадоў.
У 1970-х гадах лесапарк актыўна атачылі жылой забудовай. Праз пабудову Румлёўскага моста істотна змянілася аблічча парка. Летам 2019 года «Лесапарк „Румлёва“» атрымаў статус помніка прыроды мясцовага значэння. На ўсёй тэрыторыі плошчай больш за 90 гектараў увялі асаблівы рэжым аховы і выкарыстання. Зараз там нельга будаваць новыя аб’екты за выключэннем інжынерных і транспартных камунікацый альбо экалагічных сцежак.
У заходняй частцы парка на краі схілу захавалася воданапорная вежа. Гэта адзіная захаваная пабудова ў Румлёва. Яе пабудавалі ў 1880-х гадах з бутавана каменю, а ў 1930-м годзе яе рэканструявалі польскія вайскоўцы. Каменныя сцены вытрымалі націск часу, але дах не захаваўся. Сёння вежа без дзвярэй, без даху, размалявана графіцістамі.
У 2020 годзе з былой воданапорнай вежы хацелі зрабіць назіральную пляцоўку, але эколагі і краязнаўцы выказаліся супраць. Маўляў, гэта магло нашкодзіць лесапарку. У выніку ад праекта адмовіліся.
Таксама ў парку можна адшукаць брукаваную сцежку, якая вядзе ўніз да Нёмана. На жаль, яе паступова, год ад году, размывае вада ў час залеваў.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…