Адна з самых тытулаваных майстроў Беларусі працуе ў гродзенскім тату-салоне. Дзяўчына “ў прафесіі” больш за 15 гадоў. За гэты час яна выканала каля 1500 якасных татуяванак. Для тых, хто выбірае нацыянальную тэматыку, – робіць зніжкі.
Першую тату зрабіла сама сабе
Юля нарадзілася у пасёлку Краснасельскі, што ў Гродзенскай вобласці. З дзяцінства займалася маляваннем і скончыла мастацкую школу.
– Мяне заўсёды захаплялі малюнкі на чалавечай скуры, – распавядае дзяўчына. – Татуяванне – даўні від выяўленчай дзейнасці. Калі майстар выкарыстоўвае ў сваёй працы законы кампазіцыі, анатамічныя асаблівасці, правілы колеразнаўства і прапускае ідэю праз прызму свайго бачання – толькі тады татуяванне можна аднесці да твору мастацтва.
Упершыню Юля ўзяла у рукі татуявальную машынку ў 13 гадоў.
– Старэйшы брат вярнуўся з войска з вялізным “трайблам” [абстрактным узорам – рэд.] на руцэ і самаробнай тату-машынкай, – успамінае мастачка. – Гэта стала непераадольнай спакусай для мяне. Не прайшло і тыдня, як гэтай машынкай я зрабіла першую татуіроўку на сваім целе – дракончыка.
Будучы муж падарыў першую прафесійную машынку
Пасля школы Юля пераехала ў Гродна, навучалася ў Каледжы мастацтваў на дызайнера, потым у ГрДУ на спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва”. Акадэмічная школа малюнку і жывапісу стала падмуркам для творчай дзейнасці ў татуяванні.
– Калі вучылася ва ўніверсітэце, будучы муж падараваў мне мой першы набор для татуявання, – узгадвае Юля. – Адбылося гэта ў 2008 годзе. Першымі маімі кліентамі сталі сябры і знаёмыя.

Сёння ў прафесіі дзяўчат і хлопцаў прыкладна 50 на 50, але тады Юля была адзінай дзяўчынай-майстрам татуявання ў Гродне.
– Неякай асаблівай негатыўнай рэакцыі на мяне ў “мужчынскай прафесіі” не было, – узгадвае тату-мастачка. – Зараз у мяне шмат сяброў і ў Беларусі, і за яе межамі, якія займаюцца гэтай справай. Сярод іх ёсць і жанчыны.
“Матуля марыла, каб я пісала карціны маслам”
– Не магу сказаць што сутыкнулася з якімсьці супрацівам у маёй сям’і адносна выбару прафесіі. Матуля была пад моцным уражаннем ад маёй працы, але не была супраць. Яна марыла аб тым, каб я пісала карціны маслам, але была вымушана прыняць мой выбар.

Часам дзяўчына сутыкаецца з негатыўнай рэакцыяй на тату. Часцей за ўсё непрыязна ставяцца людзі сталага ўзросту з паслясавецкім мысленнем. Многія з іх лічаць, што татуяванне робяць толькі тыя, хто сядзеў у турме.
“Тату – гэта не парткі, яна на ўсё жыццё і вышэй за моду”
– У апошнія гады татуяваннем нікога не здзівіш, – разважае майстра. – Нават сталі прыходзіць людзі, якія робяць сваё першае тату ў 40-50-гадовым узросце.
Пытанні “папулярных” тату ад мяне ўжо адышлі. Яны засталіся майстрам пачатковага ўзроўню. Я працую з людзьмі, якія ставяцца больш сур’ёзна і робяць не мімалётныя модныя малюнкі, а асэнсаваныя работы. Вялікія зніжкі я раблю для кліентаў, якія хочуць зрабіць тату на нацыянальную тэматыку.

200 колераў на скуры
Юля выконвае свае работы ў розных стылях – рэалізм, ньюскул, дотворк, арнаментальны.
– Увогуле, мне падабаецца працаваць па ўласных эскізах, якія цяжка аднесці да пэўнага стылю.
Выкарыстоўвае мастачка пры гэтым каля 200 колераў спецыяльнай фарбы. У яе “арсенале” самыя перадавыя сусветныя тэхналогіі татуявальнага мастацтва.

