У Гродне на прадпрыемстве па механічным сартаванні адходаў з’явіцца тэхналагічная лінія па вытворчасці RDF-паліва. Аб праекце гавораць ужо шэсць гадоў, але толькі цяпер падышлі да пастаўкі і наладкі абсталявання. Эколагі выступаюць супраць такога паліва: яго выраб і выкарыстанне можа быць небяспечным для здароўя і навакольнага асяроддзя. Дзяржаўныя парталы заяўляюць, што RDF-паліва «выратуе свет».
Пакуль для праекта выбіраюць падрадную арганізацыю для завяршэння будаўніцтва. Заказчык — Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама. Кошт закупкі - 700 000 рублёў. Фінансаванне бяруць з сродкаў дзяржустановы «Аператар другасных рэсурсаў». Будаўніцтва плануюць завяршыць да 13 снежня 2022 года.
У рамках завяршэння будаўніцтва адрамантуюць альбо заменяць аднавальны шродар дробнай фракцыі, сказана ў тэхнічным заданні. Таксама наладзяць лінію па вытворчасці RDF-паліва.
Шродар аднавальны «Зубр» прызначаны для драбнення адходаў цвёрдых камунальных адходаў, у тым ліку медыцынскіх адходаў, пластмас і іншых адходаў, такіх як: палеты, скрыні, абрэзкі, макулатура, кардон, бярвёны, паддоны.
Што такое RDF-паліва?
RDF-паліва, або Refuse Derived Fuel, — паліва, якое складаецца з пакінутых пасля сартавання адходаў, паведамляе info.ecoidea.by.
Яго вырабляюць з адходаў, якія застаюцца пасля адбору другаснай сыравіны і арганікі. У іх лік уваходзяць неперапрацоўчыя матэрыялы, а таксама якія перапрацоўваюцца, але моцна забруджаныя. Рэшткі здрабняюць і прэсуюць ў гранулы і брыкеты.
Спажыўцамі RDF-паліва з’яўляюцца, перш за ўсё, цэментавыя заводы і металургічныя печы. Абсталяванне такіх прадпрыемстваў дазваляе спальваць паліва пры высокіх тэмпературах, што зніжае колькасць шкодных рэчываў у выкідах. Выкарыстоўваць такое паліва пры больш нізкіх тэмпературах небяспечна для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Менавіта таму нельга выкарыстаць RDF-паліва ў камунальных печах, кацельных.
Ці экалагічна гэта?
На адной са стадый вытворчасці RDF-паліва павінна быць прадугледжана выманне небяспечных адходаў, так як яны ўяўляюць небяспеку пры перапрацоўцы і трапленні ў канчатковы прадукт. Напрыклад, батарэйкі, рэшткі лекаў, градуснікі. Калі на прадпрыемстве не прадугледжаны гэты этап, то вытворчасць становіцца небяспечнай для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека.
Эколагі раяць паменшыць колькасць адходаў, а не «карміць» прадпрыемствы па вытворчасці RDF-паліва. У выпадку RDF небяспечным для здароўя і навакольнага асяроддзя будзе выкарыстанне паліва, а не працэс яго вытворчасці. Па дадзеных «Грынпіс Расіі», капітальныя выдаткі на спальванне адходаў у 8−9 разоў вышэй, чым на перапрацоўку паасобна сабраных адходаў. Высокі і інвестыцыйны складнік: тарыф на спальванне ў 5−12 разоў вышэйшы, чым на сартаванне. Рашэнне праблемы адходаў іншымі метадамі эканоміць грошы, паведамляе info.ecoidea.by.
Таксама greenpeace.ru паведамляе, што, напрыклад, у Расіі няма механізму кантролю выкарыстання RDF-паліва — на практыцы могуць быць парушэнні.
ДзяржСМІ: «RDF-паліва выратуе свет»
Тым часам дзяржаўны партал minsknews.by у 2022 годзе кажа, што RDF-паліва «выратуе свет» і «вырашыць усе экалагічныя праблемы».
У планах — два буйных завода па вытворчасці гэтага паліва. Адзін — у Гродзенскай вобласці каля «Краснасельскбудматэрыялы», другі - у Крычаве Магілёўскай вобласці, паведаміў minsknews.by. Аб’ём вытворчасці ацанілі ў 600 тысяч тон у год. Гэта адпавядае патрэбам цэментных заводаў.
Аб гэтым паліве ў Беларусі загаварылі ў 2016 годзе. Вытворчасць RDF-паліва ў Гродне збіраліся запусціць яшчэ ў 2017 годзе, пісаў Гродзенскі Зялёны партал. У 2021 годзе праект усё яшчэ быў «пілотным». RDF-паліва можа быць выкарыстана для вытворчасці цэменту ў ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», паведамлялі тады ўлады. У печах тэхналагічныя працэсы праходзяць пры тэмпературы каля 1700 °C, што забяспечвае зніжэнне да мінімуму выдзялення шкодных рэчываў.
У якасці асноўнага паліва для цэментнай вытворчасці ў «Краснасельскбудматэрыялы» пакуль выкарыстоўваецца імпартны каменны вугаль. Каля 25% у паліўным балансе складае газ, 20% - торф. Планавалася, што RDF-паліва зойме не менш за 10−11% у агульным аб’ёме паліва, на такую ж велічыню скароціцца выкарыстанне каменнага вугалю, паведамляла БелТА.
Чытайце таксама: У Гродне пачнуць сартаваць смецце аўтаматычна — з дапамогай нейрасетак і «разумнай» камеры
UPD 13 лютага. Прадпрыемства па механічнай сартаванні адходаў Гродна падпісвае дамову з ТАА «НК Стар» з Мінска. Фірма працуе чатыры гады. Яна займаецца драбненнем жалезабетонных канструкцый, зносам будынкаў і збудаванняў, планіроўкай участка. Яшчэ чатырох удзельнікаў не дапусцілі да закупкі: іх прапановы не адпавядалі умовам.
У планах — дэмантаж непрацуючага аднавальнага шродэра дробнай фракцыі. А таксама — рамонт або замена шродэра дробнай фракцыі і пусканаладачныя работы тэхналагічнай лініі па вытворчасці RDF-паліва. Завяршыць работы павінны да канца траўня.