У вадзе самай папулярнай гродзенскай крыніцы ў Салах колькасць нітратаў набліжаецца да высокага ўзроўню. У ручай выкідваюць шыфер, аднаразовыя маскі і пракладкі, побач складуюць гной. Валанцёры за дзве гадзiны 18 красавіка сабралі тут каля 3000 літраў смецця. Гродназелянбуд чысціць берагі адзін раз у месяц. Санітарныя службы якасць вады ў крыніцах не кантралююць. Ці можна карыстацца такой вадой, высвятляла карэспандэнт Hrodna.life.
На крыніцу ў Салах прыязджаюць сотні людзей з Вішняўца ды іншых гродзенскіх мікрараёнаў. У выхадныя тут нават бываюць чэргі.
«Часам і паўгадзіны трэба стаяць, — распавядае жыхар праспекта Янкі Купалы Сяргей. — Ездзім сюды ўжо пяць гадоў. Звычайна бяром каля 40 літраў. Адной 5-літровай банкі хапае на дзень на сям’ю з трох чалавек».
Машыны паркуюцца каля крыніцы кожныя пяць-дзесяць хвілін. Людзі набіраюць ваду вялікімі бутэлькамі і каністрамі. Святлана прыехала з Вішняўца з маленькім унукам. Кажа, што вельмі падабаецца вада, даюць пакаштаваць і малому. Гараджане адзначаюць, што на смак яна лепш, чым з крана.
Нітратаў больш, чым у вадаправодзе
«Манітору гэтую крыніцу не першы год з дапамогай індыкатарных тэст-палосак. У апошнія два гады стаў заўважаць, што ў вадзе з’явіліся нітраты. Іх колькасць павялічваецца», — кажа старшыня грамадскага аб’яднання «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў.
Тэст-палоска паказвае ўзровень нітратаў у дыяпазоне 25−50 міліграмаў на літр. Гэта блізка да парогавага значэння: гігіенічная норма — 45 мг/дм3.
На гэтым ручаі ёсць яшчэ тры крыніцы. У іх узровень нітратаў ніжэй. У іншай вядомай крыніцы ў Прывалцы, па словах Яўгена Філімонава, тэст паказаў ідэальны вынік.
Нітраты, ці солі азотнай кіслаты, пераўтвараюцца ў арганізме ў нітрыты. Трапляючы ў кроў, яны могуць выклікаць кіслароднае галаданне, запавольваюць абмен рэчываў. Нітраты спрыяюць развіццю патагеннай мікрафлоры ў кішэчніку. Пры працяглым паступленні могуць правакаваць анкалагічныя захворванні, павелічэнне шчытападобнай залозы. Асабліва адчувальныя да нітратаў грудныя дзеці, паведамляе санітарная служба Мінска.
Эколаг пісаў зварот у Гарадзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя восенню 2020 года. Спецыялісты зрабілі замеры, якія паказалі: узровень шкодных рэчываў не перавышае нормы. Па выніках аналізу ад 27 кастрычніка 2020 колькасць нітратаў у вадзе з Салоў склала 28,2 мг/дм3, гэта адпавядае гігіенічным нарматывам.
«Але ў крыніцы ўвогуле ні нітратаў, ні іншых шкодных рэчываў быць не павінна. Людзі ўспрымаюць яго як крыніцу чыстай пітнай вады, вераць у лекавыя ўласцівасці».
Ваду з такой колькасцю нітратаў, як у Салах, не варта піць старым, немаўлятам і цяжарным жанчынам, адзначае эколаг. «Атрымліваецца, што вада з крана менш небяспечная».
Вінаватыя людзі з гораду?
Крыніцу ў Салах уладкавалі каля 10 гадоў таму па рашэнні гарвыканкама. Камунальнікі паставілі крыты калодзеж, паклалі прыступкі. Побач з’явілася невялікая пляцоўка для паркоўкі. Праз вёску пайшоў трафік машын з горада — усе на крыніцу.
«Дарогу нам разбіваюць, а асфальт ніхто не кладзе», — незадаволены мясцовы жыхар Віктар. Гарадскія, паводле яго слоў, пакідаюць на берагах горы смецця. «Перадайце УЖРЭПу, каб сметнік для іх паставілі каля рэчкі».
У якасці мясцовай вады мужчына не сумняваецца. Кажа, што яе тут пілі заўсёды, на аналіз ніхто не адносіў. Нават цяпер, калі ў Салах з’явіўся вадаправод, вясковыя па звычцы ходзяць на крыніцу.
Кучу гною прыбіралі год
«Калі нітраты падвышаюца, то, па вопыту, трэба шукаць палі, куды ўносяць угнаенні, або арганіку», — кажа Яўген Філімонаў. У Салах мясцовыя жыхары зрабілі агароды каля ручая. Угнаенні з іх змывае дажджамі ў ваду.
