Шэсць гадоў таму, 14 студзеня 2020 года, у вёсцы Чэхаўшчызна пад Гроднам застрэлілі прадпрымальніка Аляксандра Прасняка. Асобу нападніка, мяркуючы па ўсім, не высветлілі дагэтуль. Гэтае забойства — адно з некалькіх рэзанансных злачынстваў, якія адбыліся ў розныя гады ў абласным цэнтры. Рэдакцыя Hrodna.life узгадала гэтае і іншыя гучныя злачынствы ў найноўшай гісторыі Гродна, якія застаюцца нераскрытымі.

Забойства бізнесмена ў 2020 годзе: расстралялі ва ўласнай машыне

Раніцай 15 студзеня 2020 года па Гродне папаўзлі чуткі: у невялікай вёсцы Чэхаўшчызна, усяго ў некалькіх кіламетрах ад горада, забілі чалавека. Амаль адразу стала вядома: загінуў 55-гадовы бізнесмен Аляксандр Прасняк. Яго застрэлілі ва ўпор — ва ўласным аўтамабілі, побач з домам, на ўскраіне пасёлка.

Для Чэхаўшчызны, дзе жыве каля сарака чалавек, гэта была самая абмяркоўваемая падзея за апошнія гады. Імгненна нарадзіліся версіі пра прычыны таго, што адбылося — пра даўгі, канфлікты, пра людзей, якія нібыта маглі прыехаць з Расіі, і разборкі «як у 90-я».

Аўтамабіль Прасняка, у якім, меркавана, адбылося забойства
Аўтамабіль Прасняка, у якім, меркавана, адбылося забойства. Фота: svaboda.org

Хто такі Аляксандр Прасняк

Аляксандр Прасняк у 2011 годзе займаў пасаду намесніка дырэктара па развіцці пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт», пазней стаў старшынёй назіральнай рады і адным з акцыянераў прадпрыемства. Да 2014 года ён таксама ўваходзіў у лік акцыянераў швейна-гандлёвай фірмы «Элод». Акрамя гэтага, валодаў камерцыйнай нерухомасцю ў Гродне.

Апошнія некалькі гадоў Прасняк жыў у Чэхаўшчызне разам з партнёршай і сынам, якому ў 2020 годзе было тры гады. Яшчэ адзін сын — ужо дарослы — жыў асобна ў Гродне.

У пачатку 2010-х бізнесмен пачаў будаваць у вёсцы дом і з часам пераехаў, хоць афіцыйна быў прапісаны ў іншым месцы — на вуліцы Міцкевіча ў Гродне.

Яго жонка ў розны час працавала намеснікам дырэктара на пальчаткавай фабрыцы, а на момант забойства была трэнерам па тэнісе.

«Вуліца крутых»

Чэхаўшчызна — невялікая вёска, якая за апошнія гады заўважна змянілася. Раней тут стаялі ў асноўным старыя драўляныя дамы, але паступова іх сталі выцясняць сучасныя катэджы. Вуліцу, на якой жыў Прасняк, мясцовыя паміж сабой называлі «вуліцай крутых»: калі ў астатняй частцы вёскі яшчэ можна было ўбачыць старыя пабудовы, то тут — амаль адны катэджы.

З аднаго боку вуліцы — дамы, з другога — возера, на беразе якога былі збудаваны невялікія прыстані. Месца было папулярным сярод гараджан. Тут актыўна скуплялі зямлю і старыя будынкі. Ды і сам Аляксандр, паводле слоў суседзяў, хацеў купіць яшчэ некалькі ўчасткаў у пасёлку.

Яго дом, каля якога і адбылося злачынства, стаяў адным з апошніх на вуліцы. Далей пачыналіся палі, а насупраць яго плота размяшчалася невялікая паркоўка, схаваная кустамі. Менавіта там і знайшлі аўтамабіль з целам забітага.

Вуліца, дзе адбылося забойства Аляксандра Прасняка
Вуліца, дзе адбылося забойства, праз год. Фота: vgr.by

Ноч, у якую нічога не пачулі

Забілі бізнесмена позна ўвечары 14 студзеня. Суседзі запэўнівалі: у тую ноч яны не чулі ні стрэлаў, ні хлапкоў.

