У Гродне не першы год кажуць пра развіццё «прамысловага турызму». Размоваў шмат, але дзеючыя фабрыкі горада збольшага так і не адчынілі свае брамы для турыстаў, а старая прамысловая спадчына горада амаль цалкам знішчаная за апошнія 10 гадоў.
Страцілі шмат, захавалі мала
Няма старой электрастанцыі па вуліцы Будзёнага (знішчана ў 2009 г.), фабрыкі алоўкаў (знішчана ў 2012 г.), гарбарні на Гарнавых (знішчана ў 2017 г.), фабрыкі матацыклаў (знішчана ў 2006 г.) і многіх іншых.
За апошнія гады ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўдалося ўнесці толькі былую Станіславоўскую кафлярню на Чырвонаармейскай. Частка яе знаходзіцца ў прыватных руках і вельмі сімпатычна адноўлена, а другая частка выглядае далёкай ад ідэалу. Але можа там калі і паўстане музей гісторыі гродзенскай прамысловасці.
Жывёлу рэзалі пераважна яўрэі
На вуліцы Камунальнай, недалёка ад спартыўнага комплексу «Нёман», ацалела забудова былой гарадской рэзні - мясакамбіната. Менавіта з гэтага ўведзенага ў строй у 1912 г. комплекса пачалася гісторыя прамысловай перапрацоўкі мяса ў Гродне.Апрача гэтай скатабойні жывёлу білі і на маленькіх рэзнях. Гродзенскія рэзнікі аб’ядноўваліся ў хрысціянскі ды яўрэйскі цэхі. Паводле стану на 1936 г. праўленні гэтых цэхаў знаходзіліся па адрасах Брыгіцкая, 11 і Брыгіцкая, 5. Яўрэйскі цэх быў значна большы за хрысціянскі.Традыцыйным месцам засяроджання прыватных рэзняў быў раён кампактнага рассялення яўрэйскага насельніцтва горада. Гэта былі вуліцы Вызвалення, Цесная, Магістрацкая, Школьны Двор, Мясная. На вуліцы Вызвалення жывёлу рэзалі ў адзінаццаці дамах, а на Цеснай — у сямі. Часам рэзнікі аб’ядноўвалі свае капіталы і арганізоўвалі вытворчасць у адным доме. Напрыклад, на вул. Цеснай, 3 уласнікамі рэзні былі В. Менакер і Р. Сегал, а ў доме № 6 — М. Гіршкохун, Ф. Кацаў і Ш. Тапор.
Забой жывёлы быў у значнай ступені засяроджаны ў руках сямейных кланаў, такіх як Баярскія, Менакеры, Стральцы, Сысуны, Шэваховічы, Тапольскія.
«Стары яўрэй з велізарным нажом»
Аднак вернемся да рэзні па Камунальнай. Жывёльныя тушы тут разбіралі ўручную. Шэсць чалавек за дзень забівалі і апрацоўвалі да 30 галоў.
У 1924 г. кіраўніком гарадской рэзні быў В. Леантовіч. На рэзні жывёлу спачатку забівалі: «Сумнае відовішча, жывёлы прадчуваюць сваю смерць. Стары яўрэй вялізарным нажом пераразае горла сваім ахвярам». Пасля здымалі скуру, свіней перад гэтым ашпарвалі, каб сабраць шчацінне. І толькі пасля пачынаўся працэс разбору тушы. Яшчэ ў 1920-х гг. рэзню забяспечылі спецыяльнымі фільтрамі паводле англійскага праекту, каб вада, што скідвалася ў Літоўскі ручай, была трохі чысцейшай.
Стаханавец на 180%
З прыходам савецкай улады рэзня была нацыяналізавана і атрымала назву Гродзенскага мясакамбіната. Па стане на 1 мая 1940 г. тут працавала 104 чалавекі. Сярод лепшых стаханаўцаў быў Пейсах Бурлан, які ў гэты год выканаў норму на 180%.
У 1940 г. мясакамбінат выпусціў наступную прадукцыю: ялавічына — 1544 тоны, мяса свіное — 76,5 тон, бараніна — 67 тон, каўбасныя вырабы — 183 тоны, 323 тысяч піражкоў і 4,4 тоны катлет. Самае цікавае ў гэтай статыстыцы — ялавічына значна пераважала над свіным мясам. Звязана гэта было, безумоўна, з нацыянальным складам насельніцтва горада. Яўрэі, нават секулярызаваныя, свініны амаль не ўжывалі.Кашэрна, але негуманна
Тут варта згадаць пра пытанне, пра якое неаднойчы пісалі газеты ў 1930-х гг. Большасць жывёлы ў Гродне (натуральна, каровы) забівалася такім чынам, каб мяса было кашэрным. Такім забоем займаліся нават спецыяльныя рэзнікі, якіх называлі «разак». Такія разакі пераразалі горла карове — і тая стоячы сцякала крывёю каля 15−20 хвілін.
У ХХ ст. у Еўропе такі спосаб забіцця ўжо лічыўся негуманным, і хрысціяне досыць гучна пратэставалі супраць рытуальнага забою жывёлы, аднак на практыцы аказвалася, што менавіта такім чынам забіваецца большасць кароў не толькі ў Гродне, але і амаль ва ўсіх гарадах ІІ Рэчы Паспалітай.
Няма у спісе — не спадчына?
У савецкі час рэзня працавала на гэтым месцы да 1970-х гг., пакуль не пачаў працаваць сучасны гродзенскі мясакамбінат. Вось ужо паўстагоддзя былая рэзня выконвае самыя розныя функцыі, да яе нешта дабудоўваюць. У прынцыпе гэты сімпатычны будынак можна было аднавіць да першаснага выгляду, але яго няма нават у спісе гісторыка-культурнай спадчыны.