Адна з самых тытулаваных майстроў Беларусі працуе ў гродзенскім тату-салоне. Дзяўчына «ў прафесіі» больш за 15 гадоў. За гэты час яна выканала каля 1500 якасных татуяванак. Для тых, хто выбірае нацыянальную тэматыку, — робіць зніжкі.
Першую тату зрабіла сама сабе
Юля нарадзілася у пасёлку Краснасельскі, што ў Гродзенскай вобласці. З дзяцінства займалася маляваннем і скончыла мастацкую школу.
— Мяне заўсёды захаплялі малюнкі на чалавечай скуры, — распавядае дзяўчына. — Татуяванне — даўні від выяўленчай дзейнасці. Калі майстар выкарыстоўвае ў сваёй працы законы кампазіцыі, анатамічныя асаблівасці, правілы колеразнаўства і прапускае ідэю праз прызму свайго бачання — толькі тады татуяванне можна аднесці да твору мастацтва.
Упершыню Юля ўзяла у рукі татуявальную машынку ў 13 гадоў.
— Старэйшы брат вярнуўся з войска з вялізным «трайблам» [абстрактным узорам — рэд.] на руцэ і самаробнай тату-машынкай, — успамінае мастачка. — Гэта стала непераадольнай спакусай для мяне. Не прайшло і тыдня, як гэтай машынкай я зрабіла першую татуіроўку на сваім целе — дракончыка.
Будучы муж падарыў першую прафесійную машынку
Пасля школы Юля пераехала ў Гродна, навучалася ў Каледжы мастацтваў на дызайнера, потым у ГрДУ на спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва». Акадэмічная школа малюнку і жывапісу стала падмуркам для творчай дзейнасці ў татуяванні.
— Калі вучылася ва ўніверсітэце, будучы муж падараваў мне мой першы набор для татуявання, — узгадвае Юля. — Адбылося гэта ў 2008 годзе. Першымі маімі кліентамі сталі сябры і знаёмыя.
Сёння ў прафесіі дзяўчат і хлопцаў прыкладна 50 на 50, але тады Юля была адзінай дзяўчынай-майстрам татуявання ў Гродне.
— Неякай асаблівай негатыўнай рэакцыі на мяне ў «мужчынскай прафесіі» не было, — узгадвае тату-мастачка. — Зараз у мяне шмат сяброў і ў Беларусі, і за яе межамі, якія займаюцца гэтай справай. Сярод іх ёсць і жанчыны.
«Матуля марыла, каб я пісала карціны маслам»
— Не магу сказаць што сутыкнулася з якімсьці супрацівам у маёй сям'і адносна выбару прафесіі. Матуля была пад моцным уражаннем ад маёй працы, але не была супраць. Яна марыла аб тым, каб я пісала карціны маслам, але была вымушана прыняць мой выбар.
Часам дзяўчына сутыкаецца з негатыўнай рэакцыяй на тату. Часцей за ўсё непрыязна ставяцца людзі сталага ўзросту з паслясавецкім мысленнем. Многія з іх лічаць, што татуяванне робяць толькі тыя, хто сядзеў у турме.
«Тату — гэта не парткі, яна на ўсё жыццё і вышэй за моду»
— У апошнія гады татуяваннем нікога не здзівіш, — разважае майстра. — Нават сталі прыходзіць людзі, якія робяць сваё першае тату ў 40−50-гадовым узросце.
Пытанні «папулярных» тату ад мяне ўжо адышлі. Яны засталіся майстрам пачатковага ўзроўню. Я працую з людзьмі, якія ставяцца больш сур’ёзна і робяць не мімалётныя модныя малюнкі, а асэнсаваныя работы. Вялікія зніжкі я раблю для кліентаў, якія хочуць зрабіць тату на нацыянальную тэматыку.
200 колераў на скуры
Юля выконвае свае работы ў розных стылях — рэалізм, ньюскул, дотворк, арнаментальны.
— Увогуле, мне падабаецца працаваць па ўласных эскізах, якія цяжка аднесці да пэўнага стылю.