— У нас тут такая цішыня, што любы гук чуваць адразу, — распавядала адна з мясцовых жыхарак. — Вясной на возеры страляюць, каб адпудзіць птушак, — мы гэтыя стрэлы заўсёды чуем. А тады — нічога. Ні хлапкоў, ні шуму.

Мясцовыя ўзгадвалі Прасняка па-рознаму. Хтосьці казаў, што мужчына быў ветлівым, а хтосьці распавядаў, што той канфліктаваў з мясцовымі, сварыўся з-за сабак, якія бегалі без ланцужкоў і душылі курэй, не хацеў скідвацца на рамонт дарогі.

— Ён мог адказаць рэзка, — успамінала адна з суседак. — Але нічога сур’ёзнага, звычайныя вясковыя спрэчкі.

Арцыменя, Прасняк і «чаўнакі». Тры рэзанансныя злачынствы Гродна, якія дагэтуль не раскрытыя
На месцы працавалі праваахоўныя органы, 2020 год. Фота: Следчы камітэт

Чуткі і версіі

Пасля забойства размовы і ў вёсцы, і ў Гродне не сціхалі. Абмяркоўвалі яго бізнес, магчымыя даўгі і канфлікты. Хадзілі чуткі, што ён пазычаў грошы пад працэнты і ў выпадку незвароту забіраў маёмасць — аўтамабілі, дамы. Узгадвалі і гісторыю чатырохгадовай даўніны з яго партнёрам і па сумяшчальніцтве суседам Ігарам Грышыным, калі ў доме апошняга нібыта выявілі ртуць. Вінаватых тады не знайшлі, але, паводле слоў суседзяў, адносіны паміж партнёрамі сапсаваліся.

У момант забойства Прасняка сям’я Грышына, паводле слоў суседзяў, была дома. Яны маглі чуць стрэл.

Відэакамеры на доме Ігара зафіксавалі, як аўтамабіль BMW X6 Аляксандра пад’ехаў да яго дома. Калі Аляксандр адчыніў дзверы, каб выйсці, у яго стрэлілі. На відэазапісе відаць, як нейкі мужчына адразу пабег ад гэтага месца ўздоўж дарогі да шашы.

Сам Грышын адмовіўся камунікаваць з журналістамі адразу пасля забойства суседа.

Дом забітага бізнесмена Аляксандра Прасняка
Дом бізнесмена. 2020 год. Фота: instagram.com/cpbelarus

Следства без адказу

Праз тыдзень стала вядома, што міліцыя шукае таксіста і магчымых пасажыраў, якія ўвечары 14 студзеня ехалі ў бок польскай мяжы. Паводле звестак праваахоўных органаў, у перыяд з 22:15 да 22:30 па вуліцы Суворава ў напрамку КПП «Брузгі» рухаўся неўстаноўлены аўтамабіль таксі. Следства разлічвала, што гэтая інфармацыя дапаможа аднавіць маршрут магчымага падазраванага.

Аднак з часам навін па справе станавілася ўсё менш.

Праз год пасля забойства ў Чэхаўшчызне пра трагедыю амаль нічога не нагадвала: дом пуставаў, вароты зараслі травой. Суседзі адзначалі, што спадчыннік жыве за мяжой і з’яўляецца ў вёсцы рэдка.

Што казалі ў Следчым камітэце праз год

Адразу пасля забойства Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле «Забойства». Следчыя і эксперты агледзелі месца здарэння, канфіскавалі рэчы і правялі медыцынскія, біялагічныя і іншыя экспертызы.

— Галоўным следчым упраўленнем працягваецца расследаванне крымінальнай справы і адпрацоўка следчых версій, — праз год пасля рэзананснага злачынства паведамляла «Вячэрняму Гродну» афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова. — Накіравана міжнароднае даручэнне, у межах якога ўстанаўліваецца наяўнасць гаспадарчай дзейнасці забітага бізнесмена за мяжой.

Ліхія 1990-я. Смаленск. Забойства гродзенскіх бізнесменаў у 1998 годзе

У канцы 1998 года Гродна ўскалыхнула навіна пра гібель шасці мясцовых прадпрымальнікаў (сярод іх была адна жанчына) у Смаленскай вобласці. Беларусы накіроўваліся ў Расію за таварам. З часам гэтае рэзананснае злачынства амаль знікла з памяці гараджан, аднак тады, у канцы 1990-х, яно стала сапраўдным узрушэннем для горада. Падрабязнасці здарэння публікавала расійскае выданне «Коммерсант».

