Спадчына

Рэквіем сёмаму батальёну. Гісторыя казармаў, якія адзіныя захаваюцца ад вайсковай часткі на Пралетарскай

На вуліцы Пралетарскай хутка з’явіцца новы жылы раён. Ужо знесены савецкі вайсковы клуб 1960-х, боксы для танкаў і ўсе склады і майстэрні. З-за новабудаў выглядаюць пустымі вокнамі толькі дзве даваенныя казармы. Іх улады вырашылі захаваць. Расказваем іх гісторыю.

Казармы (2-павярховы будынак у цэнтры) павінны перажыць глабальную будоўлю навокал

Як з’явілася Аляксандраўская слабада

Дваццатае стагоддзе прайшлося па Гродзеншчыне спусташальнымі ваеннымі катастрофамі. Людзі спадзяваліся на лепшае, але рыхтаваліся да вайны, таму горад заўсёды быў напоўнены войскам. Асаблівым вайсковым месцам Гродна стала Аляксандраўская слабада.

Гэтую назву раён горада вядзе не ад аднаго з расійскіх імператараў Аляксандраў, а ад жонкі імператара Мікалая І Аляксандры Фёдараўны (сапраўднае імя гэтай нямецкай прынцэсы было Фрыдэрыка Луіза Шарлота Вільгельміна Пруская), якая пасля аднаго з вялікіх гродзенскіх пажараў фінансава дапамагла ў стварэнні тут паселішча для пераселеных з цэнтра яўрэяў-пагарэльцаў. У царскі час слабаду грунтоўна забудавалі двух- або трохпавярховымі казармамі з жоўтай станіславоўскай цэглы, размясціўшы тут аж два палкі пяхоты і артылерыйскую брыгаду.

Бронетанкавы батальён

У час Першай сусветнай вайны частка казармаў згарэла, а новыя гаспадары Гродна — палякі, пачалі разбудоўваць вайсковыя тэрыторыі далей уздоўж Скідзельскай шашы. Так паўсталі «казармы Сулкоўскага» — названыя ў гонар польскага афіцэра, ад’ютанта Напалеона Банапарта Казіміра Сулкоўскага (1773−1798), якому прарочылі вялікую вайсковую славу аж да трагічнай гібелі падчас Егіпецкага паходу французскай арміі.

Знак 7 бронетанкавага батальёна
У другой палове 1935 г. у Гродне быў сфарміраваны 7-ы бронетанкавы батальён (7 Batalion pancerny), які размясцілі акурат у казармах Сулкоўскага. Батальён быў «кадравай» адзінкай польскай арміі. Тут захоўвалі тэхніку і рыхтавалі спецыялістаў па яе абслугоўванні, а ў выпадку маблізацыі на ягонай базе павінны былі разгарнуць баявыя часткі.
Парад 7 батальёна каля сваіх казармаў. 1938 г.

Браневікі 7-га бронетанкавага батальёна
Апрача вялікай колькасці грузавых і легкавых машын галоўную сілу батальёна складалі танкеткі TKS і браневікі ўзору 1934 года. Экіпаж машын складаў як правіла два чалавекі. Гэта была ўжо састрэлая на той час тэхніка, узброеная толькі кулямётамі, або караткаствольнымі гарматкамі, але ў добрых руках яна магла быць добрай падтрымкай для пяхоты і нават пацягацца з лёгкімі нямецкімі танкамі.
Бронемашына ўзору 1934 года

Польская танкетка TKS

Дзе біліся бронемашыны з Гродна

У канцы жніўня 1939 г. з 7-га бронетанкавага батальёна сфарміравалі пяць баяздольных частак — 31, 32, і 33 бранятанкавыя дывізіёны і 32 і 33 роты бронетанкавай разведкі. У кожную такую частку ўваходзіла каля трынаццаці танкетак і восем-дзесяць бронемашын, а таксама грузавікі з неабходным забеспячэннем. Сіламі батальёна былі сфармірованы некалькі калон грузавікоў і легкавых машын, якія павінны былі выконваць на фронце дапаможныя функцыі.

[irp posts="32 681″ name=" Бацька адным з першых загінуў 1 верасня". Сталая гродзенка ўспамінае пачатак Другой сусветнай у Гродне"]

Лёс гэтых злучэнняў склаўся па-рознаму. Некаторыя змагаліся з немцамі цэлы месяц, а байцы аднаго з дывізёнаў адыйшлі ў Гродна і прынялі ўдзел у вераснёўскай абароне горада ад бальшавікоў (праўда ніякай тэхнікі ў польскіх салдат на той момант ужо не засталося).

Нямецкія танкі 1939 года таксама не рабілі вялікага ўражання, але рашаючую ролю на полі бітвы адыгрывала нямецкая авіяцыя
Танкеткі і бронемашыны з Гродна біліся з немцамі пад Люблінам, пад Модлінам, у Аўгустоўскай пушчы, удзельнічалі ў контрнаступленні польскай арміі на рацэ Бзура ў раёне Кампіноскай пушчы… Некалькі танкетак ніяк не маглі спыніць сталёвыя кулакі вермахта і стрымаць удары нямецкай авіяцыі, але сваім выглядам абнадзейвалі польскіх салдат і часам наносілі ворагу істотныя страты. Тыя жаўнеры батальёна, хто не загінуў, трапілі ў палон. Некалькі афіцэраў аказаліся ў Катыні і былі расстраляныя НКВД разам з іншымі суайчыннікамі ў красавіку 1940 г.

Пры саветах

Пасля Другой сусветнай вайны ў казармах стаялі ўжо савецкія танкісты — танкавы полк 30-й гвардзейскай іркуцка-пінскай дывізіі, узброенай танкамі Т-54 і Т-55. У той час яшчэ нават існавала польская вайсковая капліца, пераробленая на краму. Гэтая дывізія пакінула Гродна ў жніўні 1968 г., вырушыўшы «абараняць сацыялізм» у Чэхаславакію, а пасля тут размяшчаліся часткі сувязі.

Новае жыццё казармаў

Апошнія дваццаць гадоў вайскоўцаў тут ужо не было, але працэс перадачы гэтых зямель ад войска гораду расцягнуўся надоўга. Мабыць, і забудаваць раён можна было б нейкімі больш цікавымі дамамі, чым проста звычайнымі дзевяціпавярховікамі, але ўжо добра, што пасярод іх захаваюцца дзве старыя казармы, з якіх плануюць зрабіць гандлёвы цэнтар і прыстасаваць пад іншыя патрэбы квартала.

У цэнтры візуалізацыі - два доўгія будынкі казармаў, якія захаваліся паслу руйнавання вайсковай часткі

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024