Рэшта былой раскошы: колькі на Гродзеншчыне засталося дубоў

Дубы заўсёды лічыліся вельмі шляхетным дрэвам. Але ў 19 і асабліва 20 ст. мы страцілі значную частку найлепшых лясоў. Гродзенскі Зялёны партал разбіраўся, дзе на Гродзеншчыне яшчэ засталіся старадаўнія дубы і дзе расце 2000-гадовы дуб — самы стары дуб у Еўропе.

Летам 2015 года на рацэ Стыр у Маневіцкім раёне Валынскай вобласці Украіны, што зусім недалёка ад Беларусі, было зроблена незвычайнае адкрыццё. З дна ракі дасталі дзяўблёную лодку-човен, якая мела даўжыню цэлых дванаццаць метраў. Лодка была зроблена з аднаго камля дуба, якому магло быць нават тысячу гадоў. На такіх вялізных дубовых лодках славяне, падняўшыся на левых прытоках Прыпяці і перагнуўшы іх у левыя прытокі Нёмана — Шчару, Рось, Свіслач, прыйшлі на заселенае балцкімі плямёнамі Панёманне.

У старажытнасці дубам надавалі асаблівае значэнне. Дуб шанавалі і галы (21 сакавіка па друідскім календары — Дзень дуба), і старажытныя рымляне, і славяне, і балты. Дуб прысвячаўся богу маланкі і грому Пяруну, таму дрэва называлі «Пяруновым». Пад старымі дубамі вырашаліся важныя справы племені…

Гродзенцы здаўна выкарыстоўвалі дубовыя канструкцыі пры будаўніцтве. У самых глыбокіх археалагічных слаях на Замкавай гары ў Гродне ніжнія вянцы драўляных пабудоваў зроблены з дубу (ніжнія вянцы найбольш паддаваліся гніенню). Цікава, што па назіраннях археолага Алега Трусава дуб стаў больш ужывацца гродзенцамі недзе з XIV ст. Тады пачалі ўзводзіцца цалкам дубовыя зрубы дамоў. З чым гэта звязана — з паляпшэннем інструментаў для працы з цвёрдым матэрыялам, або з тым, што толькі тады нашыя продкі перасталі ставіцца да дуба, як да свяшчэннага дрэва, — пакуль невядома.

Вываз дубу як каштоўнай пароды драўніны з Вялікага княства Літоўскага пачаўся досыць даўно. Хутчэй за ўсё ўжо да канца эпохі Сярэднявечча вялікія дубровы былі высечаны. Цікава, што сучасныя даследчыкі часам спрабуюць уявіць ранейшы арэал распаўсюджання дуба ў Беларусі пры дапамозе тапаніміі. Маўляў, ёсць вёскі Дубна, Дубавая, Дубічы — дык і дубы тут некалі павінны былі расці. Але гэта не зусім так. Корань «ДУБ» вядзецца ад папярэднікаў славян — балтаў, і абазначае «глыбокі». Адсюль такія назвы рэчак і ручаёў як Дубна, Дубіса, Дубас. Да гэтых старажытных гідронімаў (назваў месцаў, звязаных з вадой) з часам «прычапіліся» і недалёкія населеныя пункты.

Ужо на пачатак ХІХ ст. дуб быў на Гродзеншчыне досыць каштоўным дрэвам. Хаця на важныя будаўнічыя справы яго яшчэ хапала. Напрыклад, некаторыя мураваныя шлюзы Аўгустоўскага канала стаяць на дубовых палях, глыбока забітых у зямлю. Канал пабудаваны амаль 200 гадоў таму, але заглыбленыя ў ваду дубовыя бярвёны не паддаюцца гніенню з-за адсутнасці паветра. Таксама з дуба рабілі і брамы шлюзаў канала. Кажуць, такія брамы спакойна служылі па сорак гадоў.

Калі ж Аўгустоўскі канал аднаўлялі ў сярэдзіне 2000-х гг., то адпаведных дубоў у рэспубліцы ўжо не знайшлі. Брамы зрабілі з менш шляхетнага матэрыялу, таму іх перыядычна здымаюць і прыводзяць у парадак.

У ХІХ і асабліва ХХ ст. Беларусь страціла значную частку найлепшых лясоў. Акупанты не шкадавалі лясныя багацці краіны і масава вывозілі драўніну за мяжу. Напрыклад, у гады Першай сусветнай вайны ўглыб лясоў былі праведзены спецыяльныя вузкакалейныя чыгункі, каб было зручней грузіць і вывозіць дрэва.

Дубам, якія любяць расці ў поймах рэк, нашкодзіла таксама і меліярацыя. Гэтыя дрэвы не любяць зменаў гідралагічнага рэжыма і з паніжэннем узроўня вады сохнуць.

Сёння ў Беларусі дубамі пакрыта каля 4% лясной плошчы. Большасць дубраваў размяшчаюцца ў Гомельскай вобласці. На Гродзеншчыне дубы займаюць толькі каля 3% лясной плошчы. Пойменныя дубравы на Гродзеншчыне можна адшукаць на Котры, Зяльвянцы, у Ліпічанскай пушчы на Шчары і Нёмане…

Дубы ў Ліпічанскай пушчы, фота Алены Майсюк

Літаральна да апошніх гадоў стаялі дубы Яна Чачота ў Гродзенскай пушчы ды Адама Міцкевіча ў Шчорсах на Навагрудчыне, але час іх не пашкадаваў. Дрэвы загарэліся ад пападанняў маланак і загінулі. Цяпер самым старым дубам людзі спецыяльна робяць громадводы.

Сапраўды старых дубоў засталося зусім не шмат. Самым старым дубам у Еўропе лічыцца 2000-гадовы Стэльмушынскі дуб у Літве.

Беларускі Цар-дуб знаходзіцца ў Пацежынскім лясніцтве недалёка ад Маларыты на Брэстчыне. Яму каля 800 гадоў, вышыня дрэва аж 46 метраў.

Дарэчы, памеры дрэва не асабліва залежаць ад ягонага ўзросту. Дуб расце прыкладна першыя 250 гадоў свайго жыцця, а квітнець пачынае прыкладна ў 50. Таму калі дрэву пашанцавала вырасці ў добрых умовах і на прыдатнай глебе, то ён будзе вялікі і прастаіць вельмі доўга.

Некалькі дрэваў, якія можна назваць сведкамі даўніх падзей у гісторыі Гродна, можна сустрэць і на нашых вуліцах. Напэўна, самы стары гродзенскі дуб і дуб з самай вялікай плошчай кроны расце за мурам францысканскага касцёла. Дуб калі і не равеснік касцёла, заснаванага 400 гадоў таму, то прынамсі, не нашмат маладзейшы за святыню.

Два дубы з былога кляштара бернардынаў растуць на тэрыторыі гродзенскай гарадской гімназіі па вуліцы Парыжскай камуны. Ім таксама можа быць каля 300 гадоў.

«Бернардынскі» дуб на Парыжскай камуны

Гадоў 150 або 200 маюць дубы перад гродзенскім Новым замкам. Усе гэтыя дрэвы параўнальна маладыя і могуць яшчэ шмат чаго пабачыць у будучым нашага горада, калі іх не знішчаць самі людзі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024