У пачатку снежня 1998 года шасцёра гродзенцаў выехалі ў Маскву па тавар на мікрааўтобусе Mercedes. З сабой у іх было $12–13 тысяч. Па тавар у сталіцу суседняй краіны ездзілі ў той час многія гродзенцы, і шлях «чаўнакам» быў знаёмы. Паасобку не ездзілі — хадзілі чуткі пра тое, што на мяжы з Беларуссю дзейнічае банда, якая рабуе людзей, што праязджаюць па Смаленскай вобласці. Аднак нейкіх рэальных здарэнняў да гэтага часу не было, і многія ставіліся да гэтага як да мясцовай легенды.

Што адбылося

Позна ўвечары 6 снежня Mercedes спыніўся на неахоўваемай стаянцы на 348-м кіламетры трасы «Беларусь–Масква» недалёка ад Ярцава Смаленскай вобласці. Прадпрымальнікі збіраліся адпачыць і перакусіць. Там невядомыя расстралялі «чаўнакоў» з пісталетаў і аўтаматаў, дабілі параненых нажамі, выкралі валюту, замініравалі мікрааўтобус і зніклі.

Першымі Mercedes з гранатнай расцяжкай на ручцы выявілі дарожныя рабочыя. Выкліканыя міліцыянеры не сталі абясшкоджваць гранату самі. Разам з сапёрамі прыехала ўсё абласное кіраўніцтва. Пасля таго як расцяжку знялі і вынеслі целы з салона, спрацавала яшчэ адна бомба.

Для расследавання стварылі аператыўна-следчую групу са смаленскіх і гродзенскіх міліцыянераў. Паводле слоў начальніка аддзела па расследаванні асабліва важных спраў Смаленскай аблпракуратуры Міхаіла Люксембурга, злачынства было здзейснена з мэтай рабавання.

Пахаванне загінулых адбылося 12 снежня 1998 года і сабрала вялікую колькасць людзей. Пяцёра гродзенскіх прадпрымальнікаў былі пахаваныя ў Гродне, яшчэ адну ахвяру — Вадзіма Табакова — пахавалі на яго радзіме, ва Ульянаўску. Расстрэл гродзенскіх бізнесменаў выклікаў у Беларусі шырокі грамадскі рэзананс.

Гродзенскае аддзяленне Свабоднага прафсаюза прадпрымальнікаў выступіла са зваротам. У ім гаварылася: «Забілі нашых родных, знаёмых і сяброў. Чаму маўчыць наш урад і прэзідэнт? Чаму, чым больш бандытызм квітнее ў Расіі, тым больш старанна беларускі ўрад хоча аб’яднаць нашы народы і ўвесці адзінае грамадзянства?».

Ці было раскрыта менавіта гэтае злачынства, дакладна невядома. Мяркуючы па адкрытых крыніцах, яно, хутчэй за ўсё, так і засталося нераскрытым. Канец 1990-х стаў для Смаленскай вобласці перыядам усплёску бандытызму. Расследаванні злачынстваў тых гадоў у рэгіёне працягваюцца дагэтуль.

Арцыменя, Прасняк і «чаўнакі». Тры рэзанансныя злачынствы Гродна, якія дагэтуль не раскрытыя
Траса М-1 у пачатку 1990-х. Фота: strela.baza.io

Смаленск канца 1990-х

Канец 1990-х у Смаленскай вобласці быў адзначаны серыяй рэзанансных злачынстваў, звязаных з крымінальнымі разборкамі і карупцыяй у сілавых структурах. У 1998 годзе расследавалася справа так званай «Белай стралы» — меркаванай міліцэйскай групоўкі, якую абвінавачвалі ў выкраданнях і забойствах прадстаўнікоў злачыннага свету. Ключавым сведкам стаў мясцовы крымінальны аўтарытэт Тыгран Петрасян.

