За некалькі апошніх гадоў цэнтр Гродна стаў пляцоўкай для творчасці камунальных службаў. Пластыкавае сэрца, бляшаны глобус, драўляны турыст і сметніцы-джэнтльмены — далёка не поўны пералік упрыгожвальніцтваў, якія выклікалі неадназначныя эмоцыі ў гараджан. Кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, стаў раяль у парку Жылібера.

Адкуль узялася ідэя гэтай прыгажосці, хто падумаў пра яе адпаведнасць старому парку і гістарычнай архітэктуры Гродна — дагэтуль незразумела. Як і тое, чаму мастакам і дызайнерам складана ўсталяваць свае працы ў цэнтры горада, а камунальнікам — не.

Лідар па ўпрыгожвальніцтве гістарычнага цэнтра горада — смеццесартавальны завод. Дырэктара прадпрыемства, Вячаслава Андрэеўскага, у народзе ўжо назвалі «галоўным творцам Гродна». Апошняя ініцыятыва завода — бутафорскі раяль для парку Жылібера, абцягнуты пластыкавым штучным газонам. На раялі ўстаноўленыя датчыкі руху — калі падысці бліжэй, з яго гучыць песня Стаса Міхайлава «Усё для цябе».

Хто плаціць, той і музыку заказвае

«Шкада, што гарадскія ўлады дзейнічаюць паводле прынцыпу — хто плаціць грошы, таму і дарога, — кажа мастацтвазнаўца Наталля Паўленка. — Ствараецца ўражанне, што такія аб’екты ніяк не праходзяць узгадненне. Атрымліваецца, усё ствараецца ў рамках „добраўпарадкавання“, на якое бюджэт выпісваецца, але якія менавіта „працы“ будуць зробленыя — не ўдакладняецца».

Здзіўленне Наталлі Паўленкі выклікае і тое, што рашэнні аб эстэтычным абліччы гістарычнага цэнтра аддаюцца «на водкуп» людзям, якія не маюць прафесійнай мастацкай або культуралагічнай адукацыі. «Баюся, што нават у анамнезе адукацыі раздзел „мастацтва“ адсутнічаў спрэс», — кажа мастацтвазнаўца.

Усе падобныя аб’екты, кажа Наталля, адносяцца да малых архітэктурных або скульптурных формаў. «У прынцыпе, яны павінны ўсталёўвацца па ўзгадненні [аддзела] архітэктуры або аддзела культуры, калі прадугледжваюцца на тэрыторыі горада».

«Паводле законаў аграгарадка». Камунальнікі так «упрыгожылі» Гродна, што людзі больш не могуць маўчаць
Драўляны турыст ад УЖРЭП на вуліцы Савецкай. Прастаяў 6 месяцаў

Паралельныя рэальнасці Гродна

«Так атрымалася, што ў Гродне склаліся дзве паралельныя рэальнасці, — кажа дызайнерка Ірына Варкулевіч. — Яны існуюць незалежна адзін ад аднаго. Адна — еўрапейскі горад. Другая — горад, які існуе паводле законаў „калгасу“ з дажынкамі і сметніцамі-джэнтльменамі».

На думку дызайнеркі, зараз еўрапейскі каралеўскі горад вымушаны прабівацца скрозь «каўбасныя елкі і скрыпкі на філармоніі».

«Паводле закону, усе гэтыя лебедзі з пакрышак, грыбы-тазікі і гэтак далей павінны быць забароненыя. Але не, усё гэта заахвочваецца. Раз ніхто не забараняе баяністку на Савецкай, значыць яе казачы рэпертуар камусьці патрэбны. Увогуле, відавочная задача — не зрабіць горад падобным да еўрапейскага, а наадварот, каб ён нічым не адрозніваўся ад сярэдняга расійскага гарадка. Ніякая архітэктурная спадчына ўжо не ратуе».

«Пакуль горад жыве паводле законаў аграгарадка, нічога не зменіцца»

«Ёсць такое слова для ўсіх гэтых творчых патугаў - „крэатыўчык“. Вось і жывем сярод яго. Няма не-саўковых спецыялістаў, якія прымаюць рашэнні звязаныя з эстэтыкай горада», — адзначае дызайнерка.

Яшчэ адна праблема, на яе думку, у тым, што людзей, якія займаюцца ў Гродне урбаністыкай, проста няма, а прафесіяналы ад архітэктуры «не лічаць гэта ўродствам».
.

