Людзі і справы

250 тон «грошай» штодня. Як смеццесартавальны завод Гродна ратуе рэсурсы і экалогію

hrodna.life
250 тон "грошай" штодня.
Як смеццесартавальны завод Гродна ратуе рэсурсы і экалогію


Кожны дзень 54 смеццявозы вывозяць з Гродна 250 тон адходаў жыццядзейнасці горада. Машыны рухаюцца ў кірунку вёсак Трычы і Рагачы. Там ад 2017 працуе смеццесартавальны завод і месціцца палігон цвёрдых бытавых адходаў.
Грошы, каторыя пахнуць
"Вось тут у нас ляжыць 3 тысячы долараў", — расказвае дырэктар завода Вячэслаў Андрэеўскі, шпаркім крокам ідучы па тэрыторыі. За вуглом – сцяна са спрэсаваных алюмініевых бляшанак. Непадалеку стаіць апарат, што вырабляе з пяску і другаснага пластыку тратуарную плітку.
"Смецце – гэта жывыя грошы. Тое, што людзі выкінулі за непатрэбаю, на заводзе гатовы вярнуць у абарот. Гэта дае прыбытак і шанец на захаванне навакольнага асяроддзя".
Вячэслаў Андрэеўскі
Дырэктар завода
Завод vs палігон
Палігон у раёне вёсак Трычы-Рагачы пачалі запаўняць у 2004 годзе. На час адкрыцця завода тут было пахавана 2 мільёны 100 тысяч тон адходаў. Агулам ён разлічаны на 2,5 мільёны тон. Калі побач з'явіўся завод, хуткасць запаўнення палігона заўважна знізілася. Мяркуецца, што дзякуючы сартаванню смецця новыя плошчы пад звалку не спатрэбяцца яшчэ каля 10 гадоў замест раней запланаваных трох. Але цалкам пазбавіцца ад сметнікаў у бліжэйшы час не атрымаецца. На заводзе доля выняцца другаснай сыравіны з адсартаванага гараджанамі смецця складае 80%, з неадсартаванага – каля 10-12%. Астатняе ўсё роўна ідзе на сметнік. Тут смецце спачатку трамбуецца бульдозерам і складаецца на вышыню 2 метры, потым перасыпаецца 20-сантыметровым слоем грунту і так – да вышыні ў 15 метраў. Пасля гэтага палігон мае быць выведзены з эксплуатацыі, і падлягае рэкультывацыі. Яго засыплюць грунтам і зверху пасадзяць дрэвы.
Што рабіць са смеццем з раёна?
Палігон і смеццесартавальны завод абслугоўваюць толькі Гродна, дзе жыве
370 тысяч чалавек. Смецце ад яшчэ 50 тысяч насельнікаў Гродзенскага раёна ідзе адразу на міні-палігоны. Іх паблізу Гродна 15. Раздзельнага збору смецця на раёне няма. Завод пры гэтым загружаны толькі на 70% і можа прыняць смецце з усяго раёна. Яго магутнасць складае 120 тысяч тон у год.

"Зараз на разглядзе тры магчымыя варыянты, як павялічыць загружанасць заводу", — расказвае дырэктар прадпрыемства.

— Першы — пакінуць міні-палігоны і абсталяваць іх лініямі сартавання. Другі — закрыць іх і звозіць усё смецце з раёна ў Гродна. Трэці – пабудаваць новы, агульны для раёна палігон з лініямі сартавання смецця."
Ці застануцца побач з Гродна палігоны
Меркаваннем Андрэеўскага, аптымальны – другі варыянт. Завод ужо звяртаўся да мясцовых уладаў з просьбай закрыць міні-палігоны, каб дазагрузіць завод і палепшыць экалагічнае становішча рэгіёна. Па словах Аляксандра Адаменкі, намесніка старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, гэты працэс ужо распачаты. У 2019 годзе ў Гродзенскім раёне плануецца закрыць 5 міні-палігонаў, а на наступны год вывесці з эксплуатацыі астатнія 10.

Тым больш, што нядаўнія праверкі пракуратуры высветлілі перавышэнне праектнай умяшчальнасці многіх палігонаў ды іншыя парушэнні. Найчасцей гэта вываз на палігоны другаснай сыравіны ці будаўнічых адходаў. У Гродзенскім раёне такія пахаванні адходаў устаноўлены на міні-палігонах «Васілевічы», «Сапоцкін», «Канюхі», «Ялаўшчына», «Круглікі» КУП «ЖКГ Гродзенскага раёна», «Агароднікі» ГРУП «Скідальская ЖКГ». На міні-палігоне «Забагоннікі» ГРУП «Скідальская ЖКГ» знойдзены таксама нафтаўтрымліваючы шлам, у сувязі з чым навакольнаму асяроддзю нанесены ўрон. Па патрабаванні пракуратуры вобласці ў дачыненні да гэтай юрыдычнай асобы пачаты адміністрацыйны працэс.

Яшчэ больш праблемаў для навакольнага асяроддзя ствараюць стыхійныя звалкі. Яны ўзнікаюць то паблізу садовых таварыстваў, то ў лясах каля горада, то наўпрост на яго ўскрайках. Прадпісанні і ліквідацыі стыхійных сметнікаў не даюць вынікаў. Засыпаныя звалкі "ажываюць" нанова, а валанцёрам-эколагам заўжды ёсць што рабіць на акцыях па ачышчэнні гарадскога лесапарка ці берага Нёмана ад смецця.
Зарабляць дапамагае культура гараджан
Завод жа, нават пры няпоўнай пакуль загрузцы выйшаў на самаакупальнасць з першага года працы. "У 2018 годзе завод пераўтварыўся ў самадастатковае прыбытковае прадпрыемства, якое нават не разглядае пытанні, каб у кагосці нешта прасіць. Самі аплочваем электрычнасць, набываем усё, што трэба, абнаўляем парк тэхнікі", — расказвае дырэктар.