Справа суправаджалася скандаламі, арыштамі сілавікоў і спробай замаху на Петрасяна, пры якой загінуў яго кіроўца. Гісторыя атрымала федэральны рэзананс і прывяла да адстаўкі пракурора вобласці. У 2023 годзе следства вярнулася да падзей 1990-х: былі арыштаваныя падазраваныя па справах аб бандытызме і забойствах, учыненых у 1998–2003 гадах. Следства па справах тых часоў усё яшчэ працягваецца.

Самае гучнае злачынства ў Гродне: забойства губернатара

Яшчэ адно гучнае злачынства адбылося ў Гродне ў 1993 годзе. У верасні таго года каля свайго дома на вуліцы Астроўскага застрэлілі першага губернатара Гродзенскай вобласці ў незалежнай Беларусі — 60-гадовага Дзмітрыя Арцыменю. Забойства чыноўніка такога ўзроўню стала беспрэцэдэнтнай падзеяй: у найноўшай гісторыі краіны падобных злачынстваў не адбывалася. Аднак справа так і не была раскрытая.

Дзмітрый Арцыменя нарадзіўся 28 верасня 1932 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Стайкі Баранавіцкага раёна. Скончыў Пінскі гідратэхнікум, потым — Мінскую партыйную школу. Працаваў старэйшым раймеліяратарам, затым на камсамольскай і партыйнай рабоце. У 1964 годзе пераехаў у Свіслач, абіраўся старшынёй Свіслацкага райвыканкама, затым — першым сакратаром Астравецкага райкама партыі. У 1977–1981 гадах быў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, у 1981–1983 гадах — сакратаром Гродзенскага абкама КПСС, з 1983 года — старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. 4 сакавіка 1990 года Дзмітрыя Арцыменю абралі народным дэпутатам. 20 верасня 1993 года Арцыменя быў забіты.

Палітолаг Аляксандр Фядута адзначаў, што Дзмітрый Арцыменя карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. Члены праўрадавай суполкі «Беларусь» называлі яго «бацькам», а падчас яго выступаў парламенцкая большасць уважліва слухала. Арцыменю таксама разглядалі як магчымага кандыдата на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета замест Станіслава Шушкевіча, аднак гэтага не адбылося.

«Горад поўніцца чуткамі па самыя берагі»

«Горад поўніцца чуткамі па самыя берагі. Пацвердзіць альбо абвергнуць іх пакуль немагчыма і ці будзе магчыма наогул. Пра злачынства гавораць у крамах, кабінетах, у тралейбусах, на кухнях. Гісторыя вымалёўваецца надзвычай дэтэктыўная з белым альбо чырвоным БМВ, альбо „Мэрсэдэсам“. Аднак трэба прызнаць, што сёння зразумела толькі тое, што справа гэтая вельмі і вельмі цёмная», — пісала 25 верасня 1993 года гродзенская газета «Пагоня».

Аляксандр Фядута ў артыкуле «Яго звалі Бацька» («БДГ. Для службовага карыстання», № 4 за 03.05.2002 года) больш падрабязна апісваў падзеі 20 верасня 1993 года каля дома Арцымені. Увечары губернатар збіраўся на дачу, узяўшы скрыню з расадай; жонка яго гэтым разам не праводзіла. Раптам пачуўся стук у дзверы і стогн — Арцыменя, сцякаючы крывёй, упаў. Хуткая дапамога прыехала са спазненнем.

Дзмітрый Арцыменя быў забіты з пісталета замежнай вытворчасці адным стрэлам. Куля прабіла лёгкае, зачапіла сэрца. Губернатар памёр праз некалькі хвілін. Было 21:10. Забойца знік.

Як і ў выпадку з гродзенскім бізнесменам, ніхто з суседзяў нічога не чуў. Быццам бы нехта заўважыў мужчыну, які ўцякаў. Іншыя казалі, што ад катэджа ад’ехала іншамарка.

Развітанне з Дзмітрыем Арцыменям адбылося 23 верасня пры ўдзеле вышэйшых службовых асоб краіны. Пахавальная працэсія прайшла па Савецкай вуліцы пад жалобныя мелодыі аркестра: труну неслі ў суправаджэнні прадстаўнікоў улады, а школьнікі кідалі гваздзікі на брукаванку. Пахавалі Арцыменю на гарадскіх могілках па праспекце Касманаўтаў.

