У гандлёвым цэнтры Triniti 4 сакавіка 2023 года ў 18:00 павінна адбыцца сустрэча «ЧВК Рёдан». Падобная сустрэча ў Гомелі 28 лютага скончылася затрыманнем падлеткаў. Hrodna.life даведаўся, што такое «ЧВК Рёдан» і што вядома пра гэты рух у Гродне.
Што такое і адкуль узялося «ЧВК Рёдан»
«Рёдан» — новы рух аматараў анімэ ў Беларусі, Расіі і Украіне. Рух заснаваны паводле мангі [японскія коміксы — Hrodna.life] Hunter x Hunter, якая выходзіць з 1998 года. Ёсць таксама заснаваны на манзе анімэ-серыял.
У Hunter x Hunter апавядаецца аб фантастычным свеце, населеным чароўнымі жывёламі і людзьмі, якія на іх палююць. Адзін з персанажаў - верхавод злачыннай групоўкі «Павукі» Геней Рёдане. Удзельнікі групоўкі б’юць сабе татуіроўкі ў выглядзе павука з парадкавым нумарам. У 2020 годзе ў Японіі выпусцілі мерч паводле мангі з выявай павука.
Чаму ўсе зараз кажуць пра «ЧВК Рёдан»
Рух стаў вядомы пасля таго, як у маскоўскім гандлёвым цэнтры «Авіяпарк» 22 лютага 2023 года адбыўся канфлікт групы хлопцаў з асобамі неславянскай знешнасці нацыянальнасці. Яны не падзялілі крэслы і пачалі бойку. Сілавікі затрымалі 226 падлеткаў.
Пасля гэтага з’явілася новае адгалінаванне руху «ЧВК Рёдан». Яе члены плануюць распраўляцца з мігрантамі, а таксама прадстаўнікамі іншых субкультур: «спорцікамі» (аматарамі здаровага ладу жыцця), скінхэдамі, «офнікамі» (каляфутбольнымі фанатамі).
Удзельнікі субкультуры фарбуюць валасы ў чорны колер, носяць клетчатыя штаны, а таксама кофты з выявай павука і лічбай «4» (у японскай мове гэтая лічба гучыць падобна да слова «смерць»).
Сустрэчы адбыліся ў расійскіх і ўкраінскіх гарадах
У Расіі сілавікі правялі рэйды з выяўленнем удзельнікаў «ЧВК Рёдан» у гандлёвых цэнтрах Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Новасібірска. У Сант-Пецярбурзе сілавікі затрымалі больш за 100 чалавек.
Ва Украіне падлеткі, якія адносяць сабе да руху, збіраліся для боек 27 лютага 2023 года ў Кіеве, Харкаве, Львове, Жытоміры і Івана-Франкоўску. У Харкаве ўдзельнікаў і арганізатараў сустрэч затрымлівалі. У Дняпры і Чаркасах паліцыя затрымала двух адміністратараў Telegram-каналаў руху «Рёдан». Аднаму адміністратару было 13 гадоў, другому 16.
Што пра гэта вядома ў Беларусі
У гомельскім гандлёвым цэнтры «Сакрэт» 28 лютага 2023 года была запланавана сустрэча падлеткаў «ЧВК Рёдан». Падчас сустрэчы сілавікі затрымалі 200 чалавек. З іх 183 — непаўнагадовыя. Падлеткі да 16 гадоў атрымаюць папярэджанні, таксама іх паставяць на «улік» у інспекцыю па справах не паўнагадовых. Тым, хто старэйшы за 16 год, дадаткова пагражае адміністрацыйная адказнасць.
На выхадзе з гандлёвага цэнтра сілавікі прымянялі гумовыя дручкі. Таксама ў падлеткаў правяралі мабільныя тэлефоны.
Увечары 28 лютага ў Telegram-канале сілавікоў «Книга ГУ"База»" апублікавалі пакаяльнае відэа. У ім дзяўчына сказала, што не хоча негатыўных наступстваў для сваёй аўдыторыі ў паўмільёна падпісчыкаў, а таксама папрасіла не здзяйсняць злачынстваў і боек, не паддавацца на правакацыі, адрозніваць субкультуру ад экстрэмізму, а таксама не падпісвацца на дэструктыўныя каналы.
Чытай падрабязней: У Гродне затрымалі школьніка з «ЧВК Рёдан», а ў бацькоўскіх чатах заклікаць не пускаць дзяцей у Triniti
У Telegram-канале «ЧВК РЕДАН БЕЛАРУСЬ» ў якім 35 падпісчыкаў аб’явілі набор адмінаў у рэгіянальныя чаты «Рёдана». Каб стаць адмінам трэба запоўніць гугл-форму.
Ці ёсць «ЧВК Рёдан» у Гродне
Інфармацыю пра тое, што сустрэча «ЧВК Рёдан» адбудзецца ў Гродне 4 сакавіка 2023 года размясцілі ў Telegram-канале «время „редан“ Гродно». На момант напісання матэрыяла ў канале было 28 падпісчыкаў. Відэа з заклікамі далучыцца да сустрэчы ў Triniti апублікавалі таксама ў TikTok.
Гродзенскія сілавікі 28 лютага 2023 года заклікалі бацькоў кантраляваць дзяцей і праверыць, «што адбываецца ў мабільніках» дзяцей.