Людзі і справы

Ад 3% да 76%. Сацыёлаг патлумачыла розніцу ў чатырох рэйтынгах прэзідэнта Беларусі

Рэйтынг дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі замерылі дзяржаўныя і незалежныя аналітычныя цэнтры. Першы атрымаў вынік у 76%, другі - у 35%. Па апытаннях буйных СМІ рэйтынг склаў 3%, адкуль пайшлі мемы і жарты. У пачатку жніўня з’явіўся новы рэйтынг на сайце narodny-opros.info. Там рэйтынг даверу прэзідэнту склаў 16−21%. Сацыёлаг Даследчага цэнтра ІПМ Дар’я Урбан патлумачыла розніцу ў лічбах, чаму на іх аснове нельга вывесці сярэдняе арыфметычнае і чаму недакладныя рэйтынгі выклікаюць негатыў у людзей.

Рэйтынг прэзідэнта

  • 76% - Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) пры прэзідэнце;
  • 3% - паводле апытанняў СМІ;
  • 35% - Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).
  • 16−21% - «Народный Опрос» — незалежны праект па падліку перадвыбарчага рэйтынгу кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Якім павінна быць апытанне?

Для дакладнага выніку пры апытанні трэба выконваць два асноўныя патрабаванні.

Першае — патрабаванні рэпрэзентатыўнасці, каб выбарка — людзі, якіх апыталі, — па структуры адпавядала генеральнай сукупнасці, то бок усяму насельніцтву краіны, а вынікі апытання можна было распаўсюдзіць на ўсіх. У палітычным апытанні трэба, каб выбарка была рэпрэзентатыўнай па рэгіёне, тыпу мясцовасці, былі прадстаўлены палавыя і ўзроставыя кагорты адпаведна структуры, якая адпавядае насельніцтву ў генеральнай сукупнасці.

Другое — апытанне павінна праводзіцца выпадковым чынам, каб туды трапілі людзі зацікаўленыя і незацікаўленыя, з розным сацыяльным становішчам, адукацыяй, але каб гэта было прапарцыйна генеральнай сукупнасці - усяму насельніцтву.

Калі гэтыя патрабаванні выконваюцца, апытанне можна прызнаць сапраўдным.

Апытанне можа быць прадузятым

Дар’я не пракаментавала вынікі апытанняў ААЦ і НІСЭПД, паколькі не знаёмая з іх метадалогіяй. Праверыць, як была пабудавана выбарка ў двух цэнтраў, складана — не на ўсіх сайтах апісана метадалогія. Рашэнне аб публікацыі дадзеных прымае даследчы цэнтр. Таму няма і дадзеных, як выглядае партрэт чалавека, які падтрымлівае Лукашэнку.

Фота: Facebook.com

Дар’я Урбан

  • Сацыёлаг
  • Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спецыяльнасць «сацыялогія» ў 2014 годзе.
  • Са жніўня 2014 года з’яўляецца сацыёлягам Даследчага цэнтра ІПМ.

Апытанне, якое праводзіцца дзяржаўным цэнтрам, можа быць прадузятым.

 — У класічных палітычных апытаннях ёсць такі эфект: калі людзі даведаюцца, хто іх апытвае, яны не кажуць, за каго будуць галасаваць, ці хлусяць па якой-небудзь прычыне. Напрыклад, ім сорамна прызнацца. Але гэта звычайна невялікі працэнт.

Павінны быць моцныя ўмовы для таго, каб людзі саромеліся казаць, за каго яны будуць галасаваць і выбіралі іншага чалавека. Трэба, каб нешта на іх ціснула. Я не бачу ў нас такіх абставін.

Рэйтынг Лукашэнкі ў 16−21% можа быць рэальным

Што датычыцца вынікаў «Народного опроса», Дар’я станоўча ацаніла метадалогію апрацоўкі дадзеных.

— Замест таго, каб паказваць лічбы абсалютныя — лінейнае размеркаванне, якое кажа, колькі чалавек выбрала кандыдата, яны зрабілі папраўку на генеральную сукупнасць. Яны апыталі 45 000 чалавек праз інтэрнэт і 1000 чалавек асабіста. Потым зрабілі папраўку і праз адмысловую матэматычную мадэль разлічылі не дакладнае значэнне, а калідор значэнняў рэйтынгаў. Гэта магчымае адхіленне, — сказала Дар’я.

Аляксандр Лукашэнка на «Гродна Азот» у час візіту ў Гродна

Калі была правільна пабудавана выбарка і працэдура апытання, дадзеным апытання можна давяраць з хібнасцю ў 5%. Дар’я адправіла ім запыт і пакуль не атрымала адказ.

 — Калі апытвалі толькі тых людзей, якія былі зацікаўлены адказаць, стаялі толькі ў адным пункце горада, гэтым звесткам давяраць таксама нельга, — патлумачыла сацыёлаг. — Хібнасці ёсць ва ўсіх апытаннях. Стандартная памылка выбаркі - 5%.