Пасля забойства была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Тэрарызм»

У дзяржаўнай прэсе расследаванне не асвятлялася. У газеце «Пагоня» праз месяц пасля трагедыі з’явіўся вялікі артыкул «Палітычнае забойства ці ахвяра мафіі», дзе аўтар паспрабаваў разабрацца ў прычынах таго, што здарылася.

Згадвалася, што ў хатнім сейфе нябожчыка следчыя знайшлі каля 30 тысяч долараў. На адным з пасяджэнняў Станіслаў Шушкевіч, казалі, вельмі здзівіўся такой суме і заявіў, што яму трэба было б працаваць каля 30 месяцаў, каб сабраць такія грошы.

Распаўсюджваліся чуткі пра развод, нерухомасць за мяжой і пад Гроднам, але сам губернатар яшчэ пры жыцці абвяргаў гэта, сцвярджаючы, што акрамя дома на Астроўскага ў сям’і нічога няма.

У 1993 годзе ўдава Арцымені таксама абвяргала гэтыя чуткі ў інтэрв’ю газеце «Пагоня».

— Не было ніякага разводу, — казала яна выданню. — Мы разам пражылі 36 гадоў і ўсё ў нас было добра. 22 верасня планавалі разам з мужам паехаць у Францыю. Але замест Парыжа ён апынуўся на гарадскіх могілках. Ды і ювелірнай крамай не валодаю — толькі працую там.

Удава Арцымені паказвала дакументы: ювелірная крама сапраўды належала расійскаму бізнесмену, а «раскошная дача» аказалася невялікім драўляным домікам пад Гроднам, які губернатар будаваў для сябе і куды збіраўся 20 верасня 1993 года.

«Фосфарная і нікелевая» справы

У горадзе таксама хадзілі чуткі, што прычынай заказнога забойства стала забарона на перавозку расійскага фосфару праз мяжу — так званая «фосфарная справа». Нібыта губернатар не прапусціў расійскі транспарт з фосфарам праз мяжу — і паплаціўся жыццём. За два месяцы да забойства ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці на мяжы з Польшчай затрымалі 20 чыгуначных цыстэрнаў з жоўтым фосфарам коштам больш за мільён долараў ЗША.

Арцыменя, Прасняк і «чаўнакі». Тры рэзанансныя злачынствы Гродна, якія дагэтуль не раскрытыя
Дзмітрый Арцыменя (у цэнтры) на адной са будоўляў. Фота: grodnonews.by

Губернатар нібыта настаяў, каб лёс грузу вызначаў суд. Потым фосфар усё ж вывезлі за мяжу праз ліцэнзаванае прадпрыемства.

Асобна абмяркоўваўся спрэчны транзіт ліставога нікелю з Санкт-Пецярбурга праз Беларусь. Груз таксама затрымалі на мяжы, суд прыняў рашэнне аб канфіскацыі, што выклікала скаргі расійскіх кампаній. Было шмат судовых пасяджэнняў на гэты конт, расіяне дайшлі да Вярхоўнага суда. Аднак нікель так і не вярнуўся гаспадарам, а частка металу і зусім знікла.

Следства правярала сувязь гэтых гісторый з забойствам. Сярод падазраваных былі адвакат удзельнікаў «нікелевай справы» і барысаўскі «аўтарытэт» Алег Гурыновіч, затрыманы ў Санкт-Пецярбургу, але доказаў іх датычнасці да забойства не знайшлі.

У кнізе журналіста Андрэя Канстанцінава «Карумпаваны Пецярбург» згадваецца яшчэ адзін падазраваны ў арганізацыі забойства Арцымені — капітан трэцяга рангу Яўген, які ў 1990-х займаўся кантрабандай нікелю праз Беларусь. Праз два месяцы пасля забойства яго арыштавалі ў Пецярбургу на 10 сутак, затым адпусцілі, не знайшоўшы сувязі са справай.

Забойства губернатара Гродна дагэтуль не раскрытае: хто і навошта забіў Дзмітрыя Арцыменю, застаецца невядомым. Невядома, ці вядзецца зараз расследаванне. У 2020 годзе Следчы камітэт паведамляў парталу TUT.BY, што створаная ў 2011 годзе структура не з’яўляецца правапераемніцай па гэтай справе.