Людзі і справы

На крыніцы ў Салах валанцёры сабралі 3000 літраў смецця. У вадзе знайшлі нітраты

У вадзе самай папулярнай гродзенскай крыніцы ў Салах колькасць нітратаў набліжаецца да высокага ўзроўню. У ручай выкідваюць шыфер, аднаразовыя маскі і пракладкі, побач складуюць гной. Валанцёры за дзве гадзiны 18 красавіка сабралі тут каля 3000 літраў смецця. Гродназелянбуд чысціць берагі адзін раз у месяц. Санітарныя службы якасць вады ў крыніцах не кантралююць. Ці можна карыстацца такой вадой, высвятляла карэспандэнт Hrodna.life.

На крыніцу ў Салах прыязджаюць сотні людзей з Вішняўца ды іншых гродзенскіх мікрараёнаў. У выхадныя тут нават бываюць чэргі.

«Часам і паўгадзіны трэба стаяць, — распавядае жыхар праспекта Янкі Купалы Сяргей. — Ездзім сюды ўжо пяць гадоў. Звычайна бяром каля 40 літраў. Адной 5-літровай банкі хапае на дзень на сям’ю з трох чалавек».

Машыны паркуюцца каля крыніцы кожныя пяць-дзесяць хвілін. Людзі набіраюць ваду вялікімі бутэлькамі і каністрамі. Святлана прыехала з Вішняўца з маленькім унукам. Кажа, што вельмі падабаецца вада, даюць пакаштаваць і малому. Гараджане адзначаюць, што на смак яна лепш, чым з крана.

Нітратаў больш, чым у вадаправодзе

«Манітору гэтую крыніцу не першы год з дапамогай індыкатарных тэст-палосак. У апошнія два гады стаў заўважаць, што ў вадзе з’явіліся нітраты. Іх колькасць павялічваецца», — кажа старшыня грамадскага аб’яднання «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў.

Тэст-палоска паказвае ўзровень нітратаў у дыяпазоне 25−50 міліграмаў на літр. Гэта блізка да парогавага значэння: гігіенічная норма — 45 мг/дм3.

На гэтым ручаі ёсць яшчэ тры крыніцы. У іх узровень нітратаў ніжэй. У іншай вядомай крыніцы ў Прывалцы, па словах Яўгена Філімонава, тэст паказаў ідэальны вынік.

Нітраты, ці солі азотнай кіслаты, пераўтвараюцца ў арганізме ў нітрыты. Трапляючы ў кроў, яны могуць выклікаць кіслароднае галаданне, запавольваюць абмен рэчываў. Нітраты спрыяюць развіццю патагеннай мікрафлоры ў кішэчніку. Пры працяглым паступленні могуць правакаваць анкалагічныя захворванні, павелічэнне шчытападобнай залозы. Асабліва адчувальныя да нітратаў грудныя дзеці, паведамляе санітарная служба Мінска.

Эколаг пісаў зварот у Гарадзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя восенню 2020 года. Спецыялісты зрабілі замеры, якія паказалі: узровень шкодных рэчываў не перавышае нормы. Па выніках аналізу ад 27 кастрычніка 2020 колькасць нітратаў у вадзе з Салоў склала 28,2 мг/дм3, гэта адпавядае гігіенічным нарматывам.

«Але ў крыніцы ўвогуле ні нітратаў, ні іншых шкодных рэчываў быць не павінна. Людзі ўспрымаюць яго як крыніцу чыстай пітнай вады, вераць у лекавыя ўласцівасці».

Ваду з такой колькасцю нітратаў, як у Салах, не варта піць старым, немаўлятам і цяжарным жанчынам, адзначае эколаг. «Атрымліваецца, што вада з крана менш небяспечная».

Сярэдні ўзровень нітратаў у пітнай вадзе Гродна ў 2020 годзе (дадзеныя сайта Гроднавадаканала)

  • вадазабор «Гожка» — 2,33 мг/дм3
  • вадазабор «Пышкі» — 3,66 мг/дм3
  • вадазабор «Чэхаўшчызна» — 1,74 мг/дм3

Вінаватыя людзі з гораду?

Крыніцу ў Салах уладкавалі каля 10 гадоў таму па рашэнні гарвыканкама. Камунальнікі паставілі крыты калодзеж, паклалі прыступкі. Побач з’явілася невялікая пляцоўка для паркоўкі. Праз вёску пайшоў трафік машын з горада — усе на крыніцу.

«Дарогу нам разбіваюць, а асфальт ніхто не кладзе», — незадаволены мясцовы жыхар Віктар. Гарадскія, паводле яго слоў, пакідаюць на берагах горы смецця. «Перадайце УЖРЭПу, каб сметнік для іх паставілі каля рэчкі».

У якасці мясцовай вады мужчына не сумняваецца. Кажа, што яе тут пілі заўсёды, на аналіз ніхто не адносіў. Нават цяпер, калі ў Салах з’явіўся вадаправод, вясковыя па звычцы ходзяць на крыніцу.

Кучу гною прыбіралі год

«Калі нітраты падвышаюца, то, па вопыту, трэба шукаць палі, куды ўносяць угнаенні, або арганіку», — кажа Яўген Філімонаў. У Салах мясцовыя жыхары зрабілі агароды каля ручая. Угнаенні з іх змывае дажджамі ў ваду.

Мінулай вясной адзін з суседзяў выгрузіў каля крыніцы гной. Эколагі некалькі месяцаў угаворвалі гаспадара яго прыбраць. У выніку прыйшлося звяртацца ў камітэт прыродных рэсурсаў. Пасля прадпісання ўладальнік кучы перамясціў яе на іншы бок дарогі, а другую частку раскідаў па градках каля крыніцы. Цалкам прыбраць «арганіку» удалося толькі вясной 2021 года.

«Прама ў рэчышчы хтосьці зладзіў звалку шыферу, — распавядае Яўген Філімонаў. — Гэта вельмі небяспечнае смецце, яно забруджвае ваду азбестам. Гэтае рэчыва можа правакаваць анкалогію». З ручая эколагі дасталі каля 200 кілаграмаў шыферу.

Нагрузка на крыніцу вышэй за яе магчымасці

Міжнародную акцыю па расчыстцы рэк River Cleanup у 2021 годзе гродзенскія актывісты вырашылі правесці менавіта ў Салах. За дзве гадзіны валанцёры «Экаманіторынга» сабралі амаль тры кубаметры смецця каля крынічкі. Пачысцілі рэчышча і берагі на адрэзку каля 100 метраў.

Школьніцы Ксюша и Ліза прыехалі на крыніцу з бліжэйшых шматпавярховак:

«Спачатку мы хацелі проста адпачыць, але потым вырашылі прыбрацца. Знайшлі шмат розных бутэлек, плёнку, чаравікі, нейкія тканіны, слоічкі з-пад парфумы».

Жыхар Вішняўца Ігар бярэ ўдзел у акцыі як валанцёр:

«Калі еду з дзецьмі па ваду, заўсёды бяру пакет і трохі прыбіраю. Інакш мне сорамна перад мясцовымі жыхарамі. Здаецца, што людзі сюды едуць не толькі на крыніцу, але і каб выкінуць смецце».

Вакол крыніцы шмат акуркаў. Хлопцы распавядаюць, што не так даўно хтосьці павесіў пусты пачак ад цыгарэт прама на калодзеж.

«Аднаразовыя маскі, пальчаткі, упакоўкі з-пад лекаў, тара ад гарэлкі, банкі ад матыля, сродкі гігіены, пракладкі», — пералічваюць валанцёры свае знаходкі на беразе і ў вадзе.

«Для кожнай крыніцы ёсць свая дапушчальная антрапагенная нагрузка — ступень ўздзеяння на яго чалавека, — тлумачыць Яўген Філімонаў. — Зараз нагрузка перавышае магчымасці гэтага месца, і мы можам яго страціць».

Што кажуць гарадскія службы

Вадзім Палякоў, начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Людзі могуць звяртацца ў інспекцыю прыродных рэсурсаў, калі бачаць праблемы на крыніцы. Напрыклад, каля яе нельга застаўляць смецце. У прыбярэжнай паласе паркаваць машыны можна за 30 метраў да вады, араць зямлю — не бліжэй чым за 10 метраў. Канкрэтна за гэтай крыніцай інспекцыя не сочыць. Але мы рэагуем у межах сваёй кампетэнцыі.

Яніна Шарэнда, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гродна і Гродзенскага раёна — галоўны ўрач Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

— Крыніцы не адносяцца да сістэмы пітнага водазабеспячэння. Санітарная служба ваду ў іх не кантралюе. Гэта рашэнне асабіста кожнага чалавека — піць з крыніцы ці не. Праверыць якасць вады можна у лабараторыі Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Трэба напісаць заяву, аплаціць і атрымаць вынікі. Для санітарна-хімічнага аналізу можна самастойна набраць ваду ў чыстую 1,5-літровую бутэльку, для мікрабіялагічнага — атрымаць стэрыльны посуд у лабараторыі.

Мікалай Ярмоліч, намеснік дырэктара прадпрыемства «Гродназеленбуд»:

— На крыніцы ў Солах выпадковае смецце прыбіраем адзін раз у месяц, выязджае звычайна ад 7 да 15 чалавек. Дадаткова рэагуем, калі ёсць скаргі. Гродназеленбуд абслугоўвае гэтую тэрыторыю па дагавору з Гродзенскай гарадской ЖКГ, яны ўсталёўваюць графік. Дагавор заключылі ў пачатку 2021 тэрмінам на год, таму ў бліжэйшы час графік уборкі наўрад ці зменіцца. У горадзе ёсць яшчэ больш праблемныя месцы. Напрыклад, адкрылі «Макдоналдс», і на Леванабярэжнай зараз смецце. Трэба ставіць гэтае месца на рэгулярнае абслугоўванне. У Салах, на мой погляд, аптымальнае рашэнне — прыцягнуць грамадскія арганізацыі, валанцёраў.

У Гродзенскай гарадской ЖКГ аператыўны каментар рэдакцыі Hrodna.life атрымаць не ўдалося. Намеснік дырэктара Сяргей Сямашка папрасіў зрабіць пісьмовы запыт. Мы апублікуем афіцыйны адказ, як толькі ён паступіць.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024