«Паводле законаў аграгарадка». Камунальнікі так «упрыгожылі» Гродна, што людзі больш не могуць маўчаць
На вуліцы Савецкай «урна-дворнік» ад смеццесартавальнага завода прастаяла 5 месяцаў

Здзівіць камунальнікі нічым не могуць

Рашэнне гарадской адміністрацыі ўпрыгожваць горад падобным спосабам «здаецца вельмі дзіўным» і мастаку Аляксандру Сільвановічу:

«Такое пачуццё, што людзі не бываюць за мяжой і не бачаць, як там усё гэта робіцца. Можна ствараць такія зоны, але не ў гістарычнай частцы горада», — лічыць мастак.

«Чаму б у Каробчыцах не стварыць спецыяльную зону і не панаставіць там рознага. Той, хто хоча здзівіцца, той няхай едзе туды. Але не трэба чапаць стагоддзямі намоленыя месца ў цэнтры Гродна».

Пры чым тут «Манументальны савет»

У Гродзенскай ЖКГ распавялі, што распрацоўкай і ўсталёўкай малых архітэктурных формаў могуць займацца нават самі жыхары горада. Каб паставіць такі аб’ект у спальным раёне, узгадніць яго трэба толькі з мясцовым ЖЭСам.

Што тычыцца гістарычнай часткі горада, то ўсе працы і ўстаноўкі павінны быць узгоднены з аддзелам культуры і ўпраўленнем архітэктуры Гродзенскага гарвыканкама, а помнікі - дадаткова праходзіць праз мясцовы і Рэспубліканскі мастацка-экспертны савет і Савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры.

Але ў Гродне гэта не ратуе сітуацыю. «Усе навучыліся абыходзіць манументальны савет, які ёсць у Гродне, — адзначае мастак Аляксандр Сільвановіч, — спасылаюцца, што усталёўваюць не помнікі, а „дэкаратыўныя кампазіцыі“, на якія не патрабуюцца ўзгадненні. Але здзівіць камунальнікі нічым не могуць, а сэнсоўныя рашэнні, такія, як бюст Багдановічу, горад чамусьці не рэалізоўвае. Па выніку, ставім не зразумей што. А да нас прыязджае шмат творчых сяброў і гэта ўсё заўважна. Турысты таксама едуць глядзець не на гэтую дробную пластыку, а на адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі».

«Паводле законаў аграгарадка». Камунальнікі так «упрыгожылі» Гродна, што людзі больш не могуць маўчаць
Пластыкавая фотазона ў парку Жылібера ад Гарсвятла. Усталявалі ў 2017 годзе

Што наконт канцэпцыі развіцця горада

Сітуацыя з ЖЭС-артам у гістарычным цэнтры — не першы канфлікт творчай інтэлігенцыі і адміністрацыі Гродна. Да гэтага часу не сціхаюць спрэчкі вакол выбару брэнда горада і лёсу Палаца тэкстыльшчыкаў.

«У камісіі [па выбары брэнда] практычна не было мастакоў, — кажа Аляксандр Сільвановіч. — У выніку выбралі нейкі безаблічны брэнд, які мяне ў свой час закрануў. Вельмі спрэчнае рашэнне і з былым Палацам тэкстыльшчыкаў. Прадстаўнікоў саюза мастакоў паставілі перад фактам, што рашэнне ўжо прынята [на карысць музея], а нам даюць пляцоўку ў былой бібліятэцы. Але, сапраўды, было б добра зрабіць які-небудзь універсальны культурны цэнтр, за які было б не сорамна перад сваімі гараджанамі і перад ўсёй краінай. Трэба людзей правільна выхоўваць у плане творчасці, ісці ў нагу з часам».

Ці пачуе адміністрацыя гараджан

«Усё [павінна быць] узаемазвязана — асяроддзе, архітэктура, малыя формы і гэтак далей, — кажа Ірына Варкулевіч. — Пакуль горад жыве па нейкіх дрымучых правілах, па законах аграгарадка, нічога не зменіцца».

Каб мяняць сітуацыю, кіраўніцтву горада трэба праводзіць сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, лічыць Аляксандр Сільвановіч. «Яшчэ 10−15 гадоў таму так і было. Цяпер такое пачуццё, што дыялог нікому не патрэбны».

«Як усё гэта спыніць? Праводзіць публічныя слуханні, — кажа Наталля Паўленка. — І ўсё ж такі, выбраць канцэпцыю гораду: ён — каралеўскі і з высокай культурай, альбо ён раўняецца на ніжнюю мяжу адукацыі, „шобы было панятна“».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]