Новая экранізацыя легенд пра Робін Гуда выйшла ў самым канцы года і гэта вельмі зручна для кінакрытыкаў: мала шанцаў, што якая-небудзь стужка сапхне гэты фільм з пазіцыі найгоршага фільму года.
Слава высакароднага злодзея з Шэрвудскага лесу не згасае стагоддзямі, але па-сапраўднаму годнага кіно пра яго і не ўспомніш. Гэта пры тым, што сусветны кінематограф не раз звяртаўся да Робін Гуда ў незлічоных анімацыйных і гульнявых экранізацыях. Серыялаў таксама знялі нямала.
З самых вядомых фільмаў пра фенаменальнага лучніка гледачы пастарэй могуць памятаць «Робін Гуд: Прынц злодзеяў» з Кевінам Костнэрам або парадыйную камедыю «Мужчыны ў трыко» з пачатку 1990-х (паглядзіце ніжэй як рабілі трэйлеры ў тыя гады). Гэтыя фільмы тады гулялі на VHS і часта трансляваліся па ТБ.
Адной з апошніх спробаў нагадаць пра подзвігі Гуда стаў дарагі галівудскі эпік Рыдлі Скота 2010 года з Расэлам Кроў, прыняты гледачамі досыць прахалодна і неўзабаве забыты.
У Галівудзе канвеер выдаў чарговы рэмейк пра прыгоды знакамітага ангельца. З гэтага хочацца пасмяяцца, але назва засталася ранейшай: імя-мянушка героя. Толькі на нашых экранах фільм удастоіўся падзагалоўку «Пачатак». У Расіі, напэўна, спадзяюцца, што амерыканцы напладзяць сіквелаў-прыквелаў і, як прынята, запусцяць новую франшызу. Надзеям не наканавана спраўдзіцца.
Знешні выгляд Робіну Гуду падарыў англійскій хлопец Тэрон Эджэртан, які нядрэнна адыграў маладога агента ў дылогіі баевікоў «Kingsman». Магчыма, прадзюсары, калі разважалі аб запрашэнні акцёра, былі ўражаныя яго элегантным стылем а-ля Бонд і ўменнем высакародна трымаць сябе перад камерай. Тым больш, цяпер кар’ера Эджэртана на ўздыме, ён запатрабаваны, і яму патрэбен праект, які Тэрон зможа вынесці ў адзіночку. Але не атрымалася.
Фільм пачынаецца з прапановы забыць усё, што мы ведаем пра прыгоды Гуда: нам прапануюць псеўдагістарычную альтэрнатыву. У ёй сярэднявечная Англія прадстаўлена асучасненым светам, у якім прысутнічаюць персанажы ў дэкаратыўных адзеннях і рознай расавай прыналежнасці. Воіны пазабывалі аб тыповай для таго часу зброі і страляюць з аўтаматычных кулямётаў-арбалетаў. Калі б фільм быў заяўлены як немудрагелістае фэнтазі для падлеткаў, да гэтага яшчэ можна было б ставіцца паблажліва. Але тут не трэба мець вялікіх гістарычных ведаў, каб заўважаць глабальную хлусню.
У спробе ўгнацца за сучаснымі паняццямі паліткарэктнасці і расавай талерантнасці сярэднявечны эпас ператварыўся ў цырк абсурду і ідыятызму, у якім не варта спрабаваць знайсці разумны сэнс. Гэта проста непавага да гледача коштам у 100 мільёнаў долараў, выдаткаваных на вытворчасць гэтага трызнення. А калі вы даведаецеся аб глабальных планах сярэднявечнай царквы па захопе свету, тады зусім не зможаце заснуць!
Робін Гуд у гэтым свеце — супергерой, якому ўдаецца ўсё: і ўцякаць ад смяротных удараў, і «замуціць народны Майдан», і паспяваць быць у любоўным трыкутніку. Ён, як Брус Уэйн, вядзе падвойнае жыццё, каб ніхто не ведаў аб яго высакародных планах правучыць шэрыфа Нотынгема. Уначы ён як герой ці то гульні «Assassin's Creed», ці то серыяла «Страла» хавае свой твар пад капюшонам, хоць незразумела як тысячы бязмозгіх ворагаў не могуць яго пазнаць. У памагатых маўр, які ў кожным дыялогу выдае эпічныя заклікі. Ленін на браневіку адпачывае.
Сцэнарысты не асабліва імкнуліся, прыдумляючы інтэлектуальна ўбогі сюжэт. Па іх разуменні, каб фільм прынёс прыбытак,
варта было знізіць сэнсавую нагрузку на гледача і «душыць» яго вочы багатым візуалам. Кожную секунду не змяншаць абаротаў і напампоўваць час бессэнсоўным інтэнсіўным экстрымам з выбухамі і паркурам. Але гледача не варта лічыць дурнем, таму «Робін Гуд. Пачатак» быў сустрэты велізарным касавым правалам і званнем «аднаго з найгоршых фільмаў года».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…