Выкарыстоўвае мастачка пры гэтым каля 200 колераў спецыяльнай фарбы. У яе «арсенале» самыя перадавыя сусветныя тэхналогіі татуявальнага мастацтва.
Не сядзіць на месцы
Юля Кульба рэгулярна ўдзельнічае ў тату фестывалях і канвенцыях, якія праходзяць у Еўропе. Гродзенская мастачка займала прызавыя месцы на тату-спаборніцтвах у Мінску, Кіеве, Львове, Клайпедзе, Варшаве, Люксембургу. Была ў журы мінулагодняга «Мінск Тату Фэст».
«Твае вочы ззяюць як зоркі»
— Самымі сталымі маімі кліентамі былі людзі ва ўзросце каля 70 год. Рабіла я тату і для чарнаскурых кліентаў, былі і мулаты, і азіяты. Запомніўся адзін з выпускнікоў медуніверсітэта, які прыехаў з Індыі. Ён зрабіў сабе надпіс на беларускай мове: «Твае вочы ззяюць як зоркі».
Да тату ёсць супрацьпаказанні
Не кожны чалавек, па стане здароўя, можа зрабіць сабе тату. Дэрматыт ці псарыяз з’яўляюцца сур’ёзнымі супрацьпаказаннямі, ёсць і іншыя.
— Калі чалавек няўпэўнены, што яму можна рабіць тату, я раю пракансультавацца з урачом. Пры татуяванні выкарыстоўваюцца толькі стэрыльныя прылады і матэрыялы, большасць з іх ужываецца толькі аднойчы, але хваравітая скура можа адрэагаваць непрадказальна.
Пасля заканчэння работы да поўнага зажыўлення скуры патрэбны спецыяльны догляд, калі кліент не выконвае парады майстра — таксама могуць быць праблемы. Сам майстар рэгулярна праходзіць абавязковае медыцынскае абследаванне.
Акрамя татуявання займаецца жывапісам
З самага дзяцінства Юля марыла аб уласнай хаце на вёсцы, сабаках і конях. Усё гэта здзейснілася, дзякуючы цяжкай працы.
— Я просты чалавек — жыву ў вёсцы недалёка ад горада. Тут у мяне ёсць свой конь і два сабакі - даберман і кітайская хахлатая. Гэта больш для душы. Мне падабаецца даглядаць іх, рабіць усё сваімі рукамі. З сабакамі мы ходзім у невялічкія аднадзённыя вандроўкі. Час ад часу бяром з сабой і каня — пад верхам ці ў паваду.
Да коннага спорту я стаўлюся рэзка негатыўна, для мяне гэта здзек з жывёлы. Свайго каня мы забралі з жорсткага пракату і доўгі час аднаўлялі яму здароў'е. Час ад часу я дапамагаю і бяздомным жывёлам.
Я не займаюсь спортам, але мы з мужам вядзем здоровы лад жыцця. Ежу гатуем толькі самі, таму што з’яўляемся вегетарыянцамі. Любім вандраваць, заўсёды выбіраем актыўны, танны адпачынак.
«Наш конь — гэта асобная размова»
— З таго часу, як мы з мужам выкупілі з пракату нашага каня, я паабяцала, што жывёла ніколі болей не адчуе на сабе жорсткасць чалавека, не будзе цяжка працаваць, як раней, і што я ніколі, ні пры якіх абставінах не надзену на яго аброць з жалезам у роце.
Так і жывем. Я вельмі рэдка сядаю да яе на спіну, больш працую з ёй «у руках». Амаль усе практыкаванні, якія мы робім, накіраваны на тое, каб падтрымаць яе здароўе — і фізічнае, і псіхалагічнае. Я шчаслівая толькі ад таго, што яна побач! Вельмі люблю назірать за ёй. Каля коней заўседы такі спакой і цішыня — ім не трэба слоў, ім дастаткова толькі тваёй энергетыкі і яны як люстэркі адлюстроўваюць цябе. У мяне няма якой-небудзь канкрэтнай сістэмы па працы з канём, хоць і чытаю шмат кніг. Я стараюся не прымушаць, а прасіць, і хачу каб ёй было са мной добра.