Вынікі ў 3% рэйтынгу Лукашэнкі непраўдзівыя

Апытанні, у якіх Лукашэнка набраў 3% ад агульнага рэйтынгу, праводзіліся на сайтах інтэрнэт-выданняў або ў пабліках.

— Трэба разумець, што калі там прагаласавала 200 тыс. чалавек, гэтая выбарка рэпрэзентатыўная выключна аўдыторыі гэтай групы або навінавага пабліка. Гэта актыўныя карыстальнікі інтэрнэту — раз, актыўныя карыстальнікі гэтай групы або партала — два. Гэта ўжо не ўсё насельніцтва па азначэнні. Гэтай групе людзей, аб’яднаных нейкім інтарэсам — гэта рэпрэзентатыўна. Насельніцтву агулам — не.

Апытаннямі павінны займацца прафесіяналы. Гэта зніжае рызыку таго, што ў апытанне закрадзецца сістэмная памылка, лічыць Дар’я. «Калі СМІ робіць усё па правілах, палічылі выбарку і сталі не ў адной кропцы горада, а апыталі людзей хаця б усіх раёнаў, гэта адзін варыянт. Калі СМІ апыталі 10 чалавек на вуліцы — іншы», — сказала сацыёлаг.

«Да любых апытанняў трэба ставіцца крытычна»

Абагульнена і ўсярэднена чатыры рэйтынгі прэзідэнта разглядаць нельга. Сярэдняе арыфметычнае ад гэтых апытанняў не будзе праўдай. Можна параўноўваць толькі апытанні, якія праводзіліся па адзінай метадалогіі ў аднолькавых умовах, сказала Дар’я.

 — Думаю, да любых апытанняў трэба ставіцца крытычна. Заўсёды ёсць верагоднасць прадузятасці, — патлумачыла Дар’я.

«Людзі пачынаюць злавацца, што іх падманваюць»

Інфармацыя, якую распаўсюджваюць СМІ, можа спрацаваць па-рознаму, таму што СМІ маюць магчымасць «падарыць адчуванне».

— Калі казаць пра рэйтынг доўга і планамерна, гэта можа аказаць эфект. Але гэта рэч, якой небяспечна жангляваць. Калі рэйтынг пачынаюць вельмі моцна перабольшваць, а вы разумееце, што вакол вас вельмі мала людзей, якія падтрымліваюць кандыдата, таксісты і бабулі ў двары кажуць, што не падтрымліваюць уладу, у вас пачынаюць з’яўляюцца сумневы, і гэта заканамерна, — патлумачыла Дар’я.

— Акрамя рэйтынгу, на ўспрыманне чалавека ўплывае шмат рэчаў. У першую чаргу — асяроддзе. «Вядома, яно не рэпрэзентатыўна ўсёй краіне. Але калі бачыце і адчуваеце, што вам хлусяць, гэта можа выклікаць вельмі негатыўную рэакцыю. Аж да таго, што, можа быць, мы зараз назіраем, — сказала сацыёлаг.

Юная гродзенка трымае картку: «Свабоду Дзмітрыю Фурманаву». Яго затрымалі ў Гродне 29 траўня разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Пазней Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што гэта ён даў сігнал затрымаць Ціханоўскага. Фота: Руслан Кулевіч

 — Ніхто не пярэчыць моцна з нагоды рэйтынгу Ганны Канапацкай. Ён па ўсіх апытаннях прыкладна аднолькава нізкі. Але калі выкатваюць рэйтынг з двума самымі абмяркоўваемымі кандыдатамі - Лукашэнкам і Ціханоўскай — людзі пачынаюць сумнявацца, таму што вакол іх іншая сітуацыя. Яны пачынаюць злавацца, што іх падманваюць — хоць, можа, і не падманваюць.

Адзінае, што застаецца — глядзець на ўсе лічбы, думаць, як яны маглі быць атрыманыя, спрабаваць дастукацца да ўладальнікаў апытанняў і спытаць наўпрост, праверыць і ўжо на аснове гэтага рабіць высновы, — сказала Дар’я.

Калі ў аднаго кандыдата рэйтынг падае, не абавязкова, што ён расце ў апанента. Людзі могуць галасаваць «супраць усіх». Але ў гэтую выбарчую кампанію сітуацыя не такая.

Уладзімір Собалеў з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі на мітынгу Святланы Ціханоўскай у Гродне. Фота: Руслан Кулевіч

 — Гэта выснова з узроўню актыўнасці цяпер — як мінімум у інтэрнэце. Калі глядзець на актыўнасць у параўнанні з мінулымі выбарамі і нават выбарамі 2010-га года, мы бачым, што яна значна вышэй. І значна большая колькасць людзей праяўляюць ініцыятыву, цікавасць, прыйшлі ў ініцыятыўныя групы. Гэтым разам людзі не сыдуць у апатыю, — лічыць Дар’я.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024