Не сядзіць на месцы
Юля Кульба рэгулярна ўдзельнічае ў тату фестывалях і канвенцыях, якія праходзяць у Еўропе. Гродзенская мастачка займала прызавыя месцы на тату-спаборніцтвах у Мінску, Кіеве, Львове, Клайпедзе, Варшаве, Люксембургу. Была ў журы мінулагодняга “Мінск Тату Фэст”.

“Твае вочы ззяюць як зоркі”
– Самымі сталымі маімі кліентамі былі людзі ва ўзросце каля 70 год. Рабіла я тату і для чарнаскурых кліентаў, былі і мулаты, і азіяты. Запомніўся адзін з выпускнікоў медуніверсітэта, які прыехаў з Індыі. Ён зрабіў сабе надпіс на беларускай мове: “Твае вочы ззяюць як зоркі”.
Да тату ёсць супрацьпаказанні
Не кожны чалавек, па стане здароўя, можа зрабіць сабе тату. Дэрматыт ці псарыяз з’яўляюцца сур’ёзнымі супрацьпаказаннямі, ёсць і іншыя.
– Калі чалавек няўпэўнены, што яму можна рабіць тату, я раю пракансультавацца з урачом. Пры татуяванні выкарыстоўваюцца толькі стэрыльныя прылады і матэрыялы, большасць з іх ужываецца толькі аднойчы, але хваравітая скура можа адрэагаваць непрадказальна.
Пасля заканчэння работы да поўнага зажыўлення скуры патрэбны спецыяльны догляд, калі кліент не выконвае парады майстра – таксама могуць быць праблемы. Сам майстар рэгулярна праходзіць абавязковае медыцынскае абследаванне.
Акрамя татуявання займаецца жывапісам
З самага дзяцінства Юля марыла аб уласнай хаце на вёсцы, сабаках і конях. Усё гэта здзейснілася, дзякуючы цяжкай працы.
– Я просты чалавек – жыву ў вёсцы недалёка ад горада. Тут у мяне ёсць свой конь і два сабакі – даберман і кітайская хахлатая. Гэта больш для душы. Мне падабаецца даглядаць іх, рабіць усё сваімі рукамі. З сабакамі мы ходзім у невялічкія аднадзённыя вандроўкі. Час ад часу бяром з сабой і каня – пад верхам ці ў паваду.

Да коннага спорту я стаўлюся рэзка негатыўна, для мяне гэта здзек з жывёлы. Свайго каня мы забралі з жорсткага пракату і доўгі час аднаўлялі яму здароў’е. Час ад часу я дапамагаю і бяздомным жывёлам.
Я не займаюсь спортам, але мы з мужам вядзем здоровы лад жыцця. Ежу гатуем толькі самі, таму што з’яўляемся вегетарыянцамі. Любім вандраваць, заўсёды выбіраем актыўны, танны адпачынак.
“Наш конь – гэта асобная размова”
– З таго часу, як мы з мужам выкупілі з пракату нашага каня, я паабяцала, што жывёла ніколі болей не адчуе на сабе жорсткасць чалавека, не будзе цяжка працаваць, як раней, і што я ніколі, ні пры якіх абставінах не надзену на яго аброць з жалезам у роце.

Так і жывем. Я вельмі рэдка сядаю да яе на спіну, больш працую з ёй “у руках”. Амаль усе практыкаванні, якія мы робім, накіраваны на тое, каб падтрымаць яе здароўе – і фізічнае, і псіхалагічнае. Я шчаслівая толькі ад таго, што яна побач! Вельмі люблю назірать за ёй. Каля коней заўседы такі спакой і цішыня – ім не трэба слоў, ім дастаткова толькі тваёй энергетыкі і яны як люстэркі адлюстроўваюць цябе. У мяне няма якой-небудзь канкрэтнай сістэмы па працы з канём, хоць і чытаю шмат кніг. Я стараюся не прымушаць, а прасіць, і хачу каб ёй было са мной добра.