Мінулай вясной адзін з суседзяў выгрузіў каля крыніцы гной. Эколагі некалькі месяцаў угаворвалі гаспадара яго прыбраць. У выніку прыйшлося звяртацца ў камітэт прыродных рэсурсаў. Пасля прадпісання ўладальнік кучы перамясціў яе на іншы бок дарогі, а другую частку раскідаў па градках каля крыніцы. Цалкам прыбраць «арганіку» удалося толькі вясной 2021 года.
«Прама ў рэчышчы хтосьці зладзіў звалку шыферу, — распавядае Яўген Філімонаў. — Гэта вельмі небяспечнае смецце, яно забруджвае ваду азбестам. Гэтае рэчыва можа правакаваць анкалогію». З ручая эколагі дасталі каля 200 кілаграмаў шыферу.
Нагрузка на крыніцу вышэй за яе магчымасці
Міжнародную акцыю па расчыстцы рэк River Cleanup у 2021 годзе гродзенскія актывісты вырашылі правесці менавіта ў Салах. За дзве гадзіны валанцёры «Экаманіторынга» сабралі амаль тры кубаметры смецця каля крынічкі. Пачысцілі рэчышча і берагі на адрэзку каля 100 метраў.
Школьніцы Ксюша и Ліза прыехалі на крыніцу з бліжэйшых шматпавярховак:
«Спачатку мы хацелі проста адпачыць, але потым вырашылі прыбрацца. Знайшлі шмат розных бутэлек, плёнку, чаравікі, нейкія тканіны, слоічкі з-пад парфумы».
Жыхар Вішняўца Ігар бярэ ўдзел у акцыі як валанцёр:
«Калі еду з дзецьмі па ваду, заўсёды бяру пакет і трохі прыбіраю. Інакш мне сорамна перад мясцовымі жыхарамі. Здаецца, што людзі сюды едуць не толькі на крыніцу, але і каб выкінуць смецце».
Вакол крыніцы шмат акуркаў. Хлопцы распавядаюць, што не так даўно хтосьці павесіў пусты пачак ад цыгарэт прама на калодзеж.
«Аднаразовыя маскі, пальчаткі, упакоўкі з-пад лекаў, тара ад гарэлкі, банкі ад матыля, сродкі гігіены, пракладкі», — пералічваюць валанцёры свае знаходкі на беразе і ў вадзе.
«Для кожнай крыніцы ёсць свая дапушчальная антрапагенная нагрузка — ступень ўздзеяння на яго чалавека, — тлумачыць Яўген Філімонаў. — Зараз нагрузка перавышае магчымасці гэтага месца, і мы можам яго страціць».
Што кажуць гарадскія службы
Вадзім Палякоў, начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
— Людзі могуць звяртацца ў інспекцыю прыродных рэсурсаў, калі бачаць праблемы на крыніцы. Напрыклад, каля яе нельга застаўляць смецце. У прыбярэжнай паласе паркаваць машыны можна за 30 метраў да вады, араць зямлю — не бліжэй чым за 10 метраў. Канкрэтна за гэтай крыніцай інспекцыя не сочыць. Але мы рэагуем у межах сваёй кампетэнцыі.
Яніна Шарэнда, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гродна і Гродзенскага раёна — галоўны ўрач Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:
— Крыніцы не адносяцца да сістэмы пітнага водазабеспячэння. Санітарная служба ваду ў іх не кантралюе. Гэта рашэнне асабіста кожнага чалавека — піць з крыніцы ці не. Праверыць якасць вады можна у лабараторыі Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Трэба напісаць заяву, аплаціць і атрымаць вынікі. Для санітарна-хімічнага аналізу можна самастойна набраць ваду ў чыстую 1,5-літровую бутэльку, для мікрабіялагічнага — атрымаць стэрыльны посуд у лабараторыі.
Мікалай Ярмоліч, намеснік дырэктара прадпрыемства «Гродназеленбуд»:
— На крыніцы ў Солах выпадковае смецце прыбіраем адзін раз у месяц, выязджае звычайна ад 7 да 15 чалавек. Дадаткова рэагуем, калі ёсць скаргі. Гродназеленбуд абслугоўвае гэтую тэрыторыю па дагавору з Гродзенскай гарадской ЖКГ, яны ўсталёўваюць графік. Дагавор заключылі ў пачатку 2021 тэрмінам на год, таму ў бліжэйшы час графік уборкі наўрад ці зменіцца. У горадзе ёсць яшчэ больш праблемныя месцы. Напрыклад, адкрылі «Макдоналдс», і на Леванабярэжнай зараз смецце. Трэба ставіць гэтае месца на рэгулярнае абслугоўванне. У Салах, на мой погляд, аптымальнае рашэнне — прыцягнуць грамадскія арганізацыі, валанцёраў.
У Гродзенскай гарадской ЖКГ аператыўны каментар рэдакцыі Hrodna.life атрымаць не ўдалося. Намеснік дырэктара Сяргей Сямашка папрасіў зрабіць пісьмовы запыт. Мы апублікуем афіцыйны адказ, як толькі ён паступіць.
Чытайце таксама: