За некалькі апошніх гадоў цэнтр Гродна стаў пляцоўкай для творчасці камунальных службаў. Пластыкавае сэрца, бляшаны глобус, драўляны турыст і сметніцы-джэнтльмены — далёка не поўны пералік упрыгожвальніцтваў, якія выклікалі неадназначныя эмоцыі ў гараджан. Кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, стаў раяль у парку Жылібера.
Адкуль узялася ідэя гэтай прыгажосці, хто падумаў пра яе адпаведнасць старому парку і гістарычнай архітэктуры Гродна — дагэтуль незразумела. Як і тое, чаму мастакам і дызайнерам складана ўсталяваць свае працы ў цэнтры горада, а камунальнікам — не.
Лідар па ўпрыгожвальніцтве гістарычнага цэнтра горада — смеццесартавальны завод. Дырэктара прадпрыемства, Вячаслава Андрэеўскага, у народзе ўжо назвалі «галоўным творцам Гродна». Апошняя ініцыятыва завода — бутафорскі раяль для парку Жылібера, абцягнуты пластыкавым штучным газонам. На раялі ўстаноўленыя датчыкі руху — калі падысці бліжэй, з яго гучыць песня Стаса Міхайлава «Усё для цябе».
«Шкада, што гарадскія ўлады дзейнічаюць паводле прынцыпу — хто плаціць грошы, таму і дарога, — кажа мастацтвазнаўца Наталля Паўленка. — Ствараецца ўражанне, што такія аб’екты ніяк не праходзяць узгадненне. Атрымліваецца, усё ствараецца ў рамках „добраўпарадкавання“, на якое бюджэт выпісваецца, але якія менавіта „працы“ будуць зробленыя — не ўдакладняецца».
Здзіўленне Наталлі Паўленкі выклікае і тое, што рашэнні аб эстэтычным абліччы гістарычнага цэнтра аддаюцца «на водкуп» людзям, якія не маюць прафесійнай мастацкай або культуралагічнай адукацыі. «Баюся, што нават у анамнезе адукацыі раздзел „мастацтва“ адсутнічаў спрэс», — кажа мастацтвазнаўца.
Усе падобныя аб’екты, кажа Наталля, адносяцца да малых архітэктурных або скульптурных формаў. «У прынцыпе, яны павінны ўсталёўвацца па ўзгадненні [аддзела] архітэктуры або аддзела культуры, калі прадугледжваюцца на тэрыторыі горада».
«Так атрымалася, што ў Гродне склаліся дзве паралельныя рэальнасці, — кажа дызайнерка Ірына Варкулевіч. — Яны існуюць незалежна адзін ад аднаго. Адна — еўрапейскі горад. Другая — горад, які існуе паводле законаў „калгасу“ з дажынкамі і сметніцамі-джэнтльменамі».
На думку дызайнеркі, зараз еўрапейскі каралеўскі горад вымушаны прабівацца скрозь «каўбасныя елкі і скрыпкі на філармоніі».
«Паводле закону, усе гэтыя лебедзі з пакрышак, грыбы-тазікі і гэтак далей павінны быць забароненыя. Але не, усё гэта заахвочваецца. Раз ніхто не забараняе баяністку на Савецкай, значыць яе казачы рэпертуар камусьці патрэбны. Увогуле, відавочная задача — не зрабіць горад падобным да еўрапейскага, а наадварот, каб ён нічым не адрозніваўся ад сярэдняга расійскага гарадка. Ніякая архітэктурная спадчына ўжо не ратуе».
«Ёсць такое слова для ўсіх гэтых творчых патугаў - „крэатыўчык“. Вось і жывем сярод яго. Няма не-саўковых спецыялістаў, якія прымаюць рашэнні звязаныя з эстэтыкай горада», — адзначае дызайнерка.
Яшчэ адна праблема, на яе думку, у тым, што людзей, якія займаюцца ў Гродне урбаністыкай, проста няма, а прафесіяналы ад архітэктуры «не лічаць гэта ўродствам».
.
Рашэнне гарадской адміністрацыі ўпрыгожваць горад падобным спосабам «здаецца вельмі дзіўным» і мастаку Аляксандру Сільвановічу:
«Такое пачуццё, што людзі не бываюць за мяжой і не бачаць, як там усё гэта робіцца. Можна ствараць такія зоны, але не ў гістарычнай частцы горада», — лічыць мастак.
«Чаму б у Каробчыцах не стварыць спецыяльную зону і не панаставіць там рознага. Той, хто хоча здзівіцца, той няхай едзе туды. Але не трэба чапаць стагоддзямі намоленыя месца ў цэнтры Гродна».
У Гродзенскай ЖКГ распавялі, што распрацоўкай і ўсталёўкай малых архітэктурных формаў могуць займацца нават самі жыхары горада. Каб паставіць такі аб’ект у спальным раёне, узгадніць яго трэба толькі з мясцовым ЖЭСам.
Што тычыцца гістарычнай часткі горада, то ўсе працы і ўстаноўкі павінны быць узгоднены з аддзелам культуры і ўпраўленнем архітэктуры Гродзенскага гарвыканкама, а помнікі - дадаткова праходзіць праз мясцовы і Рэспубліканскі мастацка-экспертны савет і Савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры.
Але ў Гродне гэта не ратуе сітуацыю. «Усе навучыліся абыходзіць манументальны савет, які ёсць у Гродне, — адзначае мастак Аляксандр Сільвановіч, — спасылаюцца, што усталёўваюць не помнікі, а „дэкаратыўныя кампазіцыі“, на якія не патрабуюцца ўзгадненні. Але здзівіць камунальнікі нічым не могуць, а сэнсоўныя рашэнні, такія, як бюст Багдановічу, горад чамусьці не рэалізоўвае. Па выніку, ставім не зразумей што. А да нас прыязджае шмат творчых сяброў і гэта ўсё заўважна. Турысты таксама едуць глядзець не на гэтую дробную пластыку, а на адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі».
Сітуацыя з ЖЭС-артам у гістарычным цэнтры — не першы канфлікт творчай інтэлігенцыі і адміністрацыі Гродна. Да гэтага часу не сціхаюць спрэчкі вакол выбару брэнда горада і лёсу Палаца тэкстыльшчыкаў.
«У камісіі [па выбары брэнда] практычна не было мастакоў, — кажа Аляксандр Сільвановіч. — У выніку выбралі нейкі безаблічны брэнд, які мяне ў свой час закрануў. Вельмі спрэчнае рашэнне і з былым Палацам тэкстыльшчыкаў. Прадстаўнікоў саюза мастакоў паставілі перад фактам, што рашэнне ўжо прынята [на карысць музея], а нам даюць пляцоўку ў былой бібліятэцы. Але, сапраўды, было б добра зрабіць які-небудзь універсальны культурны цэнтр, за які было б не сорамна перад сваімі гараджанамі і перад ўсёй краінай. Трэба людзей правільна выхоўваць у плане творчасці, ісці ў нагу з часам».
«Усё [павінна быць] узаемазвязана — асяроддзе, архітэктура, малыя формы і гэтак далей, — кажа Ірына Варкулевіч. — Пакуль горад жыве па нейкіх дрымучых правілах, па законах аграгарадка, нічога не зменіцца».
Каб мяняць сітуацыю, кіраўніцтву горада трэба праводзіць сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, лічыць Аляксандр Сільвановіч. «Яшчэ 10−15 гадоў таму так і было. Цяпер такое пачуццё, што дыялог нікому не патрэбны».
«Як усё гэта спыніць? Праводзіць публічныя слуханні, — кажа Наталля Паўленка. — І ўсё ж такі, выбраць канцэпцыю гораду: ён — каралеўскі і з высокай культурай, альбо ён раўняецца на ніжнюю мяжу адукацыі, „шобы было панятна“».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…