Спрыяе паспяховасці завода і рост культуры сартавання смецця ў горадзе. "Смеццевыя войны" 2017 года, калі гараджане абураліся заварваннем смеццеправодаў і ўсталяваннем новых кантэйнераў для раздзельнага сартавання смецця, засталіся ў мінулым.
"Пачалі сартавать смецце толькі са з'яўленнем асобных кантейнераў, — расказвае Вольга Каламіец, жыхарка прыватнага сектара Гродна. — Раней у нас быў адзін кантэйнер набыты за ўласныя сродкі. Усё смецце выкідалі ў яго. Пару гадоў таму ЖЭС забяспечыў чатырма кантэйнерамі. З гэтага часу ў нашай сям'і сталі сартаваць смеце. Сартуем ўсё, акрамя паперы. Паперу, як правіла, выкарыстоўваем для распалкі катла або мангала. З гадамі ўжо выпрацавалася звычка і разуменне таго, што другаснае выкарыстанне матэрыялаў дапамагае навакольнага асяроддзю".
Канкурэнцыя за адходы
Праўда, свядомасць гараджан спрабуе выкарыстаць не толькі смеццесартавальны завод. Адсартаванае па кантэйнерах смецце сталі… красці.

Аказваецца, некаторыя зарабляюць тым, каб раней за камунальныя службы дастаць адсартаваную другасную сыравіну і здаць у прыёмныя пункты. Найбольшым попытам у такіх збіральнікаў карыстаецца шкло.
"Яны "працуюць" недзе з 5 раніцы да 6:30 раніцай. Таму адсартаванае шкло да заводу амаль не даязджае", – расказвае Андрэеўскі і ўдакладняе: пакідаць сітуацыю без увагі не збіраецца.

"Па-першае, крадзеж адсартаваных адходаў з'яўляецца правапарушэннем, за якое прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту.

Па-другое, на бліжэйшы час ужо запланавана абсталяванне сметнікаў асобымі замкамі. Сёлета плануецца ўсталяваць 400 такіх замкоў на кантэйнеры для шкла".


Не ўсё можна прадаць
Яшчэ адна бяда для смеццесартавальнага завода – бясплатныя тонкія пакеты з супермаркетаў. Такія пакеты бясплатныя для пакупнікоў, але ў выніку абыходзяцца дорага. На гродзенскім заводзе іх таксама адсартоўваюць, але знайсці пакупніка на гэту сыравіну амаль немагчыма. "Гатовы прадаць па 10 капеек за тону, – прызнаецца дырэктар, – але ахвотных няма". На даго ж, пасля 2-3-х месяцаў захавання на складзе, плёнка губляе свае ўласцівасці і робіцца непрыдатнай для перапрацоўкі. Значыць, у выніку ўсе такія пакеты будуць захаваны на палігоне.

Тыя адходы, што завод адсартаваў, потым раз'язджаюцца па ўсёй краіне.
З Гродна — па ўсёй Беларусі
Шкло перадаюць Гродзенскаму шклозаводу. Тут ёсць свая лінія па перапрацоўцы шклабою. "Пры вытворчасці бутэлек яго выкарыстоўваецца ад 40 да 60% . Напрыклад, у бутэльцы для шампанскага доля другаснай сыравіны складае 54%, – расказала Анастасія Антановіч, мэнэджарка па камунікацыях Гродзенскага шклозавода. – Аб'ём выкарыстання шклабою пастаянна расце. У 2016 годзе было каля 30 тон, у 2018 ужо больш за 50. Сёлета толькі ў студзені ад Гродзенскага смеццесартавальнага завода закупілі 217 тон шкла".
Частка пластыку перапрацоўваецца наўпрост на смеццесартавальным заводзе. Да яго дадаюць пясок і прадукуюць тратуарную плітку. Таксама пластык закупае Гродзенскі завод «Белвторполимер». Астатні – едзе ў Мінск на «Артполимер» і ў Магілёў на камбінат сілікатных вырабаў і завод «РеПлас-М». Паперу перапрацоўваюць на слонімскім "Альберціне".

Зараз на заводзе пачалі адсартоўваць яшчэ ўпакоўку тэтрапак і кантэйнеры для яек. Раней іх не прымалі перапрацоўшчыкі, але зараз паступіла заяўка і на такую сыравіну.
А што апроч перапрацоўкі?
"У нас раздзельны збор паперы, пластыку і агульных адходаў. – расказвае гродзенка Рыма Ушкевіч. – Робім так свядома, бо ў мінулым мы абодва [разам з мужам - рэд.] працавалі ў экалагічных арганізацыях і маем ўяўленне аб праблеме адходаў. Плюс у нас падрастае дзіця і хочацца прышчапіць яму такую звычку.

У цэлым жа перапрацоўка – гэта добра, але першае, пра што насамрэч трэба задумацца – як скараціць свае адходы. І тут ужо пачынаецца квэст: трэба шукаць тавары без упакоўкі, выбіраць больш эка-сяброўскую тару, хадзіць з уласнай торбай і браць з сабой у кавярню ўласны кубак".

Над праектам працавалі
Тэкст: Уладзімір Аплевіч і Ірына Новік
Графічны дызайн і вэб-вёрстка: Воля Новік
Фота: Ірына Новік
Падзяліцца

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024